Quo Vadis
Шрифт:
Ідучы каля святыняў, казаў ім: «Хрыстовымі святынямі будзеце!» Гледзячы на рой людзей перад сваімі вачыма, казаў ім: «Хрыстовымі слугамі будуць вашы дзеці!» — ды йшоў з пачуццём дакананай перамогі, сведамы свае заслугі, магаты, спакойны, вялікі. Ваяры павялі яго праз Трыумфальны мост, як бы мімахоць пасведчвалі ягоную трыумфальнасць, і вялі далей, да Наўмахіі й да Цырку. Вернікі з Затыбра прылучыліся да паходу, і зрабілася так вялікая гушчара народу, што цэнтурыён, камандуючы прэторыянамі, здагадаўшыся ўрэшце, што вядзе нейкага архісвятара ў працэсіі вернікаў, затрывожыўся малым лікам ваякоў. Але ніводзін вокрык абурэння ці заядласці не адазваўся ў грамадах. Твары ўсіх праняты былі вялікасцю хвіліны, урачыстыя і поўныя чакання, бо некаторыя вызнавальнікі, прыгадваючы сабе, што пры смерці
Але наўкола было спакойна. Узгоркі, казаў бы, выграваліся й адпачывалі ў сонцы. Паход затрымаўся ўрэшце між цыркам і Ватыканскім узгор’ем.
Ваяры ўзяліся цяпер капаць яму, іншыя палажылі на зямлю крыж, малаткі й кастылі, чакаючы, пакуль усё будзе гатова, а народ, ціхі й спакойны, стаяў на каленях наўкола.
Апостал з галавою ў касулях і залатых блясках звярнуўся апошні раз да гораду. Воддаль, крыху ніжэй, палыскаваў на сонцы Тыбр; з другога берагу відаць было Марсавае поле, вышэй — маўзалеум Аўгуста, ніжэй — велізарныя тэрмы, распачатыя будавацца за Нэрона; яшчэ ніжэй — тэатр Пампея, а за ім, мейсцамі бачныя, мейсцамі закрытыя іншымі будынкамі, — Сэпта Юлія, мноства портыкаў, святыняў, калюмнаў, згрупаваных камяніц і вунь там, удалечыні, узгоркі, аблепленыя дамамі, вялізнае людское раёвішча, берагі якога гінулі ў блакітнай далячыні, гняздо ліхадзейства, але й сілы, шалёнасці, але й ладу, якое сталася галавою свету, ягоным гныбіцелем, а адначасна ягоным правам і супакоем, велікамагутнае, непераможнае, векавое.
Пётр, абступлены ваякамі, паглядаў на яго так, як бы паглядаў волат і манарх на сваю спадчыну. І гаварыў яму: «Ты адкупленае, ты ўжо маё». А ніхто між прэторыянамі, капаючымі пад крыж яму, ані між вернікамі не ўмеў адгадаць, што іставетна стаіць між імі сапраўдны валадар гэтага гораду, і што прамінуць цэзары, праплывуць хвалі барбараў, пройдуць вякі, а гэты старац валадарыціме тут бесперапынна.
Сонца болей спусцілася да Остыі, зрабілася вялікае, чырвонае. Увесь заходні небасхіл залунаў морам святла. Ваякі падыйшлі да Пятра, каб яго распрануць. Але ён, молячыся, раптам выпраставаўся і выцягнуў высока правіцу.
Каты ўстрымаліся, моў анясмеленыя ягонай паставай; вернікі таксама сунялі дыханне ў грудзях, думаючы, будзе прамаўляць, і настала абсалютная цішыня.
А ён, стоячы на ўзвышшы, пачаў выцягнутаю рукою рабіць знак крыжа, багаславячы ў часіне смерці: — Urbi et orbi! [89] У той жа самы чароўны вечар іншы аддзел прэторыянаў вёў Остыйскаю дарогаю Паўла з Тарсу да мяйсцовасці, называнай Aquae Salviae [90] . І за ім таксама йшла грамада вернікаў, якіх навярнуў, а ён пазнаваў бліжэйшых знаёмых, затрымоўваўся й гутарыў з імі, бо яму, як рымскаму грамадзяніну, варта аказвала больш ветлівасці. За брамаю, называнаю Тэргэміна, спаткаў Плаўтыллю, дачку прэфекта Флавія Сабіна, і, бачачы ейны малады твар, заліты слязьмі, сказаў: — Плаўтылля, дочанька вечнага збаўлення, супакойся! Пазыч мне толькі хусціны, якою завяжуць мне вочы ў моманце адыходу майго да Збаўцы.
89
Гораду й свету! (лац.).
90
Сальвіева крыніца (лац.).
І, узяўшы заслону, ішоў далей з абліччам так поўным радасці, як бы работнік, што, добра напрацаваўшыся праз увесь дзень, вяртаецца дамоў.
Глядзеў задуменны ў роўную далячынь, што перад ім цягнулася, у Альбанскія горы, што патаналі ў святле. Згадваў пра свае падарожжы, пра турботы й працу, пра пераможныя змаганні і святыні, што на ўсіх землях і за ўсімі марамі пазакладаў, і думаў, што добра заслужыў на супачын.
І ён таксама свайго даканаў. Адчуваў, што посеву ягонага не развее ўжо люты вецер.Адыходзіў з перакананнем, што у вайне праўды ягонай з светам праўда пераможа, і мора задавальнення залівала яму сэрца. Дарога да мейсца казні была даволі далёкая, так што пачало вечарэць. Горы абліліся пурпураю, а падножжы іх паволі западалі ў цень. Статак вяртаўся з поля дамоў. Дзе-нідзе йшлі грамадкі нявольнікаў з работніцкім знараддзем на плячах. Перад дамамі на дарозе гулялі дзеці, цікаўна пазіраючы на маршыруючы аддзел ваяроў. У гэтым вечары, у гэным залатым празрыстым паветры быў не толькі супакой і ўтуленне, але нейкая гармонія, што, казаў бы, з зямлі падымалася да неба. Павал адчуваў яе, і сэрца ў ім радавалася на ўспамін, што да гэнае музыкі свету дадаў адзін звонкі тон, якога да гэтых пор не было, а без якога зямля была «як медзь брынчачая і як цымбал дзынкі».
І прыгадваў сабе, як ён вучыў людзей любові, як ім талкаваў, што хоць бы раздалі маёмасць убогім і перанялі ўсе мовы, усе тайніцы ды ўсе навукі, будуць нічым без любові, каторая ёсць ласкавая, цярплівая, каторая зла не робіць, не прагне славы, ганарыстасці, усё знясе, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё ператрывае.
Век увесь яму прайшоў на навучанні такое праўды. А цяпер казаў сабе ў душы: «Якая ж сіла з ёю зраўняецца, і што ж яе пераможа?! Як жа здолее цэзар здушыць яе, хоць бы ўдвая меў гэтулькі легіёнаў, удвая гэтулькі мароў і краёў і народаў?!»
Ды йшоў па адплату як пераможнік.
Паход сыйшоў урэшце з вялікае дарогі на ўсход вузкаю сцежкаю да Сальвійскіх водаў. На верасох красавалася чырвонае сонца. Цэнтурыён затрымаў аддзел пад крыніцай, прыйшла пара!
Павал, закінуўшы на плечы заслону Плаўтыллі, каб завязаць сабе ёю вочы, кінуў зорам апошні раз, поўным бязмернага супакою, на светазарную вячэрнюю зарніцу і маліўся. Так! Прыйшла пара, але ён бачыў перад сабою вялікі зорны гасцінец, вядучы да неба, і ў душы гаварыў сабе тыя самыя словы, якія загадзя ў пачуцці споўненае свае службы й блізкага канца напісаў: «Змаганнем я добрым змагаўся, веру датрымаў, абавязак выканаў — напаследак прызначаны мне вось вянок справядлівасці».
LXXII
А Рым шалеў па-даўнаму, так што здавалася, горад гэны, які заваяваў увесь свет, пачынае ўрэшце з прычыны адсутнасці праваднікоў развальвацца сам у сабе. Яшчэ перад пакутніцтвам Апосталаў выбухнуў таемны згавор Пізона, а пасля яго — касьба так страшная найвышэйшых галоў у Рыме, што нат і тым, якія бачылі боства ў Нэроне, выдаваўся ён у канцы боствам смерці. Жалоба разгарнула свае чорныя крылы над усім горадам, страх разгасціўся па дамох і сэрцах, але портыкі ўпрыгажаліся вянкамі, не можна было аказваць жалю па памерлых. Людзі, якія будзіліся раніцай, пыталі сябе: мо прыйдзе сяння чарга? Карагод крозаў трупаносных, ідучых за цэзарам, пабольшваўся з кожным днём.
Пізон прыплаціў галавою паўстанне, а за ім пайшлі Сэнэка і Люкан, Феніюс Руф і Плаўцый Лятэранус, і Флавій Сцэвін, і Афр Куінтыян, і распусны спадручнік цэзаравых шаленстваў Тулій Сэнэцыё, і Прокул, і Арарык, і Аўгурын, і Гратус, і Сілан, і Проксімус, і Субрыюс Флавій, калісь цэлаю душою адданы Нэрону, і Супліцыюс Аспэр. Адных губіла собская подласць, іншых баязлівасць, іншых багацце, іншых мужнасць. Цэзар, перапалоханы самой колькасцю згаворшчыкаў, заліў горад ваяцтвам і трымаў як бы ў акупацыі, высылаючы штодзень цэнтурыёнаў з прысудамі смерці ў западозраныя дамы.
Асуджэнцы прыніжаліся яшчэ у пісьмах, поўных падхлебніцтва, дзякуючы цэзару за прысуд і запісваючы яму частку маёмасці, каб рэшту ўратаваць для дзяцей. Здавалася ў канцы, што Нэрон наўмысна перабірае меру, каб пераканацца, да якой ступені спадлелі людзі і як доўга могуць пераносіць крывавую ўладу. За бунтаўшчыкамі выгубілі іхніх сваякоў, сяброў ды нат простых знаёмых. Жыхары зграбных, збудаваных пасля пажару дамоў, выходзячы на вуліцу, былі пэўныя, што спаткаюць цэлы шэраг хаўтуроў. Пампей, Карнэль, Мартыяліс, Флавіюс Нэпос і Статыюс Даміцый згінулі, абвінавачаныя за адсутнасць любові да цэзара. Новіюс Прыск — за тое, што быў сябрам Сэнэкі. Руфію Крыспу адабрана права агню й вады за тое, што калісь быў мужам Папеі.