Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Здрада

Быкаў Васіль

Шрифт:

Месяц назад ля дунайскай пераправы загінуў намеснік камандзіра іх батальёна капітан Батаў. Хоць і нядобра пра нябожчыка думаць благое, але быў ён вельмі крыклівы і не дужа справядлівы, гэты афіцэр. Аднойчы, яшчэ ў Трансільваніі, здарылася так, што батальён затрымалі дзве нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў вёсцы. Прамой наводкай яны з паўгадзіны расстрэльвалі пяхоту, як заўжды, па нямецкаму звычаю, не шкадуючы сваіх снарадаў. Да вёскі было якіх, можа, кіламетры паўтара, падбіць тыя самаходкі з саракапятак нечага было і думаць, а іншай артылерыі блізка не было, наступленне спынілася. Роты залеглі за насыпам уздоўж дарогі, чакаюць, што вырашаць камандзіры.

I

тады гэты Батаў выклікае ўзводнага ПТА лейтэнанта Пішчука і загадвае на рысях выскачыць з гарматай з-за насыпу, пад’ехаць да грушы, што стаяла ў полі якраз пасярэдзіне між дарогай і вёскай, і прамой наводкай расстраляць самаходкі. Пішчук быў малады, не дужа спрактыкаваны лейтэнант, спрачацца з начальствам не ўмеў, сказаў толькі: «Ёсць!» — і пабег да разлікаў.

Калі ж ён аб’явіў разліку задачу, хлопцы апусцілі насы. Зірнуўшы хоць раз на поле, кожны з іх адчуваў, што жыць засталося некалькі хвілін. Да той грушы добрых 800 метраў, — паспрабуй дабярыся да яе па раллі на прыцэле ў дзвюх самаходак. Лейтэнант аб’явіў загад і марудзіць: сам ведае, што справа дрэнь і невядома, на што спадзявацца.

I тады Ваня Шчарбак падхапіў свой аўтамат, узяў яшчэ ў Кеклідзе супрацьтанкавую гранату, скінуў шынель і — у трубу пад насыпам. На тым баку ён па канаве прашмыгнуў да разоры ў палетку і па ёй хуценька папоўз да вёскі.

Увесь батальён глядзеў з-за дарогі на гэты адважны ўчынак Івана Шчарбака. Поўз ён доўга, прыпыняўся, адпачываў. З вёскі, пэўна, яго не бачна было, бо самаходкі зрэдку білі па насыпе, а яго не чапалі. На Іванава шчасце, нямецкай пяхоты ў вёсцы відаць не было, і ён, дапоўзшы да ваколіцы, схаваўся недзе за белымі, скрозь у матках чырвонага перцу, хаткамі.

Іван знік у вёсцы і доўга не падаваў ніякіх адзнак жыцця. Самаходкі зрэдку лупілі па гасцінцы, паранілі камандзіра шостай роты, аднаго сувязіста. I раптам у вёсцы — выбух, і з-за хат валіць дым. Самаходка загарэлася, а другая, пэўна ўчуўшы ліха, загыркатала маторам і падалася прэч за ваколіцу. Хлопцы павылазілі на дарогу, пасля па полі кінуліся да будынкаў. Саракапятчыкі прычапілі гарматы да перадкоў і таксама памчалі туды. I вось падкатваюць яны праз гароды да невялічкага садка, дзе дыміць самаходка, і бачаць: на паграбцы, у якім хаваецца ў венграў віно, сядзіць іхні Іван, бінтуе сабе руку і лае фрыца, які, уцякаючы, усё ж драпнуў яго куляй.

Вось такі быў Ваня Шчарбак.

Ён не дужа любіў кніжную навуку, скончыў усяго толькі шэсць класаў, але ў працы і людзях разумеў шмат. Калі ён капаў акоп, дык ніхто не хітрыў, не валыніў, як кажуць — усе зараджаліся ягонай працавітасцю. А калі хто часам і ленаваўся, дык Іван клікаў таго і казаў: «Падпрагайся. Буду цябе лячыць ад гультайства. Я — выкідаць, ты — падбіраць». Тады ўжо таму хлопцу даводзілася папацець.

I вось неяк бязглузда Цімошкін страціў яго. Вядома, ён, можа, яшчэ і жывы, можа, ён пайшоў іншай дарогай, але хлопец не мог змірыцца ў душы, што Шчарбака няма. Яму было вельмі самотна без сябра ў гэтым шляху. Праз кожныя пяць хвілін ён азіраўся, прыслухоўваўся, думалася: авось, дзе-небудзь пакажацца з цемры яго постаць. Цімошкін усё болей шкадаваў, што паддаўся Блішчынскаму і не пайшоў тады па Шчарбаковым следу, можа б, адшукаў дзе яго. Але ж след хутка засыпала, а тады, калі ён яшчэ быў відзён, была і надзея, што Іван хутка прыйдзе.

Снег перастаў церушыць, наўкола пасвятлела. Мароз памацнеў, вецер шкуматаў полы шыняля, і калені дранцвелі ад сцюжы. Твару свайго Цімошкін, здаецца, не адчуваў, можа, адмарозіў, здаровую правую руку хаваў за пазуху, параненая ж зайшлася

і дужа балела. Белы зімовы прасцяг усё шырэй рассцілаўся навокал, выставіўшы як напаказ усе чорныя плямы зямлі, быльнёг, вінаграднікі, адзінокія абрысы дрэў. I толькі далячынь на краявідзе пад цёмным навіслым небам тулілася ў змроку, і нідзе не праглядвала ніякіх адзнак месяца.

Сляды Блішчынскага ў доле сталі відаць лепш. Яны прывялі хлопца да нейкага землянога вала ў полі, які бялеў у прыцемках роўнай хрыбцінай і бег некуды ўдалячынь. Блішчынскі, як гэта відаць было па слядах, узлез на яго, пэўна, агледзеўся і пасля, збегшы, пайшоў уздоўж вала. Цімошкін быў зняможаны і на вал не палез, а паціху пайшоў у той бок, куды павярнуў зямляк.

Праз нейкі час наперадзе сталі відаць прысады, між якіх тут пралягала дарога. Баючыся, каб не трапіць у якую бяду, Цімошкін паціху выходзіў з-за вала. Наўкола ўсё было ціха — глыбокая зімовая ноч у белыя пялёнкі спавіла абшар. Ля дарогі ў канаве ляжаў на баку перакулены аўтамабіль, нейкая паклажа з кузава рассыпалася наўкола і густымі плямамі чарнела на снезе. Жывога там, здаецца, не было нікога. Сляды Блішчынскага вялі таксама туды, і хлопец, зняўшы з пляча аўтамат, пайшоў да дарогі.

Ужо непадалёк ад таго аўтамабіля яму здалося, што нехта шмыгнуў на той бок і схаваўся за чорным кузавам. Цімошкін прыпыніўся, угледзеўся — сапраўды, з-за машыны насцярожана тырчаў кароткі ствол аўтамата. Але вось ствол здрыгануўся, апусціўся, і на снег ступіў чалавек, які затым злосна плюнуў у дол і загаманіў, — гэта быў, вядома, Блішчынскі.

— Напалохаў! Думаў, немцы. Ну, дзе твой сябрук?

Цімошкін ужо не думаў дагнаць яго, убачыць зноў, але адзінота — горш за ўсякага ворага. I хлопец у той час крыху ўзрадаваўся — хоць і кепскі ён чалавек, яго зямляк, але, здавалася, удвух ім усё ж будзе лепей. Цімошкін не адказаў на яго запытанне (што тут было казаць?), і Блішчынскі, пэўна, зразумеў гэта як прызнанне ім свае памылкі.

— Слухаў бы мяне. А то заўпарціўся, — казаў ён, выходзячы з-за машыны. I тут Цімошкін заўважыў, што ля кабіны ляжыць нейкае цела ў задраным на голаў шынялі. Зямляк жа, закінуўшы за плячо аўтамат, пайшоў да яго, узяў нагу забітага і тузануў, здзіраючы валёнак. Другі, ужо зняты валёнак стаяў цяпер побач. Вецер раскручваў на снезе анучу забітага.

— Ось халера, прымерзлі, ці што! — казаў Блішчынскі. — Ану, фрыц, аддавай. Памажы, Цімошкін.

Цімошкін прыпыніўся зводдаль і плюнуў у снег.

— I не брыдка табе? — сказаў ён, назіраючы, як Блішчынскі соп і ўсё тузаў нагу, а труп валокся, усё болей загортваючы шынель. Каб было зручней, Грышка ўпёрся ў яго ботам.

— А чаму брыдка? Ногі марозіць горш. Ось як.

Урэшце ён здзёр валёнак, прысеў на скрынку, зняў свае кірзавыя боты і спрытна пераабуўся. Валёнкі сапраўды былі добрыя — з абшытымі скурай наскамі і скуранымі падэшвамі. Блішчынскі прытупнуў імі і штурхнуў локцем аўтамат.

— Валёначкі першы сорт. Дзякуй немцу, цяпер ногі як у печцы будуць. Разумееш?

На дарозе нікога не было, хлопцы перайшлі яе і зноў скіравалі ўздоўж вала. Блішчынскі, як заўсёды, трымаў сябе ўпэўнена, нешта пажаваў з паперкі, пасля спыніўся, выняў з-за пазухі нямецкую, абшытую лямцам, біклагу і адвінціў корак.

— Бачыш? Ром. Мабыць, французскі, — ён коратка хіхікнуў. — Ін віна вэрытас. Разумееш? Ды дзе табе разумець. Праўда ў віне. Запомні.

Пасля, задраўшы голаў, ён трохі пабулькаў, выцер далонню вусны і, не закрываючы пляшкі, спытаў:

— Табе даць? От добра! Селязёнка пацяплела. На, глыні. Толькі нямнога.

Поделиться с друзьями: