Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Наступалі, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сіле, справіцца зь якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генэрал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што, калі суадносіны сілаў на фронце склалі 1:10 на карысьць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлі ня толькі людзкія папаўненьні, але і ўзбраеньне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзьнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскіх аўтамабіляў — «фордаў», «шэўрале», «студэбэкераў», «доджаў», «вілісаў». Нашмат горш было з прадуктамі харчаваньня, хлебам; нярэдка арміі, і нават франты, харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украінскі і I Беларускі франты апынуліся бяз хлеба і змушаныя былі раскопваць у Сумскай вобласьці няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кішынёўскай апэрацыі харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацікілямэтровай прыфрантавой паласы былі выселеныя ўсе малдаўскія сёлы, харчовыя запасы якіх рэквізаваліся

для двух Украінскіх франтоў. Чыгуначны ды іншы транспарт на той час вазіў выключна боепрыпасы і зброю для будучых апэрацыяў.

Вайна дарэшты разбурыла эканоміку эўрапейскай часткі СССР. Гарады ляжалі ў руінах, калгасная сельская гаспадарка была зусім дабітая баявымі дзеяньнямі войска — сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым — на захад. Галодная Ўкраіна не магла пракарміць шматмільённыя арміі, што прыйшлі на яе зямлю, самі сяляне звыкла і даўно галадалі. Франтавікі харчаваліся небагатым пайком, што складалі кавалак чорнага (з сурагатамі) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай ці пшоннай кашы або вэрмішэлі. Упершыню мы наеліся толькі за межамі роднай краіны, на зямлі, ня толькі не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўдні, такой краінай стала Малдавія. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавіна, віно… Нібы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялізнай колькасьці войска панішчылі ўсё харчовае багацьце гэтай краіны. Пасьля таго, як мы пайшлі далей на захад увосені сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай і аб'едзенай, як і ўсе папярэднія.

Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзіва рацыянальна арганізаванай сельскай гаспадаркай. Войскі адразу ж перайшлі на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны «падножны» корм. Зьдзіўляла таксама цярпімасьць і гасьціннасьць насельніцтва Вэнгрыі, армія якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А між тым не запомніўся ніводны выпадак адкрытай варожасьці ці сабатажу ў адносінах да «гасьцей з усходу», усюды мы сустракалі калі ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкі фашызм і ў лягеры якога так ці інакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулі ад прапагандыстаў-палітрукоў, і тыя з нас, што былі старэйшыя гадамі і разумнейшыя, заклапочана хмурыліся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней.

Як пачаліся наступальныя апэрацыі Чырвонай Арміі, дык у войску паявілася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылі, што нямецкаму войску ўласьцівыя некалькі іншыя бытавыя стандарты, і што ў пакінутых імі акопах (таксама як і ў палонных) можна чым-колечы пажывіцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват ішлі добрыя салдацкія боты (замест нашых чаравікаў з абмоткамі), цьвярдыя дзягі са спражкамі, зь якіх звычайна выпілоўвалі ненавісную свастыку, скураныя сумкі, коўдры, камуфляжныя плашч-накідкі. Як заўжды, папулярнымі былі гадзіньнікі, электраліхтарыкі, запальнічкі і розная папяровая драбяза — паперы ж ні для лістоў, ні для цыгарак на фронце не давалі. Апроч таго, здаралася, што захоплівалі харчовыя склады з рознай правізіяй: шакалядам, кансэрвамі, каньяком. Сувязісты стараліся ў наступленьні разжыцца найперш трафэйнымі тэлефоннымі апаратамі і дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.

Карысьлівая зацікаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацілася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьці легальнае рабаўніцтва на ўсіх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавікам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былі створаныя і актыўна працавалі трафэйныя каманды. Салдатам і афіцэрам дазвалялася пасылаць пасылкі на абрабаваную радзіму, і начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для іх здабываліся зусім не на полі бою. У гэты час салдацкія рэчмяшкі прыкметна патаўсьцелі ў аб'ёме, таксама як і супрацьгазавыя сумкі, зь якіх даўно ўжо павыкідвалі супрацьгазавыя маскі і клалі болей патрэбныя рэчы: бялізну для жонкі, якіх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзіцячы гарнітурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку паміж баямі можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэі ці пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкі, якія потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралітэт ды іншае начальства свае баявыя трафэі вывозілі звычайна аўтамабільным і чыгуначным транспартам і зьбіралі іх зусім не з падмёткаў і дзіцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбіралі для іх пушніну, фарфор, музычныя інструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнікалі кароткія канфлікты, калі падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальніцкай увагі некаторыя іх каштоўнасьці, што лёгка рабілася чужой здабычай. Зрэшты, канфлікт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.

У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявілася надзея выжыць. Ва ўсіх без выключэньня — ад салдата да камандуючага. Гінуць працягвалі штодзень, а то й кожную гадзіну, але з новай магчымасьцю паявіліся і новыя адносіны да вайны. Пачаліся малыя й вялікія, не заўжды прыстойныя хітрыкі на полі бою, ва ўзаемаадносінах з камандзірамі. Сталі нярэдкімі выпадкі, калі зусім бездакорныя раней афіцэры пачалі выяўляць празьмерную засьцярожлівасьць, а то й нерашучасьць, што блізка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзілася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпіша. I сьпісвала. Усё ж начальніцкая жорсткасьць, уласьцівая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянілася на пэўную памяркоўнасьць, афіцэры ўжо болей-меней прыцёрліся ва ўзаемаадносінах. Як і заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта і патрабавалася ў кожнай вайсковай ці таталітарнай сыстэме.

Гераізм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў ці не адзіным рэальным сродкам перамогі, прадметам галоўнага клопату з боку паліторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся іх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборніцтва: паміж байцамі, аддзяленьнямі, ротамі. Хто болей панішчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьні. Усё падагульнялася сродкамі прапаганды і статыстыкі, старанна дакумэнтавалася,

хоць і зьяўлялася па сутнасьці плёнам палітычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьці сваіх нампалітаў ставілася цярпіма, хіба што з пэўнай іроніяй. Як, зрэшты? і да ўсёй палітпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камісары дапамагчы наўрад ці маглі, нашкодзіць жа — колькі заўгодна. Страявыя камандзіры тое добра засвоілі яшчэ з даваеннага часу.

Цікава, што ў вэрмахце не было паліторганаў, і быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзіму. Гераічных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай арміі. Як, зрэшты, і ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армія за вайну наладзіла немцам адзін буйны, армейскага маштабу «кацёл» — Сталінградзкі, а колькі нашых арміяў зь мільёнамі салдат і камандзіраў скончылі сваё існаваньне ў шматлікіх «катлах» — на Ўкраіне, у Беларусі, у Падмаскоўі. Нават ужо напрыканцы вайны, зімой 1945 году ў Вэнгрыі, немцы амаль разграмілі III Украінскі фронт, што складаўся зь некалькіх арміяў, і толькі наяўнасьць стратэгічных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьці (пайшоў лёд па Дунаі і пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглі ад разгрому ўсёй балканскай групоўкі Чырвонай Арміі. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкіна і Кажадуба, якія зьбілі за вайну адпаведна 59 і 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нічога ня ведалі пра нямецкіх асаў-зьнішчалькаў Хартмана і Баркхорна, якія зьбілі 347 і 301 савецкі самалёт. Усяго ў нямецкай арміі налічвалася каля ста пілётаў, кожны зь якіх зьбіў больш за 100 нашых самалётаў. Ці гэта не нагода для вайсковых гісторыкаў паразважаць пра ступені майстэрства, таксама як і пра якасьць нашай хвалёнай авіятэхнікі?

Каму не вядома, што жыцьцё пехацінца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымліваліся. Тыдзень у наступленьні, месяц у абароне — такі быў максымальны тэрмін для салдата стралковага батальёна, за якім наставаў «земаддзел» або «здраўаддзел», — як невясёла жартавалі пехацінцы. I калі былі іншыя роды войска, якім таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскі, зьнішчальная ды штурмавая авіяцыя), дык іхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калі не адзінай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Іерархія ўзнагародаў, як і сама працэдура ўзнагароджаньня, былі ня так вызначаныя заканадаўча, як складаліся паводле пэўнай самачыннай традыцыі. Ніхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзіра, ніводны начальнік не імкнуўся ўзнагародзіць падначаленага, калі ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўваліся зусім не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьці ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркі давалі камандзіру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступені — камандзіру роты, першую ступень атрымліваў камандзір батальёна, які пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзіраў і палітработнікаў дывізійнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралітэту існавалі шматлікія палкаводчыя ордэны. Даволі дзіўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, які ўстанавілі ў сярэдзіне вайны выключна як узнагароду сяржантаў і салдат дзейнай арміі. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкі мэдаль «За адвагу». Але ў шасьцідзясятыя гады, з ініцыятывы Канстанціна Сіманава, які зьняў дакумэнтальны фільм пра кавалераў гэтага ордэна, апошні дзіўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркі Героя і ў гэткім статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгіку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якіх у брэжнеўскі час дасягнула сотні, а то й болей. Кошт іх пасьля рэзка ўпаў, і, мабыць, не засталося старэйшага грамадзяніна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам — за вайну ці за працу. I не якой-небудзь «Працоўнай Славай», а і палкаводчым ордэнам Леніна — здаецца, самай высокай з усіх нядаўніх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Леніна дазваляў узнагароджваць ім усіх — ад даяркі да маршала і міністра. Толькі салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала ніякай крыві яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалі ня так і часта. Для многіх салдат, што скончылі вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзінай вайсковай узнагародай, усе астатнія — пазьнейшага, юбілейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацілі невялікую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, «паводле хадайніцтва працоўных». Бальшавікі, як вядома, выдатна ўмелі арганізоўваць такія «хадайніцтвы».

Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлі новыя пакаленьні. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькі скарачаецца ў сваіх магчымасьцях, але й падмяняецца нібы якой антыпамяцьцю, актыўна капітулюючы перад прапагандавымі старэатыпамі. Мы перамаглі лютага ворага — нямецкі фашызм, але ці маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогі? I якія яе сапраўдныя мэты — ці толькі разгром фашызму? Што мы прынесьлі на сваіх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькі ашчасьлівілі палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар і югаславаў, якія й дагэтуль ня могуць выграбціся з выкапанага для іх рова сацыялістычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогі, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогі? Вось немцы, напрыклад, не перамаглі, не перамаглі таксама італьянцы і японцы — стрывалі грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабілі пэўныя высновы і ў выніку так добраўпарадкавалі сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго ніколі. Значыцца, ці такая адназначная для нас наша гістарычная перамога? Можа, тоіцца ў ёй штосьці і яшчэ, болей для нас важнае? Ці гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую міласьць: каму пустазвонства перамогі, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлівасьці, як таго і патрабуе мілы для нашых сэрцаў сацыялістычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця.

Чым болей часу мінае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставіць мінулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якія зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнікаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для іх настаў час, не зьвязаны з праклятым мінулым, якое стала заслужаным лёсам іхных бацькоў і дзядоў. Але пачакаем з высновамі. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугія вузлы якой, ня надта пасунесься ў Інчасьлівую будучыню. Хоць гісторыя, як вядома, нічому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нікому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для іншых яна — непатрэбная рэч. У тым ліку і гісторыя мінулай і крывавай вайны.

Поделиться с друзьями: