Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ды не, нічога…

— Ага. Бо патэлефануеш — самі разумееце… Што цяпер скажаш па тэлефоне?..

Ці не ў чацьверты раз паціснуўшы гаспадарову руку, госьць урэшце пераступіў парог, і Скварыш зь вялікай палёгкай зачыніў за ім дзьверы. У душы прафэсара была мешаніна пачуцьцяў — прыкрасьць ад гэтага запозьненага візыту блыталася з удзячнасьцю за словы, здаецца, поўныя шчырага спачуваньня. Усё ж падобна было, што Красьнянскі гаварыў шчыра, сапраўды хацеў суцешыць яго і абураўся на несправядлівасьць улады. Але вось поўнай задаволенасьці ад таго не было, штось перашкаджала, муляла, утварала нутраны дыскамфорт ад усёй гэтай сустрэчы.

Застаўшыся адзін, Скварыш выключыў верхні сьвяцільнік у вітальні, вярнуўся ў кабінэт, дзе на нізенькім століку пры канапе стаялі два кубкі зь недапітай кавай, паўбутэлькі «Белага аіста». Скварыш усё перажываў сустрэчу. Красьнянскі ня быў ягоным любімым асьпірантам, не вылучаўся ні асаблівымі здольнасьцямі, ні біяграфіяй. Наогул, пра яго Скварыш ведаў няшмат — ну, нарадзіўся недзе на Палесьсі, ці не на Тураўшчыне, служыў у войску, працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, скончыў вечаровую школу. У асьпірантуру прыйшоў не з камсамолу і, здаецца, без валасатай рукі. Жонку ягоную ён бачыў аднойчы, як у выхадны спаткаў на праспэкце ўсю іх сямейку з дачушкай, — так, нішто сабе, хоць і не прыгажуня, але даволі мілавідная маладая асоба. Ішлі, елі марожанае, жонка ветліва, нават трохі лісьліва

павіталася, мабыць, Красьнянскі пасьпеў ёй шапнуць, што гэты цельпукаваты таўстун з партфэлем і ёсьць ягоны навуковы кіраўнік дысэртацыі. За апошнія гады праз Скварышавы рукі прайшло іх нямала, будучых кандыдатаў навук; былі здольныя, былі так сабе, трапляліся й ня надта. Адносіны зь імі Скварыш стараўся захоўваць з усімі роўныя — і са здольнымі, і з тымі, што ня надта, нікога асабліва не вылучаючы ні ў якім сэнсе. Тыя, што абараніліся, «аступеніліся», неяк паволі аддзяляліся, ішлі ў сваё жыцьцё. Іншыя ад'яжджалі ў блізкія ці далёкія гарады, дзе знаходзілі працу, сьпярша пісалі, часам тэлефанавалі, прысылалі паштоўкі зь віншаваньнямі пад рэвалюцыйныя сьвяты. Але з часам тыя сувязі глухлі, засыхалі, патрэба ў зносінах меншала, пакуль не зьнікала зусім. Мусіць, так было б і з Красьнянскім, калі б з навуковым кіраўніком яго ня здарылася няшчасьце. Самае страшнае няшчасьце, горш за якое можа быць толькі калецтва ці сьмерць. Ды тое й была сьмерць — хіба не фізычная — грамадзянская. Але ад яе нядоўга дайсьці і да фізычнай, Скварыш адчуваў гэта пэўна.

Верхняе сьвятло з кабінэта праз расчыненыя дзьверы падала ў вітальню і часткай у большую залю, дзе касой плямай ляжала на стракатым дыване, мякка ступаючы па якім, Скварыш прайшоў да цёмнага вакна, паўзіраўся праз шыбіны на падворак. Унізе пад цёмнымі кронамі таполяў слаба адсьвечваў асфальт падворка ад адзінае лямпы ліхтара, бялелі вярхі некалькіх аўтамабіляў, прыткнутых нанач адзін за адным да бардзюра. Ён ведаў гэтыя аўтамабілі — два белыя «Жыгулі», жоўты, зачуханы «Запарожац» і новая «Волга», што належала нядаўняму адстаўніку палкоўніку. Часам там паяўляліся і незнаёмыя машыны — стаялі нейкі час і зьнікалі, калі-нікалі заставаліся на ноч, калі хто прыяжджаў на госьці да сваякоў у гэтым вялікім доме. Цяпер чужых аўтамабіляў, здаецца, не было відаць, не было і «Волгі» — мабыць, палкоўнік начуе на дачы. Скварышава жонка з унукамі таксама ўчора зьехала на дачу, а ён застаўся на гарадзкой кватэры, сказаў, ёсьць справа. Хоць справы ў яго не было ніякай, проста хацелася пабыць аднаму, на адзіноце са сваёй бядой. Ды во гэты візыт, які заняў увесь вечар і дашчэнту разбурыў ягонае адчуваньне адзіноты. Зрэшты, можа, і добра, што разбурыў, бо адзінота зь нейкай пары таксама ня стала паратункам, як не было ім і шматлюдзьдзе. Для прафэсара наставала пара, калі людзей ля яго ўсё меншала, а часам тыя і зусім зьнікалі, асабліва зь ліку сяброў, калегаў; адзінота вакол яго ўпарта шырылася, абкладвала яго тоўстым глухім пухіром. Тое было нязвыкла, нават палохала, і ён ня ведаў, як лепш — дома безь людзей ці дзе на людзях ня дома.

Тое, што не было чужых аўтамабіляў унізе, трохі яго супакоіла, хоць, падумаў ён, машына магла ўжо і ад'ехаць, пакуль ён разьвітваўся з Красьнянскім. Але калі той не патэлефанаваў папярэдне, яны маглі і зяўнуць. А можа, яны ўладкаваліся дзе ў іншым месцы, далей на падворку, дзе цень ад таполяў быў гусьцейшы, а сьвятло ліхтара не дасягала далёка. Неяк вясной Скварыш выйшаў з кватэры прайсьціся перад сном, вечар быў слаўны, ён далекавата зайшоў у задуме — аж за будоўлю на суседняй вуліцы, і вяртаўся наўпрасткі, задворкамі. I ў канцы падворка натрапіў на незнаёмую машыну, звычайныя шэрага колеру «Жыгулі», і, мабыць, прамінуў бы яе ў прыцемку, калі б адтуль не пачуўся ціхі прыглушаны голас: «Аб'ект удаліўся на той бок, спыняю назіраньне». Скварыш пахаладнеў, зразумеўшы ўсё, і хуценька пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Збоку, блізка за газонамі сьвяціліся дзясяткі вокнаў зь фіранкамі, безь фіранак, і нават адчыненых у гэты пагодны вечар, нехта там, мабыць, і не здагадваўся, што яго падслухоўваюць. Ды й як здагадаесься?

Скварыш ня стаў тузаць штору, занавешваць вакно, так было зручней — яго тут, у змроку, не маглі бачыць знадворку, ён жа што-колечы бачыў. У расплывістай пляме сьвятла пад ліхтаром нячутна сьлізганула жаночая постаць з сумкай, павярнула ў крайні пад'езд; зь сярэдняга пад'езда выбег мужчына з сабачкам — абое зьніклі насупраць пад таполямі на газоне. Адтуль жа, з-пад таполяў, чуўся малады прыглушаны голас і сьмех. Скварыш ня бачыў адсюль, але ведаў: там, у альтанцы, ля дзіцячай пясочніцы зьбіраліся нанач дзецюкі, часам зь дзеўкамі — па-маладому забаўляліся далёка за поўнач. Але, мусіць, ня толькі забаўляліся. Аднойчы адзін зь іх, мабыць, добра паддаўшы, прайшоў каля шэрагу сонных аўтамабіляў, пакідаючы на кожным адмеціну — арматурнай жалязякай. Так, без усялякай мэты, дзеля свавольства. А можа, ад клясавай нянавісьці да іхных уласьнікаў. Скварыш яшчэ пастаяў ля вакна, паўзіраўся з восьмага паверху ўніз, пасьля — у зьвечарэлае неба, дзе над плоскімі дахамі блізкіх дамоў засьвяцілася і журботна вісела адзінокая зорка. Міжволі ён імкнуўся адсюль, з уласнай кватэры, кудысьці туды, на волю, бо тут ён бяз рэшты страціў спакой, душэўны камфорт, а гэты візыт Красьнянскага разварушыў яго, зьбіў з тропу, і як ён ні супакойваў сябе, супакоіць ня мог. Чаго прыяжджаў асьпірант, што меў на мэце? Ці сапраўды, каб паспачуваць, сагрэць чалавечай цеплынёй у трудны твой час? Ці…

Менавіта гэтае «ці» балючаю стрэмкаю засела ў Скварышавай душы, не даючы як-небудзь супакоіцца перад ноччу.

Ён яшчэ не адышоўся ад вакна, як у вітальні затрашчаў тэлефон, і Скварыш аж здрыгануўся. Пасьля напяўся, зьнерухомеў — не, трубку ён, вядома, ня зьніме. Цяпер ён баяўся тэлефона, ужо другі месяц не размаляў па ім — з таго часу, як яго паклікалі на бюро райкаму. Памятнае праклятае бюро, яно падкасіла жыцьцё, увесь лёс павярнула ў невядомы страхотны бок, разам з партыйным білетам адабрала, здаецца, волю да жыцьця, пакінуўшы толькі вось гэта — тайныя страхі, чаканьне невядомага, мабыць, яшчэ горшага. Пэўна ж, горшага. Бо на выключэньні яны ня спыняцца; даўно вядома, што яны дзейнічаюць па законах зграі: калі хтось закульгаў і ня можа гарцаваць нароўні з усімі, дык яго трэба расшкуматаць і зжэрці — выбракаваць, каб не псаваў усёй зграі. Законы зграі, мабыць, адныя й тыя ж, што ў зьвяроў, што ў людзей. Тысячагадовая эвалюцыя віду тут мала што значыла і ў тых, і ў гэтых.

Але ж гэты Красьнянскі… Ну чым ён, Скварыш, мог выклікаць у яго такое спачуваньне, прымусіць да рызыкі — гэтага вечаровага наведваньня і гутаркі на мяжы рызыкі. Канечне, Скварыш ужо быў вучаны й ня надта раскрываўся ў адказ на ўвогуле разумныя, але й небясьпечныя пасажы асьпіранта. Асабліва наконт Афгану. Але і зусім адмаўчацца было неяк, ён мусіў то кіўнуць галавой, то пагадзіцца дзе адным словам, дзе толькі намёкам на згоду. I толькі калі асьпірант загаварыў пра колішнюю лекцыю Скварыша, дзе ён выказаў некаторае сумненьне наконт палітыкі калектывізацыі, прафэсар заўважыў, што ён зусім ня ў сэнсе адмаўленьня, а хутчэй канструктыўнага асэнсаваньня — вядома ж, у рамках палітыкі партыі, хіба з трохі інакшым аспэктам. Красьнянскі ж быццам не пачуў таго і горача даводзіў пра шматмільённыя закупы збожжа за рубяжом як наступства тае калектывізацыі.

Вядома ж так, думаў Скварыш, каму тое не вядома, але навошта пра гэта гаварыць? Хіба ён не разумее, гэты гаварлівы асьпірант, што прафэсар ня можа яму адказаць у той самай меры адкрытасьці, мусіць адмоўчвацца? А калі разумее, дык што гэта? Вельмі ўжо падобна на правакацыю, небясьпечную, нават страшную для чалавека, выключанага з КПСС.

А калі не? А калі ўсё тое ад наіўнай шчырасьці, элемэнтарнай чалавечай спагады? Усё ж Скварыш быў неблагі прафэсар, студэнты яго любілі, ён ведаў гэта і даражыў сваёй рэпутацыяй, часьцяком адчуваючы прыязнае стаўленьне да сябе. Бо стараўся не крывіць душой, ня надта даказваць тое, што было і без таго зразумела кожнаму. Не шчыраваў — ні за Леніна, ні за Брэжнева, хацеў быць памяркоўным марксістам, наколькі тое было магчыма ў гэты пракляты час. Ды не ўдалося…

Тэлефон зноў празваніў раз і другі — мусіць, нехта ўсё ж ведаў, што ён дома, але Скварыш усё роўна не падышоў да тэлефоннай тумбачкі, хоць і затрывожыўся яшчэ болей. Замест таго ён ціхенька пратупаў у кабінэт, наліў з бутэлькі ў сваю чарку і кулянуў, не закусваючы. Дзіўна, але надта не цягнула і выпіць, хоць для таго былі ўсе ўмовы — ня трэба было ні рыхтавацца да лекцыі, ні ўранку ехаць у інстытут. А выпіўшы, як во цяпер, ён не п'янеў, галава была цьвярозая, дэпрэсія не міналася, можа, нават большала. Каньяк, які ўвогуле ён любіў, цяпер здаўся рэзкім, нясмачным, амаль агідным. На гэты раз ён сеў пры стале на канапе, утаропіўшыся невідушчым зрокам у круглыя плямы на бліскучай паверхні, думаў. Надта яго бянтэжыў гэты візыт Красьнянскага, адчуваў: тое ня так сабе, мабыць, за тым нешта тоіцца. А што — здагадацца было няцяжка. Красьнянскага падаслалі.

Тое, што ён «пад каўпаком», Скварыш зразумеў яшчэ да выключэньня, можа, нават зімой, як атрымаў аднойчы ліст з-за мяжы, з Кембрыджу. Пакет быў з добрай паперы, але адзін ягоны канец, відаць было, адклейваўся, бо заклеены быў надта старанна і гэтак жа старанна запрасаваны. Тады ён стаў узірацца на іншыя канвэрты і згледзеў, што з адваротнага боку ўсе яны былі нібы калісьці намочаныя й старанна высушаныя. Мусіць, тое ж тычылася і ягоных тэлефонных размоваў — на катэдры, дома: перапады ў гучаньні, староньнія шчаўчкі кантактаў — чаго раней не было. Ён амаль перастаў пісаць лісты знаёмым, толькі рэдчас паштоўкі. Па тэлефонах гаварыў каротка і самае неабходнае. Але менавіта тады заўважыў, што да яго па тэлефонах зачасьцілі — знаёмыя і малазнаёмыя, і зусім чужыя людзі. Іншыя гаварылі далікатна, часам кранаючыся рызыковых тэмаў, іншыя ж наўпрост пыталіся, як ён ставіцца да злачыннай гібелі нашых хлопцаў у Афганістане, да таго, што абмежаваны кантынгент нашых войскаў за столькі гадоў ня можа даць рады агідным наймітам імпэрыялізму — афганскім душманам. Як мог, ён выкручваўся, стараўся не гаварыць пэўна, але некаторыя патрабавалі пэўнага адказу. Было няёмка, агідна, хацелася вылаяцца і кінуць трубку.

Цяпер гэты Красьнянскі…

I быццам жа харошы хлопец, так шчыра дзякаваў за сумленьне, якое цяпер ня часта праяўляецца ў людзях, казаў, што правільна ён гэта — пра Афган. У яго самога, Красьнянскага, нядаўна ў Афганістане загінуў стрыечны брат, прывезьлі ў цынкавай труне, хавалі ўсім калгасам, маці самлела, труну не адкрылі, забараніў ваенкамат, і як уведаеш, хто там — можа, зусім і ня іх хлапец. Скварыш ужо чуў пра такія выпадкі, калі хавалі чужых замест сваіх, вайскоўцы чамусьці блыталі, нават у такой справе не было парадку. Але цяпер, думаў ён, тое, можа, і ня надта важна. Тая вайна несправядлівая ва ўсіх сэнсах, нават паводле марксізму-ленінізму, а тыя, хто яе ўсчаў, рана ці позна будуць названыя злачынцамі і праклятыя. Але што з таго радасьці яму, Скварышу, пакуль вось праклінаюць таго, хто пасьмеў пра іх заікнуцца. Яго выключылі з партыі, здаецца, хутка выганяць з працы. Хоць ён і падаў апэляцыю і ўжо напісаў нямала папер, «аб'ясьніцельных», даказваючы, што нічога падобнага не гаварыў і нават ня думаў. Што ён цалкам і поўнасьцю падтрымліваў і падтрымлівае зьнешнюю і ўнутраную палітыку партыі, інтэрнацыянальную дапамогу братняму афганскаму народу. Да агіды лісьліва і вернападдана. Было брыдка ўспомніць, як ён на бюро райкаму, дзе яго выключалі, фальшыва апраўдваўся, і тое яму, мабыць, кепска ўдавалася, райкамаўцы наўрад ці верылі яму. Неяк ён не стрымаўся, закалацілася сэрца, прыйшлося пры тых самаўпэўненых маладых функцыянэрах даставаць валідол, рукі трэсьліся, бубачкі лякарства пасыпаліся на калені, паскакалі ва ўсе бакі па бліскучай падлозе. Малады мардаты сакратар на хвіліну прыпыніў свой допыт і, нібы падсумоўваючы, сказаў: «Шкада, ня хочаце вы раззбройвацца перад партыяй». «А я й ня ўзбройваўся. Я нічога ня маю супраць маёй партыі», — сказаў тады ён і сам зьдзівіўся ненатуральнай лісьлівасьці свайго голасу. Сакратар толькі крыва ўсьміхнуўся, седзячы за сталом пры шасьці тэлефонах на тумбачцы. «А ў нас ёсьць матэрыялы, якія сьведчаць якраз наадварот. Напрыклад, у сакавіку вы сьцьвярджалі, што наш абмежаваны кантынгент у Афганістане зьнішчыў каля аднаго мільёна афганцаў. Адкуль вам вядомая гэтая хлусьня?» Яны ўсе, колькі іх было там, можа, чалавек дваццаць, што расьселіся каля даўгога стала і пад сьценамі, варожа ўтаропіліся ў яго. А ён маўчаў, пакутна згадваючы, каму ён гаварыў пра тое. Адкуль сам ведаў гэтую лічбу, памятае пэўна — тое казала радыё «Свабода», якое ён начным часам слухаў, што-колечы разьбіраючы праз глухі трэскат глушылак. Агідным, пісклявым голасам ён пачаў адмаўляцца, гатовы быў пабажыцца, што нічога падобнага не гаварыў, хоць менавіта тады раптоўна ўсё прыпамятаў. Але як можна было прызнацца. Доўга сядзець нерухома Скварыш ня мог, прыгнятала начная цішыня, ён ня мог знайсьці сабе ўтульнага месца і пайшоў туляцца па невялікай трохпакаёвай кватэры. Забрыў на кухню, уключыў сьвятло. Мог бы зварыць сабе кавы (усё ж занятак), але кавы ён выпіў тры кубкі, мабыць, на сёньня годзе. Расчыніў халадзільнік, паўзіраўся ў сякі-такі запас харчу — кавалак каўбасы ў рудай паперы, бутэлька кефіру, некалькі плоскіх бляшанак кансэрваў, — нічога ў яго не выклікала апэтыту, жаданьня зьесьці. Што-небудзь варыць, натуральна, ён не хацеў, не хацеў нават сасмажыць яешню, якую ўвогуле любіў і еў з задавальненьнем, калі яе смажыла жонка. Разьбітае шкло ў дзьвярах на кухонны балькон каторы раз напомніла пра непарадак, але цяпер ён падумаў, што шкло ўставіць ня хутка. Было не да таго. Ён асьцярожна расчыніў дзьверы і выйшаў на балькон, паклаў рукі на яшчэ цёплыя ад дзённага сонца парэнчы і здрыгануўся: на суседнім бальконе з асьветленай ззаду сьпінаю ў гэткай самай позе стаяў і курыў сусед. Скварыш адхіснуўся, хуценька вярнуўся на кухню і прычыніў дзьверы. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога, ні з кім размаўляць; усё здавалася, што ў яго занадта цікаўна ўзіраліся і ўжо напэўна ўважліва слухалі. Ці падслухоўвалі. Цікава, падумаў Скварыш, ці была чутная на бальконе іхная гаворка ў кабінэце ды асабліва ў вітальні каля дзьвярэй. I ці даўно ён стаіць там, гэты сусед у майцы.

Ён зноў вярнуўся ў кабінэт. Прыбіраць зь нізкага століка нічога ня стаў, стомлена апусьціўся ў крэсла за пісьмовы стол. Уключаная настольная лямпа асьвяціла вольны ад папераў кавалак стала… Надта мутарна было на душы ў прафэсара, вялікі сумнеў тачыў яго ўсё болей — дык проста ці не заходзіў Красьнянскі? А што, калі ў гэты час ён ужо сядзіць у КГБ і апісвае іхную тут гутарку? Ці, можа, запісаў усё на магнітафон і заўтра аднясе ў вядомы дом на праспэкце? У такім выпадку, адзін паратунак — апярэдзіць самому. Інакш яму пэўны капец — і працы, і кар'еры. А то і жыцьцю. Але зноў жа

Поделиться с друзьями: