Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ён спаў у суткі, можа, якіх пару гадзін перад пабудкай — скорчыўшыся на трантах пад сушэйшай сьцяной, неяк забываўся, пакуль здалёку не далятаў гук гонга — сыгнал уставаць. Чакаў сьняданку, міскі чачавічнага сёрбава, якое зьядаў за хвіліну. Астатні час удзень і ўначы бавіў у куце — бы шашаль у дрэве, тачыў камень. Ражок каменя ўжо яўна вызначыўся на каменным рэльефе, мабыць, яго можна будзе паспрабаваць выдзерці першым. А там мо зьявіцца і дзірка. Ці хоць бы патанее сьцяна. Хоць бы каб маленькая дзірачка, ён бы, здаецца, пралез. Як было ў дзяцінстве, калі яны, падшыванцы, лазілі цераз агароджу ў суседзкі сад. Старэйшыя яго пасылалі першым, бо быў ён самы худзенькі-маленькі рухавы жэўжык, які пралазіў усюды, дзе толькі можна было пралезьці. I дзе не было ніякай магчымасьці — таксама. Ведаў з таго часу — калі пралазіла галава, магло пралезьці і ўсё цела. Такі быў жэўжык. Пакуль не падрос і не заняўся палітыкай. У палітыцы

было інакш. Часам ня мог пралезьці ніхто. Не пралез і ён. Таму і папаўся.

Ён не лічыў дзён і ня ведаў, колькі мінула іх, як ён улёг у сваю бясконцую працу. Час для яго чаргаваўся пабудкай, ядой — двойчы на суткі, крокамі наглядчыка за дзьвярыма — туды і назад. Як зьявілася мэта, узьнікла нецярпеньне. Часам яно так жахліва ўзгаралася, што ён палохаўся. Ведаў, так нельга. Калі што і выйдзе, дык дужа няхутка, празь нялёгкае пераадоленьне каменя і часу. Для таго патрэбныя дні, месяцы, а то й гады. Трэба было запасьціся вялікім трываньнем, уменьнем скараць час. I ён запасаўся. Прывучаў сябе да павольнасьці, мэтадычнасьці, непасьпешнасьці. Трудна было да таго прызвычаіцца, засвоіць тую нетаропкасьць, д'ябальскую вытрымку, зрабіць яе другой уласнай натурай. Але ён стараўся, бо без таго ня стала б надзеі. Нецярпеньне нішчыла надзею, гэта ён ведаў пэўна. Надзея ж часам то зусім замірала, то ўзгаралася да нясьцерпнасьці. Неяк, калупаючы ўсё за ражком каменя, ён пачуў па той бок сьцяны нейкія адзнакі жыцьця: быццам піск птушаняці. Нутраным зрокам ён ужо ўбачыў там птушынае гнязьдзечка — недзе паблізу, у зарасьніку цярноўніка, маленькія жаўтаротыя птушаняты, і тое здалося яму дужа добрым знакам. Нецярпеньне ахапіла яго да роспачы. Спатрэбілася сьцюдзёная лёгіка развагі, каб астудзіць яе. Той піск мог быць зусім не птушыны, а мышыны, напрыклад. Значыць, там магла быць нара з агіднымі турэмнымі пацукамі. Але й нара, мусіць, вяла кудысьці з муру. Можа, таксама на волю.

Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваім змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нібыта кратаецца пад ягонымі пальцамі. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецілі невялікі рух — уніз і ўгару. Тое надало яму незвычайнага імпэту. Ён напяўся, ірвануў, але тут жа і астудзіў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерці той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу і болей магчымасьці. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкі.

Перад прыходам наглядчыкаў ён турбаваўся, каб тыя чаго не заўважылі на ягоным твары — якога ажыўленьня, сьледу надзеі. Хоць у камэры было змрочна, але ён ведаў: штосьці магло адбіцца ў выразе яго аброслага шчэцьцю твару, у які яны кожнага разу пранікліва ўзіраліся. Зь цікавасьці ці з абавязку свае турэмнае службы. I ён намагаўся зрабіць той выраз як мага спакайнейшым, засяроджаным на чымсьці ўнутраным, сонным, замкнёным ад зьнешняга позірку. Невядома, як тое яму ўдалося, але, здаецца, наглядчыкі пакуль што нічога не заўважалі. Тое ўжо было немалой удачай. Але ўдач цяпер яму трэба было шмат, ён прагнуў удач. I найперш у тым сырым куце.

I праўда, лёс да яго, мусіць, паставіўся міласэрна. Неўзабаве ён выдраў каменны аскялёпак — вузкі, з вострымі бакамі, за якім, аднак, нічога яму не адкрылася. Далей скрозь быў цьвярды, шурпаты, сьцюдзёны камень. Але тым аскялёпкам усё ж можна было дзейнічаць, нібы інструмэнтам, тачыць ім паміж камянёў. I ён пачаў тачыць, адломваць, шараваць камень аб камень. Біць ён ня мог, трэба было як мага пазьбягаць кожнага гуку, каб нічога ня ўчулі ні за дзьвярыма, ні там, за сьцяной. Ён па-ранейшаму ня ведаў, што яго там чакае — воля ці, можа, новая турма. Але надзея ўпарта малявала яму пэўныя пэрспэктывы волі: горад, спатканьне зь сябрамі і зь ёй… Яму б толькі адолець гэты каменны мур.

I ён калупаў — ціхенька, з асьцярогай, увесь час чуйна прыслухоўваючыся да шолахоў-гукаў за дзьвярыма. Раз-пораз падхопліваўся ды кідаўся на свае транты ў другім кутку. Але ўначы тое здаралася рэдка, уначы да яго празь дзьверы амаль не зазіралі, болей глядзелі зьвечара. Пад раніцу наглядчыкі таксама, мусіць, стамляліся, хадзілі радзей і павальней. Аднойчы ён сьцяміў, што варта пасунуць пасьцелю бліжэй у кут, каб рабіць сваю справу лежачы, так было б больш непрыкметна. Але як было тое зрабіць? Усё ж, калі пасунуцца з пасьцеляй на мэтр, яны адразу заўважаць. А калі памалу, па колькі дзюймаў за дзень? I ён пасунуўся. Сьпярша на тры дзюймы, пасьля на пяць. I яшчэ. Кожны раз, калі прыходзілі наглядчыкі, ён няўзнак і пільна назіраў за іхнымі позіркамі — ці не заўважылі яны? Не, пакуль быццам нічога. Ці, можа, гэтак умелі схаваць свае падазрэньні? Але тое было б жахліва, каб заўважылі і чакалі, маючы намер злавіць у самы апошні момант. Схапіць ззаду за ногі, калі ён ірванецца на волю.

У канцы лета ён ужо

прасунуўся з трантамі ў кут амаль ушчыльную. Пра тое, што скончылася лета, ён меркаваў па вопратцы наглядчыкаў, якія апрануліся ў цяплейшае. Часам некаторыя прыходзілі, мусіць, знадворку, ад іх веяла восеньскай сьвежасьцю, з кроплямі дажджу на плячах уніформы. У камэры ж заўжды стаяла аднолькавая тэмпэратура — халаднаватая для лета і цеплаватая для зімы. Ніякага ацяпленьня тут не было.

Яшчэ празь нейкі час ён пратачыў між камянёў вузкую шчыліну, у якую пралазілі чатыры пальцы ягонай рукі. Там сапраўды аказаўся лёх ці, можа, мышыная нара — вузкая і, здаецца, глыбокая. Ён ссыпаў туды ўсе наточаныя за ноч крошкі ад сьцяны, і яны зьніклі там, не пакінуўшы сьледу. Дзірку пад ранак, перад пабудкай, акуратна закладваў каменным аскялёпкам — той добра клаўся на сваё ранейшае месца, і нават зблізку нічога падазронага нельга было заўважыць.

Яшчэ дужа баючыся паверыць у сваю ўдачу, ён усё ж страціў частку свае насьцярогі і ледзьве не загубіў усю справу. Сталася тое празь ягоныя рукі. Неяк прынесшы ежу — міску чачавічнага сёрбава, наглядчык, немалады, з хваравітым тварам мужчына, спыніў позірк на ягоных руках. Ён таксама заўважыў тое, але рук схаваць не пасьпеў — у абедзьвюх была ягоная міска. «Што, будаўнік?» — папытаўся наглядчык і кіўнуў на ягоныя рукі. Будаўнік, — як мага спакайней адказаў ён, хоць у ягонай душы ўсё напялася ад раптоўнага страху: няўжо здагадаўся? Але не, здаецца, не здагадаўся, бо сказаў быццам са спачуваньнем нават: і я рабіў мулярам. Пасьля ўжо, застаўшыся на адзіноце, ён уважліва дасьледаваў свае агрубелыя, у цьвярдых мазалях рукі. Ніколі яны ў яго не былі такія, фізычнай працай на волі ён амаль не займаўся. Будаўніком стаў тут, у гэтай камэры. Толькі не будаваў — бурыў старадаўні каменны мур; мабыць, тое было цяжэй, чым будаваць. Але дзеля волі на што ня пойдеш? Тое можна зразумець, толькі назаўжды страціўшы яе, волю.

Мусіць, было б лепш, калі б ён загінуў, памёр, каб яго пахавалі сябры па барацьбе, і яна, паплакаўшы, пахавала б разам зь ім і сваё да яго каханьне. Так было б лепей, але так ня стала. Сталася горш, і тое душыла сваёй няпэўнасьцю, несканчонасьцю, недагаворанасьцю. У той восенскі вечар яны рассталіся, як меркавалі, на пару гадзін, апоўначы ён абяцаў вярнуцца ў яе сьвяцёлку на паддашшы акрай гарадзкога парку. I яна, памятае, нават не зьбіралася класьціся спаць, сказала: буду чакаць. I не разьвіталася як мае быць, толькі трошкі прыгарнулася да яго і расчыніла палавіну дзьвярэй — ідзі! Ён і пайшоў. Ён сьпяшаўся, бо ісьці было на край гораду, а часу бракавала, і ён спазьняўся. Каб ведаць, куды сьпяшаўся! Думаў, па справе іх сьвятой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада. I ён не пасьпеў падаць каханцы хоць які-небудзь знак, так нечакана абрынулася на яго бяда. I зьнік назаўжды. Можна было падумаць: уцёк. Ад сяброў, ад яе, з гораду наогул. Ды яшчэ падумаць, што здрадзіў. Можа, усё тое зрабілі іхныя ворагі, каб сябры і яна думалі, што ён прадажнік. I цяпер замест каханьня яна яго ненавідзіць. Хіба ж можна кахаць здрайцу? А яшчэ ён не сказаў ёй самага галоўнага слова — усё думаў, зьбіраўся, ды адкладваў. То не было зручнага моманту, то здатнага для таго часу. Думаў: пасьля.

Не, яму вельмі патрэбна апынуцца на волі.

Усе гады, праведзеныя ў адзіночках ды ў агульных камэрах, ён і ня марыў калі-небудзь дачакацца волі. Вядома, можна было чакаць амністыі, часу, калі сканае дыктатар. Але дыктатары ў гэтай краіне паміралі нячаста, бо мелі жалезнае здароўе, як і наогул усе дыктатары. Хутчэй памрэ ён, ягонае здароўе ніколі не было надта моцнае. На волі, праўда, неяк ліпеў, падахвочаны барацьбой за вялікую ідэю. Тут жа ён падупаў і часта кашляў, балела ў грудзях. Але як зьявілася гэтая надзея, ён адчуў сябе лепш, быццам набыў другое дыханьне, і кашляў толькі лежачы на трантах, як калупаўся ў кутку, нават не кашлянуў ні разу. Ня мог таго дазволіць сабе.

Аднойчы глыбокай ноччу, як пратупалі за дзьвярыма і сьціхлі крокі наглядчыка, ён намацаў у нары штось новае. Новы край каменя, ражок, за які можна было ўхапіцца. Пакуль што аднаруч, але, калі яшчэ папацець, дык можна і аберуч. Тое адкрыцьцё яго надта ўзрушыла. Гэта быў плён, новыя магчымасьці, узрастаньне надзеі, набліжэньне жаданай мэты.

Але, мусіць, ня трэба было сьпяшацца. Хутка выдраць той камень наўрад ці ўдасца, на тое ў яго проста не хапала сілы. Сьпярша трэба было абкрышыць, пашырыць шчыліну, можа, раскалупаць побач другую. Усё ж, мусіць, ён перабольшыў свае магчымасьці, пачаў дужа пацець і, натуральна, стамляцца. Асабліва пад ранак. Ды яшчэ бадай што бяз сну. Якіх дзьве гадзіны зьвечара ці перад пабудкай, мабыць, было замала, каб адысьці ад стомы, аднавіць сілы. Сваю міску чачавічнага сёрбава ён зьядаў усю, але таго было цяпер мала. Неяк папрасіў дабаўкі, ды на яго толькі зьдзіўлена глянулі: чаго гэта ён раптам? I ён змоўк. Мусіў абысьціся тым, што давалі.

Поделиться с друзьями: