Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Расстраляць! — халодна кінуў Палкаводзец.

— Таварыш камандуючы!.. — сіпавата выгукнуў афіцэр і асекся — Палкаводзец ужо азіраў поплаў, а старэйшы сяржант ускінуў да грудзей новенькі варанёны, з ражковым магазінам ППС, якія толькі што прыбылі на фронт і якімі ў першую чаргу ўзброілі ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнічак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзіночны стрэл.

Старшыня трыбуналу і сакратар, між тым, ліхаманкава афармлялі пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў іх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпісаць канкрэтныя прозьвішчы і штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахіліўся бліжэй да сакратара, які яму зачытаў: «Вайсковы трыбунал вайсковай часьці нумар… у адкрытым паседжаньні разгледзеў справу па абвінавачаньню… Як яго там?»

— Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, — падказаў маёр, зазірнуўшы ў пасьведчаньне. — А таксама радавых Андрэева і Цявелька…

— Андрэева

і Цявелька, — пішучы, паўтарыў сакратар. — I прысудзіў памянёных да…

— Да вышэйшай меры пакараньня, — падказаў маёр.

— Прысуд… — вымавіў сакратар.

— … Прыведзены ў выкананьне, — трывожна азірнуўшыся, падказаў маёр. Ён, відаць па ўсім, пачаў сьпяшацца: справы іхныя на гэтым месцы ці не канчаліся. Тым болей, што нямецкія танкі, мабыць, падышлі ўжо да рачулкі — нешта дужа дрыжэла ўнізе пагорка. У той час і сапраўды грымнула дужа блізка — на верасок і хвойкі сыпанула зямлёй і пылам, абсыпала фуражку і плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якія сакратар не пасьпеў засланіць. Энэргічным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок і ўскочыў.

— Ну, вы гатовыя там?

— Так точна! — ускочыў маёр.

— Усім да машынаў! — кінуў Палкаводзец і таропка падаўся з пагорка да свайго «віліса». За ім падхапіліся трыбунальцы з байцамі аховы, усе дружна сыпанулі з хвойніку да дарогі.

На тым месцы, дзе яны толькі што мясьціліся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кінутыя з прымкнёнымі штыхамі драгункі. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае — ці ня бінт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносілася дружная страляніна, мабыць, там усё ж ладзілася якая-ніякая абарона.

Камандуючы навёў парадак — нямецкія танкі тут не прайшлі.

Падоранае жыцьцё

Бываюць у жыцьці выпадкі, значэньне якіх праяўляецца не адразу, а спакваля, праз таўшчыню гадоў, і асэнсоўваецца на працягу ўсяго жыцьця. Некаторыя ж, што сьпярша здаюцца важнымі і значнымі, хутка, аднак, страчваюць тую значнасьць; іншыя набываюць яе праз гады. I толькі нешматлікія застаюцца нязьменнымі ў сваёй імпэратыўнай каштоўнасьці. Пра адзін з такіх выпадкаў мне і хочацца распавесьці, між іншым, больш чым праз паўстагодзьдзя, як ён адбыўся.

Тое здарылася ў часе мінулай вайны, зімой 1944 году, на Ўкраіне.

У цяжкіх баях Чырвонай Арміі з вэрмахтам наша дывізія трапіла ў цяжкое становішча, нямецкія часткі нанесьлі ёй моцны контрудар, занялі некалькі сёлаў у тыле. Стварылася пагроза абкружэньня, што, вядома, было адной з найбольшых небясьпекаў у тую вайну. Я быў паранены ў нагу і ня мог хадзіць. Ноччу нас, некалькіх параненых, спрабавалі вывезьці на брані танкаў, але дарога ў тыл аказалася заблякаванай. У нейкім сяле параненых сьцягнулі з танкаў і перанесьлі ў сялянскія хаты. Танкі пайшлі далей. На прарыў.

Мы засталіся адны, без прыкрыцьця і аховы, у незразумелых, заблытаных абставінах.

Спакутаваны ад сьцюжы і болю, я неяк ускараскаўся на хісткі драўляны ложак, на якім ужо нехта ляжаў. Рукі намацалі побач штось мокрае, але я не зьвярнуў на тое ўвагі і хутка заснуў. Здавалася, толькі заснуў, як тут жа спахапіўся, ахоплены зьнянацкавай трывогай. На двары ўжо віднела, быў ранак, аднекуль чуліся стрэлы, нават крыкі, хтось палахліва прабег за вакном па вуліцы. Я прыўзьняўся на ложку, першы раз зірнуўшы на таго, з кім прабыў ноч. I нават скалануўся ад спалоху: гэта быў нямецкі афіцэр. Але ён ня кратаўся, крысьсе ягонага шыняля былі залітыя крывёй, мабыць, ён сканаў уначы, яшчэ да майго прыходу. У хаце болей нікога не было, параненыя ўжо разьбегліся. За вакном, было чуваць, праскакала фурманка, адразу ж за ёй у паветры замільгацелі чэргі трасірных куляў. З другога канца ў сяло ўваходзілі немцы.

Заставацца ў хаце было небясьпечна, трэба было неяк ратавацца, але аднанож я ня мог далёка ўцячы. Хапаючыся рукамі за лаўкі і сьцены, я пакульгаў у сенцы. Тут было цемнавата, у адным кутку валяліся нейкія абрэзкі дошак, у другім, каля самых дзьвярэй, была зладкаваная невысокая, да калена, дашчатая загародка, даверху насыпаная бульбай. Я выняў з кабуры пісталет і прылёг на бульбу. У шчыліну прачыненых дзьвярэй была відаць частка асьнежанага падворку, весьнічкі з вуліцы. Сельская вуліца ўжо зусім апусьцела, здаля, можа, з канца сяла, даляталі стрэлы, значыць, нашы зь яго ўцяклі, — падумаў я. Неўзабаве тут павінны паявіцца немцы.

Між тым, зусім разьвіднела, настаў сонечны марозны ранак. Над стрэхамі ўзьнялося сонца, і падворак ярка асьвяцілі сонечныя промні. Я ляжаў зь пісталетам у руцэ і чакаў. Чаго толькі чакаў, і на што спадзяваўся? Чакаў, можа, свае пагібелі? Таму што абараніць сваё жыцьцё з васьмю патронамі ў магазіне было марнай спадзёўкай. I я падрыхтаваўся да пагібелі. Толькі трываў час. Чакаў.

Зрэшты, доўга чакаць не давялося. Відаць было ў шчыліну,

як па вуліцы прабегла група нямецкіх салдатаў, яны раз за разам стралялі кудысьці зь вінтовак. Пасьля паявілася іншая група. Гэтыя ішлі спакайней, штось гаманілі і не стралялі. Але во ад тае групы аддзяліўся адзін — высокі салдат у караткаватым шынялі з аўтаматам на грудзях і, збочыўшы ў мой падворак, скіраваў да дзьвярэй. Я ўзьвёў курок і наставіў пісталет на дзьверы. Немец крочыў таропка, трошкі прыжмурваючы вочы пад шкельцамі акуляраў у чорнай мэталёвай аправе. Ягонае падбародзьдзе было ў цёмным шчаціньні, на галаве, насунутая брыльком на лоб, сядзела зімовая шапка. Адной рукой ён рашуча адчыніў мае дзьверы і са сьветлага падворку зірнуў мне ў твар. Пісталет мой быў скіраваны ў ягоныя грудзі, палец ляжаў на спускавым курку. У кожны момант я быў гатовы стрэліць. Але ня стрэліў — штосьці стрымала мяне ад стрэлу. Не адчуваньне небясьпекі, не натуральная патрэба самазахаваньня — дзесь у глыбіні сьвядомасьці рашучасьць мая сама па сабе нэўтралізавалася. Зноў я чакаў. Немец, каб стрэліць, павінны быў перахапіць на грудзях аўтамат: але ягоная правая рука ляжала на клямцы дзьвярэй. У ягоным позірку пад шкельцамі акуляраў не адбілася нічога — ні зьдзіўленьня, ані спалоху, і, мабыць, тое і ўтрымала мяне ад стрэлу. Здаецца, асьлеплены ранішнім сонцам, ён мяне ня згледзеў, а ў мяне не хапіла згубнай рашучасьці ціснуць курок. Усё тое заняло ня болей за сэкунду, як з вуліцы пачуўся крык — здаецца, немца паклікалі. I, выпусьціўшы клямку дзьвярэй, ён павярнуўся да мяне плячыма, хутка пайшоў за камарадамі. Я з палёгкай уздыхнуў. Ведама, радавацца было яшчэ рана, але першая небясьпека ўсё ж мінулася.

На ўскрайку сяла ішоў агнявы бой, на вуліцы то паяўляліся, то зьнікалі разрозьненыя групы нямецкіх салдатаў, але ў двор болей не забягалі. Пасьля немцы і зусім зьніклі, сяло занялі чырвонаармейцы. Удзень мяне адправілі ў шпіталь.

Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзіўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых арміяў падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі. Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Ўсявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву.

Жоўты пясочак

Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня «чорны воран», бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе баку, ды ён не разабраў, што — не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой ці як яго — малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах, паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у якую іншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…

Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.

— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?

— На кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.

Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…

Поделиться с друзьями: