Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Побач па бруку праімчаліся некалькі джыпаў з рулямі кулямётаў над ветравым шклом. У іх цесна сядзелі крутаплечыя постаці гарылаў у зялёных, пад мяккімі чахламі касках. Мабыць, куды на аблаву ці ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогі і схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блізілася да фіналу. На рагу ўжо віднелася паваротка, далей была караценькая вулічка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё і скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае ні ў адным слоўніку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у ім не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявілася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеі ў далёкай паўночнай краіне і хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнім для яго паседжаньні камітэту. Як абмеркаваньне падышло менавіта да такой высновы, паўстала пытаньне — хто? Усе дужа задумаліся, ва ўсіх знаходзіліся прычыны. Ён такіх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсі, па ім плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца.

Тое ўсё і вырашыла.

У прадчуваньні самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кішэні бэнзынавую запальнічку, запальнічка была на месцы — хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сіняватым агеньчыкам. Мабыць, хопіць і слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыі, павінны загарэцца ўмомант нават ад слабой іскры. I ён пакіне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы — дзеля народа. Трохі шкада, што разам адыдзе і жыцьцё. Але што зробіш? Ня ён першы і, трэба спадзявацца, не апошні.

Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткі на плошчу і нават міжволі парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нікога зь ліку знаёмых, і гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзінцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывізму для яго мінулася.

Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзіў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокіх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкі абавязак перад людзьмі? Перад Богам? Ні тое, ні гэта. Мала было асалоды і, калі падумаць, няшмат і пакутаў. Іншыя пакутавалі болей. Уся справа, аднак, як да таго ставіцца. Ён меў занадта вялікае адчуваньне гонару і паставіўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былі надзеленыя большаю схільнасьцю да лібэралізму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асабліва пасьля гібелі Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любові — ад цынізму несправядлівасьці. Банальную несправядлівасьць яна прызвычаілася трываць гадамі, нахабна-цынічнай — ня здолела і двух месяцаў. Калі яе маладзейшы каханак з дэмакрата-філёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагібель, мусіць, стала для чалавека апошнім штуршком да ягонага азарэньня.

Да павароткі заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабеціну ў чорным. Нейкім зьдзічэла-спакутаваным позіркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырыліся, і яна закрычала:

— А-а-а…

На момант ён зьмізарнеў пад тым яе зьдзічэлым позіркам, а затым і ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне маці ягонага студэнта-сухотніка. Пакуль ён сьцяміў тое, жанчына каршуном наляцела на яго і невялікаю сумкай на ланцужку пачала біць яго — па галаве, па плячах, па твары і крычаць:

— Забойца! Забойца! Забойца…

Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён ірвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапіўшы пад вялікія колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, і людзі, колькі іх было навакол і паблізу, паварочваліся да іх — сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкі вальней, і з усяе моцы прыпусьціў па вуліцы. Мусіць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнік бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглі й за ім… Ягоны ж інстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч — каб толькі адчапіцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вуліцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азірнуўся — за ім беглі пераважна мужчыны, але трапляліся і жанкі таксама. Сьледам па вуліцы несься разрозьнены лямант і крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўляліся новыя людзі — з падворкаў, ці што, далучаліся да тых, што беглі наперадзе. Праз момант яго ўжо сталі абмінаць — з бакоў і пад сьценамі. Мабыць, справа ягоная рабілася дрэнь. Асабліва, як з-за высокіх сетак тэніснага корту збоч вуліцы выскачылі двое ў спартовых гарнітурах, гэтыя апынуліся наперадзе ўсіх. Іншыя, не адстаючы, беглі й беглі сьледам і, бы зайца ў полі, гналі яго да ўскраіны. Усе крычалі-галёкалі, іх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзічэлага бегу, і ён ня ведаў, што рабіць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядліва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцінства прыземістага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калісь там быў скразны ход на суседнюю вуліцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памыліўся — двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьціла ўхапіцца рукамі за яе чарапічны верх, і ён кінуў угару нагу. Яшчэ не ўзабраўся наверх, як адчуў прарэзьлівы смурод бэнзыну. Па беленым баку сьцяны папаўзьлі няроўныя сьмярдзючыя пісягі, хатулёк адразу аблягчэў, і Чалавек абвяла зваліўся на брук пад сьцяну. Спартовыя хлопцы ў тэнісках схапілі яго за рукі, вывелі на падворак, куды зьбягаўся разрозьнены натоўп ягоных даганятых. Усе ўзрушана гаманілі, лаяліся ці спрачаліся нават, але ён ня слухаў. Нехта садраў зь ягонага пляча сьмярдзючы, непатрэбны цяпер хатулёк. Хтось пасылаў у паліцыю. Наўкола раілася рознагалосая гамана. Хтосьці задыхана распавядаў, як згледзеў яго і не адразу пазнаў. Іншыя даводзілі, што адразу кінуліся наўздагон, бо адчулі: уцякае ня так сабе. «Падпальшчык! Ах ты, падпальшчык!» — лямантавала жанчына, і ён трохі паўслухоўваўся, стараючыся даўмецца, што ўсё ж сталася? Чаму? Ці то непаразуменьне,

ці злая воля, ці ягоны недаравальны промах? А можа, заканамернасьць, фатальная прадвызначанасьць? Ці… паратунак ад самога сябе? Але што лепей? Узрушана адчувалася, аднак, што ўсё кепска. Для яго даўно ўжо не здаралася, каб лепей. Толькі горш… Гэта не народ, гэта не народ, як суцяшэньне, няўцямна гучала ў ягонай сьвядомасьці, і тут жа выразна чулася іншае: а тады хто ж? Хто тады былі тыя, што загналі яго ў пастку? Не прынялі ягонае ахвяры? Ці ён няварты быў для таго ахвяраваньня? Чагосьці цяпер ён ня мог зразумець ад узрушаньня, і няўлад са сваім станам, падумаў: усё ж трэба было адвязаць восьліка…

Нейкі час у яго ўсё пыталіся, чагось ад яго дамагаліся, але ён не разумеў і ня слухаў. Маўчаў ён, калі на падворку зьявілася паліцыя, і купка людзей расступілася, прапушчаючы да яго двух гарылаў у іх сьмецьцевай форме. Ён не зірнуў у іх твары — ён добра ўжо ведаў тыя нахабныя твары і ніколі не хацеў іх бачыць. Зрэшты, як і твары з натоўпу таксама. Цяпер яны для яго зьядналіся ў адзін агідна абагулены воблік, ад якога пагрозьліва патыхала сатанінскім злом. Ён нават недарэчна зьдзівіўся, як мог столькі трываць іх у сваім нядоўгім жыцьці? Мусіць, так думаць было несправядліва, усё ж належала аддзяліць адно ад другога. Але цяпер штось разьдзяліць ён ня мог. Штосьці ў ім скранулася са свайго звыклага месца і назад не трапляла…

Сьцяна

Рыгору Барадуліну

Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як і ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краіне не выводзіліся ніколі. Калісьці тут балявалі ці спраўлялі крывавыя трызны, плялі змовы і ўсялякія іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён. Іншыя, мабыць, сядзелі даўно і доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады і месяцы мінулі ў іншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала — і там, і тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры і цёмны, — пяць крокаў удоўж і тры ўшыркі. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце — як і ўсюды. Адзіным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй.

Колькі і дзе ні сядзеў, ён заўжды цікавіўся сьценамі, тым, як і з чаго яны зробленыя. I асабліва — што было па той бок, за сьцяной. Звычайна па той бок была зваблівая, недаступная для яго воля, пра якую ён не пакідаў марыць. А зробленыя сьцены былі як трэба, як гэта ўмелі рабіць калісьці: камень, вапна і цэгла — усё спрэс сьцьвярдзелае і нязрушнае, не драпанеш. Не прастукаеш нават. Яшчэ ў першы тут дзень ён спрабаваў пастукаць на звыклай для яго турэмнай азбуцы, але ніякага адказу не пачуў. А можа за сьцяной не было нікога. Значыць, там магла канчацца гэтая мур-турма і пачынацца воля. Зелянець на сонцы які куст цёрну, трава, буяць пры сьцяне старыя дрэвы замкавага парку…

Стоячы на каленях ля сваіх лахманоў, ён прыслухаўся. Але скрозь было ціха. Наглядчык нядаўна пратупаў за дзьвярыма, крокаў яго ўжо ня стала чуваць. Слабая электралямпачка пад дужа высокаю чорнай стольлю ледзьве разьвейвала змрок на каменнай падлозе; была, мабыць, глухая турэмная ноч. I ён пакрысе папоўз на каленях каля той супрацьлеглай ад дзьвярэй сьцяны, пачаў яе мацаць, агладжваць — дасьледаваць.

Ніжні рад буйных каменных блёкаў быў складзены шчыльна і нязрушна і не прымаў у сябе ніякі ягоны стук — хоць костачкай пальца, хоць кулаком. Тое ж было і вышэй. Драпін і нейкіх адзнак людзкога паходжаньня на камянях хапала, але яны мала пра што яму сьведчылі. Можа, там было што напісана, ды ў паўзмроку нічога нельга было разабраць. Хоць ён і не дамагаўся таго. Навошта яму былі адзнакі чыйгосьці лёсу — яму хапала свайго: пакутнага, гаротнага і дужа няўдалага. Трудна было ўявіць чаго іншага ў тым лёсе, апроч гэтай во каменнай нары. Мабыць, іншага й ня будзе ніколі, тут і скончыцца ягонае жыцьцё. Бяз жаднай надзеі.

А так хацелася лепшага, якой перамены. Толькі якой? Увогуле ён выдатна разумеў, што на спадзяванкі не было падставы, трэба было мірыцца з найгоршым. I з тым дажываць адмераны табе Богам і судзьдзямі тэрмін. Ды ўсё ня мог саўладаць з надзеяй. Здаецца, яна ўпарта і неадчэпна валодала ім.

Сьцяна была сьцюдзёная і цьвярдая. Спрэс шурпатыя бакі граніту, закамянелыя ад часу наплывы вапны. Дзе-нідзе, праўда, траплялі мякчэйшыя кавалкі, складзеныя з каменя-ракушачніку. I толькі ў кутку, у сырым і нават вільготным кутку ўнізе… Час ці, можа, вільгаць штосьці зрабілі нават з каменем ці з вапнавай зацьвярдзеласьцю — там, здалося яму, было трохі мякчэй. Вядома, ня так, каб можна было штось выдраць, які кавалак. Але калі парупіцца… Мусіць, варта было паспрабаваць.

I ён спрабаваў. Сьпярша кіпцямі, ды хутка пазламваў іх на абедзьвюх руках. Тады голымі пальцамі. Пальцамі, вядома, ня шмат дамогся, ды ўсё ж…

У яго зьявілася надзея, быццам нават цьмяная мэта жыцьця. Ён пачаў менш успамінаць былое, нават меней гаротна думаць. Толькі чакаў, як крокі наглядчыка трохі прыціхалі за дзьвярыма, тады кідаўся ў кут, сядаў на кукішкі і дзёр, калупаў, драпаў. Ён амаль не пазіраў туды, яму ўжо ня трэба было сьвятло, пальцы яго ведалі ўсе драбніцы каменя, увогуле надта цьвярдога, якога, здаецца, ня бралі ніякія ягоныя высілкі. Але на ражку, у самым кутку быццам было зручней — мякчэй, ці што. Менавіта там і сышліся цяпер усе ягоныя назапашаныя за гады воля і надзея.

Поделиться с друзьями: