ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Але Вініць, які любіў цяпер ейную душу, яе адну толькі кахаў цяпер тым больш і, калі сядзеў пры заснуўшай, бачыў у ёй увесь свет.

LXIX

Вестка пра цудоўную ашчаду Лігіі хутка разнеслася сярод ацалеўшых ад паграму хрысціян. Вызнавальнікі пачалі сходзіцца, каб аглядаць тую, над якою яўна аказалася ласка Хрыстовая. Прыйшоў насамперш Назарка з Мырыямай, у якіх дагэтуль хаваўся Апостал Пётр, а за імі прыходзілі іншыя. Усе разам, поспал з Вініціем, Лігіяй ды хрысціянскімі нявольнікамі Пятронія, слухалі з увагай расказу Урсуса пра той голас, што адазваўся ў ягонай душы і загадаў яму змагацца з дзікім зверам, і ўсе адыходзілі з льгою й надзеяй, што Хрыстус, аднак, не дазволіць выкараніць да астанку сваіх вернікаў на зямлі, пакуль Сам не прыйдзе на страшны суд. І гэна надзея

падтрымоўвала іхнія сэрцы, бо пераслед не ўціхаў і дагэтуль. Каго толькі публічны голас паказваў як хрысціяніна, таго гарадскія вігілы воміг хапалі ў вязніцу. Ахвяр, праўда, было ўжо менш, бо агул вызнавальнікаў быў ужо вылаўлены й вымучаны, а хто ўцалеў, той або ўцякаў з Рыму, каб на далёкай правінцыі перачакаць буру, або старанна хаваўся, не адважваючыся збірацца на супольныя малітвы інакш, як у арэнарыях за горадам. Аднак жа яшчэ сачылі іх, і хоць фактычна ігрышчы былі скончаны, перахоўвалі іх на наступныя або судзілі паадзіночна. А хоць народ рымскі не верыў ужо ў іхнюю віну, дык аднак жа агалошвалі іх за непрыяцеляў чалавецтва й дзяржавы, і эдыкт супраць іх трываў у даўнай сіле.

Апостал Пётр праз доўгі час не смеў паказацца ў доме Пятронія; урэшце, аднак, аднаго вечару Назар паведаміў, што прыйдзе. Лігія, якая ўжо магла сама хадзіць, і Вініць выбеглі на спатканне яго й пачалі абнімаць яму ногі, а ён вітаў іх з расчуленнем тым больш, што няшмат яму засталося ўжо авечак у гэным статку, над якім даў яму ўладу Хрыстус ды над доляй якога плакала цяпер ягонае сэрца. Дык вось жа, калі Вініць сказаў яму: «Вучыцелю, дзякуючы табе Збаўца вярнуў мне яе!», ён адказаў: «Вярнуў яе дзеля тваёй веры дый дзеля таго, каб не замоўклі ўсе вусны, славячыя Ягонае імя». І, мусіць, думаў тады пра тыя тысячы дзяцей сваіх, параздзіраных дзікім звяр’ём, пра тыя крыжы, якімі набіты былі арэны, ды пра тыя слупы вагністыя ў агародах Бестыі, бо гаварыў гэта з вялікаю жаласцю. Вініць і Лігія зацемілі таксама, што валасы ягоныя збялелі зусім, цэлая постаць прыгнулася, а ў абліччы гэтулькі меў суму й цярпення, як бы сам прайшоў тыя пакуты й боль, праз якія прайшлі ахвяры шалёнага людажэрства Нэрона. Але абое разумелі ўжо, што, калі Хрыстус сам паддаўся пакутам і смерці, не можа ўхіліцца ад яе ніхто. Аднак жа балела ім сэрца, гледзячы на Апостала, прыгнечанага векам, працай і болем. Дык Вініць, які за некалькі ўжо дзён маніўся спаткацца з Пампоніяй і далей ехаць на Сіцылію, пачаў прасіць яго, каб разам з імі выехаў з Рыму.

Але Апостал палажыў яму на галаве руку й адказаў: — Чую вось у душы словы майго Ўсеспадара, які сказаў мне над Тыбэрыядскім морам: «Калі ты быў малодшым, падпярэзваўся й хадзіў, кудой хацеў, але як састарэешся, выцягнеш твае рукі, а іншы падпярэжа цябе й павядзе, куды ты не хочаш». Вось жа, пара ўжо мне пайсці за статкам маім.

А бачачы маўчанне іх, не зразумеўшых, што кажа, дадаў: — Дабягае да канца мая праца, але гасціннасць і адпачынак меціму толькі ў майго Ўсеспадара.

Пасля звярнуўся да іх і гаварыў далей: — «Не забывайце аба мне, бо я вас так палюбіў, як бацька родных дзяцей, а што толькі ў жыцці рабіцімеце, рабеце на хвалу Богу».

Так гаворачы, падняў над імі свае старыя дрыжачыя далоні і багаславіў іх, а яны туліліся да яго, прадчуваючы, што мо гэта апошняе багаслаўленне атрымоўваюць з ягоных рук.

Было ім суджана, аднак, яшчэ раз яго бачыць. Пасля некалькіх дзён пазней Пятроні прынёс грозныя весткі з Палатыну. Там выявілася, што адзін з цэзаравых вызвольнікаў быў хрысціянінам, і знойдзена ў яго лісты Пятра й Паўла, а таксама лісты Якуба, Юды й Яна. Прабыванне Пятра ў Рыме было ўжо Тыгэліну даўно ведамым, але ён думаў, што той згінуў разам з тысячамі іншых хрысціян. Цяпер вось выдавалася, што два старшыны новае веры жывуць да гэтых пор у сталіцы, дык вырашана знайсці іх за ўсякую цану і злавіць, бо спадзяваліся праз іхнюю смерць вырваць апошнія карэнні ненавіснае веры. Пятроні чуў ад Вестына, што сам цэзар выдаў загад, каб у працягу трох дзён Пётр і Павал былі ўжо ў Мамэртынскай вязніцы, ды што цэлыя аддзелы прэторыянаў выслана для ператрэскі на Затыбры.

Вініць, даведаўшыся пра гэта, вырашыў пайсці перасцерагчы Апостала.

Вечарам абодва з Урсусам, накінуўшы галійскія плашчы, засланяючыя твар, пайшлі да Мырыямы, дзе прабываў Пётр, а стаяў той дом на самым канцы затыбранскае часткі гораду пад Янікульскім узгор’ем. Па дарозе бачылі дамы, абстаўленыя прэторыянамі, якіх накіроўвалі нейкія незнаёмыя людзі.

Квартал быў устрывожаны, збіраліся

грамады цікаўных. Тут і там цэнтурыёны рабілі допыты арыштаваных вязняў пра Пятра Сымона і Паўла з Тарсу.

Урсус і Вініць выперадзілі ваяроў, дайшлі шчасліва да памешкання Мырыямы, дзе засталі Пятра з жменькаю верных. Тымафей, памочнік Паўла з Тарсу, і Лін былі таксама тамака.

Даведаўшыся пра небяспеку, Назарка вывеў усіх таемным праходам да агароднае брамкі і далей да каменных сухадолаў, на колькісот мо ступеняў адлеглых ад Янікульскае брамы. Урсус пры тым мусіў несці Ліна, бо паламаныя на тортурах косці ягоныя яшчэ не пазрасталіся. У падзямеллі пачуліся беспячнейшымі і пры жухлым святліку Назаркавым пачалі ціхую нараду, як ратаваць дарагое жыццё Апостала.

— Вучыцель, — кажа яму Вініць, — хай заўтра ледзь золак выведзе цябе Назар у Альбанскія горы. Там мы цябе знойдзем ды забярэм у Анцыюм, дзе чакае вадаход, якім манімся ехаць у Неапаль і на Сіцылію. Шчаслівы будзе дзень і гадзіна, у якой пераступіш парог майго дому і пабагаславіш маё вогнішча.

Усе слухалі яго з радасцю і настойвалі на Апостала, кажучы: — Сцеражыся, пастыру наш, бо не астояцца табе ў Рыме. Перахавай жывую праўду, каб не згінула разам з намі й з табою. Паслухай нас, просім цябе, як бацьку.

— Зрабі гэта ў імя Хрыста! — малілі іншыя, чапляючыся ягонай вопраткі.

А ён адказаў: — Дзеткі мае! Хто ж з нас можа ведаць, калі й дзе яму Госпад канец жыцця прызначыць?!

Але не адмаўляўся выходзіць з Рыму, і сам не ведаў, што рабіць, бо даўно ўжо няпэўнасць і трывога ўкрадаліся ў ягоную душу. Бо ж статак ягоны быў разагнаны, праца разбурана. Субожню, якая перад пажарам гораду так буйна разраслася, моц Бестыі скрышыла ў пыл. Не засталося нічога акрамя слёз, крывавых успамінаў і смерці. Сяўба выдала багаты ўраджай, але нячыстая сіла ўтаптала яго ў зямлю. Сілы нябесныя не падаспелі з помаччу гінучым, і вось Нэрон рассядаецца ў славе над светам, страшэнны й магутнейшы, чым калі, валадар усіх мароў і сушаў. Не раз ужо Божы Рыбак выцягаў у самоце рукі да неба й пытаў: «Усеспадару, што мне рабіць? Як жа мне астояцца? І як жа мне, нядужаму старцу, змагацца з гэнаю бязмежнаю сілаю Зла, якому Ты дазволіў валадаць і асільваць нас?!»

І адзываўся так з глыбокім болем, паўтараючы ў душы: «Няма ўжо тых авечак, якія загадаў Ты мне пасвіць, няма Твае Субожні, пустэча й жалоба ў тваёй сталіцы, дык што мне цяпер загадаеш? Ці мне тут застацца, ці ўцякаць з астанкамі статку, каб недзе там, за гарамі, употайкі славіць імя Тваё?!»

І надумоўваўся. Ведаў, што жывая праўда не згіне і мусіціме пераважыць, але часамі думаў, што не прыйшла яшчэ ейная пара, якая прыйдзе толькі тады, як Госпад сам сыйдзе на зямлю ў судны дзень у славе й сіле, без параўнання магутнейшай, чым Нэронава.

Часта здавалася яму: калі сам выйдзе з Рыму, верныя пойдуць за ім, а ён завядзе іх тады аж у цяністыя гаі Галілеі, на ціхую водную роўню Тыбэрыяды, спакойных, бы галубкі ці авечанькі, якія пасвяцца там сярод чабароў і нарду. І штораз большая туга да цішыні й супачынку, да возера й Галілеі агартала рыбачае сэрца, штораз часцейшыя слёзы наплывалі на вочы старца.

Але, калі на хвіліну спыніўся ўжо на нейкім рашэнні, хапаў яго наглы страх і трывога. Як жа яму пакідаць гэны горад, дзе гэтулькі пакутніцкае крыві зямля выпіла, дзе гэтулькі канаючых вуснаў давала сведчанне праўдзе? А ён адзін будзе ад гэтага ўхіляцца? І што адкажа Збаўцы на пытанне: «Яны вось паўміралі за веру сваю, а ты ўцёк?»

Дні і ночы беглі ў маркоце й турботах. Іншыя, якіх львы паразрывалі, якіх папрыбівана да крыжоў, папалена ў агародах цэзара, паснулі ў Хрысце пасля сваіх пакутаў, а ён спаць не мог, ён чуў пакуту большую ад усіх тых, якія каты выдумалі для ахвяр. Золак часта бяліў ужо дахі дамоў, а ён яшчэ скардзіўся з глыбіні разжаленага сэрца: — Збавіцелю, пашто Ты мне сюды загадаў прыходзіць і закладаць у гэным гняздзе Бестыі сваю сталіцу?!

Праз трыццаць чатыры гады пасля смерці свайго Вучыцеля не меў супачынку. З кіем у руцэ абягаў свет і апавяшчаў «добрую навіну». Сілы яго змагліся ў працах і падарожжах, аж урэшце, калі ў гэным горадзе, які быў галавою свету, зацвердзіў установу Божую, адзін вагністы подых Злосці зжор яе, і бачыў, што змаганне трэ пачынаць нанава. Дый якое змаганне! З аднаго боку цэзар, сенат, народ, легіі, абыймаючыя жалезным абручом увесь свет, непералічныя гарады, краі, магутнасць, якое вока людское не аглядала; а з другога — ён, згорблены ад старасці й працы, ледзь уздужваючы падарожны кій утрымаць у руцэ.

Поделиться с друзьями: