Выбранае
Шрифт:
Гэта было самае пэўнае і самае небяспечнае з усяго магчымага ў тых надзвычайных абставінах. За нядоўгі час, пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера і вёў, вёў ствалом за матацыклам, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Ён канчаткова страціў тады са свайго адчування і жыццё, і мастацтва, і развагі аб годнасці свае асобы – увесь свет у той час абмежаваўся для яго толькі дакорлівым позіркам злосных старшыновых вачэй і гэтым імклівым ланцужком матацыклаў.
Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыны і не дужа імкліва, але ўсё
Нейкі час ён яшчэ быў жывы, але ўжо не адчуваў нічога. Не бачыў баец Фішар, як кінуліся немцы да першага і адзінага забітага ім ворага, як беражна ўклалі яго, акрываўленага, у люльцы, як двое ці трое саскочылі з матацыклаў, шастаючы ў іржышчы ботамі, падбеглі да акопчыка і разрадзілі ў яго свае аўтаматы. Малады аўтаматчык у плямістым разведчыцкім камбінезоне з раўнадушнымі вачыма нагнуўся над ім, ірвануў за мокры каўнер яго шыняля і гідліва кінуў, мякка стукнуўшы скроняй аб мокрую сцяну акопа. Ён пастаяў над забітым, не ведаючы, што зрабіць яшчэ, і пасля з абыякавасцю піхнуў ботам процівагазную сумку, звечара забытую на брустверы. З сумкі вылецеў кавалак счарсцвелага хлеба, некалькі абоймаў патронаў і пашкуматаная старая кніжка ў чорнай вокладцы – «Жыццё Бенвенуто Чэліні, фларэнційца, напісанае ім самім». Адляцеўшы ў іржышча, яна расхінулася, і ранішні вецер, які пачаў ужо разганяць туман, паціху заварушыў яе зачытаныя, пашкуматаныя старонкі...
Учуўшы далёкую, знаёмую па тэмпу чаргу нямецкага кулямёта, Карпенка рвануў дзверы і зычным голасам, здольным узняць полк, закрычаў у старожку:
– У ружжо!!!
Глечык і Свіст, жмурачы заспаныя вочы на замурзаных, нямытых тварах, кінуліся ў дзверы. Свіст спрасонку не мог трапіць у рукаў шыняля, няспрытна распінаў яго і так выскачыў са старожкі, няўцямна азіраючы абшар. Аўсееў бліснуў спалохам на раптоўна збялелым твары, хуценыса скочыў у траншэю і прытуліўся ў ячэйцы. Карпенка тым часам таксама заняў сваё ўкрыццё і залязгаў затворам, зараджаючы кулямёт.
Нейкі час яны ўсе чакалі, баючыся патрывожыць цішыню, але наперадзе не было нікога. Тады трывога пакрысе ўляглася, байцы агледзеліся, пачалі меркаваць, і Карпенка, успомніўшы пра знікненне Пшанічнага, гучна і злосна вылаяўся:
– Дзе Пшанічны, д’ябальская морда? Што гэта такое?
Свіст і Аўсееў, якія ўпершыню ўчулі, што прапаў баец, здзіўлена паглядзелі на старшыну. Гэтая падзея з Пшанічным непрыемна ўразіла іх, але трэба было сачыць за дарогай, бо, чулі яны, там здарылася нешта важнейшае.
Абапіраючыся рукамі аб не дужа высокі
ўскраек акопа, старшына пільна ўзіраўся ў туман і злосна думаў пра гэтага Пшанічнага, няўмеку Фішара, які маўкліва сядзеў у полі, не падаючы ніякага знака, і пра тую невядомую падзею наперадзе, што прарвалася стрэламі. Карпенка не сумняваўся, што ў вёсцы ўжо немцы, ён толькі не ведаў, калі яны пакажуцца з туману, і баяўся, каб Фішар, заснуўшы, не трапіў у іхнія рукі. На якое там стойкае супраціўленне гэтага няўмелага байца-«вучонага» камандзір і не спадзяваўся, ён палічыў бы за лепшае, каб той проста цяпер уцёк да сваіх.Але Фішар не бег, і яшчэ праз трохі часу на пераездзе пачулі далёкае фыркатанне матацыклаў. Карпенка зірнуў на Свіста, які, бяспечна высунуўшыся з акопа, азіраў дарогу, на Аўсеева, што нізка прыхінуўся да бруствера, і таксама ўпіўся ўдалячынь. Глечыка за рогам старожкі яму не было відаць, і старшына ўладарна скамандаваў:
– Увага! Да мяне не страляць! Замры!!!
Ён і сам прыпаў да прыклада свайго «дзегцяра», па-драпежнаму самкнуў над пераноссем шырокія густыя бровы і напружана сцяўся. I ў той час усе пачулі, як на пагорку затахалі рэдкія адзіночныя стрэлы і з туману выпаўзлі матацыклы.
– Нашто? Нашто? – не разумеючы, чаму не ратуецца Фішар, закрычаў старшына. – Цікай давай! Эх ты, раз-зя...
Ён не дакончыў свайго папроку, бо стрэлы ў той час сціхлі, а матацыклы шыбавалі сабе далей. Карпенка чакаў, што Фішар, можа, яшчэ выбежыць у нізінку, а пасля ён стаў думаць, што баец стоіцца, прапусціўшы немцаў, але неўзабаве грымнуў адзінокі стрэл, які, відаць, адразу і затрымаў усю матацыклетную калону. Старшына здзівіўся, зусім не ведаючы, як разумець тое, і скамянеў, збянтэжаны незвычайнай сутычкай, што разыгралася ў полі ля дзвюх закаржэлых бяроз.
Яго вывеў з гэтай недаўменнай змярцвеласці пагрозлівы вокліч Свіста:
– Ах вы, сабакі! Я ж вам зараз уляплю!
Ён ухапіўся за свой ПТР, але было яшчэ рана, і старшына крыкнуў:
– Стой! Я табе ўляплю!
Бранябойшчык нездаволена азірнуўся, але паслухаўся і, відаць, зрабіў добра. Не прайшло і хвіліны, як ля бяроз выплылі з туману два бронетранспарцёры, яны спыніліся ля пярэдняга матацыкла, нешта пастаялі і пасля цішэй, чым дагэтуль, відавочна асцерагаючыся, пачалі спускацца па дарозе ўніз. За імі рушыла чарада матацыклаў.
Ужо зусім развіднела, скрозь разарваны ветрам туман паказалася ўгары клочча невысокіх аблокаў, дзе-нідзе між іх густой завалачы сіратліва бліскалі прагалы блакіту.
Карпенка зразумеў, што яно пачынаецца. Транспарцёры нямала занепакоілі яго, але старшына сабраў усю немалую сілу свае натуры і толькі сцяў сківіцы. Каб ударыць пэўна і з карысцю, трэба было падпусціць іх як найбліжэй, і Карпенка вызначыў для гэтага рубеж на дарозе – масток крокаў за дзвесце ад пераезда.
– Свіст! – гукнуў ён бранябойшчыку– Глядзі, брат, пачнеш з задняга. Чуеш?
– Будзь спок! – коратка азваўся Свіст, наводзячы на машыны доўгі ствол свайго «пэтээра».
Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаілася яго чацвёра абаронцаў. Заклапочаны Карпенка ўжо не азіраў сваіх байцоў і не бачыў, як самотна зморшчыўся за рогам старожкі малады твар Глечыка, як засцярожліва стаіўся за брустверам Аўсееў, як напружыўся за нацэленым «пэтээрам» Свіст. Бегучы сюды, у траншэю, баец недзе згубіў пілотку і цяпер уцяў у плечы галаву на якой ва ўсе бакі тырчалі яго абстрыжаныя льняныя віхры.