Выбранае
Шрифт:
Наступнаю ноччу ён дамогся новага посьпеху — так пашырыў шчыліну, што мог прасунуць у яе абедзьве рукі, неяк узяцца за бок каменя. Належала яго рваць на сябе, але ці вырвецца? Ці стане ў яго столькі сілы? Усё ж сілы, мабыць, было малавата. Тады ён пачаў варушыць камень — цягнуць і піхаць яго з боку ў бок, зьверху ўніз. Тое адабрала нямала часу, але дало большы вынік, — здаецца, ён перамагаў каменную пароду. Зь яго слабымі чалавечымі сіламі і яго магутнаю прагай волі.
Нарэшце ён выдзер гэты камень, хоць у самога паплылі ад натугі каляровыя кругі ўваччу, захлыналася
Зь вялікаю асьцярогай ён ускаціў камень на ранейшае месца, доўга круціў яго, пакуль уладкаваў дакладана туды, дзе ён заўсёды ляжаў. Неяк затуліў трантамі шчыліны. Здаецца, і зблізку нічога не было відаць. Але калі ня ўчыняць шмон. Калі будзе шмон, усё прапала.
Той дзень ён пачуваўся бы на іголках. То сядзеў, то ўскокваў, хадзіў сюды-туды па апрыклай камэры. Наглядчык, што прынёс яму сёрбава, быў у воглым шынялі і змакрэлых ботах, значыцца, там, на волі, ішлі дажджы. Здаецца, настала восень. I яго ня выкрылі. Ужо гэта была ўдача — нечуваная, небывалая. Жахліва, калі ўсё сарвецца у апошні час. У апошнія хвіліны. Яму б толькі дачакацца начы...
Але настала і ноч. Турэмшчыкі паводзілі сябе, як заўжды: прынесьлі вячэру, зьмянілі парашу. Ні ў іхных паводзінах, ні ў позірках, здаецца, не было нічога, што выклікала б у яго трывогу. Ужо ён бы заўважыў. Ягоны позірк і слых сталі цяпер, бы напятыя струны, бы лазэрны прамень — ён заўважаў усё. Надта шмат цяпер залежала не ад яго — ад іншых. I ён настроіўся на іншых — на ягоных турэмшчыкаў. Што залежала ад яго, ён зрабіў усё. Нават болей, чым спадзяваўся.
Ён хваляваўся. Увечары ня здолеў зьесьці сваю пайку хлеба (ня лезла ў горла) і ня ведаў, куды яе схаваць. Нязьедзеная, яна магла выклікаць падазрэньне і выдаць яго. Сунуў у гамашы, да паловы засыпаныя друзам. А сам ужо прызвычаіўся босы. Як босаму будзе там, на волі, не хацелася думаць. Галоўнае, каб вырвацца на тую волю. Як добра ўцямнела і за сьцяной аціхлі ўсе шолахі-шумы, стаў на калені і перахрысьціўся. Канечне, ён быў ня надта рэлігійны, але ж... Мусіць, для надта вялікае мэты здатныя ўсе сродкі — і д'яблавы, і Богавы. Абы памаглі. Трохі адкаціў убок камень, згорбіўся, нагнуўся — галава пакуль што лезла. Дужа абдзёр вуха, садраў скуру на лобе, але прашчаміцца целам было трудней. Галоўнае, не пралазіла плячо і зь ім рука, як ён ні выкручваў яе ў гэтым каменным лёху. Тузаўся так і сяк, аж спалохаўся, што зусім зашчаміўся, бо ня мог ужо выдзерціся і назад. Але ўсё ж, неяк намогшыся, прашчаміў руку з галавой, мабыць, да крыві абдзёршыся пад кашуляй. Горш, аднак, што і далей ня стала лягчэй. Ён ужо адчуваў, што прасунуцца назад ці наперад у яго проста не стае сілы. Нейкі час ён ляжаў так, зашчэмлены ў камяніцы, і ня рухаўся. I тады выразна адчуў, што прападзе. Калі ня знойдзе ў сабе сілы на апошні рывок. Яго ахапіў спалох. Але спалох, мусіць, і надаў сілы, прымусіў ірвануцца. За штосьці ён учапіўся рукой наперадзе і трохі пасунуўся. Затым
зноў напяўся і яшчэ пасунуўся. I яшчэ. I ўрэшце па грудзі выдзерся з каменага лёху, далей стала лягчэй. I ён апынуўся пад сьцяной знадворку, на мокрым, сьцюдзёным бруку з дробнаю траўкай між камянёў.Вакол было цёмна, даволі сьцюдзёна, але зацішна. Нейкі час ён пластом ляжаў на бруку, аддыхваўся, ня ў стане падняцца, каб сесьці. Пасьля падняў галаву — у чорным небе высіўся шэры мур сьцяны, ад якой паўколам зачынаўся іншы, — мабыць, вежа гэтага старога збудаваньня. Сьцяна была ўзбоч, каля ягонага лёху, што чорнаю плямаю зеўраў нізка ля ног. Вакол была ноч і воля, да якой ён нарэшце дапяўся. Але чаму ж ад яго адхлынула радасьць?
Нешта ўпарта замінала той яго радасьці, можа, змрочная няпэўнасьць навакольля — што тое было? Вуліца, падворак, закінуты сквэр? Але нідзе не відаць было дрэваў. Хоць павінны ж былі яны расьці ля старога турэмнага муру. Замест дрэваў стромка ішла ўвысь чорная вежа, а за ёй мроіўся ў цемры шэры прасьцяг усё той жа сьцяны. З кепскім прадчуваньнем ён устаў на ногі, хістаючыся патэпаў уздоўж сьцяны, мацаючы яе зьбітай да крыві рукой. Пад яго босымі нагамі быў сьлізкі сьцюдзёны брук. Хутка ён упёрся ў куток; высокая, на два паверхі сьцяна паварочвала ў іншым кірунку. Ледзьве ня подбегам ён скіраваў ля яе, усё мацаючы рукамі яе шурпаты тынкаваны бок, думаючы натыкнуцца на браму, арку ці які выезд. Ды марна. Ён бег нядоўга і ледзь ня выцяўся аб выступ старой і няроўнай каменнай кладкі, за якой, аднак, бы чарнелася штосьці. То была шырокая і высокая ніша зь дзьвярыма-выездам з гэтай каменнай пасткі. I праўда, у нішы чарнеліся вялізныя, абкаваныя жалезнымі крывулякамі дзьверы, але ні каля іх, ні ўнізе не прасьвечвала ні шчыліны. Не было і клямкі. Ён ціха патузаў дзьверы, паштурхаў плячом — тыя нават не скрануліся ад яго слабой сілы. Тады ён кінуўся адсюль у другі бок, выцяўшыся аб штось у цемры, апынуўся на бруку. Моцна пабіў калена, ускочыў і зьнерухомеў у палахлівым зьдзіўленьні. Над ім у змрочнай шэрані неба высіўся знаёмы абрыс шыбеніцы, амаль над самай галавой невысока зьвісала вяроўка-пятля. Пад ёй быў збудаваны драўляны падмостак, на які ён і натыкнуўся ў змроку. Выйсьця адсюль не было.
Прыгаломшаны і зьнясілены, ён ціха апусьціўся долу. То быў поўны тупік; пастка за ім зачынілася. Надзея, што вяла яго гэтулькі часу, увачавідкі змарнела і раптам сканала. Ён яшчэ жыў, але толькі нейкаю часткаю свае істоты. Жыць у турме ня мела сэнсу, памерці таксама мела ня большы сэнс. Добра б не нарадзіцца зусім. Але, на жаль, тое ад яго не залежала...
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Быкаў, Выбранае. Аповесці. Апавяданні, — Мінск: Ураджай, 2001. — 415 с., Школьная бібліятэка
ISBN 985-04-0388-8
У кнігу ўвайшлі аповесці «Абеліск», «Жураўліны крык». «Аблава», «Сотнікаў», а таксама апавяданні «Ружовы туман» і «Сцяна». Большасць твораў прысвечана паказу гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. У апавяданнях аўтар звяртаецца і да маральных праблем мірнага часу.