Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У тумане

Быкаў Васіль

Шрифт:

Сушчэня застаўся ляжаць — ніцма пад кустом ядлоўцу, усё ўзіраючыся ў падлесак, у бок недалёкай ужо шашы. Яму было ўсё роўна, калі пераходзіць яе, ведаў, нічога добрага па той бок яго не чакае. Як, мабыць, не чакае нідзе. Але ён пачаў ужо прывыкаць да свае новае ролі — правадніка ці нават партызана, і імкнуўся выконваць яе спраўна. Ды каб выканаць спраўна ў ягоным становішчы, трэба было слухацца гэтага партызана Войціка, цяпер як бы яго начальніка. Тое паслушэнства давала яму цьмяную надзею, якая і вяла яго ўвесь дзень па лесе. Зноў жа Войцік, можа, зразумее, што ўсё тое Сушчэня робіць з свае добрай волі, без жаднага прымусу, хай ён памятае, а пры выпадку і

засведчыць тое.

Яны праляжалі так, можа, і не надта доўга, на шашы ўсё было ціха, мабыць, не праехала ніводнай машыны. Не чуваць было і страляніны. Вецер угары, мабыць, патроху суняўся, так і не разагнаўшы туман, які ці не стаў нават гусцець на сконе дня, за час іх чакання. Так, туман пагусцеў, Войцік адзначыў гэта па тым, як у шэрай навалачы здаля закурэў падлесак. Доўга ляжаць на воглым доле зрабілася сцюдзёна, дрыжыкі раз-пораз скаланалі цела, і Войцік ціха гукнуў:

— А калі цяпер, га? Па адным?

Сушчэня падняўся, сеў, азірнуўся. Ён не пярэчыў, але і не спяшаўся згадзіцца, ён памеркаваў трохі.

— Трэ паглядзець. Як там, на шашы.

— Ну паглядзі. Толькі нядоўга.

Цяжка ўстаўшы на ногі, Сушчэня валюхаста патупаў у падлесак, а Войцік раптам недарэчна сумеўся: дарма пусціў! На ўсякі выпадак ён з вінтоўкай адбег трохі ўбок і схаваўся за камель тоўстай хвоі. Глянуўшы з-за яе, убачыў, як Сушчэня асцярожна, крадком прабіраецца да шашы, часам яго затуляе беразнячок падлеску, але ён хутка паяўляецца ў іншым месцы. Пасля, аднак, яго зусім затуліў хмызняк, і Войцік расслаблена апусціўся за хвояй.

«Чорт яго ўвогуле ведае, што гэта за чалавек, — падумаў ён. — Быцца як свой? Ці, можа, падладжваецца, каб увесці ў зман?» Канешне, яго трэба дужа асцерагацца ўдзень, а калі яшчэ ўначы? Не, заставацца з ім нанач Войцік не меў намеру, ён адчуваў, што трэба як найхутчэй вызваліцца ад гэтага Сушчэні. Перайсці шашу і стрэльнуць. А то яшчэ стрэльне самога…

Аднак пакуль што кепскага нічога не здарылася, Сушчэня хутка паявіўся з кустоўя, і Войцік адначасна з ім падышоў да распластанага ў доле Бурава.

— Ну?

— На шашы пуста, — сказаў Сушчэня. — Нідзе нікога.

— Тады пойдзем, — рашыў Войцік. — Пакуль нікога няма. Трохі счакаем і пойдзем.

— Добра, — пакорліва азваўся Сушчэня.

Яны зноў апусціліся долу абапал Бурава, які, падкурчыўшы рукі, у чорнай картовай кашулі ляжаў на баку. Раскудлачаныя валасы і шырокія плечы нябожчыка былі аблеплены павуціннем і абсыпаны ігліцай, боты нізка спаўзлі з ног, і ўсё ягонае цела здавалася ненатуральна даўгім і няўклюдым. Сушчэня паправіў на яго жываце перакручаны падол мокрай ад крыві кашулі.

— Даўно знаёмыя былі? — запытаўся Войцік.

— Змалку. Цераз вуліцу іхняя хата стаяла.

— Да-а, — сказаў Войцік, нешта пачынаючы разумець. — Во гэта і падвяло. Яго і цябе.

— Яно, можа, і так, — неахвотна пагадзіўся Сушчэня. — Ды толькі мяне падвяло не тое.

— А што ж яшчэ?

Сушчэня працягла выдыхнуў і сашчапіў пальцамі рукі.

— Што не ўмёр там, у паліцыі. Во што.

— Гэта, можа, і праўда, — падумаўшы, сказаў Войцік. — Але паміраць не трэба спяшацца. Бураў вунь паспяшаўся. Праз сваю дурасць.

— Бураў не ў пару. Малады яшчэ. Шкада…

— Табе чаго шкадаваць?

— Бо праз мяне быдта. Але ж я ні пры чым. Ці ж я хацеў? Я толькі там, у балоціне, не хацеў ляжаць.

— Вот лёг бы ў балоціне, Бураў жывы быў бы. Так жа?

— Гэта так, мусіць, — паморшчыўся Сушчэня. — Але вы ўжо скажыце там, камандзірам…

— Што сказаць? — насцярожыўся Войцік.

— Ну пра мяне, калі што.

Калі не дайду. Усё ж жонка ў мяне, дзіця…

— А, во што! — здагадаўся Войцік. — Гэта скажу. Не турбуйся. Шчэ мо і напісаць прыйдзецца.

— Напісаць гэта добра. Усё ж дакумант.

— На дакумант спадзяешся? — здзівіўся Войцік.

— Ну. Усё ж, можа б, разабраліся калі.

— А ўсё ж завербавалі, ага? Ну прызнайся!

Войцік пільным выпрабавальным позіркам павёў на Сушчэню, і той ад няёмкасці крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Каб жа завербавалі, дык не ж! Вербавалі, ага! Але я не мог. Ну не мог я, і ўсё.

— Так ужо і не мог? — сказаў Войцік.

Сушчэня шчыра здзівіўся:

— Ну як жа можна, памяркуйце самі! На такое дзела? Мала, што сябе загубіш, дык яшчэ і сям'ю. Як жа ім жыць?..

Ён гаварыў тое быцца бы і шчыра, адзначыў у думках Войцік, і калі меркаваць наогул, дык пэўная праўда была ў ягоных словах. Але ўсё роўна паверыць яму Войцік не мог. Войцік за жыццё ўжо зведаў, як дасканала хітруе вораг, як прыкідваецца сваім, сябрам, нават партыйцам. Як той Хмялеўскі. Колькі гадоў віў сваю шкодніцкую вяровачку, прытвараўся, арганізоўваў слабыя калгасы. Ды ўсё ж выкрылі разумныя людзі, заўважылі і пакаралі. І хіба аднаго Хмялеўскага! А дырэктара школы Пратасевіча, міліцэйскага начальніка Лакцёнка, старшыню райспажыўсаюза Кузьміча. Ды ў кожнай вёсцы, у кожным калгасе. А ў вобласці! Скрозь паналезла процьма заядлых ворагаў, шкоднікаў, здраднікаў. А ў вайну іх вылезла яшчэ болей. Надта шмат было тых урокаў класавай барацьбы, каб і дурань чаму-нічаму навучыўся. Не, мусіць на тое дадзена і пільнасць, каб заўжды быць начаку і не паддавацца на зман. Не даць адмякнуць у сабе непрымірымасці і заўжды да ўсіх прыглядацца. Да суседа, да сябра, а то і да бацькі з маткай. Ці мала што? Часам, можа, шкадаванне возьме да каторага, асабліва калі знаёмы ці там радня. Але тое бабскае пачуццё міласэрнасці належала задушыць у сабе, сцяць зубы і намагчыся на тое, чаго вымагае бязлітасны класавы прынцып. Канешне, бывае агідна, боязна нават, часам не хапае рашучасці. Ну, але гэта таму, што ў Войціка слабы характар. Што зробіш…

— Ну, яно ўсяляк бывае. Вядома, вайна, — знарок прымірэнча зазначыў Войцік.

Але тыя ягоныя словы Сушчэня падхапіў з нязгодай і загаманіў са сцішаным запалам у голасе, чым нават здзівіў раздумна-насцярожанага Войціка.

— Вось вы кажаце — вайна! Што ўсё бывае… Але ж ці за год гэтай вайны ўсё так змянілася? Хіба людзі так хутка могуць мяняцца? Каб да вайны адзін, а ў вайну — іншы. Я тут усе трыццаць сем год пражыў, мяне ўсе ведаюць. Заўжды ўсе паважалі, ні з кім не пасварыўся ні разу. Але ж чаму цяпер перасталі верыць? Вот палучаецца, што немцам вераць, а свайму чалавеку — не. І суседзі, і вы. Жонка нават і тая… сумняваецца. Перамяніўся! Як гэта я перамянюся, калі мяне нарадзілі такім? — з ціхім абурэннем гаварыў Сушчэня.

— Э, шчэ як мяняюцца! — сказаў Войцік. — Асабліва няўстойлівыя элементы. Калі жыць захочацца…

— Вот іменна: калі жыць захочацца, дык як жа на горшага мяняцца? Гэта калі ўжо смерць, дык, быць можа, усё роўна. Але ж жывы на жывое спадзяецца. Хай не для самога, дык для дзіцёнка, можа. Калі хоць таму жыць пашэнціць

Адхінуўшыся на адстаўленую руку, Войцік пазіраў у недалёкі прытуманены падлесак, не надта ўважліва слухаў Сушчэню і думаў, што доўга марудзіць тут нельга. Відаць, гэты чалавек умеў сваёй памаркоўнасцю размякчыць сэрца. Бач, прыпомніў ужо і дзіцёнка! Так, чаго добрага, нядоўга і пашкадаваць яго, а там недалёка застанецца і да апраўдання.

Поделиться с друзьями: