ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Вялікага Трэзэя згубіла сумленнасць. Многія прыплацілі жыццём крывічэснае паходжанне, нат і Папея сталася ахвяраю раптоўнага ўзбурэння цэзара.

А сенат прыніжаўся перад сярдзітым валадаром, будаваў на ягоны гонар святыні, рабіў дэкларункі на інтэнцыю ягонага голасу, каранаваў вянкамі ягоныя статуі ды прызначаў яму святароў, як боству. Сенатары з трывогаю ў душы йшлі на Палатын, каб выслаўляць песню «Перыёданіцэса» і шалець разам з ім сярод бессаромнага буянства нагага цела, віна, кветак.

Прымеж таго, на нізох, на раллі, прасякнутай крывёю пакутніцкай і слязьмі, узрастаў ціха, але штораз магутней засевак Пятровы.

LXXIII

Вініць да Пятронія: «Ведаем і тут, carissime, што дзеецца ў Рыме, а чаго не ведаем, тое нам дасказваюць твае пісьмы. Калі кінеш камень у ваду, хвалі расходзяцца навокал штораз далей, вось жа такая хваля шалёнасці й лютасці дайшла з Палатыну аж да нас. Па дарозе ў Грэцыю быў высланы сюды праз цэзара Карынас,

які абдзёр горад і святыні, каб запоўніць парожны скарб. За цану поту й людскіх слёз будуецца ў Рыме Domus Aurea [91] . Быць можа, свет не аглядаў дагэтуль такога дому, але не аглядаў таксама й такое крыўды. Адыж ты ведаеш Карына. Падобным яму быў Хілон, пакуль смерцю не адкупіў жыцця.

91

Залаты палац (лац.).

Але да недалёкіх ля нас тут мястэчкаў людзі ягоныя не дасягнулі, можа, таму, што няма ў іх святыняў і скарбаў. Пытаеш, ці мы бяспечныя? Адкажу табе толькі тое, што мы забытыя, і хай цябе гэта задаволіць замест адказу. У гэтай вось хвіліне з портыку, пад якім пішу, бачу нашу спакойную затоку, а на ёй Урсуса ў лодцы, запушчаючага сетку ў ясную глыбіню. Жонка мая прадзе чырвоную воўну вобак мяне, а ў агародах пад ценем мігдальных дрэваў пяюць нашы нявольнікі. Эх! Што за спакойства ўтульнае, carissime, ды якое забыццё даўных боляў і трывог! Але гэта не Паркі, як пішаш, так салодка прадуць нітку нашага жыцця, гэта багаславіць нам Хрыстус, найдаражэйшы Бог наш і Збаўца. Ведаем жаль і слёзы, бо нашая праўда наказвае нам плакаць над чужою бядою, але нат і ў тых слязах ёсць нязнаная вам уцеха, бо некалі, як сплыве час нашай жыткі, спаткаем тых усіх дарагіх, што пагінулі ды шчэ пагінуць за Боскую навуку. Для нас Пётр і Павал не памерлі, толькі нарадзіліся ў славе. Нашыя душы бачаць іх, і калі вочы плачуць, сэрцы весяляцца іхнім вяселлем. О так, дарагі, мы шчаслівыя шчасцем, якое нішто не здолее збурыць, бо смерць, якая для вас ёсць канцом усяго, для нас будзе толькі пераходам да яшчэ большага супакою, большага кахання, большае радасці.

І так нам плывуць дзянькі й месяцы ў пагодных сэрцах. Нашыя слугі й нявольнікі тае самае веры, што й мы, Хрыстовае, бо ж Ён паказаў любасць, дык любімся ўсе. Не раз, як сонца заходзіць або месяц плыве ўжо па вадзе, гутарым з Лігіяй пра даўныя часы, якія сяння выдаюцца нам сном, а калі ўзгадаю, як гэная дарагая галованька, якую цяпер штодзень галублю да сэрца, была недалёка пакуты й загубы, усёй душою дзякую майму Ўсеспадару, з тых бо рук Ён адзін толькі мог яе вырваць, уратаваць з арэны і аддаць мне назаўсёды. О Пятроні, ты ж бачыў, колькі гэная навука дае ўцехі і вытрываласці ў горы, колькі цярплівасці й адвагі пры смерці, дык прыедзь і паглядзі, колькі яна дае шчасця ў шэрых будзённых днях жыцця. Людзі, бачыш, не ведалі дагэтуль Бога, якога можна было б любіць, дык не любіліся й між сабою; з таго йшло іхняе бяздолле, бо як святло ад сонца, так шчасце ад любові плыве. Не навучылі іх гэнае праўды ні правадаўцы, ні філёзафы, і не было яе ні ў Грэцыі, ні ў Рыме, а калі кажу: «Ні ў Рыме», дык, знача, на ўсёй зямлі. Сухая і халодная навука стоікаў, да якой цягнуць людзі сумленныя, праўда, гартуе сэрцы, бы мячы, але знячульвае іх замест абагачаць сілаю дабрыні. Але нашто я табе гэта пішу, больш за мяне вучонаму ды больш разумнейшаму! Ты ж таксама ведаў Паўла з Тарсу і не раз гутарыў з ім доўга, дык ведаеш лепш, ці ў супастаўленні з ягонай праўдай навукі вашых філёзафаў і рэтораў акажуцца пустымі мыльнымі бурбалкамі ды пустым гукам слоў без значэння. Памятаеш пытанне, якое ён табе паставіў: «А калі б цэзар быў хрысціянінам, ці ж не чуліся б вы беспячнейшымі, больш пэўнымі валадарамі таго, што маеце, бестрывожныя й спакайнейшыя за заўтрашні дзень?» Але ты казаў мне, што нашая праўда ёсць непрыяцелькай жыцця, а я цяпер табе адказваю: калі б ад пачатку пісьма паўтараў толькі два словы — «Я шчаслівы!» — дык і тады шчасця майго выказаць табе не здолеў бы. Так, мілы!

Дзеля таго, што кахаю ейную несмяротную душу, і што абое замілаваныя ў Хрыстусе, у такой любові няма ні разлукі, ні здрады, ні перамен, ні старасці, ні смерці. Бо калі міне маладосць і ўрадлівасць, калі звяне нашае цела, і прыйдзе смерць, любоў астоіцца, бо астояцца душы. Пакуль вочы мае не адкрыліся на гэнае святло, гатовы я быў для Лігіі падпаліць нат собскі дом, а сяння кажу табе: не кахаў я тады яе, кахаць навучыў мяне толькі Хрыстус. У ім ёсць крыніца шчасця й супакою. Не я табе гэта гавару, але сама рэчаіснасць. Параўнай вашыя падшытыя трывогай раскошы, вашыя бяззаўтрашнія ўпаенні, вашае бессаромнае буянства, падобнае да хаўтурных трызнаў, з жыццём хрысціян — знойдзеш гатовы адказ. Але, каб мог лепей параўнаць, прыйдзі ў нашыя пахнушчыя чабаром горы, у нашыя цяністыя гаі аліўныя, на нашае ўсланае зелянінаю ўзбярэжжа. Чакае тут цябе ўтуленне, якога даўно ты ўжо не каштаваў, і сэрцы, што любяць цябе шчыра. Ты, маючы шляхотную й добрую душу, павінен быць шчаслівы. Твой хуткі розум здолее распазнаць праўду, а як распазнаеш, дык і палюбіш, бо можна быць ейным ворагам, як цэзар і Тыгэлін, але абыякавым да яе ніхто быць не патрапіць. О, мой дарагі! Абое мы

з Лігіяй цешымся надзеяй, што цябе хутка ўбачым. Будзь здароў, шчаслівы й спяшайся да нас!»

Пятроні атрымаў пісьмо Вініція ў Кумэ, куды выехаў поспал з іншымі аўгустыянамі, едучымі за цэзарам. Шматгадовая барацьба ягоная з Тыгэлінам набліжалася да канца. Пятроні ведаў, што згіне ў ёй. І разумеў прычыны гэтага. Чым ніжэй з кожным днём цэзар спадаў да ролі камедыянта, блазна і квадрыганта, чым больш граз у хваробнай, плюгавай і грубай распусце, тым больш далікатны эстэтычны арбітр элеганцыі рабіўся яму цяжарам. Калі нат маўчаў, Нэрон бачыў у ягоным маўчанні для сябе прыгану, а калі пахваляў, бачыў крывадушнасць. Статны патрыцый дражніў ягонае самалюбства і разбуджаў зайздрасць. Ягонае багацце й каштоўныя велічавыя творы мастацтва сталіся аб’ектам жады і валадара, і ягонага міністра. Ашчаджалі яго да гэтых пор з увагі на выезд у Ахайю, дзе ягоны густ, ягонае знатоцтва грэцкіх рэчаў маглі прыдацца. Але Тыгэлін пачаў паволі талкаваць цэзару, што Карын перавышае густам і ведай Пятронія ды што лепш за яго патрапіць ладзіць ігрышчы, банкеты й трыумфы. Ад гэнай пары Пятроні быў наканаваны. Не смелі, аднак, прыслаць яму прысуд у Рыме. І цэзар і Тыгэлін прыгадвалі сабе, што гэты нібыта збабелы эстэт, «робячы з ночы дзень», затурбаваны толькі раскошай, мастацтвам і баляваннем, калі быў праконсулам у Бітыніі, а пасля консулам у сталіцы, выказаў годную подзіву працавітасць і энергію. Уважалі яго за здольнага да ўсяго, а ведалі, што ў Рыме мае сімпатыю не толькі ў народзе, але нат у прэторыян. Ніхто з цэзаравых завушнікаў не ўмеў прадбачыць, як ён у даным выпадку паступіць, дык выдавалася рэчай рассуднейшай вывабіць яго з гораду і — дасягнуць на правінцыі.

Дзеля гэнай мэты атрымаў запросіны, каб разам з іншымі аўгустыянамі прыехаў да Кумэ, а ён, хоць прадбачваў подступ, выехаў, можа, таму, каб не аказаць яўнага ўпорства, а можа, каб яшчэ раз паказаць цэзару й аўгустыянам бестурботную і неўстрашымую вясёласць і свабоду ды паканаць апошні раз Тыгэліна.

Тым часам той абвінавачваў яго зараз жа за сяброўства з Сцэвінам, які быў душою згавору Пізона. Пятроніевых людзей, што засталіся ў Рыме, закратавалі, дом абставілі прэторыянскаю вартаю. Але ён, даведаўшыся пра гэта, не выявіў ні трывогі, ні нат маркоты і з усмешкай кажа аўгустыянам, якіх гасціў у собскай багатай вілле ў Кумэ: — Агенабарбус не любіць нечаканых пытанняў, дык пабачыце, як збянтэжыцца, калі спытаю яго: ці гэта ён загадаў закратаваць маю фамілію ў сталіцы?

Пасля запавясціў ім банкет «перад далёкім падарожжам» і якраз рабіў прыгатаванні да таго банкету, як даручылі яму пісьмо ад Вініція.

Пятроні, атрымаўшы яго, крыху задумаўся; па хвіліне, аднак, міна зноў праяснілася, як абыдна, і вечарам таго ж самага дня адпісаў наступнае: «Цешуся з вашага шчасця, і подзіў мяне бярэ, чытаючы пра вашыя сэрцы, carissime, бо я не думаў, каб двое закаханых магло аб кім трэцім і далёкім памятаць. А вы не толькі не забылі пра мяне, але запрашаеце мяне ў Сіцылію, каб падзяліцца са мною вашым хлебам і вашым Хрыстом, які, як пішаш, так шчодра прыспорвае вам шчасця.

Калі так, дык слаўце Яго. Я думаю, дарагі, што Лігію вярнуў табе крыху таксама й Урсус, а крыху й народ рымскі. Калі б цэзар быў іншым чалавекам, дык я думаў бы нат, што спынілі далейшы пераслед з увагі на тваё з ім сваяцтва праз тую ўнучку, якую Тыбэрый аддаў у сваім часе аднаму з Вініціяў. Але, калі думаеш аднак, што гэта Хрыстус — не буду спрачацца з табою.

Так, не шкадуйце Яму ахвяр! Праметэй таксама прысвяціўся для людзей, але, эгэў! Праметэй, кажуць, ёсць толькі выдумкай паэтаў, а пра Хрыста сведчылі мне веры годныя людзі, што бачылі Яго на ўласныя вочы. Я разам з вамі думаю, што гэта найсправядлівейшы з усіх багоў.

Пытанне Паўла з Тарсу памятаю і згаджаюся, што калі б, напрыклад, Агенабарбус жыў паводле навукі Хрыстовай, дык я б, можа, меў час паехаць да вас на Сіцылію. Тагды б у ценю дрэваў над крыніцамі гутарылі б пра ўсіх багоў ды пра ўсе праўды, як калісь дыскутавалі грэцкія філёзафы.

Сяння кароткі табе мушу даць адказ.

Я двух толькі хачу прызнаваць філёзафаў: адзін завецца Пырон, другі Анакрэонт. Рэшту танна табе магу прадаць разам з цэлаю школаю грэцкіх і нашых стоікаў. Праўда жыве недзе так высока, што і самі багі Алімпу не могуць яе дагледзець. Табе, carissime, здаецца, што ваш Алімп яшчэ вышэйшы, і, стоячы на ім, запрашаеш мяне: «Увайдзі, а ўгледзеш тое, чаго не бачыў дагэтуль!» Быць можа. Але я табе, мой мілы, адказваю: «Ног не маю!» І, калі дачытаеш да канца гэтае пісьмо, думаю, прызнаеш мне праўду.

Не, мужу шчаслівы каралевы зарніцы! Вашая навука не для мяне! Мне любіць бітынцаў, што носяць маю лектыку, егіпцян, качагараў у маіх лазнях, Агенабарба і Тыгэліна? На белыя калені Харытак прысягаю табе, хоць бы й хацеў — не патраплю! У Рыме ёсць найменш сто тысяч людзей або з крывымі лапаткамі, або з грубымі каленямі, або з сухімі лыткамі, круглымі вачыма ды не ў меру вялікімі галавамі. Ці загадаеш мне іх таксама любіць? Адкуль я вазьму тую любасць, калі не чую яе ў сэрцы? А калі ваш Бог хоча, каб я іх усіх любіў, дык чаму ўсемагутнасцю сваёю не даў ім кшталтаў прыкладам Ніобідаў, якіх бачыў ты на Палатыне? Хто любіць красу, з тае ж прычыны не можа любіць брыдоты. Іншая рэч — не верыць у нашых багоў, але падабаць іх можна, як падабалі іх Фідыяс, і Праксытэлес, і Мірон, і Скопас, і Лізыяс.

Поделиться с друзьями: