Здрада
Шрифт:
Цудоўныя, пэўна, гэта будуць часы, думаў Цімошкін. Людзі стануць з людзьмі як браты, знікнуць фанабэрыя, пагарда, хцівасць і зайздрасць. За час вялікіх пакут людзі навучыліся спагадваць чужому гору, падпарадкоўваць свае імкненні вялікай мэце, у асабістым задавальняцца малым. Усё ж такіх, як Блішчынскі, няшмат, а мільёны франтавікоў уведалі на вайне вялікае пачуццё братэрства — тое цудоўнае і светлае, што людзі набывалі, не трацячы, у гэтую ліхасць. I захаваць бы, зберагчы на доўгія гады гэты франтавы набытак, не даць бы на яго забыцца, не дазволіць яго збэсціць такім трутням вайны, як Ёлішчынскі. Гэта было б цудоўна, і — верыў Цімошкін — людзі зразумеюць і дамогуцца свайго.
Яго ж дачыненне да тае будучыні ўяўлялася хлопцу дужа няпэўна. Калі, можа, пашанцуе выжыць яму, дык, мабыць, ён пойдзе вучыцца. Вядома, трэба будзе працаваць,
Яшчэ ён думаў, што пасля гэткай суровай барацьбы за жыццё на зямлі ўсё, і благое і добрае, у людзях у свой час стане выразным і зойме сваё пэўнае месца; будзе як трэба ацэнен і гэты Блішчынскі, — час і гісторыя дамогуцца свайго, і чалавек урэшце паўстане перад людзьмі ва ўсёй яго праўдзівай сутнасці. Бадай, нікому яшчэ не ўдалося ніколі выдаць за белае чорнае, і наадварот. Не ачарнілі ж, не збэсцілі ні недарэчны лёс, ні подлыя людзі другога яго земляка і аднавяскоўца Адама Ждановіча. Колькі ён стрываў у жыцці, але ж ад таго не змяніўся, не азвярэў, захаваў у сабе ўсё найлепшае, а можа, нават і яшчэ болей палепшаў. Тыдзень назад хлопцу напісалі з вёскі, што знайшоўся, аб’явіўся знікшы на восем год Адам, ваюе цяпер на Першым Беларускім фронце, камандуе танкавай ротай, і шэсць ордэнаў, кажуць, блішчаць на яго грудзях. А чаго не перажыў толькі гэты чалавек, і вось жа адступілася сто разоў насядаўшая на яго смерць.
Ён быў у іх першым актывістам, пасля сакратаром сельсавета, арганізоўваў калгасы, хадзіў і ездзіў па ўсёй акрузе, ніколі не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Аднаго разу яго падстрэлілі з драбавіка, аднойчы хацелі ўтапіць. Пасля нейкага сходу парнулі нажом, і ён пасля таго кульгаў цэлае лета… Затое як любілі яго дзеці! Ставіўся ён да іх весела, гулліва, заўжды жартаваў і часам апавядаў, якое будзе жыццё ў краіне праз шмат-шмат гадоў. У такі час ён станавіўся задуменналірычны і ветлы.
У трыццаць сёмым ён ужо быў сакратаром райкома камсамола, прыязджаў калі ў іхняе мястэчка і, як і раней, ездзіў па вёсках. Толькі ў гэты час яго не было каму ненавідзець, і ніхто яго ўжо не спрабаваў забіць. Людзі паважалі яго — і маладыя і старыя — і болей за якое іншае начальства ведалі ў раёне. Да яго хадзілі калгаснікі са сваімі бясконцымі клопатамі, ён заўжды ўсім памагаў як мог. Іх маленькая, не болей чым за дзесятак кіламетраў вядомая вёсачка праз яго стала славутай у раёне. Усе ведалі, што ён іх, — гэты камсамольскі сакратар Ждановіч. А ён усё жыў нежанаты, без гаспадаркі ці якога набытку.
Ягоны стары за пятнаццаць кіламетраў вазіў яму харч, маці мыла бялізну. I тады знайшліся ўсё ж ненавіснікі, якія рашылі знішчыць яго. Восенню неяк прывалокся з раёна стары Ждановіч, прынёс сякі-такі сынаў набытак і на ўсе роспыты толькі ўздыхаў; маці ж плакала. У той час нярэдка здаралася гэта, але ніхто ніколі не мог падумаць, што страшныя словы «вораг народа» будуць прылеплены да Адама Ждановіча. I вось так сталася. На доўгія гады, бы ў ваду, знік чалавек без следу і слыху.
Вясковыя падлеткі дзіваваліся не менш за дарослых і ніяк не маглі зразумець, што гэта дзеецца ў свеце. Некаторыя мужыкі былі цвёрда ўпэўнены, што адбылася памылка, казалі, разбяруцца недзе і Адам неўзабаве вернецца. Але міналі гады, а ён не з’яўляўся. Цімошкіну ж душу доўга вярэдзіў незагойны боль па ім, і колькі хлопец сабе ні казаў, што Адам — вораг, калі так з ім зрабілі, сэрца яго не хацела пазбыцца шчырай прыхільнасці да чалавека. Шмат у тую пару было ім прачытана кніжак, паўставалі ўваччу і знікалі вобразы невядомых смелых людзей, а гэты свой хлопец Адам Ждановіч пакутным няўцямным болем доўгія гады жыў у ягоным сэрцы.
I пэўна, даўно ўжо не адчуваў ён такой радасці, як у тым вузкім ровіку ля кукурузы, калі даведаўся
з пісьма, што сэрца не ашукала яго.6
Скалелы і ўшчэнт змардаваны, ён зноў, здаецца, заснуў. Невядома, колькі цягнуўся той сон, але раптам нехта тузануў яго за плячо — хлопец здрыгануўся, прахапіўся і ўбачыў над сабой Блішчынскага. Той нешта казаў, але Цімошкін, не разумеючы, бачыў толькі, як бязгучна варушацца яго тонкія вусны, трывожна раздзімаюцца ноздры і ў акругленых рудых вачах сцюдзянее страх.
— Цімошкін, ідуць!.. Чуеш, ідуць!.. Сюды!..
Хлопец прыўзняўся ў саломе, ахоплены прадчуваннем бяды, але ўсё яшчэ не мог зразумець, што здарылася і што яму трэба рабіць. Пасля ўскочыў на балючыя, акалелыя ногі, схапіў аўтамат і ўгледзеўся ў снежнае поле, куды тыцкаў рукою сяржант.
Іхнім ранішнім следам па полі ад дарогі ішоў чалавек. Было яшчэ далёка, і Цімошкін не мог згледзець, хто гэта быў: свой, немец або, можа, венгр, але ўжо цяпер можна было ўгадаць, што кіраваў ён якраз да гэтае сцірты. Добра, што Блішчынскі прачнуўся і згледзеў яго. Відаць было па ўсім: пісар спалохаўся і цяпер бегаў вачмі па абшары, шукаючы дзе паратунку. Але ратавацца не было куды — наперадзе і збоку ўдалечы імчалі па дарозе нямецкія аўтамабілі, на гузе-ўзгорку ўжо акапаліся і чагосьці чакалі немцы. Добра, што на гэтай шырокай роўнядзі ворагі былі далёка ад іх і, мабыць, не дужа ўглядаліся ў свой тыл — пэўна, уся іх увага была скіравана ў бок фронту.
Чалавек у полі падыходзіў усё бліжэй. Блішчынскі прытуліўся за рогам сцірты; дрыжучы ўсім целам ад сцюжы, Цімошкін прысеў побач, і яны пазіралі з ім, імкнучыся як-небудзь дазнацца, хто ён. I тады стала відаць, што ён ідзе неяк дужа цяжка, хістаючыся ў бакі, як п’яны, калі-нікалі спыняючыся. Пасля ім здалося, што ён нешта нясе на сабе — цяжкае і вялікае, што прымушае яго так няроўна ступаць і схіляць голаў.
Нейкі час яны да слёз у вачах углядаліся ў гэтага пешахода. Было вельмі холадна, навокал у доле вірыла завея, вецер шкуматаў у сцірце салому, вурчаў, шархацеў і раз-пораз шалёна кідаўся ў іх трохі зацішны падстрэшак. Грышкаў афіцэрскі шынель ажно іскрыўся, абсыпаны срабрыстым снегавым пылам. Цімошкінава нутро, здаецца, наскрозь пракалела ад гэтае сцюжы і балюча самотна ныла. I раптам ад нейкага незразумелага, няўцямнага пачуцця Цімошкін падаўся з застрэшка. Здалося яму — выразна, абнадзеена радасна, — што гэта Іван Шчарбак. Яшчэ нічога ў ім нельга было разгледзець — нічога характэрнага ні ў постаці, ні ў адзенні, а ўжо ўдарыла ў голаў спадзёўка — канец адзіноце, цяпер будзем удвух! Ледзьве стрымліваючы сваю радасць, ён настойліва казаў сабе: гэта Іван нясе параненага Здабудзьку, таму такая незнаёмая яго хада і такая пастава.
— Блішчынскі! — гукнуў ён земляку. — Гэта ж Шчарбак!
Блішчынскі прыціх, насупіўся, памеркаваў і асцярожна зазначыў, углядаючыся ўдалячынь:
— Адкуль ён возьмецца?! Так нехта.
Цімошкіну стала прыкра, што зямляк не пацвярджаў яго радасці.
— Дзівак, ты паглядзі: у ватоўцы, вялікі і ідзе валюхаючыся. Пэўна, Здабудзьку нясе. Хіба не?
Блішчынскі яшчэ паўглядаўся ў далёкую, знямоглую, відаць, ад хады постаць і вылаяўся:
— Ну ведама ж, дурня кавалак! Якога д’ябла прэцца сюды! Не было яму іншай дарогі, ці што? От жа балда.
— А куды ж яму ісці! — здзівіўся Цімошкін. — Бачыць сцірту, да яе і ідзе.
— Бачыць! А таго не разумее, што нас выдасць. Яшчэ немцаў за сабой прывядзе.
Іван падышоў яшчэ бліжэй, і хлопец ужо не толькі адчуваў, але бачыў і пазнаў яго кароценькую з адтапыранымі кішэнькамі ватоўку, схіленыя дужыя плечы, на якіх ляжала нейкая ноша; пад грудзямі на рамяні боўтаўся яго ППШ.
Блішчынскі ўстрывожаным поглядам зноў акінуў далягляд, але, здаецца, нідзе ніхто на сачыў за імі. Тады ён паставіў на ахоўнік аўтамат і сказаў:
— Не мог дзе пачакаць да ночы. Трэба ж было перціся на віду ў немцаў… I ты гэта вось што, Цімошкін… Хочаш уратавацца — трымайся ля мяне. Разумееш? Ты не слухай яго. Зноў жа, я камандзір, а не ён. Я сяржант, разумееш? А ён радавы.
— Ну, гэта ўжо дудкі, — сказаў акрыялы Цімошкін.
— Як гэта — дудкі?
— А так.
Блішчынскі коратка зірнуў на хлопца і змоўк, нешта стаіўшы на сваім пачарнелым ад сцюжы і маладога шчаціння твары. Затым быццам прыпамятаў што, сунуў за пазуху руку, дастаў пляшку, пабоўтаў, але там, пэўна, было пуста, і ён шпурнуў ёю ў бочку. Звонка бразнуўшы, пасудзіна адскочыла ў снег.