Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну

дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:

— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

— А скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.

— А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:

— Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…

— Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?

— Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.

— А што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз…

Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.

— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

— Давай, дуй! Пасьледавацельна…

Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.

— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.

— Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр'янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.

— Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.

— Ну — узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.

Яны зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.

— Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..

— Ты глядзі! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

— Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..

— Замоўкні! Я

загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразіўся Косьцікаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось — нядобрае і абразьлівае. Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:

— Ды страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

— Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!

— Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка… — неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.

— Што такое? — зьнерухомеў Косьцікаў.

— Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, — глуха азваўся з кабіны шафёр. Косьцікаў вылаяўся.

Усе стаялі моўчкі, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьці. Сапраўды, гэтак стараліся, столькі патрацілі высілкаў, і ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.

— Так! — пасьля нядоўгай маўклівай паўзы вызначыў Косьцікаў. — Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.

— Хай Чысьцякову скажа, — параіў Сурвіла. — Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.

— I далажы дзяжурнаму, — удакладніў памкамэнданта. — Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволі выбраліся з гразі на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалі, што далей закамандуе іхны начальнік. Той аднаруч расшпіліў шынэлак, з другой рукі не выпускаючы пісталета.

— Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалі ў багну і зноў уперліся рукамі ў запэцканы гразёй зад машыны — Сурвіла і Шастак — па вуглах, Аўтух і Фэлікс побач. Валяр'янаву дасталося самае гіблае месца — пасярэдзіне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбіні лужыны, і, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцікаў, размахваючы пісталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамі багну, піхалі і піхалі.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусім нізка, і, падобна, ніякая сіла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкі час уладны голас памкамэнданта заглух, і яны расслабілі рукі.

— Так ня пойдзе! — з горыччу загаманіў Шастак. — Калі піхаць, дык трэба ўсім піхаць. А то як у брыгадзе — адзін укалвае, а другі адлыньвае.

— Хто гэта адлыньвае? — насьцярожыўся Сурвіла.

— А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькі за борт трымаецца.

Валяр'янаў ніякавата сьцепануў плячыма.

— Я не трымаюся…

— Ну як жа! Хіба ня бачыў! Яшчэ адпіраецца, — не сьціхаў Шастак. — Дзеля прыліку толькі…

— Хто яшчэ бачыў? — насупіўся Косьцікаў. Астатнія, аднак, маўчалі, і памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

— Аднаасобнік, бачыў?

— Не, не. Нічога ня бачыў.

— А ты, паэт?

Фэлікс Гром ніякавата пераступіў у лужыне, каламуцячы і без таго скаламучаную твань.

— Ну, можа, і ня дужа… Усё ж чалавек у гадах, — няпэўна адказаў ён.

— Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзіць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кіну пад колы. Тады вылезем.

Поделиться с друзьями: