ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Дык іншы раз казаў сабе: не яму дужацца з цэзарам Ромы, даканаць гэта можа толькі Сам Хрыстус.

Усе гэныя думкі блыталіся ў ягонай галаве, калі слухаў наляганне апошняе жменькі сваіх верных, а яны, абступіўшы яго цесным колам, паўтаралі малебнымі галасамі: — Ратуйся, Ойча, і нас выводзь з-пад моцы Бестыі!

У канцы і Лін пахіліў перад ім сваю замучаную голаў: — Вучыцелю, — гаварыў, — табе Збаўца загадаў пасвіць свае авечкі, але ж няма ўжо тут іх, або заўтра іх тут не будзе, дык ідзі туды, дзе яшчэ знайсці іх можаш. Жыве яшчэ Божае слова і ў Ерузаліме, і ў Антыохіі, і ў Эфэзе ды ў іншых гарадох. Што зробіш, застаўшыся ў Рыме? Як ляжаш, пабольшыш толькі трыумф Бестыі. Яну Госпад не назначыў канца жыцця, Павал ёсць рымскім грамадзянінам, і без суду караць яго не магчымуць, але калі над табою, Ойча, раз’ярыцца

пякельная моц, тады тыя, у каго змаглося ўжо сэрца, пытацімуць: «Няма сілы над Нэронам?» А ты ж скала, на якой стаіць Субожня Святая. Дай нам памерці, але не дапусці да перамогі Антыхрыста над Божым Намеснікам і не вяртайся сюды, пакуль Бог не згладзіць гэтага людажэра, які гэтулькі праліў нявіннае крыві.

— Глянь на слёзы нашыя! — паўтаралі ўсе прысутныя.

Слёзы каціліся і па твары Пятра. Пасля, аднак, устаў і, выцягаючы над кленчачымі далоні, мовіў: — Хвала імені Божаму, дзейся воля Ягоная!

LXX

Наступнага дня ледзь золак дзве цёмныя фігуры сунуліся Апійскаю дарогаю ў бок Кампаньі.

Адною з іх быў Назар, другою — Апостал Пётр, які пакідаў Рым і пераследваных там сувернікаў.

Неба на ўсходзе ледзь-ледзь праяснялася зеленаватым адценнем, якое паволі штораз выразнела, пераходзіла знізу ў шафрановую фарбу. Срэбналістыя дрэвы, белыя мармуры віллаў і лукі вадацягаў, бягучыя раўнінаю да горада, вынураліся з ценю. Раз’яснялася паступова зеленасць неба, насычаючыся золатам. Вось усход пачаў ружавець і азарыў Альбанскія горы, якія паказаліся чароўныя, ліловыя, бы з самага толькі яснагляду ўтвораныя.

Дрыжачыя брыльянты расінак іскрыліся на лістоце дрэваў. Рассноўвалася імгла, адкрываючы штораз шырэйшы далягляд на раўніну, рассыпаныя па ёй дамы, прыгарадкі, магільнікі й кучкі дрэваў, між якімі бялелі калюмнады святынь.

На дарозе — ні душы. Сяляне, якія звозілі агародніну ў горад, не паспелі яшчэ, мабыць, пазапрагаць вазоў. Ад каменных плітаў, якімі аж да самых гор выкладзены быў гасцінец, ішоў водгук драўляных пасталоў, якія на нагах мелі спадарожнікі.

Вось і сонца выкацілася з-за гор, але адначасна дзіўнае відовішча лынула ў вочы Апосталу: здалося яму, быццам залацістае кола, замест падымацца вышэй і вышэй на небе, ссунулася з гор і коціцца па дарозе.

Сутрымаўся Пётр і кажа: — Бачыш вунь тую яснасць, што йдзе да нас?

— Не, не бачу, — адказвае Назар.

Але Пётр па хвіліне адзываецца, прыхіліўшы вочы даланёю: — Нейкая постаць ідзе да нас у сонечным бляску.

