Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У тумане

Быкаў Васіль

Шрифт:

Разважыўшы, Сушчэня, аднак, паспакайнеў — што ўжо яму гэты груган! Можа, на жывога не кінецца, а Бурава ўжо ён абароніць. Бурава ён ім не дасць, пакуль сам жывы. Можа, тым і адплоціць свой доўг перад нябожчыкам — усё ж Сушчэня яму абавязаны. Жыццём абавязаны. Іншая справа, чым урэшце абернецца тое яго жыццё. Што прынясе далей — збаўленне ці яшчэ горшую смерць?

Груганы і смутнае жаданне дачакацца Войціка прымусілі Сушчэню адмовіцца ад намеру пайсці куды з гэтага месца, і, хоць было страхавіта і сцюдзёна, ён цярпліва чакаў. Ён сеў на траву каля ног нябожчыка, сцяўся, угнуўся, затуліў пад пахі азызлыя ад сцюжы рукі. Бураў ляжаў у непатрэбным цяпер для яго шынелку, ды Сушчэня не наважваўся распрануць нябожчыка — не паднімаліся на тое рукі. Ён усё думаў, што вось-вось паявіцца Войцік з фурманкай, і тады яны паедуць адсюль. Куды паедуць? А хоць бы куды, абы далей ад гэтага здзічэлага хвойніку, ад гругання, можа, куды да людзей…

Ды мінаў

час, а Войцік не паяўляўся, груганы нікуды адсюль не ляцелі, азіраліся, гойдаліся на тонкім вяршаллі, часам мяняючыся месцамі, і ўсё шчыльней абступалі прагаліну. Пад вечар іх ужо сабралася тут з тузін, і наперадзе, на самай верхавіне хвойкі, бліжэй за іншых усё тырчэў той першы груган — цярпліва і пільна сачыў за двума чалавекамі ўнізе.

Неяк неўпрыкмет насунуўся вечар; хмарнае неба яшчэ болей захмарылася, з-пад хвойніку папоўз змрок, усё шчыльней атуляючы маленькі лапік-прагаліну. Тры вароны з дальніх вяршалін паляцелі кудысь адна за адной, рэшта ж засталася, чагось цярпліва чакала. «Але чорта вам, во!» — лаяўся ў думках Сушчэня, усё махаючы на іх рукамі. Толькі дарма: чалавек іх не палохаў, мусіць, яны разумелі марнасць яго пагроз. Было падобна, што гэтыя ўжо не збіраліся нікуды ляцець, ці не мелі яны намер і начаваць тут? Калі ўжо добра сцямнела і ў небе засталося відаць адно счарнелае вяршалле хвоек, недзе прапалі ў змроку і вароны. Аднак час ад часу там адчувалася нейкае варушэнне, некаторыя вяршаліны неспакойна пагойдваліся — значыць, вараннё ўсё чакала.

Войціка ж нідзе не было.

Сушчэню ўсё болей пачала агортваць стома. Ужо некалькі разоў ён лавіў сябе на тым, што пачынае драмаць, тады трывожна прахопліваўся, уставаў, махаў рукамі, прысядаў і ўскокваў — разганяў сон і грэўся. Але гэта не сагравала — стамляла яшчэ болей, хацелася легчы і забыцца ў сне. Зусім знямогшыся, урэшце не стрываў і лёг побач з нябожчыкам — бокам на пале ягонага расхінутага шыняля. Бураў даўно ўжо астыў, аддаўшы зямлі рэшту свайго жывога цяпла, але Сушчэню ўсё ж здалося ля яго ўтульней, нават нібы бяспечней. І ён сцішыўся са сваімі журботнымі думкамі, шчыльней месцячыся спіной да скалелага цела нябожчыка. Усё думаў, чаму яму так не пашэнціла ў гэтай вайне, у чым ягоная віна перад людзьмі ці перад Радзімай, самім сабой? Чаму менавіта яго напаткаў гэткі нялюдскі лёс? Чым ён заслужыў такую горкую долю?

Уся вялікая сушчэнеўская сям'я, без бацькі, колькі яе памятаў старэйшы Сушчэня, жыла ў нейкім хваравітым імкненні да праўды і чысціні ў адносінах з іншымі — вяскоўцамі, раднёй, суседзямі. За гады сваёй маладосці Сушчэня не мог уявіць, як гэта можна, напрыклад, пазычыць і не аддаць або нават не пазычыць каму, хто прасіў, калі гэта можна было зрабіць. Самі жылі трудна, бадай што бедна, кожны пуд збожжа, кавалак сала, якая капейчына былі надта патрэбны самім, але калі прыходзіла да іх бедная бабылка Хрысціна з прыжытым без мужа дзіцём, Сушчэні аддавалі апошняе — які кавалак хлеба, ці трант, ці рубель на лекі. Яно заўжды было шкада, заўжды не хапала самім, але маці ды баба Хвядора ў такіх выпадках казалі, што нельга гнявіць бога, не памагчы і без таго пакрыўджанай людзьмі і богам. Баба Хвядора вельмі сачыла і за імі — малымі, і пасля, як падраслі, — каб не было якой несправядлівасці ў дачыненні да іншых, малодшых ці там вясковых сяброў і суседзяў, і часам, калі што здаралася, сварылася на сваіх болей, чым на чужых, хоць часта свае і былі найменш вінаватыя. Або зусім не вінаватыя, як у тым памятным выпадку з піліпавымі снапкамі.

Здарылася так, што дзядзька Піліп, які жыў у другім канцы вёскі за станцыяй, вазіў каля іхняга гарода зжаты ячмень ад ракі і згубіў чатыры снапкі. Снапкі гэтыя бачылі ўсе Сушчэні, і маці, і дзеці, і бабка Хвядора, — тыя ляжалі сабе на сцежцы ўвесь адвячорак, дзядзька Піліп, мусіць, яшчэ не згледзеў прапажу, а як згледзеў і назаўтра вярнуўся па іх на сцежку, снапкоў ужо не было. Снапкі прапалі. Вядома, дзядзька Піліп засмуціўся, калі пачуў ад Сушчэняў, што снапкоў ніхто з іх не браў, а куды яны зніклі — хто ведае? Пабедаваў дзядзька і пайшоў, а ў Сушчэняў усчалася трывога. Бабка Хвядора ледзьве не плакала: гэта ж ён падумае на іх, тых Сушчэняў, каторыя за жыццё не сашчыкнулі чужога стручка цераз плот, не пакарысталіся чужым яблыкам-ападкам з узмежка. Увесь вечар Сушчэні раіліся, як ім уратавацца ад ганьбы. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што свой ячмень яны ўжо абмалацілі, у пуньцы не засталося ніводнага снапка. І тады бабка Хвядора пабегла цераз тры хаты да кульгавага Змітрака, у якага і пазычыла чатыры снапкі ячменю, і Сушчэня аднёс іх дзядзьку Піліпу, сказаў, што малыя, дурэючы, учора іх прыбралі са сцежкі, нікому не сказаўшы пра тое. Дурная ўвогуле сітуацыя, тым больш што тыя піліпаўскія снапкі сапраўды нехта прыбраў са сцежкі. Але падазрэнне ўсё ж было адведзена ад Сушчэняў, і бабка Хвядора сказала: «А чорт іх бяры, тых снапкоў, цяпер хоць спакайней спаць будзем». І ўсё яно было б добра, дзядзька Піліп не злаваў, калі б у душы ў Сушчэні не засталася

малая стрэмка: нехта ўсё ж пакарыстаўся тымі піліпаўскімі снапкамі, як і сушчэнеўскім прастадушшам таксама. Ну але ці першы і ці апошні раз? Заўжды ў такіх выпадках бабка Хвядора ці маці казалі: «А хай! Сабе спакайней будзе». Яны надта імкнуліся да ладу і спакою ў душы, але во ўрэшце гэтая яго гісторыя перавярнула ў Сушчэні ўсё дагары нагамі і гатова была адабраць жыццё, не толькі спакой душы…

Жахлівая тая ноч цягнулася для Сушчэні бясконца, ён то драмаў нядоўга, то прахопліваўся ад сцюжы ды і трывогі таксама, паднімаў галаву, слухаў. Калі ўсчаўся дождж, стала зусім кепска, ад дажджу тут не было схову, хіба апроч хвойнага вецця. Ужо змакрэлы, ён перацягнуў Бурава пад нізка навіслыя лапкі суседняй бухматай хвойкі, урэшце наважыўся, зняў з яго воглы, скрываўлены шынелак. Сам зноў прытуліўся поруч і, як з жывым, разам накрыўся яго шынялём. Так стала цяплей, прынамсі, не цякло на твар, а да нябожчыка можна было прыхінуцца спіной — нават утульна стала ў ямцы пад хвояй. І ён, здаецца, заснуў.

Спаў ён доўга ці не — невядома, толькі раптам пачуў блізкі здзічэлы крык — плач дзіцяці, ён адразу пазнаў той голас — галасіў яго Грышачка. І плач яго быў такі роспачны, столькі было ў ім адчаю, што Сушчэня з абмерлым сэрцам кінуўся на яго — за вугол хлява, у гародчык, здалося, менавіта там плача сынок. Ды плач пачуўся ўжо далей — за крайнім радам вішанніку ў садку. Баючыся спазніцца, Сушчэня пабег туды, за садок, пералез цераз трухлявы, аброслы крапівай плот на мяжы з бульбоўнікам, аднак нікога там не было — плач ужо чуўся аднекуль з падворка. Грышачка захлынаўся з астатняе сілы, мусіць, з ім сталася дужа кепскае, і Сушчэня жахнуўся, што не паспее, спозніцца. Па ўзмежку ён ірвануўся да падворка, і, як выскачыў на дрывотню, цэлая вароняя зграя ўзнялася над страхой варыўні; вароны ўсе закрычалі, няўлад і зласліва, замахалі крыллем, ашчэрыўшы чорныя дзюбы з вострымі чырванаватымі языкамі, — здаецца, яны гатовы былі задзяўбці чалавека. Баронячыся, Сушчэня ўскінуў рукі, утуліў галаву ў плечы, памкнуўся бегчы адсюль, як ад разлютаванага пчалінага рою. А Грышачкаў плач між тым усё роспачна лунаў у прасторы, памалу сціхаючы ці аддаляючыся. Пасля неяк усё памалу заглухла, засцілася невыразным наплывам сну…

Спакваля, аднак, ён прачнуўся ад пакутнай трывогі, якая так і не мінулася ні ў сне, ні наяве, і адразу пачуў знаёмую варонюю валтузню побач. Лежачы пад хваінай, ён трохі паслухаў; не, чалавечага голасу або плачу нідзе не было чуваць, толькі блізка, над самай прагалінай, абурана каркалі вароны, чуваць было, мітусіліся, варушыліся, пераляталі з хвоі на хвою, нібы чагось абурана патрабуючы ад чалавека, і Сушчэня са злоснай рашучасцю вылез з-пад хвоі. На прагаліне ўсё было воглым і стылым ад начнога дажджу і туману, які цяжкім нізкім покрывам спрэс сунуўся ў хвойніку, затуляў неба і дальняе вяршалле дрэў. Было, аднак, ціха. Калючае голле нізка звісала долу, абцяжаранае безліччу дробных празрыстых кропель, і ён добра намок, пакуль выбраўся з-пад хвойкі. Праклятае вараннё не адступалася. На гэты раз ён не стаў махаць на іх рукамі — выбраўшыся на шырокую зацягненую туманам прасеку, ён знайшоў здатную палку, абламаў на ёй сучча і вярнуўся на прагаліну.

— Прэч, праклятыя! Прэч!..

Ён замахнуўся палкай, выцяў ёю па хвойцы, другой — гругун неахвотна зваліўся і вяршаліны, узмахнуў крыламі і пераляцеў далей.

— Прэч, сволачы!!!

Войцік прыйшоў, калі ўжо добра развіднела і Сушчэня страціў рэшту надзеі — не ведаў, што рабіць і нават што думаць. Варон ён трохі паадганяў ад прагаліны, але тыя ўпарта не хацелі пакідаць хвойнік і трохі радзей парасселіся зводдаль на вышэйшым ці, можа, зручнейшым вяршаллі хвой. Чакалі. Накінуўшы на плечы бураўскі шынелак, Сушчэня паныла сядзеў пасярод прагаліны, таксама чакаў, сочачы за насцярожаным вараннём зводдаль. Тут яго і застаў Войцік, што ціха прадраўся ў тумане паміж радам хвоек.

— Сядзіш? — запытаў ён нават са здзіўленнем у голасе. Сушчэня бадай без радасці, няўцямна паглядзеў на яго. — А Бураў?

— Вунь, — паныла кіўнуў ён галавой у бок хвойкі, з-пад якой вытыркаліся нерухомыя боты Бурава.

— Так я і ведаў, — сказаў Войцік. — Даўно?

— Учора пад вечар.

— Добра што. Не трэба і падводы.

Войцік патупаў сюды-туды па цеснай прагаліне, паўзіраўся на варон.

— Іш сабраліся. Чакаюць.

— З учарашняга чакаюць, — сказаў Сушчэня і, памаўчаўшы, запытаў: — А што, фурманкі — няма?

— Фурманкі няма, — сказаў Войцік, зняў з пляча карабін і зморана апусціўся долу. — У Бабічах немцы.

— Во як!.. Дык як жа цяпер? — затрывожыўся Сушчэня. Вялікія рукі яго прыкметна здрыгануліся на каленях.

— А што цяпер? Прыхаваем і патопаем. Можа, прарвёмся.

— Куды?

— Ну хто куды. Я — у атрад, а ты ж, мабыць, да немцаў хочаш? — сказаў Войцік і сцюдзёнымі вачмі на абвялым, парослым шчэццю твары выпрабавальна ўставіўся ў Сушчэню.

— Я не да немцаў, — з зацятаю крыўдай сказаў Сушчэня. — Вядзі мяне ў атрад. Інакшай дарогі мне няма.

Поделиться с друзьями: