Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пра кукурузу дбалі, але скаціну кармілі ўсё ж сенам, хоць назапасіць яго на зіму было няпроста. Найперш не было дзе, усё паўзворвалі на пасевы, засталіся хіба што балацявіны ды хмызьнякі. Зранку Снайпер-Іван касіў сваю пайку ў кустах між пнёў і алешніку, ды між пнёў ня шмат што накосіш, хіба на пару-другую рэзгінаў, і ўсё. Адно што — намахаесься касой да болю ў плячах. А тут, як на ліха, скончылася курава, і Снайпер-Іван ледзьве датрываў да вечара. Як сонца пахілілася да лесу, плюнуў на тую нехуцавую пайку і з касой на плячы рушыў дадому. Памятаў, недзе ў кухвайцы павінны застацца распачаты пачак ягонай «Прымы».

Шоргаючы гумавікамі ў нізкарослым зарасьніку кукурузы, ён кіраваў цераз палетак наўкось і думаў, што кукуруза наўрад ці акрыяе да восені, каб хоць было што скасіць на сілас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло і ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Іван памятаў, як колісь бурчэў бацька,

возячы сюды гной па вясьне: колькі яго ні вазі, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў іхны надзел, на якім падлетак Іван упершыню сьціснуў у даланях высьлізганыя ручкі плуга і правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахваліў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакінуць зямлю. Аж гаспадара з Івана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нікому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як і яе былы гаспадар. Бацьку ўзялі раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'і Івану найперш стала патрэбнай не скалектывізаваная зямля, а дровы, каб маці магла зварыць бульбу для траіх згаладнелых братоў і сястры, якія зранку сядзелі на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай ішоў у кустоўе, сек алешыны і па сьнезе цягаў іх на дрывотню, каб насеч дроваў і напаліць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамінаць, аж пакуль яго не паклікалі ў раён і не ўручылі паперку пра рэабілітацыю «за адсутнасьцю складу злачынства». Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў — за сьмерць бацькі, якая, як было напісана ў паперцы, наступіла ў сорак другім годзе «ад язвы страўніка». За тыя грошы Снайпер-Іван купіў новую кухвайку і бутэльку «маскоўскай». На абмыўку бацькавай памяці.

З аселіцы ён пералез цераз жардзіну ў плоце і апынуўся на сваім агародзе. Перш чым выправіцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка — ці няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбітага асколкам пасьля вайны ў шпіталі ўставілі шкляное. Але шкляное Снайпер-Іван не падабаў і ўстаўляў яго хіба як куды ехаў — ў раён ці да доктара на інвалідзкую камісію, куды спраўна выклікалі штогод. Каля дому абыходзіўся сваім апошнім, да якога прызвычаіўся за гады і бачыў навокал ня горш за двухвокіх. Хоць бы і цяпер — лёгка прыкмеціў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачніку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвіліну паўзіралася, пакуль ён падышоў бліжай. Мусіць, дзівілася, чаму ён так рана, калі ўсе іншыя мужыкі яшчэ шчыравалі на пайках.

— Што, ці скасіў?

— А нягож табе пакінуў?

— Усё?

— А што там касіць? Ацяробкі…

Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкі павесіў касу на вугал і пайшоў у сенцы, дзе на шуле вісела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кішэнях, але там было пуста, і тады ён успомніў, што два дні таму той пачак яны дакурылі ў Воўчым лагу, як выпівалі зь Ляплеўскім. З нагоды… Снайпер-Іван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў іх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, міліцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелі тады, ледзьве дабрылі да аселіцы, як ужо прыгналі з пашы кароў.

Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.

— Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, — лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна.

— Вусаў?

— Ну, Вусаў. Той самы!

— Да Касатага?

— А нягож…

Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..

— Надвячоркам Манька

Валодзева бачыла, як з аўтобуса цераз аселіцу ішоў. Агародамі. Мусіць, каб не пазналі. Спраўны такі, у капелюшы.

— Мабыць, баіцца, аднак…

Узварушаны той навіной, Снайпер-Іван памалу пабрыў абсаджанай каровінымі лепяхамі вуліцай да хаты Саўчанкі. Ён аж забыўся на сваю патрэбу, калі ступіў у расчыненыя варотцы сядзібы. Саўчанка, мажны, шыракагруды дзядзька зь сівою чупрынай на галаве, у белай расшпіленай сарочцы, скончыўшы адбіваць касу, прыладжваў яе да касавільна.

— Чуў? — запытаў ад варотцаў Снайпер-Іван. — Вусаў прыехаў.

З выгляду быццам абыякавы да ягоных словаў, Саўчанка падняў касу, памацаў, ці ня кратаецца на касавільне. Каса ня краталася.

— Прыехаў, ага, — пацьвердзіў ён спакойна.

— Да Касатага?

— Да Касатага.

— I што яму трэба?

— Значыць, штось трэба, — ухіліўся ад адказу Саўчанка. Але, мусіць, ён таксама ня шмат што ведаў. Хоць калі б і ведаў, ад гэтага чалавека ня шмат можна было дазнацца.

— Закурыць у цябе ці ёсьць?

Вялікай рукой Саўчанка моўчкі вышчаміў зь цеснай кішэні штаноў пакамечаны цыгарэтны пачак, даў суседу, пасьля ўзяў адну цыгарэту сам.

— Дык гэта што ж атрымліваецца? — закурыўшы, ня мог чагосьці даўмецца Снайпер-Іван. — Па-новаму пачынаецца, ці як?

— Можа, і па-новаму.

Саўчанка быў старэйшы за Снайпера-Івана і, у адрозьненьне ад яго, негаваркі і стрыманы ў пачуцьцях. Для таго былі свае прычыны: толькі якіх-небудзь пяць гадоў прыехаў зь Сібіры, з ссылкі, у якой адбухаў ці ня дваццаць пяць гадоў. Паехаў некалі маладым мальцам з бацькамі-падкулачнікамі, а вярнуўся сівым і старым. Паводзіў сябе ціхмана, мабыць, не адчуваючы раўнёй з астатнімі калгасьнікамі, хоць бы во і з гэтым Іванам. Гэты так загераізаваўся ў вайну, што гатовы быў забыцца пра сваё бацькоўскае прозьвішча Ярашэвіч і ахватней адгукаўся на мянушку Снайпер. Але лацно Івану, ён і праўда прайшоў агонь і ваду ў партызанцы, і хоць славы там агораў ня шмат, затое языку цяпер даваў волю. Ня тое, што Саўчанка, нядаўні ссыльны падкулачнік, які на старасьці гадоў захацеў дажываць свой век у родным кутку. Тут трэба было раз і назаўжды забыцца пра свае крыўды. Калі б яны забываліся.

— Я яму пакажу, сволачы, такую яго маць! — вылаяўся Снайпер-Іван, кіруючы з падворка.

На вуліцы, аднак, ён спыніўся, яшчэ ня маючы рашучасьці рэалізаваць сваю злосьць. Патаптаўшыся ля плоту, успомніў, што ёсьць яшчэ чалавек, якому варта пачуць тую навіну пра Вусава, гэта — Ляплеўскі, настаўнік, што рабіў у раёне і прыехаў цяпер у касьбу памагчы маці. Тая жыла на краі вёскі, ля сажалкі, і Снайпер-Іван рашуча скіраваў туды. Каб хоць бы параіцца, аслабаніць душу ад таго, што пачало расьпіраць яго, ад застарэлае крыўды. Калісьці той энкавэдэшнік перасаджаў палову вёскі. То быў чужынец, аднекуль прыежджы ў іхны раён, і ў іхнай вёсцы займеў сабе вернага памочніка зь мясцовых — Касатага, зь якім і саджалі, пачынаючы з трыццаць трэцяга. Але асабліва пашчыравалі яны ў трыццаць сёмым, калі загрэблі і старога Іванавага бацьку. На ўласнага стукача Касатага ў вяскоўцаў злосьці ўжо не было, яна ўся перагарэла за гады, калі гэтага недалэнгу таксама загрэблі, хоць і апошнім у тую пару, — на заедак. Праўда, таму ўсё ж неяк пашэнціла вярнуцца пасьля вайны з нажытымі ў лягеры сухотамі і таксама рэабілітаваным, як ягоныя ахвяры, што бязь сьледу пазьнікалі ў лягерах і турмах. Цяпер ён жыў-дажываў са старой бабай у старым дамку, апусьцелым ад дзяцей і сямейнікаў, якіх некалі было ў яго многа. Але сямейнікі паразьяжджаліся хто куды, бо жыць з такім бацькам было ня надта зручна, асабліва апошнім часам. Людзям Касаты казаў, што на супрацоўніцтва з ворганамі яго змусіў усё той Вусаў, бо Касаты меў грашок яшчэ з часоў рэвалюцыі, калі, будучы ў войску, пацікавіўся палітыкай і разы два наведаў партыйныя сходкі левых эсэраў. Тая цікаўнасьць дорага каштавала салдату, ды й ці толькі яму аднаму.

На незагароджаным ад вуліцы падворку Ляплеўскага нікога не было відаць, але на паркане каля сенцаў віселі поруч дзьве касы з блішчастымі лёзамі, згледзеўшы якія, Снайпер-Іван зразумеў, што гаспадар дома. I яшчэ нехта апроч, які, мяркуючы па ўсім, памагаў яму на касьбе. Снайпер-Іван паціху перайшоў зарослы лапухамі падворак, зайшоў на той бок хаты і адразу ўбачыў двух мужыкоў. Пад глухой сьцяной ля старой разгалістай грушыны быў змайстраваны невялічкі столік з лаўкай, за якім цяпер сядзеў маладжавы, хоць ужо лысы Ляплеўскі і ягоны госьць Дубчык. Гэты апошні быў дужа падобны на дачасна састарэлага хлопчыка з худой шыяй і зморшчаным, бы печаны яблык, тварыкам. Абодва моўчкі ўтаропіліся ў нечаканага заходжага. На засланым газэцінай стале валяліся калівы сарванай з градкі цыбулі і стаялі дзьве шклянкі. Бутэльку, вядома, яны засьцярожліва пасьпелі прыхінуць у траву побач, што, аднак, адразу згледзеў Снайпер-Іван.

Поделиться с друзьями: