Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасьля ён закопваў яму-магілу і плакаў. Ужо можна было ня стрымліваць сьлёз, саромецца тут не было каго. У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкаю рыхлы жвір зь берагоў і думаў, што здатная будзе магіла, сухая, калі б такая дасталася бацьку. Крыўдна было да сьлёз, але бацьку ён закапаў на прырэчнай балацявіне, у тарфяніку. Выкапаць глыбока там не было як, падступала балотная вада, дый часу надарылася якая гадзіна. Такі вось лёс чалавека, якога Валодзька любіў усё жыцьцё, жыць зь якім усё жыцьцё марыў. Ды жыць не давялося. Здаецца, болей за ўсё бацька любіў Беларусь, і за гэтую сваю любоў дзевяць гадоў прагібеў на нарымскай катарзе, нажыў там сухоты. За той час бязбацькавічам падрос у Клецку Валодзька. Доўгія гады марыў, як дачакаецца і сустрэне з катаргі свайго сацыяліста-бацьку, як яны затым будуць заўсёды разам. I праўда, дачакаўся. Ды разам давялося пабыць нямнога, бацьку зноў паклікала Беларусь. Ідучы на фармаваньне палка, той нізашто не схацеў браць з сабой пятнаццацігадовага сына, казаў: рана, хай чакае яго зь перамогай пад бел-чырвона-белым

штандарам. Валодзька і праўда застаўся дома, у іх слуцкім дамку, дзе яны другі год кватаравалі ў пані Хаванскай. Ды дома Валодзька доўга ня ўседзеў, асабліва калі дазнаўся, што ягоны катаржнік-бацька стаў камандзірам роты, у якую набірае шарагоўцаў. Маці яго тры гады таму як памерла, дома гаспадарыла старэйшая Валодзькава сястра Саша, якая сама рвалася ў войска, дзе апынуўся яе падпаручнік муж, але ў яе была маленькая дачушка Леначка, і Валодзька наважыўся. Аднойчы ў марозьлівы восеньскі адвячорак ён нечакана паявіўся ў Грозаве, адшукаў у штабной хаце бацьку, і ў таго ўжо не хапіла рашучасьці прагнаць яго з батальёна. Над Мораччу зазімкам яны прыкрывалі з групай адыход батальёна, і бацька, перабягаючы, атрымаў тры кулі ў грудзі. Доўга, марудна канаў на руках у счарнелага ад гора сына. Валодзька ледзьве пасьпеў закапаць яго ў балацявіне, калі ўжо бальшавіцкія ланцугі шарылі ў прырэчным кустоўі — шукалі параненых.

Капаў Валодзька нядоўга, з усяе сілы гроб і гроб жвір, раўняў, раскідваў яго ў бакі, каб меней было прыкметна, што тут нехта поркаўся. Стаміўся страшэнна, але спакваля пачаў спакайнець. Перад тым усё баяўся ня справіцца, не пасьпець скончыць сваю сумную справу. Усё азіраўся, баючыся, што між хвояў паявяцца тыя. Але, здаецца, пасьпеў. Уся зброя — наган і вінтоўкі — засталіся ў яме, у яго была толькі рыдлёўка, якую трэба было закінуць куды далей. Каб не знайшлі.

Мабыць, ужо надвячоркам з той рыдлёўкай у руцэ ён і пабрыў па лесе. За ім, пералятаючы з дрэва на дрэва, сакатала і сакатала, бы гналася, зграя сарок, і ён ня ведаў, як ад іх адчапіцца.

Ён ішоў і ішоў, сам ня ведаючы, куды — абы прэч з гэтых жудасных Чорных лядаў…

Перад канцом

У нейкай даўгой, аднапавярховай, купецкага выгляду будыніне з паўкруглымі прыступкамі на ганку, дзе разьмяшчалася ЧК, паручніка Глушкевіча добра абшманалі, адабралі дакумэнты, дзягу, гадзіньнік, туалетныя прычындалы ў рэчмяшку зь небагатым запасам пайковага харчу, зрэзалі з шыняля гузікі і хлясьцік і змусілі зьдзець боты. Боты ён сьпярша пашкадаваў нават, апынуўшыся басанож на бруднай, сьцюдзёнай, запляванай падлозе, але тут жа сьцяміў, што, мабыць, цяпер не да ботаў. Ці ня прыйдзецца хутка пашкадаваць галавы. Праўда, здаецца, пакуль што павялі не расстрэльваць, а кудысь у склеп з даўгім калідорам, дзе было цёмна, і толькі недзе ў канцы падзямельля цьмяна сьвяціў закапцелы ліхтар. Нязвыкла ступаючы босымі нагамі па зямельнай падлозе, ён ішоў наперадзе канваіра з настаўленым у сьпіну джалам штыха. Паручнік быў прыгаломшаны і раззлаваны найперш на сябе самога: ну, да якога д'ябла было яму класьці ў рэчмяшок той браўнінг? Яшчэ, памятае, зьбіраючыся ў гэтую дарогу, пакруціў яго ў руках, шчоўкнуўшы стопарам, выняў магазін, праз круглыя дзірачкі якога выглядвалі жоўтыя бачкі патронаў, і загарнуў у вафэльны ручнік. Усё ўладкаваў на самым сподзе рэчмяшка — пад бялізнай, падумаўшы: можа, спатрэбіцца. А можа, пашкадаваў кідаць здатную вайсковую рэч, якая дасталася яму ад забітага аўстрыйскага ўлана, што тады ўніз галавой ляжаў на размоклым ад восеньскіх дажджоў бруствэры. З новенькай жоўтай кабуры забітага ён выняў гэты браўнінг і сунуў сабе ў кішэню. Полк атакаваў аўстрыякаў, паручнік бег за ротай, ня ведаў, ці доўга так будзе бегчы, пад апантаным агнём, а браўнінг узяў — так, без асаблівае мэты, каб не прападала дабро. Ды во гэтыя ўгледзелі.

I як угледзелі — тое было трохі дзіўна: як сярод стракатага вакзальнага люду выбралі менавіта яго? Пагоны ён спароў яшчэ ўзімку пасьля аднаго мітынгу, нядаўна памяняў афіцэрскую фуражку на аўчыную салдацкую папаху. Праўда, гузікі на шынялі выдавалі яе афіцэрскае паходжаньне, але ў такіх шынялях цяпер хадзілі, хто хочаш: і былыя афіцэры, і шарагоўцы, і нават цывільныя. Можа, дарма перад тым пагаліўся ў вакзальнай прыбіральні і выглядаў ня надта зьверавата, нават даволі прыстойна па цяперашнім часе. Ён ціха сядзеў сабе на дубовай лаве — сярод тлуму, гаманы і куродыму прасторнай вакзальнай залі, чакаў свайго цягніка, які павінны быў прыйсьці позна ўначы, і яму неяк трэба было забавіць гадзіны чатыры часу. I тут яны падышлі. Ён убачыў іх яшчэ здаля, гэтых патрульных у расхрыстаных шынялях з чырвонымі шкуматамі на рукавах — яны трэсьлі нейкую крыклівую кабеціну каля ўваходу, і ён падумаў тады: можа, выйсьці куды — у прыбіральню ці на пэрон? Але ягоны выхад у такі момант падобны быў на ўцёкі, і ён застаўся там, дзе сядзеў, нават прыплюшчыў вочы — бы дрэмле. Ды марна. Яны таксама згледзелі яго ці не ад парога, паволі, ленай хадой між клумкаў і валізаў падышлі менавіта да яго, і чарнавусы патрульны з вырачанымі вачыма тузануў яго за рукаво: «Эй, грамадзянін, дакумэнты!» Ён знарок замаруджана, бы са сну, расшпіліў шынэлак, дастаў з гімнасьцёркі вайсковы білет, вядома ж, чужы, на імя старшага унтэр-афіцэра Сяркова, які, аднак, ня дужа зацікавіў патрульных, і тыя нават не разгарнулі яго. «Ахвіцэр?» — зласьліва запытаўся лупавокі. «Унтэр-афіцэр, там жа напісана», — кіўнуў на дакумэнт паручнік. «Ды ахвіцэр, па

мордзе відаць», — сказаў другі, маладзейшы, з уважлівым выразам тонкага, бадай, інтэлігентнага твару. «А дзе чамайдан?» — «Які чамайдан?» — спытаў паручнік. «А то што?» — паказаў лупавокі на рэчмяшок, што ляжаў побач на лаве, і тут жа падхапіў яго. Яны ўмомант разьвязалі лямкі, лупавокі спрытна запусьціў у рэчмяшок нямытую, з жоўтымі пазногцямі руку. Яго праставаты твар раптам насьцярожыўся, вочы яшчэ больш вырачыліся, і рука спаважна выцягнула з рэчмяшка знаёмы пакунак. «Ага, аружыя! Во контра!» Учуўшы тое, паручнік зразумеў, што ягонае падарожжа прыпыненае, як бы не прыпынілася і жыцьцё.

Праўда, у ЧК яго ня білі і нават не дапытвалі, толькі запісалі ў тоўстую рэгістрацыйную кнігу і, пасьля вобыску, павялі ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калідор у тым склепе паварочваў кудысьці ўбок, дзе іх сустрэў новы канваір зь вінтоўкай, які ціха буркнуў: «Куды гэтага?», і той, што ішоў ззаду, адказаў: «У сёмую, сказалі». «У сёмую, дык у сёмую», — адказаў сустрэчны, і яны ўтрох пайшлі ў самы канец калідора. Аднекуль чулася прыцішаная гамана людзей, паасобныя словы. Відаць па ўсім, людзей тут сядзела нямала, і ў гэты час, мусіць, яшчэ ня спалі. Ці, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.

Як толькі расчыніліся дзьверы тае сёмае камэры, паручніка дужа штурханулі ззаду, і, спатыкнуўшыся, ён паваліўся на нечыя целы. Той, каго ён найбольш патрывожыў, злосна, па-блатняцку, вылаяўся, паручнік выціснуў «прабачце», якое, аднак, засталося без адказу. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, ня ведаючы, куды ступіць ад дзьвярэй, пастаяў у маўклівым зьняменьні. Ля яго ног варушыўся патрывожаны ім чалавек, нешта бурчэў, іншыя маўчалі. Здаецца, народу тут было поўна, у застаялым паветры сьмярдзела потам чалавечых целаў, прэлай вопраткай і мачой, — то быў знаёмы для кожнага акопніка салдацкі смурод. Счакаўшы хвіліну, ня ў стане асвойтацца ў цемрадзі, ён сказаў, каб не маўчаць:

— Нічарта ня бачу…

— I ня ўбачыш да заўтра. Мы тут, бы краты, — адказаў яму нехта, дужа шапялявячы.

— Во як! Вайскоўцы ёсьць?

— Наўрад. Будзеш першы.

— I, можа, апошні, — буркнуў той, з-пад ягоных ног.

— Хай так, — больш бадзёра сказаў паручнік і апусьціўся там, дзе стаяў — плячамі да самых дзьвярэй. Здаецца, першае знаёмства адбылося. Хаця наўрад ці яго цікавіла цяпер якое знаёмства, у ягоным становішчы дапякаў адзін клопат — што далей? Але адказ на яго, мабыць, не залежаў ад гэтых людзей. Ягонае ж тут зьяўленьне, відаць, кагось зацікавіла.

— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхім голасе, немалады чалавек, што мясьціўся недзе ў куце.

— З вакзала, — проста адказаў паручнік.

— Го, з вакзала! — нядобразычліва азваўся бойкі сусед ля ног. — На вакзале яны й бяруць.

— Чакаў цягніка…

— Ну й дурань! Чакаць на вакзале… Ля сэмафору трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.

— Наўрад ці ў іх ёсьць якая заканамернасьць — яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялі дома. З пасьцелі паднялі, — расказваў старэйшы з кутка.

— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў той, зь сярэдзіны камэры. — Чэка!

— ЧК, ага. Гэта табе ня царская паліцыя. Што спала на хаду, — сказаў самы блізкі ў доле, і ў ягоным тоне разам з боязьзю чулася і затоеная павага менавіта да ЧК.

— Не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва турэмшчыкі.

— Ну, хіба турэмшчыкі. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.

— Такога яшчэ не было ў гісторыі Расеі, — пакутна загаварыў у куце стары. — Былі смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея…

— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, — даволі бадзёра, аднак, шапялявіў іншы. — Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.

— Ат, пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ сусед. — Ад яе адзін сіфіліс, ад твае рэвалюцыі.

— Не скажы. Калі ёю правільна кіраваць…

— А хто, хто кіруе? Троцкі? Ленін? Ды яны Расею разам з рэвалюцыяй Нямеччыне прадалі.

У іх ішла нейкая свая спрэчка, мабыць, не цяпер пачатая. Паручнік ня ўмешваўся — моўчкі слухаў, спрабуючы вызначыць, хто гэтыя людзі. Ягоны сусед надта выяўляў у рэпліках і асабліва ў зласьлівым тоне блатняцкі, люмпэнскі характар, і паручнік пайменаваў яго ў думках Блатняком. Той стары з кутка, падобна, належаў да якой правінцыйнай інтэлігенцыі; клясавую ці якую прыналежнасьць шапялявага ён вызначыць ня мог. Іншыя, што патроху вырушыліся ў цемры, пакуль што маўчалі, але наўрад ці хто спаў, і паручнік папытаўся:

— Даўно вы тут?

— Як хто, — адказаў Стары. — Я чацьверты дзень. Ён во два, іншыя — хто колькі.

— Тут доўга ня дзержаць, — са значэньнем сказаў сусед — Блатняк. — Дзён пару і — на выхад!

— А куды?

— Гэ, куды! Ведама куды. У Гунькін роў.

Які гэта быў роў, паручнік ня ведаў, але ня цяжка было здагадацца. Значыць, сапраўды ён папаўся. Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапытаць, вынесьці нейкі, хай сабе фармальны прысуд. Хаця цяпер маглі і без прысуду. Застрэлілі ж у іхным палку штабс-капітана Магілянцава — адразу пасьля мітынгу, ля канавязі, бяз допыту і прысуду. А калі за яго заступіўся прапаршчык з узвода пешай разьведкі, застрэлілі і прапаршчыка. У імя рэвалюцыі. Менавіта тады паручнік Глушкевіч зразумеў: вайсковая служба для яго скончаная. У такім войску служыць немагчыма. Не зважаючы на прысягу, на абавязак перад імпэрыяй, на загады новай, рэвалюцыйнай улады, трэба скідваць пагоны і дабірацца дадому, у родны край, дзе яшчэ жыла маці, апошні ліст ад якой ён меў паўгода таму. I вось прыехаў. Да ягонай станцыі заставалася шэсьцьдзесят вёрст.

Поделиться с друзьями: