Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ноч тым часам, мабыць, пераваліла за поўнач, у сутарэньні памалу рабілася цішэй. Галасы ў калідоры і за сьцяной патроху глухлі. Нехта пагаманіў яшчэ — мабыць, канваіры ў канцы калідора, пасьля стала ціха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалі — цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусіў жывей забіцца іх спакутаваныя сэрцы.

— Галоўнае, ня кормяць, — сказаў Эсэр. — Значыць, штосьці ўдумалі.

— А што — тут і аслу вядома, — пагадзіўся Блатняк.

— А калі ў іх усё ж які іншы плян, — усьміхнуўся Стары. — Калі, напрыклад, сапсуўся аўтамабіль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.

— Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу.

Хоць бы ў мяшках. Хлеба ці бульбы. А калі чатыры дні не нясуць, значыць, ня варта, — прашапялявіў Эсэр.

— Значыць, Гунькін роў! — у каторы раз напомніў сваё Блатняк.

Той яго напамін пачынаў ужо раздражняць паручніка, але ён устрымліваўся, думаючы цяпер пра іншае. Калі пашэнціць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да маці даўгаваты, а лавіць, мусіць жа, будуць зацята. Зноў жа — як бегчы босаму па золкай веснавой гразі? Той яго клопат, аднак, быццам учуў Блатняк, які, чуваць было, штурхануў у бок Маўчуна.

— Ты, калі не пабяжыш, аддай боты ахвіцэру. Ён босы.

— Дык бярыце, — проста пагадзіўся Маўчун. Трохі пасопшы, ён зьдзёр з ног боты, і Блатняк перадаў іх у цемры паручніку.

— Абувайце.

Боты былі вялікія, добра растаптаныя, паручнік лёгка насунуў іх на свае босыя ногі.

— Такое дзела, — разважна казаў у куце Стары. — Можа, каму й пашанцуе, дык… Каб ведалі. Я вучыцель са Старыцы, Сергіеня маё прозьвішча. У мяне сын на румынскім фронце быў, цяпер ня знаю… другі паў пад Смаргонямі. А я вось…

— А цябе ў ЧК шлёпнуць. Калі не драпанеш, — груба зазначыў Блатняк, і тое не спадабалася Эсэру.

— Ну ты, далікатней! Нельга ж так: шлёпнуць, шлёпнуць.

— Ды не, яго пашкадуюць. Гэта мяне шлёпнуць. Дык што ж, я плакаць буду? Хай па мне плачуць. У Воршы абальецца сьлязьмі Любка, у Суражы Анастасься, а ў Піцеры Волечка. Волечка асабліва сардэчная была, любіла ў любоў гуляць.

— Мабыць, адлюбілася…

— А гэта яшчэ пабачым, — падбадзёрваў сябе Блатняк. — Я хлапец спрытны. Не глядзі, што мізэрны.

— А родам адкуль?

— Ды тутэйшы. Прыехаў на пару дзён і засыпаўся.

— I я недалёка адсюль. Горад Горкі, чулі? На каморніка вучыўся. Да катаргі.

— Катаржнік?

— А як жа! Паліткатаржанін. Шэсьць гадоў адтрубіў у Забайкальлі. Калі б не рэвалюцыя, яшчэ чатыры гады трубіць.

— Хар-рошая рэвалюцыя! — зьедліва зазначыў Блатняк, і з кута загаварыў Стары.

— Рэвалюцыя вас вызваліла, але ж рэвалюцыя вас і зноў пасадзіла. Як жа гэта атрымліваецца, таварыш сацыяліст?

— Вельмі проста, вучыцель. I рэвалюцыя павінна чымсь харчавацца. Дужа пражорлівая жывёліна, чым болей жарэ, тым болей хочацца, — прашамкаў Эсэр.

— Во дзіва! — раздумна сказаў Блатняк. — А казалі: свобода, свабода…

— Тут во якое дзела, — пачаў ахвотна тлумачыць стары. — Свабода гэта сымбаль, філязофская катэгорыя. Свабода наогул. Народу яна без патрэбы, народ і ня ведае, што зь ёй рабіць. Бо ён ніколі зь ёй ня меў справы. Народу патрэбна, каб над ім гаспадарылі, гэта ў ягонай крыві. Найлепш — чужаземцы. Прыйдзіце і валадарце намі, бо зямля наша вялікая, а парадку ў ёй няма.

— Гэта вы памыляецеся, — сказаў Эсэр. — Ёсьць свабода! За тую свабоду наша партыя эсэраў на катарзе гніла.

— Не супярэчу, можа, і гніла. Але за якую свабоду? За свабоду для сябе, а не для народа. Народу не свабода, а бізун добры самы раз будзе.

— Ну, тады вы рэакцыянэр! I манархіст, мабыць?

— Хай сабе і манархіст, — не пярэчыў Стары. — Але вы азірніцеся, што вырабляе той ваш народ на свабодзе. Вунь у нас, у мястэчку. Жыў такі пан Красоўскі, небагаты, шляхетнага роду. Палац каменны тры стагодзьдзі прастаяў ля ракі. Дык гэтыя местачкоўцы, свае ж сяляне, прыйшлі, пачалі цягнуць, рабаваць. Віна знайшлі, напіліся, падпалілі стайню. Стары пан кажа: «Што ж вы робіце, як вам ня сорамна?» А яны: «Дык ці ж гэта мы пачалі? Такія парадкі, закон

у Піцеры выйшаў — свабода! Расея гіне, трэба хапаць, каб не прапала. Пакуль свабода». I разрабавалі, і папалілі — і палац, і службы. А старога Красоўскага сьвятар ледзьве ўратаваў ад п'яных. А вы кажаце — свабода! Паглядзіце, хто нас сюды папрыводзіў, хто страляць будзе. Хіба тыя людзі не з народа? А тыя, што ў ЧК сядзяць, хіба не за народ? Хоць бы на словах.

— Во, менавіта на словах, — падхапіў Эсэр. — А па сутнасьці гэта шкурнікі. Прыстасаванцы да сьвятой сацыялістычнай ідэі ўсе гэтыя бальшавікі, чэкісты…

— Якая ідэя, такія да яе й прыстасаванцы, — упарта пярэчыў Стары. — Калі ідэя гэтак абрастае прыстасаванцамі, значыць, благая ідэя.

— Ну, пра ідэю так не кажыце. Ідэя роўнасьці і брацтва — найлепшая з ідэяў. Ад часу францускай рэвалюцыі…

— Роўнасьці, кажаце, брацтва? Колькі за тое крыві пралілося, а дзе тое брацтва? Усё шалёная барацьба, брат на брата, кляса на клясу. Столькі стагодзьдзяў мінула, а нічога не мяняецца.

— Зьменіцца. Рэвалюцыя толькі пачатак.

— Які пачатак, такі, мусіць, і працяг будзе.

— Не, будзе лепшы. Залаты век наперадзе.

— Дай-та Бог… Ды дужа сумнеўна.

Паручнік маўчаў і слухаў. Увогуле іхныя довады былі збольшага яму знаёмыя, гэткага і да таго падобнага ён нямала ўжо наслухаўся, асабліва за час рэвалюцыі. Скептычныя погляды старога настаўніка былі бліжэй да ягонай сьвядомасьці, чым бадзёрыя запэўненьні Эсэра. Ня мог ён прыняць самаўпэўненую балбатню людзей, якіх не паважаў менавіта за іх крыклівую настырнасьць у справе свабоды. Гэта не пачуцьцё, гэта спрэс словы. Сапраўднае пачуцьцё маўклівае, яно выказваецца болей справай, ды не траскучымі словамі. Лёгка было крычаць аб свабодзе народа, калі гэта ні да чога не абавязвала, трудней было для яго нешта зрабіць. I нават не для народа, а для групы людзей, для некалькіх чалавек. Як толькі зьяўлялася такая неабходнасьць, тады ўся рэвалюцыйная пыха з гэтых людзей зьлятала, і яны рабіліся, бы пухіры, зь якіх выпусьцілі паветра. Зрабіць што-небудзь для бліжніх яны ня ўмелі. Лацьвей было для народа. Але ў разуменьні паручніка народ здаваўся разумовай абстракцыяй, канкрэтна ён яго ўявіць ня мог, як ня мог уявіць сутнасьці сьмерці або бясконцасьць сусьвету. Мусіць, тое было за межамі ягонага досьведу і здольнасьцяў да ўяўленьня.

Затое ён няблага навучыўся бачыць і разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкім сутарэньні людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, і на што кожны зь іх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагібелі кожны зь іх пашчыруе ў змаганьні за жыцьцё; усё ж яны разумелі, што літасьці ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклікаў хіба што Маўчун, які аддаў яму боты, — надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклівасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць і не выклікаў асаблівых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалі, здаецца, мог прычыніцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хітрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабіць, выбар у паручніка быў невялікі.

— А вы, афіцэр, адкуль родам? — запытаўся Эсэр. — Са сталіц, мабыць?

— Не, не са сталіц. З-пад Полацка.

— А, мабыць, з фальваркоўцаў?

— Вы ўгадалі, — згодна адказаў паручнік і болей пра сябе не сказаў нічога. I ад таго, што паведаміў, стала няёмка, нібы чымсь пахваліўся. Мусіць, было б лепш, калі б ён назваўся сацыялістам ці простым рабочым, блатняком нават. Але іграць чужыя ролі паручнік ня ўмеў, адчуваў да таго ледзьве не фізычную гідоту, хоць і праўду пра сябе казаў каму-небудзь рэдка, у скрайнім выпадку. Як тут вось. Сказаў, бы распрануўся перад людзьмі ў гэтай сьмярдзючай цемры. Усё ж вялікая справа ананімнасьць, якая цяпер рэдка здараецца на людзях (хіба што ў дарозе), калі ні да цябе, ні ў цябе няма ніякае справы да іншых. Тут вось такая справа знайшлася.

Поделиться с друзьями: