Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Гэткай жа дзіўнай была іх адзежа. На малым – шыкоўны гарнітур, у якім ён паходзіў на навучэнца элітнай гімназіі. На чарнявым была спартыўная форма сіне-зялёнага колеру і красоўкі – звычайны беларускі гопнік, не інакш. Лысы – панк у скуранай куртцы, падраных джынсах, з металічнымі перснямі і ланцугом на шыі.

– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.

Макс спыніўся, бо не мог паскорыць шаг і збяжаць ад непрыемнай кампаніі. Троіца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.

– І вам прывітанне.

– Мы цябе чакалі.

Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.

– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.

– Што? Якую яшчэ гісторыю?

– Гісторыю пра ваўкоў.

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арэндаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арэндаваць” гісторыю.

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты гаворыш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем за вашай згодай.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзеквацца, ці блогеры флэшмоб ладзяць? Ды й сама троіца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё. Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Троіца сядзіць каля пад’езда. Яны не размаўляюць, не варушацца, не дыхаюць і не міргаюць. Васкавыя твары замерлі, а вочы глядзяць ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.

Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічуць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць яны як і дзікія звяры не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А грамчэй за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.

– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.

Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог

выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.

– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бяжаць ад небяспекі як трусы нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу, што мы павінны змагацца.

– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.

– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчалык, кажы ты.

–Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.

– Аўчалык, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком сам насам. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?

– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.

– Мы слухаем цябе, Сурта.

– Аўчалык малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…

– Я хачу гаварыць!

Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў гаворачага на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.

– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты спыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?

– Грык. Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы, Грык? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не знічтожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.

– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сутру з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бяжаць як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.

– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.

– Калі так, то Сурта можа працягваць.

– Мне больш няма чаго казаць, Грык.

– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.

3.

Максім прачнуўся і закрычаў. Вялікая ванючая рука накрыла яго рот.

– Мы прыйшлі, як дамаўляліся.

Над хлопцам навісаў учарашні знаёмы з чорнымі валасамі.

– Змоўкні, а то будзе горш.

Максім замаўчаў.

– Так лепш, – чарнявы прыбраў руку і сеў на стул каля ложка. Бялявы і лысы былі побач з ім. – Не трэба пужацца. Мы прыйшлі дамаўляцца. Зараз усё вырашым і будзеш вольны.

Поделиться с друзьями: