Сьцяна
Шрифт:
— На калені!
На беражку ямы ён паслухмяна апусьціўся на калені. Зрушаны лапцямі пясок пасыпаўся ўніз, і ён спалохаўся, што зваліцца туды заўчасна. Але не зваліўся, толькі прыплюшчыў вочы і чакаў.
— Гэта нястрашна, — сказаў ззаду чэкіст і лязгануў затворам пісталета — даслаў першы патрон. Толькі Аўтух зірнуў у прадоньне глыбокай ямы, як стрэлу ўжо не пачуў. Здалося, яма сама кінулася насустрач і назаўжды агарнула яго пясчанай сваёй глыбінёй.
— Так! Адзін ёсьць! — мовіў памкамэнданта і пайшоў да дзьвярэй машыны. Ягоная праца распачалася, ён рабіў яе звыкла й дакладна, як і кожнага дня.
Зноў у машыне ўсе замёрлі, сьціхлі, чакаючы, каго ён
— Ану ты, бандзюга!
Прыгнуўшыся, Зайкоўскі сігануў да дзьвярэй, рашуча скочыў з машыны.
— Рукі назад! Назад рукі!!!
— Куды назад? Во зломана, ня бачыш?
— Я табе зараз і другую зламаю, — тузануў яго за рукаво пінжака Косьцікаў. Зайкоўскі, аднак, ухіліўся.
— Не чапай! Даручана — страляй. А бяз рук!
— Ах ты, бандзюга!
— Я не бандзюга! Я больш палітычны, чым вы разам узятыя!
— Во як?
— Во так!
— Ну пайшлі, — трохі паспакайнелым голасам сказаў Косьцікаў, паказваючы пісталетам у бок ямы. Байцы, што стаялі паблізу, паднялі штыхі. Мабыць, такое яны чулі ня кожны дзень.
— Ты гэта во што! — раптам прыпыніўся Зайкоўскі. Спыніўся і Косьцікаў. — Будуць расстрэльваць самога, каб ня ў гэтай яме. Каб нам не сьмярдзеў.
— Ах, ты гаўно! — вызьверыўся Косьцікаў і стрэльнуў Зайкоўскаму ў грудзі — раз, другі, трэці. Той няўклюдна паваліўся на рассыпаны каля ямы пясок. Пад яго целам пачала расплывацца крывавая лужына.
— Будзе мне яшчэ пагражаць… Пагражаць мне! — ня мог супакоіцца Косьцікаў.
Зласьлівыя словы расстралянага чымсьці, аднак, зачапілі чэкіста, які трохі пастаяў зь пісталетам, сочачы, як здрыгваецца і выпінаецца ў апошніх канвульсіях вялікае цела бандыта. Адкінутая ўбок здаровая рука яго згрэбла жмут мокрай травы, але ня вырвала. Пальцы паволі расьцяліся…
Амаль лагодны сьпярша настрой Косьцікава пачаў прыкметна псавацца. Звыклы працэс прывядзеньня ў выкананьне прысуду яўна парушаўся, і прычынаю таму — гэты маскоўскі бандыт. Са сваімі беларускімі ворагамі Косьцікаў ня меў вялікага клопату, тыя заўсёды былі паслухмяныя і перад ямай паводзілі сябе, як авечкі. Турма, доўгія месяцы допытаў, суд ламалі іх канчаткова, і расстрэльваць такіх было нават нудна. Некаторыя, праўда (асабліва зь ліку партыйцаў), перад сьмерцю крычалі: хай жыве Сталін або камунізм ці сусьветная рэвалюцыя, мабыць, хітра разьлічваючы тым на ягоную катаву спагаду. Ён не пярэчыў: хай жывуць, калі каму хочацца, каб жылі, і заганяў чарговую кулю ў чарговую патыліцу. Ужо ён іх нагледзеўся, розных гэтых патыліц: чорных і рыжых, гладкіх і кучаравых, са срабрыстай сівізною і зусім голых, аблыселых. I ніхто ніколі не абразіў яго, не аблаяў нават, — што значыць, палітычна сьвядомы матэрыял, ня тое, што гэты крымінальны прыблуда.
— Выходзьце два адразу! — голасна скамандаваў ён ля машыны. — Ты, белагвардзеец, і ты, сраты паэта! Жыва!
Фэлікс Гром паслухмяна саскочыў з машыны і спыніўся, чакаючы напарніка. Валяр'янаў аслабела і нязграбна вылязаў з буды — павярнуўся на жывот, дацягнуўся нагамі да долу. Зьлезшы, нэрвовымі пальцамі пачаў зашпільваць гузікі бобрыкавага паліто. А можа, жонка ўсё ж выжыве, падумаў ён. Нешта ўсё ж значыць яе пралетарскае паходжаньне. Дый дзеткі… Хоць і без бацькоў, але ўсё ж лепш, чым нічога. Жыцьцё ёсьць жыцьцё, якое б там ні было…
У расшпіленай тужурцы з загадзя закладзенымі назад рукамі цярпліва чакаў апошніх камандаў Гром. Ён мала што бачыў вакол, вочы яго недарэчна змакрэлі, было страшна крыўдна за сваё да часу загубленае
жыцьцё. Загубленае празь нядаўна яшчэ самае для яго сьвятое — паэзію. Будзь яна праклятая! Лепш растрасаць гной у калгасе, не чытаць ніякіх кніжак. Але хто ведаў, што ўсё гэтак скончыцца? Вельмі і вельмі шкада. З тым шкадаваньнем у душы ён і пайшоў да жоўтага пясчанага пагорачка, за якім яго чакала нішто.Байцы ўжо сьцягнулі ў яму супакоенае цела Зайкоўскага. Рыхлы пагорачак быў дужа растаптаны іхнымі ботамі, беражок ля ямы стаў больш зручны, пляскаты. Валяр'янаў без напамінку апусьціўся каленямі на краі, тройчы перахрысьціўся і сьціх. Ён быў гатовы прыняць сваю доўгачаканую пагібель. Хацеў памаліцца, ды падумаў, што не пасьпее. Фэлікс Гром мясьціўся побач, штось яму замінала. Толькі Валяр'янаў зірнуў уніз і заўважыў, што тут неглыбока, як два нягучныя стрэлы ззаду звалілі абодвух у яму.
У машыне засталіся апошнія — Шастак і Сурвіла, і Косьцікаў крыкнуў ад ямы:
— Здраднік, выхадзі!
У дзьвярах паказаўся зьбялелы з твару Шастак.
— Я, што лі?
— Ты, ты! Выхадзі!
— Я ня здраднік. Я ўжо тлумачыў. Гэта ашыбка…
— Якая табе ашыбка! — вызьверыўся Косьцікаў. — Усё напісана і падпісана. Шагам марш!
Ушчэнт разгублены, зьбялелы, Шастак саскочыў з машыны і пачаў пасьпешна сутаргава пазяхаць, агаляючы гнілыя, абламаныя зубы.
— Але ж, але ж… Мяне нельга страляць… Я член партыі!
Такія словы ля ямы памкамэнданта Косьцікаву даводзілася чуць нярэдка, асабліва калі прыводзілі групу партыйцаў, і ў Косьцікава ў адказ быў нарыхтаваны выпрабаваны аргумэнт, які заўжды дзейнічаў безадмоўна.
— Калі ты член партыі, — закрычаў Косьцікаў, — дык якога ж ты хрэна аказваеш супраціўленьне органам?!
— Я, я не аказваю…
— Ну дык марш! Марш да ямы! Ці памагчы?
Хістаючыся, бы п'яны, Шастак пабрыў да ямы. Але на разварушаным пагорку зноў прыпыніўся.
— Няправільна вы…
— Усё правільна! — сказаў памкамэнданта і стрэліў яму ў патыліцу. Кастлявае цела Шастака спотырча павалілася ў яму — да тых, што туды зваліліся раней.
Калі Косьцікаў вярнуўся да машыны, там ужо стаяў, вылезшы зь яе, Сурвіла. Ягоны азызлы твар стаў зусім бурачнага колеру — ад стомы ці нутраных пакутаў.
— Што, і мяне туды? — запытаўся ён, маларухавым позіркам утаропіўшыся ў пясчаны пагорак.
— А куды ж? Асобнай ямы ў мяне няма.
— Выкапай.
— Яшчэ чаго не хапала!
— Давай, я сам.
— Капай! — падумаўшы, пагадзіўся Косьцікаў. — Усё роўна спазьніліся. Шафёр, нясі рыдлёўку!
Малады шафёр зь пярэдняй машыны прынес рыдлёўку, Сурвіла аберуч памацаў тронак, агледзеўся навакол.
— Дзе? Тут?
— Хоць бы і тут. Давай. Толькі жыва! — сказаў Косьцікаў, не хаваючы, аднак, пісталета.
Сурвіла пачаў капаць — імпэтна, нэрвова, кідаючы ў бакі поўныя рыдлёўкі жвіру. Мабыць, усё ж хвалюючыся, ён мала дбаў пра акуратнасьць і, замест простакутніка магілы, распачаў бадай круглую яму. У сасоньніку было не сьцюдзёна, начная імжа ранкам спынілася. Сурвіла хутка ўгрэўся, азызлы твар спатнеў і зрабіўся яшчэ больш чырвоны. На хвіліну прыпыніўшыся, ён зьдзёр з плячэй рудую, абшкрэбаную скуранку, шпурнуў яе пад ногі Косьцікаву.
— На, вазьмі. Нашто прападаць…
Запэцканым у гразі хромавым ботам той гадліва адкінуў скуранку з-пад ног. Сурвіла ня стаў упрошваць — ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нічога не было патрэбна. Апроч вось гэтай асобнай магілы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з ворагамі народа. I ўсё ж яго расьпірала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сілы.