Да вушэй іхніх не даходзіў, аднак, і найменшы водгук хады. Цішыня наўкола. Назар бачыў толькі, што ўдалечыні дрэвы дрыжаць, як бы хто іх устрасаў, а бляск разліваецца па раўніне штораз шырэй.

Прыглядаецца Назар здзіўлены на Апостала.

— Ойча, што табе? — адзываецца трывожна.

А з рук Апосталавых высунуўся на зямлю падарожны кій, вочы ў некага ўставіў, расхіліў вусны, на твары здзіў, радасць, захапленне.

Нагла кінуўся на калені з выцягнутымі перад сабою рукамі і крычыць: — Хрысце! Хрысце!

І прыпаў тварам да зямлі, як бы цалаваў нечыя стопы. Доўгае маўчанне.

Пасля адзываюцца ў цішы перарываныя словы старца: — Quo vadis, Domine?..

Не чуў адказу Назар, але да Пятровых вушэй дайшоў салодкі сумны голас: — Іду ў Рым, каб другі раз мяне ўкрыжавалі, бо ты пакінуў народ мой.

Апостал ляжаў на зямлі, з тварам у пыле, без руху і слова. Назару здавалася ўжо, што абамлеў або памёр, але ён устаў урэшце, падняў дрыжачымі рукамі з зямлі кій і, нічога не кажучы, завярнуўся да сямі ўзгоркаў гораду.

А хлапчанё, бачачы гэта, паўтарыла, бы рэха: — Quo vadis, Domine?.. [88] — У Рым, — адказаў ціха Апостал.

І вярнуўся.

Павал, Ян, Лін і ўсе верныя спаткалі яго з подзівам ды з трывогаю тым большай, што якраз нарозвідні, зараз пасля ягонага адыходу, прэторыяне акружылі памешканне Мырыямы й шукалі ў ім Апостала. Але ён на ўсе пытанні адказваў ім толькі з радасцю й супакоем: — Я бачыў Госпада!

88

Куды ідзеш, Спадару?.. (лац.).

І таго ж яшчэ вечара паспяшаўся на Острыянскі магільнік навучаць і хрысціць

тых, хто хацеў скупацца ў вадзе жыцця.

І ад тых пор прыходзіў туды штодня, а за ім ішлі штораз большыя грамады.

Здавалася, з кожнае слязіны пакутніцкае родзяцца новыя вызнавальнікі, і што кожны стогн на арэне адгукваецца ў тысячных грудзях. Цэзар плавіўся ў крыві. Рым і ўвесь паганскі свет шалеў. Але тыя, каму даволі было людажэрства й шалу, тыя, каго таптана, тыя, чыё жыццё было жыццём нядолі й гныбення, усе сумныя, усе гаротныя, няшчасныя, прыходзілі слухаць чароўную вестку пра Бога, які з любасці да людзей даў сябе ўкрыжаваць, каб выкупіць іхнія грахі.

Знайшоўшы Бога, якога маглі мілаваць, людзі знаходзілі тое, чаго ніколі дагэтуль не мог даць тадышні свет, — шчасце любові.

І Пётр зразумеў, што ні цэзару, ні ўсім ягоным легіям не адолець жывое праўды, што ні слёзы, ані кроў не зальюць ды не згасяць яе, і што толькі цяпер пачынаецца ейнае пераможнае шэсце. Зразумеў ён таксама, чаму Госпад завярнуў яго на дарозе, — так, горад самапэўнасці, злыбяды, распусты й гвалту ператвараўся ў ягоны, Пятровы, горад і двойчы ягоную сталіцу, адкуль шырылася па ўсім свеце ягоная ўлада над сэрцамі й душамі людзей.

LXXI

Аж урэшце прыйшла пара на абодвух Апосталаў. Але, як бы на завяршэнне службы, суджана было рыбаку Божаму ўлавіць дзве душы нат у вязніцы. Ваяры Працэсус і Мартын’янус, якія вартавалі яго ў Мамэртынскай вязніцы, прынялі хрост. І прыйшла часіна пакуты. Нэрона не было тады ў Рыме. Прысуд выдалі Гэліюс і Палітэтэс, два вызвольнікі, якім цэзар даверыў на час свае непрысутнасці ўладу над Рымам. Старэнькага Апостала згодна з праўным парадкам наўпярод убічавалі, а наступнага дня вывелі за горад на Ватыканскія ўзгоркі, дзе меўся быць укрыжаваны. Ваяроў вельмі здзівіў вялікі натаўп народу перад вязніцай, бо ў іхнім паняцці смерць простага чалавека, ды ў дадатку чужынца, не павінна будзіць гэтулькі зацікаўлення, а таго не разумелі, што працэсія тая не складалася з цікаўных, але з вызнавальнікаў, жадаючых зрабіць провады на мейсца смерці Вялікаму Апосталу. Папаўдні адчыніліся ўрэшце брамы вязніцы, і Пётр паказаўся сярод аддзелу прэторыянаў. Сонца хілілася ўжо да Остыі, дзень быў ціхі й пагодны. Пятру з увагі на стары век не далі несці крыжа, бо думалі, не падыме яго, ані таксама не залажылі яму вілаў на шыю, каб не абцяжарваць яму хады. Ішоў свабодны, і верныя маглі яго добра бачыць. Як толькі сярод жалезных ваярскіх шаломаў паказалася ягоная белая галава, плач разлёгся ў народзе, але хутка заціх, бо аблічча старца, прамянеючае пагоднасцю й радасцю, так падзеела на ўсіх, што адразу пачалі глядзець на яго не як на ахвяру пакананую, але як на пераможніка або трыумфатара.

І так сапраўды было. Рыбак, абыдна пакорны й прыгноблены, ішоў цяпер выпраставаны, вышэйшы ростам над канвоем, поўны павагі. Ніколі ў паставе ягонай не бачылі гэтулькі маестатычнае дастойнасці. Магло б здавацца, гэна манарх ідзе абступлены войскам і народам. З усіх бакоў падыймаліся галасы: «Во, Пётр адыходзіць да Збаўцы!» Усе, казаў бы, забыліся, што ён ідзе на пакуты й смерць. Ішлі з урачыстаю ўвагай, спакойна, адчуваючы, што ад часу смерці на Галгофе не здарылася дагэтуль на свеце нічога так вялікага, і як тая адкупіла свет цэлы, так гэтая маецца адкупіць гэты горад.

Па дарозе людзі затрымоўваліся, здзіўленыя — вызнаўцы, кладучы ім рукі на плечы, гаварылі паважнымі галасамі: «Бачыце, як памірае справядлівы, каторы ведаў Хрыстуса і прапаведваў любасць на свеце!» А тыя задумоўваліся й адыходзілі, кажучы сабе: «Сапраўды, гэты чалавек не мог быць несправядлівым!»

Крыкі й вулічны гоман замоўклі. Працэсія йшла паміж свежых новых дамоў, сярод белых калюмнадаў святынь, над якімі вісела глыбокае неба, спакойнае, блакітнае. Ішлі ў цішы; час ад часу толькі дзынкнула зброя канвою або ўзмогся пошум малітваў. Пётр слухаў іх, аблічча яснела яму штораз большаю радасцю, бо зор ягоны ледзь мог агарнуць тысячы вернікаў. Прачуваў, што свайго даканаў, і ведаў ужо, што праўда тая, якую праз усё жыццё прапаведваў, залье ўсё, бы хваля, і нішто паўстрымаць яе не здолее. Так думаючы, падняў вочы да неба і гаварыў: «Усеспадару! Ты загадаў мне заваяваць гэты светаўладны горад, дык вось яго заваяваў. Даручыў Ты мне залажыць тут сваю сталіцу, дык залажыў. Гэта Твой народ цяпер, Збавіцелю, а я іду да Цябе, бо я надта спрацаваны».

Поделиться с друзьями: