Сьцяна
Шрифт:
З тае хвіліны, як ён намацаў край каменя, часьцей стаў думаць пра яе. Яе мілы воблік паўставаў перад ім у куце, як ён калупаў, шкрэб, тузаў. Зьяўляўся ў кароткім сьне. I заўжды кепска — сумна і гаротна. Ніколі — весела, гульліва, як нярэдка было наяве, асабліва калі яны заставаліся ўдваіх на яе паддашку. За сьценамі шумеў дрэвамі вецер, у вокны пазіралі вузлаватыя сукі клёнаў, а ім так хораша было ўдваіх. Нават бяз словаў. З маўклівым клопатам адзін пра аднаго і аб іх агульнай і сьвятой справе.
Цяпер яму б толькі сказаць, што ён кахае яе і ён — ня здраднік. Ён — ахвяра, і няхай яна тое ведае. Каб усё папраўдзе. Каб яна ня думала пра яго інакш — інакш ён не заслугоўвае. Каб ён ведаў, як тое можа абярнуцца, ён быў бы тады інакшы. Быў бы ў сто разоў лепшы. Сьмялейшы. Разумнейшы. I кожны дзень, калі яны былі разам, гаварыў бы ёй, што кахае. Як нікога —
I цяпер гэтая надзея…
Пакуль што, аднак, усё ішло няблага. Падобна, турэмшчыкі нічога не заўважылі і ні пра што не здагадваліся. З воглага заўсёды кутка дужа веяла сьцюжай, камяні сталі халодныя, нават мерзьлі рукі. Тое, аднак, дало падставу адчуць, што засталося няшмат. Некалькі апошніх камянёў, а там — воля. Аднойчы ўдзень, лежачы на сваіх трантах, ён пачуў галасы — гэта адтуль, з-за сьцяны. Гаварылі дзесьці паблізу ад ягонага кутка, словаў нельга было разабраць, але то былі людзі з волі. Значыць, воля была дужа блізка. Менавіта ў такі час ён стрываў немалую трывогу, што пачалася з ранку. За дзьвярыма ўсчаўся крык, здаецца, кагосьці там білі. Пасьля крык стаў глушэйшы, перайшоў у камэру, ці што? Ён сядзеў, слухаў і, сьцінаючы сэрца, чакаў. Думаў, што тое нейкім чынам можа тычыцца і яго. I праўда, неўзабаве ягоныя дзьверы шырока расчыніліся, уварвалася цэлая зграя турэмшчыкаў, з лаянкай выпхнулі яго ў калідор — пачалі шманаць. Перавярнулі ягоныя транты, абмацалі сьцены. Ён нібы абмёр ад кепскага прадчуваньня, здалося, што яны нешта ведаюць. Магчыма, ён аж пабялеў з твару і спалохаўся, што тое заўважаць. Быццам, аднак, не заўважылі — вымеліся, папярэдне піхнуўшы яго на скамячаныя растрэсеныя транты. Тую ноч ён не калупаў у куце, болей чакаў і слухаў. Нешта неспакойная выдалася ноч
— ледзьве не да ранку хадзілі й бегалі за дзьвярыма турэмшчыкі, зноў чуліся крыкі, лаянка, грозныя каманды. Але пад ранак усё быццам пацішэла і зусім аціхла. Ён трохі задрамаў перад пабудкай.
Наступныя суткі былі спакайнейшыя, і ён, бы згаладнелы да ежы, улёг у сваю справу. Ён стараўся браць углыб, у самую тоўшчу сьцяны, не калупаючы яе ўшыркі. Калі б ухапіцца глыбей, ды яшчэ аберуч, каб ужо выдзерці, выкаціць вялікі камень, утварылася б нара-лёх. Каб толькі якая адтуліна. Ужо б ён прашчаміўся.
Што-колечы ён накалупаў, але стала невядома, куды падзяваць той каменны друз. Пакінуць у куце было нельга, тое б адразу заўважылі. Разы два ён высыпаў у парашу, якую выносілі зьняволеныя пад наглядам турэмшчыкаў. Але й тое было рызыкова. Хіба зьядаць? Пакуль што ён сыпаў друз у чаравікі, што стаялі збоч каля дзьвярэй. Быццам навідавоку, але змрок не даваў згледзець, што ў іх. Сам быў босы. Быццам у абутку яму было горача.
Ранкам аднаго дня, яшчэ да сьняданку, зірнуўшы ў свой кут, ён ледзьве ня страціў прытомнасьць: у змроку цьмяна сьвіцілася вузенькая кароткая шчылінка. Бы сьветлая стрэмка на глухой чарнаце сьцяны. Баючыся, што тое заўважаць наглядчыкі, ён кінуў туды сваю турэмную куртку, неяк захінуў сьветлую стрэмку. Турэмшчыкі, і праўда, не заўважылі, але ён падумаў, што годзе! Трэба як найхутчэй ірваць кіпці. Іначай усё прападзе.
Наступнаю ноччу ён дамогся новага посьпеху — так пашырыў шчыліну, што мог прасунуць у яе абедзьве рукі, неяк узяцца за бок каменя. Належала яго рваць на сябе, але ці вырвецца? Ці стане ў яго столькі сілы? Усё ж сілы, мабыць, было малавата. Тады ён пачаў варушыць камень — цягнуць і піхаць яго з боку ў бок, зьверху ўніз. Тое адабрала нямала часу, але дало большы вынік, — здаецца, ён перамагаў каменную пароду. Зь яго слабымі чалавечымі сіламі і яго магутнаю прагай волі.
Нарэшце ён выдзер гэты камень, хоць у самога паплылі ад натугі каляровыя кругі ўваччу, захлыналася дыханьне. У сьцяне быў вузкі і глыбокі лаз, зь якога патыхнула сьцюжай і змрокам бязьмесячнай ночы. Але, мусіць, у яго не засталося часу. Да ранку былі лічаныя хвіліны — ён адчуваў, што не пасьпее. I ў апошнія хвіліны можа здарыцца бяда.
Зь вялікаю асьцярогай ён ускаціў камень на ранейшае месца, доўга круціў яго, пакуль уладкаваў дакладана туды, дзе ён заўсёды ляжаў. Неяк затуліў трантамі шчыліны. Здаецца, і зблізку нічога не было відаць. Але калі ня ўчыняць шмон. Калі будзе шмон, усё прапала.
Той дзень ён пачуваўся бы на іголках. То сядзеў, то ўскокваў, хадзіў сюды-туды па апрыклай камэры. Наглядчык, што прынёс яму сёрбава, быў у воглым шынялі і змакрэлых ботах, значыцца, там, на волі, ішлі дажджы. Здаецца, настала
восень. I яго ня выкрылі. Ужо гэта была ўдача — нечуваная, небывалая. Жахліва, калі ўсё сарвецца у апошні час. У апошнія хвіліны. Яму б толькі дачакацца начы…Але настала і ноч. Турэмшчыкі паводзілі сябе, як заўжды: прынесьлі вячэру, зьмянілі парашу. Ні ў іхных паводзінах, ні ў позірках, здаецца, не было нічога, што выклікала б у яго трывогу. Ужо ён бы заўважыў. Ягоны позірк і слых сталі цяпер, бы напятыя струны, бы лазэрны прамень — ён заўважаў усё. Надта шмат цяпер залежала не ад яго — ад іншых. I ён настроіўся на іншых — на ягоных турэмшчыкаў. Што залежала ад яго, ён зрабіў усё. Нават болей, чым спадзяваўся.
Ён хваляваўся. Увечары ня здолеў зьесьці сваю пайку хлеба (ня лезла ў горла) і ня ведаў, куды яе схаваць. Нязьедзеная, яна магла выклікаць падазрэньне і выдаць яго. Сунуў у гамашы, да паловы засыпаныя друзам. А сам ужо прызвычаіўся босы. Як босаму будзе там, на волі, не хацелася думаць. Галоўнае, каб вырвацца на тую волю. Як добра ўцямнела і за сьцяной аціхлі ўсе шолахі-шумы, стаў на калені і перахрысьціўся. Канечне, ён быў ня надта рэлігійны, але ж… Мусіць, для надта вялікае мэты здатныя ўсе сродкі — і д'яблавы, і Богавы. Абы памаглі. Трохі адкаціў убок камень, згорбіўся, нагнуўся — галава пакуль што лезла. Дужа абдзёр вуха, садраў скуру на лобе, але прашчаміцца целам было трудней. Галоўнае, не пралазіла плячо і зь ім рука, як ён ні выкручваў яе ў гэтым каменным лёху. Тузаўся так і сяк, аж спалохаўся, што зусім зашчаміўся, бо ня мог ужо выдзерціся і назад. Але ўсё ж, неяк намогшыся, прашчаміў руку з галавой, мабыць, да крыві абдзёршыся пад кашуляй. Горш, аднак, што і далей ня стала лягчэй. Ён ужо адчуваў, што прасунуцца назад ці наперад у яго проста не стае сілы. Нейкі час ён ляжаў так, зашчэмлены ў камяніцы, і ня рухаўся. I тады выразна адчуў, што прападзе. Калі ня знойдзе ў сабе сілы на апошні рывок. Яго ахапіў спалох. Але спалох, мусіць, і надаў сілы, прымусіў ірвануцца. За штосьці ён учапіўся рукой наперадзе і трохі пасунуўся. Затым зноў напяўся і яшчэ пасунуўся. I яшчэ. I ўрэшце па грудзі выдзерся з каменага лёху, далей стала лягчэй. I ён апынуўся пад сьцяной знадворку, на мокрым, сьцюдзёным бруку з дробнаю траўкай між камянёў.
Вакол было цёмна, даволі сьцюдзёна, але зацішна. Нейкі час ён пластом ляжаў на бруку, аддыхваўся, ня ў стане падняцца, каб сесьці. Пасьля падняў галаву — у чорным небе высіўся шэры мур сьцяны, ад якой паўколам зачынаўся іншы, — мабыць, вежа гэтага старога збудаваньня. Сьцяна была ўзбоч, каля ягонага лёху, што чорнаю плямаю зеўраў нізка ля ног. Вакол была ноч і воля, да якой ён нарэшце дапяўся. Але чаму ж ад яго адхлынула радасьць?
Нешта ўпарта замінала той яго радасьці, можа, змрочная няпэўнасьць навакольля — што тое было? Вуліца, падворак, закінуты сквэр? Але нідзе не відаць было дрэваў. Хоць павінны ж былі яны расьці ля старога турэмнага муру. Замест дрэваў стромка ішла ўвысь чорная вежа, а за ёй мроіўся ў цемры шэры прасьцяг усё той жа сьцяны. З кепскім прадчуваньнем ён устаў на ногі, хістаючыся патэпаў уздоўж сьцяны, мацаючы яе зьбітай да крыві рукой. Пад яго босымі нагамі быў сьлізкі сьцюдзёны брук. Хутка ён упёрся ў куток; высокая, на два паверхі сьцяна паварочвала ў іншым кірунку. Ледзьве ня подбегам ён скіраваў ля яе, усё мацаючы рукамі яе шурпаты тынкаваны бок, думаючы натыкнуцца на браму, арку ці які выезд. Ды марна. Ён бег нядоўга і ледзь ня выцяўся аб выступ старой і няроўнай каменнай кладкі, за якой, аднак, бы чарнелася штосьці. То была шырокая і высокая ніша зь дзьвярыма-выездам з гэтай каменнай пасткі. I праўда, у нішы чарнеліся вялізныя, абкаваныя жалезнымі крывулякамі дзьверы, але ні каля іх, ні ўнізе не прасьвечвала ні шчыліны. Не было і клямкі. Ён ціха патузаў дзьверы, паштурхаў плячом — тыя нават не скрануліся ад яго слабой сілы. Тады ён кінуўся адсюль у другі бок, выцяўшыся аб штось у цемры, апынуўся на бруку. Моцна пабіў калена, ускочыў і зьнерухомеў у палахлівым зьдзіўленьні. Над ім у змрочнай шэрані неба высіўся знаёмы абрыс шыбеніцы, амаль над самай галавой невысока зьвісала вяроўка-пятля. Пад ёй быў збудаваны драўляны падмостак, на які ён і натыкнуўся ў змроку. Выйсьця адсюль не было.
Прыгаломшаны і зьнясілены, ён ціха апусьціўся долу. То быў поўны тупік; пастка за ім зачынілася. Надзея, што вяла яго гэтулькі часу, увачавідкі змарнела і раптам сканала. Ён яшчэ жыў, але толькі нейкаю часткаю свае істоты. Жыць у турме ня мела сэнсу, памерці таксама мела ня большы сэнс. Добра б не нарадзіцца зусім. Але, на жаль, тое ад яго не залежала…