Здрада
Шрифт:
Але Грышка, разважыўшы, змяніў тое рашэнне. На другім перапынку ён зноў прыбег да Цімошкіна і сказаў, што аднёс у міліцыю толькі кашалёк ды пашпарт. Цімошкін спалохаўся, а ён толькі смяяўся, кажучы, што ўсё будзе як найлепш, адно трэба маўчаць пра грошы.
I вось праз дзень ці два ўранку, перад самым званком на заняткі, у калідоры з’явіліся нейкі дзядзька ў кажушку, дырэктар, класны кіраўнік — усе яны рушылі ў дзевяты «Б», дзе вучыўся Блішчынскі. У Цімошкіна сэрца ёкнула ад страху, што іх выкрылі. Ён ужо хацеў уцячы, каб схавацца, але, перш чым зрабіць гэта, праз адчыненыя дзверы з класа пачуў, як дзядзька дзякаваў Грышку. Аказваецца, ён махнуў, як кажуць, рукою на свае 50 рублёў, яму даражэй былі дакументы, і як узнагароду за «добры» ўчынак ён даў Грышку траяк. Пасля пра гэты высакародны ўчынак Блішчынскага напісала
Некалькі дзён пасля таго Цімошкін хадзіў бы ў тумане. Уночы ўскокваў з ложка, крычаў і плакаў, напалохаў бацькоў, і яны думалі, што ён захварэў. Нямала разоў падыходзіў ён да дзвярэй настаўніцкай, але так і не адважыўся ўвайсці туды, каб расказаць, як усё тое здарылася. Блішчынскі ж здагадваўся пра яго пакуты, але не размаўляў і паводзіў сябе пагрозліва-холадна. Добра далася хлопцу ў знакі тая яго падаткасць на дарозе і ў краме.
Незадоўга да пачатку вайны Грышка з бацькамі перабраўся жыць у мястэчка. У Цімошкіна тым часам з’явіліся лепшыя сябры, і ён упершыню зведаў сапраўдную хлапечую дружбу. З Грышкам яны тады сустракаліся рэдка. Яшчэ праз год Блішчынскі скончыў дзесяты клас і паступіў у медыцынскі інстытут. Да таго часу непрыязь Цімошкіна да яго ўжо прытупела, але, як і раней, Валодзя лічыў Грышку нягоднікам.
Калі пачалася вайна і ў мястэчку з’явіліся немцы, прывалокся з горада і Грышка. Нейкі час ён сядзеў на матчынай шыі, швэндаўся па мястэчку і прыглядаўся да новых парадкаў. Бацька яго, мабілізаваны ў пачатку вайны, недзе прапаў (можа, адступаў на ўсход, а можа, і загінуў), а да маткі неўзабаве прыстаў прымак з акружэнцаў. Пад зімку, калі пачала стварацца паліцыя, Блішчынскага прымака таксама ўцягнулі ў гэтую зграю наймітаў. Паліцай з яго быў дрэнны, ён без просыпу піў самагонку, двойчы п’яны губляў вінтоўку, і начальства выганяла яго са службы. Але паліцыянты былі патрэбны, і яго бралі зноў. Зімой жа ў мястэчку арганізавалася інтэнданцтва; школу і ўсе лепшыя будынкі немцы занялі пад склады. У памяшканні сельмага нейкія прыезджыя паслугачы адкрылі майстэрню па рамонту амуніцыі і малярню, якая фарбавала розныя вайсковыя рэчы і пісала шыльды. Гэтыя шыльды і розныя аб’явы на нямецкай і беларускай мовах вазамі развозіліся па ўсёй акрузе, і вось у гэтай малярні пад вясну апынуўся і Грышка Блішчынскі.
Амаль год чорнай і белай фарбаю мазаў ён на фанеры, блясе і дошках крывулястыя гатычныя літары, свастыкі, стрэлкі і розныя знакі, да якіх былі вялікія аматары немцы. Амаль два гады атрымліваў ён нямецкі паёк, нейкую плату ў рублях і марках. Праўда, у розных установах і тады працавала шмат усякіх людзей (трэба ж было неяк жыць, карміцца і змагацца), і тут, бадай, папракнуць Блішчынскага нельга. Калі ж у краі разгаралася партызанская вайна і на самое мястэчка ўжо тры разы быў напад партызан, Грышка, відаць, сцяміў, што ў нямецкай майстэрні радасці яму будзе мала. У гэтую пару бадай што ўсе яго равеснікі і нават маладзейшыя хлопцы былі або звязаны з партызанамі, або як маглі памагалі ім. I Грышка надумаў. Калі ён заявіў партызанам, што хоча перайсці да іх, тыя запатрабавалі доказаў ягонай адданасці Савецкай уладзе. Тады ён заманіў дадому прымака-паліцая, які ў той час дняваў і начаваў у камендатуры, баючыся расправы, з ім яшчэ аднаго такога ж недабітка-п’яніцу, добра ўпаіў іх, затым адабраў зброю, звязаў паліцаяў і цераз сувязных пераправіў у лес. Паліцаяў, вядома, расстралялі, а Грышку паверылі, і ён з сякой-такой накрадзенай і адабранай зброяй прыйшоў у атрад. Цімошкін у гэты час таксама быў там і, чуючы, як некаторыя хлопцы хвалілі Блішчынскага, толькі абураўся. Ён згадваў фальш спекулянцкай душы былога сябра і не таіў гэтага, толькі ў блакадны той час не было каму разбірацца ў складаных адносінах гэтых двух партызанаў.
Апроч як пра сябе, ні пра каго ён не дбаў у жыцці. Некалі ў маленстве Цімошкін таксама быў патрэбны яму, каб памагаць пасвіць кароў, наглядаць за кратовымі норамі, у якія ён ставіў пасткі, каб красці ў Цімошкінага бацькі тытунь, які Грышка пасля
курыў у полі. Бацька ягоны ў сям’і мала што значыў, дома ўсім распараджалася маці — упартая, сварлівая кабета, якая замуштравала ўсіх — і мужа, і трох дачок, толькі Грышка праз сваю хітрасць не паддаўся ёй. Гэтыя набытыя з маленства ўвішнасць і себялюбства на ўсё жыццё сталі яго адметнаю рысай.Трапіўшы пасля партызанкі ў запасны полк, Грышка пачаў новае жыццё з таго, што выкрыў аднаго франтавіка-сяржанта, які поначы хадзіў у самаволку. Сяржант — разведчык па спецыяльнасці — быў хлопец разумны і з ордэнам, атрыманым яшчэ ў сорак першым годзе. Звычайна пасля вячэрняй праверкі ён выходзіў з казармы і бег цераз поле на станцыю, дзе яго чакала каханка. Да пад’ёму ён спраўляўся вярнуцца назад на сваё месца на нарах, і ўсё пакуль ішло шыта-крыта. I вось, стоячы днявальным, Блішчынскі аднойчы прыкмеціў самавольшчыка. Нейкі час ён нікому аб тым не дакладваў, маўчаў да сходу, на які прыйшлі нампаліт камандзіра палка, камандзір батальёна і іншыя афіцэры. I тады Блішчынскі, папрасіўшы слова, выступіў з палымянай прамовай наконт парушэнняў вайсковай дысцыпліны. Тады ж ён і выкрыў сяржанта, якога неўзабаве пасадзілі на гаўптвахту, а затым датэрмінова адправілі на фронт. Начальства з таго сходу «заўважыла» Блішчынскага; яго «непрымірымасць» да недахопаў і ўменне прыгожа выступаць многім спадабалася. На другім сходзе хлопцы абралі Грышку сакратаром ротнай камсамольскай арганізацыі.
Пасля ён у вольны ад заняткаў час намаляваў партрэт свайго камандзіра роты. Камандзір, відаць, не дужа што разумеў у гэтым мастацтве, але капітан на партрэце выйшаў прыгажэйшы, маладзейшы і болей зухаваты, чым на самай справе, і сэрца яго не засталося абыякавым да таго падарунка. Неўзабаве радавы Блішчынскі, уладкаваўшыся ў ленпакоі, маляваў партрэты правадыроў, ладзіў наглядную агітацыю, а ўсе іншыя байцы ў гэты час адшліфоўвалі на спякоце самую цяжкую тэму тактыкі — стралковая рота ў наступальным баі.
Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён уехаў на штабной машыне.
Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.
3
Ісці станавілася ўсё цяжэй. Яны набрылі на нейкі палетак, пэўна, узараны ўвосень, боты коўзаліся, ногі падварочваліся на грудах і ямках, вецер сек снегам па твары і сляпіў вочы. Было няўтульна і сцюдзёна. Снег падтайваў, ліпнуў да твару і па шыі золкай макрэддзю сцякаў за каўнер. Шчокі ўсё больш дубянелі ад сцюжы, мерзла і балела ад холаду захутаная ў бінты рука. Рукавіцы Цімошкін недзе згубіў у баі і цяпер здаровую руку хаваў за пазуху або ў кішэню. Але тады спаўзаў з пляча рэмень аўтамата, трэба было прытрымліваць яго, і пальцы так закалелі, што ледзьве згіналіся.
Наваколле звузілася, адасобілася ад іх мільготкім полагам снегу, і хлопец ледзьве мог пазнаваць наперадзе цьмяныя постаці сваіх спадарожнікаў. Ён ішоў па іхніх слядах, ужо прысыпаных снегавой пацярухай, і думаў: хоць бы не спатыкнуцца, не пакаўзнуцца, бо тады наўрад ці знайшоў бы ў сабе сілы ўстаць. Надвор’е трохі абнадзейвала. Хоць і цяжка было ісці, але яны разумелі, што пад такім снегам лягчэй будзе мінуць перадавыя нямецкія часці, і калі яны дзе нечакана не наткнуцца на немцаў, дык заўтра будуць у нашых. Толькі б дабрацца да сваіх, пазбыцца адзіноты, і там ужо нічога не было б ім страшна.