Зграя
Шрифт:
– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?
Адзінец апусціў галаву.
– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі згарямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаь гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.
Аўк узняўся на ногі і зарычэў.
– Гэта немагчыма. Мы заўсёды
Грык думаў. Не пра словы Аўка, а пра саму магчымасць аб’яднання двух зграй. Ніколі такога раней не было і, мабыць, калі іх з’ядуць белыя, ніколі не будзе. Гэта ідэя не проста парушае нейкія там традыцыі. Усе зграі маюць падвойную назву – Суу-Ардун, Алык-Ачын, Агыр-Санан, Кер-Адына і іншыя. Першае слова – імя ваўка-бацькі, першага важака. Другое слова – імя ваўчыцы, якая нарадзіла ваўчанят, якія і сталі зграяй. А калі яны аб’яднаюцца, што тады? Ператворацца, хай і часова, у Суу-Ардун-Алык-Ачын?
– Я пачуў цябе, Аўк. І цябе таксама, Гаўл. І, як важак, павінен рабіць тое, што будзе лепш для зграі, нягледзячы на нашы традыцыі і забабоны. Прабач мяне, стары сябар – мы прымаем прапанову Акіры.
Аўк нічога не сказаў і выйшаў з будкі Грыка.
– Цяпер, Гаўл, ты станеш маім саветнікам. Ідзі назад і раскажы пра ўсё Алык-Ачын. А потым паспрабуй замацаваць свой поспех з іншымі згарямі.
– Дзякуй, уладар. Для мяне вялікая пашана, быць тваім саветнікам. Зусім запамятаваў – Акіра сказала, што цяпер іх згаря завецца проста Ачын.
– Ачын… Як цікава. Яны адмовіліся ад імя бацькі-важака. Спадзяюся яны сапраўдытакія добрыя воіны, як ты расказваеш. Інакш нядоўга мне быць важаком.
7.
Філіп прыйшоў з міліцыі праз чатыры гадзіны. На пытальны позірк Максіма падміргнуў і весела адказаў:
– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.
На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Балеславу, якую ў іх сям’е клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінояс.
Размаўляць пра ваўкоў ды троіцу Філіп адмаўляўся не паеўшы, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў як хутка есць суразмоўца.
– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?
А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.
– Цяпер пытай.
– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?
– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.
– Што значыць – наглядальнік?
–
Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?
– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.
– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?
– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне заўсёды аднолькавыя. Маці таскала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.
– Дык табе сняцца ваўкі?
– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэчаіснасці. А потым пазнаёміўся з троіцай.
Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.
– Хто яны?
– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.
– Ты іх не баішся?
– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу троіца мяне пазбягае.
– Лічыш яны спужаліся? Мая дзяўчына…
Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, што яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё цунамі накрыла яго і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.
– Прабач. Я…
– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.
– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?
– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – троіцай, мной і табой ёсць сувязь.
– Значыцца, я параніў белабрысага, калі выпіхнуў яго з вакна?
– Упэўнены ў гэтым.
– Тады наступным разам я заб’ю яго.
– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.
– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.
– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.
Гісторыя пра апавядальніка
Хлопчык, назавем яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. У тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – нічога карыснага не расло на ёй. Адзін бурўян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.
Трэба колькі слоў і пра самога Івана сказаць. Ён жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.
Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.