Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Праўда, кошт такой моцы вялікі. Не кожная зграя пагодзіцца яго плаціць. І не кожная зграя заключыць з намі дамову. Таму заўтра, калі сустрэнешся са сваім уладаром, раскажы яму пра ўсё, нічога не хавай. Калі ён прыме нашу прапанову, мы станем хаўруснікамі. Калі не, то праз месяц ці два мы будзем самастойна біцца з белымі, якія пройдуць праз вашу тэрыторыю так лёгка, як зубы маёй маці прайшлі праз шыю нашага важака.

6.

Максім чацвёрты раз адказваў на адны і тыя ж пытанні – імя, прозвішча, у якіх стасунках

знаходзіўся з памерлай, як апынуўся ў кватэры, чаму адбылася сварка, ці ўжываў алкаголь або псіхаактыўныя рэчы, ці меў судзімасці, навошта прынёс нож у заплечніку. Змянялася толькі паслядоўнасць пытанняў. Следчыя з першага погляду прызначылі яго забойцам і хацелі, каб хлопец напісаў “чістосердечное”. Вінаваціць іх за гэта было цяжка – цела белабрысага не знайшлі, у кватэры была кроў Насты і яго – парэзаўся, калі вытаскваў нож. Веб-камера, якую ўсталяваў у пад’ездзе адзін з суседзяў, не зафіксавала нікога чужога.

“Напрошваецца адзіны вывад – губляю розум. Можа сапраўды я забіў Насту? А троіца, ваўкі, цёмнаскурая дзяўчына – мая хворая фантазія”.

– Прапаную апошні раз – напішыце прызнанне. Вам жа лепш будзе, пазбегніце вышэйшай меры пакарання.

У адказ Макс пахістаў галавой. Адзіны, каму стане лепш ад яго “чістосердечного” – гэта сам следчы.

– Ваша права. Потым не трэба бегаць і скаргі з апеляцыямі падаваць. Зараз да вас прыйдзе адвакат. Можа ён дасць вам правільную параду.

– У мяне ёсць адвакат? Я ж не наймаў.

– Значыцца нехта іншы наняў.

Яго адвакатам быў дзіўнаваты бландзін-альбінос з зачэсанымі назад валасамі. На скуры снежнага колеру не было ніводнай зморшчынкі, а вочы свае ён хаваў за круглымі чорнымі шкельцамі акуляраў.

– Прывітанне, Максім. Мяне завуць Філіп Гаўл і я буду вашым адвакатам.

Максу падалося, што яго падманвае слых.

– Паўтарыце, калі ласка, ваша прозвішча?

– Гаўл. Спадар следчы, дазвольце перамовіцца са сваім кліентам сам насам?

Калі яны засталіся адны, Філіп нізка нахіліўся да Максіма і зашаптаў.

– А цяпер слухай – я ведаю ўсё і пра цябе, і пра ваўкоў. Нам трэба збяжаць адсюль, інакш тры твае блізкія сябры хутка прыйдуць у госці. А з-за кратаў ты далёка не збяжыш. Таму выконвай усё, што я скажу.

Адвакат разарваў падкладку пінжака, дастаў адтуль крэм, адкрыў і пачаў намазваць твар Максіма.

– Не варушыся, усё пашкодзіш.

Следам за тварам Філіп абмазаў рукі Максіма. Затым зняў з сябе валасы, якія апынуліся парыком, і начапіў іх на галаву хлопца. Тое ж самае зрабіў з акулярамі і пачаў распранацца.

– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.

Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.

– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.

– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?

– Ні аб чым не хвалюйся.

***

Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных, хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На ім жа ляжаў ліст:

"Максім, частуйся, адпачывай,

чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся".

Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчаках паліліся слёзы. Упершыню за дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Наста, ці сапраўды ён любіў яе, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне якое б ніколі не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта не даведаецца.

“Такое адчуванне, што гэтую троіцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла Ася. І Наста таксама. Значыцца, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі гэтага малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”.

Воўчы сон

– Чакай, Гаўл. Вельмі шмат навін для аднаго дня. Хочаш сказаць, іх важак – ваўчыца?

– Так. Толькі не важак, а каралева. Доўгі час кожны новы важак-воўк не мог вырашыць – як выратаваць зграю ад голада. Тэрыторыя, на якой яны жывуць – гэта сапраўдная пустэльня. Там практычна няма жывёл, а таму стагоддзі яны жылі ў голадзе. Нават зубры, калі мігруюць на поўдзень, мінаюць іх землі. І пасля чарговай вайны, калі зграя Алык-Ачын пацярпела паразу і варожыя ваўкі забілі ўсіх іхных шчанюкоў, адна з ваўчыц забіла важака. І, згодна традыцыі, заняла яго месца. Яна змяніла зграю.

– Якім чынам?

– Ваўчыца нараджае ад трох да васьмі шчанюкоў. Гэта немагчыма кантраляваць. З-за гэтага зграя Алык-Ачын не магла сябе пракарміць. А таму… Мне цяжка гэта гаварыць і яшчэ цяжэй у такое паверыць. З аднаго прыплоду, якім бы вялікім ён ні быў, яны пакідаюць двух ваўчанят, самых здаровых і моцных – астатніх забіваюць. А калі ўсе малыя ды кволыя, што часцяком бывае, калі ваўчыца нараджае восем шчанюкоў, могуць забіць усіх.

– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?

– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.

Грык засмяяўся.

– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?

– Так.

І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?

– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.

– І што яны сказалі наконт аб’яднання?

– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашых паляўнічых надзелы.

– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.

– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…

– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?

– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.

Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучыні кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.

Поделиться с друзьями: