Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе інакшае жыцьцё, толькі нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталін: ні кроку назад!

Вымавіўшы тое, палітрук Каламіец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але і самыя патрэбныя. Больш і лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у іх паверыць. Мабыць, павінна быць так. Бо як інакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго — залежала ад ворага, франтавых абставінаў, гэтых во змораных саратаўскіх дзядзькоў, якія нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылі — ня дай Бог нікому. У шпіталі адзін камандзір паціху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне выміралі калгасныя вёскі. Бывала, елі чалавечыну, такі лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад ці выстаіш і выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.

Празь якую гадзіну палітрук Каламіец правёў маршавую роту на зруйнаваны разьезд, спыніў у цемрыве каля варонкі кампалка

Пахомава. Скалечаныя таполі ціха шумелі рэштаю лістоты на перадранішнім ветрыку; смылелі ўдушлівым нафтавым дымам недагаркі шпалаў. Вады не было, яшчэ не дакапаліся. Зь зямных нетраў ішла хліпкая гразь, зь якой некаторыя цадзілі ў круглыя кацялкі. Заліваць у паходную кухню не было чаго, сьняданак спазьняўся.

Шмат хто з байцоў у той дзень так і не пасьнедаў, некаторыя не пасьнедаюць ніколі. Як з-за счырванелага небакраю выкацілася адразу сьпякотнае сонца, зноў наляцелі «хейнкелі». Хвілін дваццаць яны дзяўблі бомбамі дашчэнту паруйнаваны разьезд, пасьля рэйкі па абодва бакі ад разьезда, разьбілі паходную кухню, што тулілася збоч ад абгарэлага штабэля шпалаў. Толькі самалёты адляцелі на захад, як са стэпу паявілася пяхота з бронетранспарцёраў. Воддаль, у прасяным полі, транспарцёры спыніліся, а пяхота кінулася да задымленых руінаў разьезда. I тады з флангаў ударылі запраўленыя вадкай гразёю «максімы». За імі пачалі дружна бахаць вінтоўкі — саратаўцы ўжо пасьпелі акапацца ў неглыбокіх вузенькіх норах-акопчыках і, не спыняючыся, білі і білі ў проса. I — о, дзіва! Немцы пачалі па адным перабягаць назад да сваіх транспарцёраў, якія ўжо давалі задні ход. «Галоўнае — выстаяць! галоўнае выстаяць!» — паўтараў ці то ў думках, ці ўголас аглушаны бамбёжкай палітрук Каламіец, што побач з кампалка туліўся ўсё ў той жа глыбокай варонцы. На яе дне, да пояса засыпаны зямлёй, зьнерухомеў над сваім апаратам баец-тэлефаніст. Але сувязі, здаецца, не было. Палітрук і кампалка адчувалі тое, ды не пыталіся, думаючы, што, можа, гэтак і лепей. У такім няпэўным становішчы ім лепей было бяз сувязі — яе адсутнасьць вызваляла іх ад кепскіх дакладаў і начальніцкага гневу. Лаянкі таксама.

А пасьля былі й яшчэ дзьве бясконца даўгія атакі. Немцы разьбілі на правым флангу «максім» і зачапіліся за дымны ад шпалаў канец разьезда, дзе былі стрэлкі. Тады той самы Арцюх з групай сваіх і саратаўцаў падабраўся пад агнём да стрэлак і гранатамі выкурыў немцаў з-за шпалаў.

Пад вечар неяк паволі ўсё сьціхла, немцы з проса кудысь прапалі, зьехалі ў іншым кірунку, ці што. Стараной у небе ішла самалётная гайня — падобна, «хейнкелі» бамбілі суседнюю станцыю. Кампалка з запыленым, аброслым сьветлаю шчэцьцю тварам павярнуўся да свайго палітрука і зь нейкаю дзіцячай радасьцю ў вачах мовіў:

— Выстаялі, ага?

Менавіта з таго часу, як у прасяной ніве пахаваліся немцы, і паволі аціхла бязладная страляніна на разьезьдзе, у палітруковай душы заварушылася трывожная вужака сумневу. Учора ён быў амаль упэўнены, што не перажыве гэтага дня (ды яшчэ пад такім строгім загадам), і дбаў толькі пра адно: выстаяць. Ня даць гэтым байцам пабегчы і здаць немцам разьезд. I вось не пабеглі і не здалі. Нечакана і ён ацалеў. I нават не паранены. I жывы і радасны камандзір палка. Але…

Ну, нашто яму было ўначы гаварыць пра тыя калгасы?

Як яшчэ пацямнела, на разьезд прыскакаў конны пасыльны са штабу дывізіі і перадаў вусны загад генэрала адысьці да станіцы. Памятаючы іншы загад, кампалка яму не паверыў, запатрабаваў пісьмовага загаду. Але пакуль пасланец езьдзіў па стэпе, са штабу прыцягнулі провад, і неўзабаве кампалка пачуў знаёмы генэралаў голас. Сапраўды, камдыў загадваў адысьці. Мабыць, сталася так, што, хоць полк і выстаяў, затое ня выстаяў суседні, і немцы бралі дывізію ў абцугі. Трэба было сьпяшацца. Байцы таропка закідалі зямлёй шасьцярых забітых у акопчыках, узялі на рукі два дзясяткі параненых. Ужо ў абсалютнай цемрадзі калёнай рушылі цераз стэп да станіцы. Саратаўцы перамяшаліся са старымі стралкамі і моўчкі цягнуліся ўсе разам, на хадзе жуючы сухары. Наперадзе ад усіх ішоў кампалка, і поруч зь ім — апанураны палітрук.

Як толькі полк увайшоў у станіцу, ля садка, дзе ўчора зьбіралася папаўненьне, іх спыніла група камандзіраў. Тут быў начальнік штабу дывізіі, яшчэ нейкія чыны. Кампалка далажыў пра іхныя справы, і начштабу пахваліў полк. Але адзін ці два камандзіры зь яго штабное групы падышлі бліжэй да калёны, і той, што быў наперадзе — камлюкаваты чалавек у камандзірскай фуражцы, — спыніўся каля палітрука.

— Каламіец? — нягучна спытаўся ён, зблізку ўзіраючыся ў палітрукоў твар.

— Я.

— Прайдзёмце са мной.

Каламіец зразумеў усё: то быў начальнік асобага аддзелу дывізіі. Той аддзяліў палітрука ад палкавой калёны і павёў кудысь на падворак да хаты, сьцяна якой цьмяна бялела за кветнікам.

Болей палітрука Каламійца ў палку ня бачылі.

«Кацюша»

Абстрэл

цягнуўся ўсю ноч — то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сілай. Білі найбольш мінамёты. Іхныя міны з прарэзьлівым віскам рэзалі паветра ў самым зэніце, віскат набіраў сілу — і неўзабаве абрываўся рэзкім аглушальным выбухам. Праўда, білі болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды ішло цераз неба страхавітае міннае скуголеньне, і там пыхалі бліскавіцы выбухаў. Тут, на дзірваністым пагорачку, дзе зьвечара акапаліся аўтаматчыкі, было трохі зацішней. Але гэта, мабыць, таму, — думаў памкамузвода Мацюхін, — што аўтаматчыкі занялі гэты бугор, лічы, у прыцемку, немцы тут іх, мабыць, яшчэ ня згледзелі. Але згледзяць, вочы ў іх відушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзіў ад аднаго аўтаматчыка да другога — прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалі на свае лапаткі, забегаліся за дзень і цяпер, наставіўшы каўняры шынялёў, болей ладкаваліся кімарнуць. Але, мусіць, адбегаліся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашні дзень узялі толькі вунь тое дашчэнту разьбітае, спаленае сяло і на гэтым бугры заселі. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да іх ніхто не зьявіўся — ні са штабу, ні з палітаддзелу, таксама, мабыць, уходаліся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае — выдыхлася артылерыя: ці куды перакінулі, ці забракавала снарадаў. Учора пастралялі крыху палкавыя мінамёты і сьціхлі. У восеньскім полі і захмараным небе адно віскаталі і з трэскам ахалі нямецкія міны, здаля, ад ляска, джагалі іхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна ім часам адказвалі нашыя «максімы». Аўтаматчыкі ж пераважна маўчалі. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглі патроны, якіх таксама засталося ня Бог ведае колькі. У самых гарачых — па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлі, мусіць, адсталі, заблукаліся ці перапіліся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на саміх сябе. Таму, што будзе заўтра — аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабіць? Па-сувораўску адбівацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткі.

Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кімарнуў у сваёй ямцы-акопчыку і памкамузвода Мацюхін. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клімоўскага аднесьлі ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае міны добра-такі крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалі кішкі, невядома, ці ўратуюць лейтэнанта і ў шпіталі. Летась Мацюхін быў паранены ў жывот, але не асколкам — куляй, таксама натрываўся болю і страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнціла, бо параніла побач з дарогай, па якой якраз ішлі парожнія машыны. Яго ўвалілі ў кодаб, і праз гадзіну ён быў ужо ў санбаце. А калі вось так, з вываленымі кішкамі, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамі…

Таму Мацюхіну трывожна і клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам і бегаць па выкліках да начальства, дакладваць, апраўдвацца і слухаць нэрвовыя начальніцкія мацюгі. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой і ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад віскат і выбухі мінаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвішны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назіраць і слухаць, спаць — ні-ні, ні ў якім разе — іначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькі ўдзень, але і ўначы. За два гады вайны Мацюхін нагледзеўся рознага.

Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхін адчуў сябе нібыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзіўнай зьнямозе; можа, п'яны, і быццам суседзкая сьвіньня сваім сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо — ці ня хоча схапіць за яго зубамі. Ад непрыемнасьці памкамузвода прачнуўся і адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае — будзіць, ці што.

— Што такое?

— Гляньце, таварыш памкамузвод!..

У шэрым сьвітальным небе над акопчыкам хілілася танклявая постаць Казыры, які ўзіраўся, аднак, ня ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацікаўлены. Трываючы ранішнюю дрыжаку ў целе, Мацюхін прыўстаў на каленях і згледзеў непадалёк цёмны грувасткі абрыс аўтамабіля з коса настырчаным верхам; там жа ціха і стрымана варушыліся людзі.

— «Кацюша»?..

Мацюхін усё зразумеў і ціха, сам сабе вылаяўся. То рыхтавалася да залпу рэактыўная «кацюша». I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавіта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?

— От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! — радаваўся Казыра.

Іншыя байцы з бліжніх ямак-акопчыкаў таксама, відаць, заінтрыгаваныя нечаканым начным суседзтвам, павылазілі на паверхню. Усе зь цікавасьцю сачылі, як ля аўтамабіля стрымана варушыліся артылерысты, карпатліва ладзячы свой знакаміты залп. «Чорт бы іх узяў зь іх залпам!» — нэрваваўся памкамузвода, які ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысьць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, а клопату, глядзі, наробяць…

Поделиться с друзьями: