Сьцяна
Шрифт:
Машыны з афіцэрамі нарэшце паехалі па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзіць камбата. Палкавыя батарэі ў гэтай цеснай горнай даліне разьмяшчаліся па адной у некалькі эшалёнаў — першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнія. Усе сядзелі пры адной дарозе. Вядома, камбаты цікавалі за няўрочным рухам камбрыга і паведамлялі аб ім адзін аднаму, каб ня быць захопленымі зьнянацку. Начальства, як і праціўніка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок і патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлівы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, і тое адразу прыкмецілі нашыя зубаскалы-хлопцы.
— Ну, дамовіўся? Калі пабяжыш?
— А можа, ён сюды яе прывядзе? У госьці…
Кананок,
— Там зямлячка ваша, таварыш лейтэнант.
— Якая зямлячка?
— Ды зь Беларусі, кажа.
— Як зь Беларусі? Савецкай? — ня мог зразумець я.
У сярэдзіне Аўстрыі, напрыканцы вайны, у гэткім шыкоўным катэджы — зямлячка? Штосьці тут незразумелае…
— Ну, — толькі й адказаў нешматслоўны Кананок. Мабыць, болей ён ня ведаў нічога.
Тая навіна ня толькі кранула — яна амаль узрушыла мяне. Землякі наогул мяне абходзілі, за ўсю вайну я стрэў іх, можа, чалавекі тры. Мабыць, таму, што гэты Ўкраінскі фронт быў наводдаль ад Беларусі, салдаты ды й афіцэры ў нас болей паходзілі з Украіны, Паўночнага Каўказу, дзе фармавалася брыгада, ну і, вядома, з Расеі. Беларусаў жа ў палку, здаецца, не было ніводнага. Аднойчы дачуўся, быццам начальнік ГЗМ — беларус і пры выпадку запытаўся ў самога, адкуль ён. Але не, не зь Беларусі, хоць вымаўленьне яго было дужа падобнае да беларускага. Казаў, смаленец. Я быў расчараваны. Так хацелася сустрэць родную душу, хоць бы адкуль-небудзь з блізкага ці далёкага раёну, успомніць, пагаманіць пра даваеннае. А можа, і дазнацца што пра сучаснае з родных мясьцінаў, ад якіх я быў адарваны з пачатку вайны.
Вайна вайной, але, мабыць, належала зашыць разадранае рукаво. З тае прычыны, што тут гойсала начальства, распранацца ня стаў, папрасіў Кананка зашыць гімнасьцёрку на мне, і той выняў зь зімовай шапкі ржавую іголку зь нясьвежаю ніткаю. Толькі ён прыладзіўся зашываць, як ззаду завухалі нашыя гаўбіцы; цераз галовы, праразаючы тугое паветра, са шморгатам паляцелі цяжкія снарады. Спакваля зь іншага боку глуха загаўкалі нямецкія мінамёты — гэтыя, як і ўчора, пачалі біць па гарадку. Між дахаў і дрэваў пыхнулі ўгору дымныя выбухі — два зь іх зусім побач, за лесапільняй.
— А ну ўсе ў равок!
Цесьненька, адзін ля аднаго, мы стуліліся ў вузкім раўку; на агнявой ля панарамы гарматы, як заўжды, застаўся адзін наводчык Сьцяпанаў. Выбухі таўклі навакольле, разьбівалі ўшчэнт дахі дамовак. Невядома было, колькі працягнецца той абстрэл, калі толькі гэта звычайны абстрэл безь якога руху пяхоты. Калі зь пяхотай, будзе горш справа, можа, і нам прыйдзецца ўключыцца ў бойку.
— Абармоты! — бурчэў тэлефаніст Муха. — Не дадуць і пасьнедаць.
Так, сьняданак, між тым, затрымліваўся, як бы не давялося есьці яго разам з абедам. Як пазаўчора. Тут, у Аўстрыі, зусім ня тое, што нядаўна было ў Вэнгрыі, калі мы пра кухню ня дбалі, харчаваліся з цывільнага харчу — ня трэба была ні пярловая каша, ні вэрмішэлевы суп. У кожнай хаце лёгка было здабыць кавалак вяндліны, колца прыперчанай каўбасы, бохан белага хлеба. Ды яшчэ бутлю, а то й болей віна — чырвонага ці белага. Але Вэнгрыя каштавала нам немалой крыві і засталася ззаду, а ў Аўстрыі з харчам было тугавата. Аўстрыякі самі сядзелі на картках. Увогуле, галадалі. I мы мусілі есьці тое, што варыў старшына. А той, вядома, ня дужа даваў сабе клопату — частаваў тым, што прывозілі з тылу.
Абстрэл доўжыўся з гадзіну, стралялі нашыя артылерысты і немцы. Разы два выбухнула на дарозе, ля тога паўразьбітага дому, дзе раніцай стаялі машыны, — паленым смуродам пацягнула ў наш бок, да рэчкі. I мне раптам стала клопатна: хоць бы не патрапілі ў той слаўны катэдж. За адну сэкунду маглі спляжыць усё гэтае ўтульнае хараство, над якім шчыравала, можа, не адно пакаленьне ягоных уласьнікаў. Тым часам па той бок гарадка на перадавой было быццам ціха. I то добра, значыць, атакі не было ні з чыйго боку. Можна было трохі расслабіцца, адыйсьці ад напругі, і я вылез з раўка. Ля наводчыка Сьцяпанава ўжо сядзеў камандзір гарматы Мядзьведзеў, — ня ў лад са сваім прозьвішчам худы, даўгалыгі сяржант з вузкім,
стараватым тварам. Абстрэл прыпыніў яго ранішні сон пад плашч-палаткай ля бруствэру, і цяпер сяржант нэрваваўся.— Якога д'ябла! — зазлаваў ён, калі выбухнула зусім блізка, здаецца, за агароджай лесапільні. — Запаляць, будзе сьмярдзець да вечара.
— I без таго смуроду хапае, — сказаў наводчык.
— Такі гарадок пляжаць. Безь якой патрэбы. Усё роўна хутка канец, нікуды ня дзенуцца.
— А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, — сказаў Сьцяпанаў, — каб нікому не дасталося.
Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькі мы штось замарудзілі, уперліся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыі ўжо наступалі амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавіў іх ня так і далёкія перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфіры зь нямецкай, чаго раней не чутно было ніколі. Значыць, яны тут недалёка і, можа, днямі ўдараць насустрач нам з захаду. Калі да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руіны. Чамусьці раней пра тое ня думалася. Будынкі, гарады і сёлы на вайне наогул ня браліся пад увагу і аднолькава руйнаваліся і намі, і немцамі. Але цяпер во паявілася новае пачуцьцё, новыя адносіны як да чалавечых жыцьцяў, так і да чалавечай маёмасьці. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутніцы Аўстрыі, таксама па-сутнасьці нямецкай ахвяры.
Як трохі пацішэла ўгары, прыйшлі нашыя салдаты з кухні. Атрошчанка і Скібаў прынесьлі па два кацялкі, боханы хлеба ў рэчмяшках — харч для ўзвода на ўвесь дзень. За імі чамусьці валюхаста валокся праныра санінструктар Пятрушын, і я зласьліва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся ніколі, гэты трыццацігадовы сяржант, які ў прамежках паміж абстрэламі бадзяўся па батарэйных тылах. Калі ж узьнікала якая патрэба, дык санінструктара было не знайсьці. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкі нават лісьліва, нібы паддобрываючыся:
— Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лічы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй — сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? — запытаўся ён.
Салдаты павылазілі з раўка, пачалі рэзаць хлеб на палатцы, усаджваліся над кацялкамі з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо і не выказваў цікавасьці да ежы. Ён дастаў з кішэні «бархотку» і, паставіўшы бот на станіну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другі. З усіх сяржантаў у палку адзін ён фарсіў у зграбных хромавых ботах, аб якіх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.
Начысьціўшы боты і палюбаваўшыся на іх амаль люстраны бляск, санінструктар раптам успомніў:
— А дзе мой трафэй?
— Які трафэй? — знарок не зразумеў я.
— Ровар.
— Ровар камбрыг адабраў, — схлусіў я.
— Ды ну? Так і адабраў?
— Менавіта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.
Пятрушын павярнуўся да Кананка, які з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьміхаўся.
— Ну, адабраў…
— Так я і паверыў, — засумняваўся санінструктар. — Схавалі недзе.
Ён пачаў азірацца каля агнявой, шукаць ровар: зазірнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.
— Не шукай, ня знойдзеш, — раптам сказаў Мядзьведзеў. — Камбрыг загадаў аддаць.
— Каму аддаць?
— У каго ўзялі.
Ну, навошта было гаварыць тое, зласьліва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае і, ні слова ня мовіўшы, пераскочыў бруствэр.
— Ты куды? Назад!
Той толькі буркнуў штось на хаду і хуткім крокам скіраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь ім рабіць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносінах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлі зь віном, выручаў, калі ён, перабраўшы, ляжаў у кабіне «студэбэкера», казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ — малярыя. Той і праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэі. Але хварэлі ўлетку і ўвосень, зімой малярыя ня брала.