Сьцяна
Шрифт:
— Ну, яшчэ трохі прымем за пабеду, — трохі разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.
— Давай!
Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялікшая перамога ў найвялікшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем піць. За тых, хто ніколі ня вып'е.
I я выпіў, ці ня першы раз са сваім падначаленым, камандзірам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята — піць з падначаленымі. Калі й пілі, дык болей з роўнымі сабе: узводныя — з узводнымі, камбаты — з камбатамі. Але тут такая падзея — канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень і кожную ноч разам. У адным акопчыку і ля адной гарматы. А з адной пляшкі выпіваць не даводзілася.
— Усё ж маглі ў адной яме ляжаць, — сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку і быццам не адважваючыся дапіць.
— Пад Шаманторніяй?
— Пад
Так, ён казаў праўду, на Шаманторнію я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкіх танкаў нашую гармату адрэзалі ад сваіх, мы суткі праседзелі ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымі. Наперадзе на вышыні былі немцы, ззаду на дарозе нямецкія танкі, наш цягач «студэбэкер» згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурыліся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далі чалавек пяць, і тады б мы паспрабавалі выкаціць гармату. Так і зрабілі. Паслалі Сьцяпанава, той прабраўся між нямецкіх танкаў і прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацілі з кукурузы нашую гармату і прабраліся да сваіх. Нават нікога ня страцілі. Але натрываліся — дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалі нямецкія грэнадзёры.
Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?
Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі наўтоп. Салдаты нашай ды іншых батарэяў палка перамяшаліся з амэрыканскімі, якіх прымалі сапраўды як братоў, — гаманілі, абдымаліся і пілі разам зь імі. Але і між сабой у нашых бруіла ніколі дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьці зводдаль ужо гарланілі «Кацюшу», а бліжэй узьнікала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:
Пакахай мяне, салдацік, Буду вернай жонкаю… А забудзеш — толькі разам З роднаю старонкаю…Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:
— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям'ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.
Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.
— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.
— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.
— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару…
Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка, што загінуў пад Сталінградам. Засталася адна дачка, во ён і стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьці. Але наўрад ці я гадзіўся ў жаніхі да алтайскіх нявестаў.
Ззаду між мной і Мядзьведзевым праціснуўся санінструктар Пятрушын — зь перакручанай на галаве пілоткай і счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпітку.
— Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.
Мядзьведзеў толькі паморшчыўся ад п'янага нахабства.
— Зашмат хочаш, — ціха вымавіў ён і працягнуў мне пляшку. — Дык вып'ем, лейтэнант.
Здаецца, я і яшчэ выпіў зь Мядзьведзевым, а пасьля і са зважлівым Кананком і нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санінструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне і сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымаліся зь ім, і ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афіцэры; начальнік санслужбы заўжды вітаецца зь ім за руку. Ужо п'яным позіркам я згледзеў перад сабой хісткую постаць маёра-прапагандыста, — здаецца, поруч з камбатам ці яшчэ з кім, каго я ўжо не пазнаў. Марудна,
але пэўна я адключаўся, прыхінуўшыся да крыла «студэбэкера». Нейкі час яшчэ чуў вялікую гаману побач, як скрозь пілі, сьпявалі, сьмяяліся. А некаторыя і плакалі п'янымі гаручымі сьлязьмі. Аж покуль узварушаную лугавіну не змарыў п'яны сон.Як я заснуў, дык і не прыкмеціў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялізнае пыльнае кола «студэбэкера» і, неяк учапіўшыся за яго, сеў.
На ўсёй лугавіне стаялі ўразброд нашыя «студэбэкеры», ніхто іх не параўняў, — як учора паставілі, так і засталіся. I між іх, пад станінамі гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах і парасчыняных кабінах ляжалі, спалі, храплі салдаты — савецкія ўперамешку з амэрыканскімі — хто дзе і хто як. Побач выцягся той учарашні нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногі ўзьлёгся хтось з нашых, пад ім, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьці карабін. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты і расшпілены, — мабыць, ужо падарыў камусьці свой кольт. Ці памяняў на гэты іржавы карабін. Я з натугай падняўся на ногі. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапіла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалі і хістка пабрыў у тым накірунку. Абыйшоў «студэбэкеры» сваёй батарэі, нідзе ня згледзеў камбата і падумаў, што так, можа, і лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санінструктара Пятрушына, які, зьвесіўшы ногі з расчыненай кабіны, салодка спаў на мяккім сядзеньні. Мусіць, перабраў, — падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.
Сонным правулкам, скрозь застаўленым пераправачнымі амфібіямі, выйшаў на галоўную дарогу. Усюды было пустэльна й бязьлюдна, бы пры канцы сьвету. Скрозь усе ўсюды спалі, — у машынах, на падворках ды, мабыць, і ў дамах таксама. Пасьля вялікай натугі-вайны.
Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азіраўся, чакаючы, што недзе зьявіцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нідзе не было ніякай. Тым часам зусім разьвіднела, блакітнае ранішняе неба было без адзінай хмурынкі. Першы дзень міру, вялікі дзень перамогі. Урэшце наперадзе зьявіўся нейкі аўтамабіль з двума афіцэрамі ў кабіне, але ён ехаў насустрач. За ім праз працяглы час паказаліся два прысадзістыя аўстрыйскія аўтамабілі з кузавамі, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Іх было чутна здалёк, яны гарланілі свае песьні, ім было весела. Я ўсё спорна крочыў і крочыў, пакуль гарадок не застаўся далёка ззаду. Дарога стромка прастала па ўзьбярэжжы даволі шырокай ракі. На тым яе беразе, здаецца, таксама пралягала шаша, і дарожны рух там быў нашмат большы, чым тут. Аўтамабілі так і снавалі ў абодвух кірунках, і я здагадаўся, што там — амэрынкацы. Рака сталася мяжой паміж дзьвюма зонамі.
Але што было мне рабіць? Здаецца, я памалу цьверазеў пасьля ўчарашняга і ўсё выразьней адчуваў авантурнасьць майго намеру. Гэтак пехатой я не дайду, усё ж мы далекавата ад'ехалі ўчора ад нашага апошняга рубяжа. А калі і пашэнціць урэшце з машынай, дык ці спраўлюся я ўпару. Усё ж, як ні круці — я ў самавольнай адлучцы, і ў палку хутка заўважаць маю адсутнасьць. Мабыць жа, пачнуць урэшце цьверазець пераможцы. Начальства прымусіць.
Але й вяртацца ўжо не было як — не дазваляў гонар.
Мусіць, калі надта патрэбна, дык Бог памагае. Праўда, не заўжды ў час, бывае зь немалым спазьненьнем. Калі ўжо позна і пакарыстацца той боскаю міласьцю. Як нашаму камбату Рукавіцыну. За баі на Днястры паслалі на Героя, так хацеў камбат атрымаць залатую зорку, ды загінуў пад Секешфехерварам. Толькі пахавалі, як прыйшоў указ. Ды каму ён тады быў патрэбны? Так прыкладам падумаў я, і тады ж, азірнуўшыся, убачыў машыну. Толькі падняў руку, як машына згодна затармазіла і мякка спынілася на шашы. Гэта быў магутны ЗІС, з кабіны якога высунулася вясёлая галава ў аблезлай пілотцы.
— Што, лейтэнант? Сядай, пракачу.
Цераз задні борт я ўскочыў ў кузаў, амаль увесь заняты нейкаю старасьвецкаю шафай ці буфэтам з пазалочанымі выкрунтасамі на шкляных дзьверцах; ля самай кабіны тырчэлі яшчэ тры нейкія скрынкі. Месца для пасажыра тут увогуле не было, толькі ззаду ля борта заставалася нешырокая шчыліна, у якую ўціснуліся мае ногі. Трымацца не было за што, і я няспрытна абапёрся рукамі аб сьлізкі бок шафы.
— Во, будзеш трымаць, каб не пасунулася. А то стукнецца, каму адказваць?