Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.

Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі

з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкія адносіны да мяне цяпер ня дужа мяне цікавілі. Адзіная мая цікавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут і хадзіў — сюды і туды, туды і сюды. Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў ні наконт міру, ні наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялікая школа, я шмат што спасьціг на вайне. Нават і ў яе апошнія дні. Найперш тое, што нічога ня трэба баяцца. На вайне табе нічога ня зробяць, апроч як заб'юць ці параняць. Тое і другое надта ўжо проста, амаль прымітыўна. Здаецца, аднак, толькі пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца і жыць.

Можа, праз гадзіну ці дзьве мяне паклікалі, і я зразумеў, што набліжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кішэню зьнятую з галавы пілотку, увайшоў у паўзмрок кірхі. Там ужо чакалі мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

— Хай пан скажа, як былі змарлыя людзі, — зьвярнулася яна чамусьці па-польску. Сьвятары ўважліва пазіралі на мяне.

— Я ня бачыў, — хрыпата адказаў я. — Як прыехаў, яны ўжо былі мёртвыя. Іх забілі.

— Хто іх зрабів змарлымі?

— Ня ведаю.

— Какой імець канфэсія маладая паненка?

— Хто ведае. Можа, каталічка.

— Добжа, — сказала манашка і штось загаманіла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна паківалі галовамі. Болей яны нічога не запыталіся, мабыць, тая справа для іх была ўжо звыклая. Яны падаліся да нябожчыкаў, і тады я зірнуў у труну, што была на краі. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала ціхенька, нібы жывая, і толькі прыкідвалася мёртвай. Прыкідвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кірсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлівай мэлёдыі адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцілалі зрок, я ледзьве стрымліваў іх, каб не паплылі з вачэй. Дзіва, што навакол ня плакаў ніхто, толькі сьпявалі, быццам у якім экстазе, і гукі анёльскага харалу самотна луналі пад цёмным скляпеньнем кірхі. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сілы вайны дабіралі свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралі за чатыры гады.

Як пачалі зачыняць векамі труны, я памкнуўся бліжэй, ды спазьніўся і Франі больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзі ўзяліся паднімаць труны, каб вынесьці іх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносілі па адной. Як паднялі труну з Франяй, я таксама падставіў плячо. Труна была ня цяжкая, хіба велікаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як ішоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусіць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлі кірху і жвіровай дарожкай патупалі ў самы канец могілак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькі купін-магіл — тых, каго тут пахавалі раней. З апошніх магіл узьлятаў угару жвір, то заканчвалі сваю працу два далакопы. Адзін зь іх быў той самы нямко ў сінім бэрэце, зь якім мы езьдзілі па забітых. Франіну труну мы паставілі на дол ля яе магілы, і мужчыны вярнуліся да кірхі па астатнія. Трохі разважыўшы, я пайшоў зь імі.

Калі ўсе труны былі вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьціліся. Я таксама перахрысьціўся. Затым тройчы перахрысьціў труну

Франі. Далакопы на вяроўках хутка і спрытна апусьцілі труну ў яму.

Ну во і ўсё.

Як апусьцілі астатніх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў і гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвірам, крыху перадыхнуў і пачаў сунуць жвір зноў. Так да самага верху магілы. З рэшты жвіру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькі, бы дзіцячы, пагорачак — якраз у рост Франі. Заплаканая кабета ў чорным шаліку зводдаль моўчкі перахрысьціла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мілая мая зямлячка.

Ні з кім не разьвітаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвітаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нічыіх і ніякіх словаў. Ні нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным і зьнясіленым. Толькі адыйшоўшыся па завулку ад кірхі, надзеў на галаву пілотку і азірнуўся. Гэтак звычайна рабіў на вайне, калі куды меў патрэбу вярнуцца — каб лепей запомніць шлях. Сюды я павінен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I — не вярнуўся ніколі.

Ружовы туман

Было іхнае сьвята, і яны з кветкамі і сьцягамі ішлі да скамянелага правадыра. Іграў аркестар. Блішчэлі трубы, ад дажджу блішчэў граніт помніка, гарадзкое навакольле адбівалася ў мокрым асфальце. Усе былі бяз кепак ці капелюшоў — сівыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позіркі на старэчых тварах. Адзін нес невялічкі вазончык бягоняў, які ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вісела клюка. Сярод іншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскіх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за іншымі да пастамэнту, няспрытна сагнуўся і паставіў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьціўся.

— Глядзі, Барсук! — амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вінцэсь. — Жывы, ты глядзі…

Так, гэта быў Барсук, жывы і быццам здаровы, якога Ляксей зь Вінцэсем памяталі яшчэ з ваенных гадоў, як жылі ў тым гарадку, дзе пражыў вайну і гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвішчам ці мянушкай Барсук.

— I, здаецца, усё ранейшы, — не сунімаўся Вінцэсь.

Дзіўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё ці натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставіны. Такія, як у гэтым выпадку з Барсуком.

Ён зьявіўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя дні вайны з Заходняй Беларусі ўперамешку з войскам рынуліся і шмат якія з цывільных. Адныя ехалі на вайсковых машынах, іншыя на фурманках, а болей ішло пехатой — з клункамі, валізкамі, дзецьмі. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзін. Усе ягоныя сямейнікі недзе прапалі, і ён прыпыніўся, чакаючы іх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так і асеў на ўсе гады акупацыі. Жыў у старой бабкі ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, і ўсё чакаў, казалі, сваіх — жонку і двух дзяцей. Ды ішоў час, а сямейнікі Барсука не аб'яўляліся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды і хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны — які набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкі хлопец Валера, які, як тое некаторыя ўведалі, меў справу зь лесам, і то прападаў на тыдзень-другі, то цішком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзіць трафэйны гадзіньнік, у якім, як аказалася, неяк разьбіраўся Барсук.

Аднойчы гэты Валера заявіўся не адзін, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнікаў. У іх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткі. Так, звычайныя карткі рацыянаванага продажу крупаў, мукі, солі, якія выдаваліся службоўцам нямецкіх установаў, і якія наладзілі падрабляць у лесе. Ці, можа, у якой гарадзкой друкарні? Значыцца — фальшывыя карткі. Вядома, для такой апэрацыі апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нінку ці цётку Ганулю, але ж, мабыць, іх было шкада. I ён вечарком з напарнікам насыпаўся да Барсука.

Поделиться с друзьями: