Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

I цяпер гэты зорны палёт!

Мабыць, ён трапіў у самую высь неба, у самы зорны касьмічны зэніт. Зоркі абсыпалі яго з усіх бакоў, зьверху і зьнізу, нясьцерпна ярка зіхацелі перад вачыма, пераліваліся рознакаляровымі агнямі, некаторыя апынуліся зусім блізенька, і хутка імчалі ля яго, болей насустрач і назад: іншыя паволі адплывалі ў бакі. А то непадалёк падалі зьнічкі, выпісваючы касыя срэбныя дугі, ад якіх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зіхоткім Арктурам у сярэдзіне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў і поўніла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, і штораз пільней узіраўся ўніз. Унізе, аднак, скрозь было цёмна, толькі зрэдку штось бліскала — вадзяная паверхня ці, можа, асьветленае навакольле гарадоў-мэгаполісаў.

Адзіночныя і дробныя агні на такую высь, вядома ж, не пранікалі. I ён падумаў, што, можа, ён пачаў зьніжацца, ці мо зорнае неба апусьцілася на зямлю. Толькі чаму зямля была гэткай сурова маўклівай? Чаму яна так затаілася? Бы набракла горам і гневам і чакае чаго? У небе ж не было ні гора, ні гневу. Зрэшты, не было й радасьці, гэта ён адчуваў пэўна.

Як на зорным краявідзе заблішчэў коўш Вялікай Мядзьведзіцы, сумны харал загучэў на ўсю моц, толькі ён усё ня мог сьцяміць, адкуль? Зьверху, з навакольля, ці ўсё ж са змрочнай зямлі? Або можа, зь ягонай душы? Ён падумаў, што, можа, менавіта з душы, што ён яго нес з сабой. Але адкуль у душы было загучаць незнаёмай мэлёдыі? Звычайна гучала шмат іншых, ды ўсё ж знаёмых, хоць бы аднойчы ім чутых. Гэтага ж (ён мог сказаць з пэўнасьцю), ён ніколі ня чуў. Значыць, тады не з душы. Зь неба ці, можа, зь зямлі…

Што зь зямлі — то было болей пэўна.

Гэтае адкрыцьцё змусіла яго пільней узірацца ўніз, у зямное цемрыва; зоркі перасталі цікавіць яго — яго болей зацікавіла зямля. Усё ж нешта трэба было згледзець на ёй — там была разгадка ягонай незвычайнай загадкі. Толькі дзе? Але вось палёт ягоны запаволіўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад імі, значыць, пачалося зьніжэньне. Здаецца, зьніжэньне па сьпіралі ці што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьці ўрачыста і кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна — некага хавалі. Але каго? Так урачыста хаваць можна хіба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усімі і ўсім, створаным ім. Над зямлёй, плянэтамі, зоркамі і космасам. Так, прынамсі, лічыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пісаньні.

Ён ужо не апускаўся нават па сьпіралі, ён кружыў над адным, бадай, месцам — чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар'і неба. Рэквіем то гучаў выразна, то заціхаў трохі, і тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьціны — ці не ад крыніцы музыкі? Нейкі час у ягоным становішчы нічога не мянялася — ягоныя кругі паўтараліся адзін за адным, і ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабіць ці хоць бы спытаць? Толькі ў каго? Нікога нідзе не было паблізу, нават і бацькаў прывід тут ужо зьнік канчаткова. Ён быў адзін — у суцэльнай цемрадзі, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль імкнула ўвысь і ўшыркі загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.

— Каго хаваеце? — хрыплавата крыкнуў у цемру і аж не пазнаў свайго голасу, — гэтак жахліва гучна прагучэў ён у касьмічнай прасторы. Толькі рэзананснае рэха голасу сьціхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:

— Народ хаваем…

«Які народ? Чаму народ?» — заварочаліся ў ягонай сьвядомасьці недаўменныя думкі-пытаньні. Але вымавіць іх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта і, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая ці злая воля?

А калі боская воля? I прынесла яго сюды праз космас, цераз акіян не дарма, бо было ў тым нейкае наканаваньне. Мо нават выбар, думаў ён, па-ранейшаму кружляючы і кружляючы ў недаўменьні над змрочнай зямной прасторай. Выпісваў у разрэджаным паветры кола за колам, а рэквіем чуў то выразна і гучна, то цішэй, то аддалена. I раптам ён з жахам падумаў: што будзе, калі сьціхне музыка? Куды яму? Як яму? Вярнуцца назад ён ня ведаў як, а ўпасьці на гэтую змрочную хаўтурную зямлю было б жахліва. Падняцца ў космас? Але як? Тое ўжо ад яго не залежала, ён ведаў. Адчуваньне катастрофы ахапіла яго і ад яго ішло, нібы трансьлявалася ў наасфэры. Можа толькі ў тым і быў нейкі сэнс ягонага тут зьяўленьня.

I ён круціўся, лунаў угары, пад зорнаю высяй, усё ня мог даўмецца, што трэба зрабіць, і навошта ён тут? Дзеля чаго? Ратаваць ці ратавацца самому? Але як ён мог нешта зрабіць, калі быў падначалены чужой волі, пазбаўлены ўласнага Я. Праўда, ён адчуваў, што так доўга цягнуцца ня можа, хаўтуры ўсё ж скончацца, колькі б ні цягнуліся. Цалкам магчыма, што зь імі скончыцца і ён.

I сапраўды, музыка стала цішэць, бы аддаляцца кудысь

у зямную цемрадзь. Але ён кружляў усё над тым самым месцам, ён не аддаляўся нікуды, — мабыць, ужо не было куды аддаляцца. Толькі штосьці ўнутры ў яго аддалялася ў пачуцьцях, у стаўленьні да тае трагедыі, — рабілася абагульненым, абстрактным, ці што. Глушэла жалобная мэлёдыя, і ён таяў зь ёй разам. Хоць сябе фізычнага ён па-ранейшаму не адчуваў, бы і ня меў свайго цялеснага Я. Але цяпер пачало марнець і ягонае Я духоўнае…

Так цягнулася, мабыць, усё ж доўга, а мо і каротка — ён не адчуваў часу. Можа, гадзіну, а можа і год… I ўжо ён усьвядоміў, што яго самога ў прасторы стала да мізэрнага мала. Краёчак ягонага былога Я. Усё астатняе сасмактала цемра з далёкім, як у пачатку, жалобным гулам, ды зорным касьмічным бляскам угары.

А пасьля не засталося нічога…

Восьлiк

На зорным небе між чорных верхавін кіпарысаў бліскуча сьвяціла летняя поўня. Яе ясны зіхотны водсьвет няроўна ляжаў на верхніх камянях доўгай мураванай сьцяны, за якой туліўся вузкі бядняцкі падворак з мандарынавымі дрэўцамі на схіле ды двума-трыма каменнымі хлеўчукамі ніжэй. Ля рогу аднаго зь іх, прыхаваны ценем бліжняга кіпарысу, сядзеў чалавек, які, не зважаючы на начны позьні час, ня спаў і нават не заплюшчваў вочы, здаецца, і ня дыхаў нават, толькі чуйна ўслухоўваўся ў кожны гук з навакольля. Як цень ад кіпарысу пасунуўся ўбок, і поўня далікатна кранула зарослы чорнаю шчэцьцю твар, чалавек, не ўстаючы, пасунуўся далей у цень. Было відавочна, што ён асьцерагаўся начнога сьвятла, не хацеў, каб яго згледзелі тут, на гэтым ускраінным гарадзкім падворку, дзе ён, відаць па ўсім, бавіў час, чагосьці чакаючы.

Але побач не было нікога, ніхто да яго не падыходзіў. Вузкая сьцежка за нізкай сьцяной, што бегла ўсьцяж камяністага, зарослага чорным кустоўем раўчука, ляжала пустая, на падворку побач не здаралася ніводнага чалавечага руху. Дзесь у калючым, ссохлым ад дзённае гарачыні быльнягу нязмоўчна трашчэлі цыкады, ды за будынінай на падворку зрэдчасу варушыўся, уздыхаў галодны малады восьлік. Надвячоркам, як трохі сьцямнелася, чалавек падабраў у доле рэшту травяных аб'едкаў, пасунуў бліжэй да прывязанай жывёліны. Аднак восьлік не накінуўся на траву, толькі няўцямна паўзіраўся ў незнаёмага чалавека і жаласьліва раўнуў — ён чакаў гаспадара. Але гаспадар прапаў ад учарашняга ранку, і чалавек думаў, як бы ня сталася бяда. Як бы гаспадар не прывёў сюды тых, каго цяпер належала асьцерагацца.

Асьцерагацца ён стаў даўно, прынамсі, ня першы месяц. Адразу, як ляснула іх сьвятая агульная справа, і яны рассыпаліся, хто куды. Тыя, што ацалелі ад арышту, турмаў ды лягераў, перайшлі горы, знайшлі нейкі прытулак у суседняй, думалася, дэмакратычнай краіне, дзе яны меліся знайсьці і падтрымку. Дэмакратыі там, здаецца, хапала, але з падтрымкай мала што атрымалася. Учора ён глухой горнай сьцежкай перайшоў мяжу і спусьціўся з гораў назад у гэтую няшчасную краіну, яго радзіму. Якую, не зважаючы на ўсё самае ліхое, прадаўжаў любіць сыноўскаю любоўю патрыёта ці, як некаторыя казалі, — нацыяналіста. Хай будзе і так, ад зьмены назвы ягоная адданасьць краіне і яе гаротнаму люду ня зьменшыцца. Тое ён ведаў пэўна.

Хоць, відаць, тое было нялёгка — некаторыя абставіны пачалі сьведчыць супраць тае яго любові. У гарах ён мог знайсьці схованку між зарасьніку і камянёў, але ў горадзе яе трэба было шукаць між людзей. Першы, да каго ён прыбрыў на золку, быў іхны колішні добры сябра, стары мудры гаршчэчнік, што нямала памог ім у іх барацьбе. Але гаршчэчнік, сказалі, памёр сваёй сьмерцю, падкошаны горам ад страты сыноў. Прасіць прытулку ў заплаканай зьнямоглай нявесткі ён не адважыўся. Зрэшты, абсыпаная дзецьмі, тая й ня надта запрашала яго, і ён пайшоў прэч. Памятаў, што непадалёк жыў студэнт, таксама іхны сябра, якога ён уцягнуў у рух і зрабіў неблагім агітатарам. Але ўжо было ведама, што хворага на сухоты студэнта, адзінага сына ў маці, таксама ўзялі. Цяпер той паволі канаў недзе на сталічным стадыёне сярод тысячаў іншых — бязьвінных зусім і вінаватых хіба тым, што не схацелі жыць пад драпежнай уладай дыктатара. Другі, да каго ён пастукаў у тую ноч, спаў на ўласнай пасьцелі, але ён не пусьціў яго й на парог, сказаў, што сам сядзіць, бы на іголках, — чакае гасьцей у бронекамізэльках. То быў іхны аднадумца — сьвятар, і чалавек падумаў: можа, і праўда, можа, і чакае. Але яму стала крыўдна, а галоўнае — пачынаўся сьвітанак, і было невядома, куды падацца на дзень.

Поделиться с друзьями: