Сутарэнні Ромула
Шрифт:
Зноў нешта валяецца наперадзе… Куча смецця, шыны… Нешта ў гэтым завале паварушылася…
Ася на нягнуткіх нагах наблізілася. Кроў запульсавала ў скронях…
Адна з каменных плітаў у самым куце была ссунута, там зеўрала акуратная простакутная прорва, а на яе краі ляжаў…
З чалавекам падабенства было аддаленае – істота спрэс у гліне і глеі, у мокрых лахманах, і смярдзіць нялітасціва… Хто гэта – Асі не трэба было здагадвацца, бо сусвет звузіўся да маленькай кропкі… Дзяўчына ўпала на калені, спрабуючы перавярнуць цяжкое цела. Здаецца, нешта крычала. Твар аднойдзенага быў увесь у гразі, у прыцемку сутарэння – проста чорны…
Жывы? Ён жывы? Анёлы Божыя, зрабіце так, каб ён быў жывы! Ася гладзіла упэцканае аблічча, адціраючы
Зрабілася светла – нехта скіроўваў сюды промні адразу некалькіх ліхтарыкаў. Раптам на брудным да непазнавальнасці твары расплюшчыліся такія знаёмыя шэрыя вочы.
– Даніла Раманавіч, як вы? – нехта з археолагаў, якія паспелі сюды спусціцца, вядома, не мог прыдумаць больш разумнага пытання.
А хрыплы, глухі голас прыхадня з таго свету прамовіў амаль мройна.
– Ну што вам адказаць, калега… Жэ не манж па амаль сіс жур, як сцвярджаў Кіса Вараб’янінаў.
І дадаў з адценнем фірмовай графскай фанабэрыі:
– А ўласна кажучы, з чаго б то столькі панікі?
Пасля некаторага анямення вакол загулі галасы, замітусіліся людзі, пачалі назвоньваць мабільнікі наконт хуткай дапамогі і матэрыялізоўвацца тэрмасы з гарбатай і нечым яшчэ, што, як вынікала з кароткіх энергічных дыскусіяў, можна спажыць пасля доўгай галадоўкі. А Арсенія, як шалёная, заліваючыся слязьмі, быццам кандовая гераіня мыльнай оперы, цалавала свайго мужчыну, які адмыслова дзеля яе вярнуўся з Аіду, які дзеля яе прабіўся скрозь каменні, зямлю і ваду, неверагодна бруднага, смярдзючага, згаладалага, зняможанага і каханага.
* * *
– Калі пасыпаліся каменні са столі, раздумваць асабліва не было як. Тут толькі па-звярынаму, інстынкты ды цягліцы… У мяне ў руках быў кубак, злева знаходзіліся каменныя дзверы… Там не круціць трэба, а добра націснуць. Ну і… націснуў, мабыць, як след. Старажытныя механізмы, яны ж на стагоддзі разлічаныя, не тое, што сёння: кніга максімум праз семдзесят гадоў спарахнее, мэбля з ДСП – праз паўстагоддзя рассыпецца, замкі кітайскія з металёвага прэсаванага друзу кожны год мяняй… А тут каменная пліта раз, і сама ўбок пайшла. Як у ліфце. Толькі выскачыў у падземны ход, за маёй спінай усё і абвалілася… І, галоўнае, пліта тая пахілілася, з-за яе камяні пакаціліся... Ну і ўсё, назад, значыць, ніяк.
Корб-Варановіч ляжаў на бальнічным ложку, у бэжавым махровым халаце, прывезеным Асяй з ягонай кватэры, ад левай рукі цягнулася празрыстая таненькая трубачка да кропельніцы, у правай руцэ быў свойскі ж парцалянавы кубак, распісаны японскімі іерогліфамі, у кубку выпраменьваў вохкую пару прынесены Асяй курыны булён, Ася ў казённым белым халаціку сядзела побач, на зэдліку… І выгляд у графа быў такі самазадаволены і элеганцкі, нібыта ён у графскім сваім палацы літасціва прымаў просьбітаў. Нават абсунуўся не асабліва, толькі што здрапаны ўвесь ды ў сіняках, рукі збітыя зусім. Але ні пераломаў, ні сур’ёзных ран, толькі знясільванне. І драпіна на рэбрах зацягнулася. Ася шчасліва ўсхліпнула. І як добра, што ў палаце другі ложак пакуль пусты, можна спакойна пагаварыць.
– Бо-ожа, колькі я каменняў перацягаў за гэтыя дні! – працягваў сібарыцкім тонам Корб-Варановіч, папіваючы булён. – На ўсё жыццё нацягаўся. Калі мяне цяпер у якое сутарэнне пасадзіць, як графа Мантэкрыста, на раз падкоп змайстрачу. Толькі б ліхтарык з сабой быў. Без сотавага мне цяжка давялося б. А так хапіла сілкавання амаль да канца, вядома, ашчаджаў, адключаў. Вось улучыў я ліхтарык, агледзеўся… Падземны ход продкі будавалі дыхтоўны. Карэта б не праехала, а вось маленькі вазок – цалкам магчыма. І самае галоўнае – там была вентыляцыя! Падобна, каменная труба, умураваная зверху ў кладку, з адтулінамі праз роўныя прамежкі. Каб не гэты павеў, подых волі, няхай і смярдзючы – дык не ведаю, ці выжыў бы. А так зразумеў,
што ёсць шанец. Недзе ж гэтая вентыляцыя выходзіць на паверхню! Цяпер можна здагадацца: памятаеш, у бульбасховішчы па перыметры сценаў круглыя іржавыя краты? І каб уся гэтая раскоша, якую я апісаў, захоўвалася ў тым стане, у якім была пару стагоддзяў таму, я б, можа, хвілінаў праз дзесяць пабачыў неба. Але прабегчыся, як па брукаванцы, не атрымалася…Корб-Варановіч цяжка ўздыхнуў і пацягнуўся паставіць пусты кубак на тумбачку. Ася перахапіла яго, паставіла сама… А што ж, трэба, каб і цябе, самастойны наш, нехта паабслугоўваў, а то вечна незадаволена фыркае на любую дапамогу.
– Булён сама варыла?
Арсеніі дужа хацелася зманіць, але хіба яму зманіш…
– Не, бабуля…
– Дзякуй Богу. А то я быў падумаў, што перастаў разбірацца ў людзях, і мая нявеста ноччу згатавала сабе чароўнае зелле, выпіла і навучылася гаспадарыць.
Даніла адкінуўся на падушкі, узяў Асіну руку ў сваю і, лёгка пагладжваючы яе пальцамі, працягнуў расповед уцекача з таго свету.
– М-да, дык вось, калі я агледзеўся, мне зрабілася трохі няўтульна, як мядзведзю, які зразумеў, што ў Смаргонскай акадэміі яго стануць вучыць не мёд з вулля даставаць, а на ланцугу таньчыць, ды яшчэ навучанне будзе адбывацца з дапамогай распаленай рашоткі. Звод так абваліўся, што не бачна было праходу… Нават пралазу. Пасля такіх завалаў я сустрэў яшчэ штук восем. Каб пра іх ведаў, можа, не хапіла духу разбіраць і першы. А так – ну што ж, пачаў працярэблівацца, як крот. Тым болей прыпасы выявіліся – у кішэні курткі завалялася ўпакоўка лядзенчыкаў ад кашлю “Холс”. Дзесяць штук. Так што вячэры, сняданкі, абеды былі забяспечаныя на тры дні. Дый зубы можна было не чысціць – мянтолавы пах… Яшчэ бонус – вада. Яе было досыць. Дажджы лілі кожны дзень, і на мяне цякло з усіх расколінаў. Нават шыкоўны посуд меўся: срэбны кубак. Адну палову я выкарыстоўваў як шуфлік, у другую збіраў ваду. Вось так цягаў ды раскопваў, цягаў ды раскопваў.
Корб-Варановіч аж застагнаў, успомніўшы сваю працоўную эпапею.
– Калі звод абрынуўся, можа, дзесь утварылася дзірка на паверхню? — умяшалася Ася.
– Я спадзяваўся, што так і ёсць… Але гэта было б занадта проста для майго квесту. Толькі праз адну гару пракапаюся, прайду пяцьдзесят метраў – зноў завал… Як жук у слоіку, якога злы школьнік ганяе праз штучныя перашкоды.
Арсенія адразу ўспомніла Вячку, з ягонымі эксперыментамі як над жамярой, так і над людзямі… І зласліва падумала: цікава, ён прадугледжваў хэпі-энд у сваім рамане?
– А апошнія дзвесце метраў зусім пачаўся сюрэалізм – паморшчыўся Корб-Варановіч. – Мясцовая каналізацыя там прарвалася ў падземны ход, і я ішоў па пояс у лайне. Іду і думаю: вось каб я гэта прысніў, дык грошай перапала б куча! Прыкмета такая ёсць, ведаеш… А так – наяве… Ды яшчэ спатыкнуцца баюся… Ногі ўжо не надта трымаюць, а нырца ў гэта дабро даваць не хочацца. Пад самы канец выбраўся на прыступкі. Здагадаўся, што ля выхаду знаходжуся. Ліхтарык ужо не свяціў, таму намацваў адтуліну ў дзвярах рукамі, а дзверы ж над галавой... Даволі доўга намацваў. Звязаў дзве паловы кубка разам, як было… І ўстаўляць баюся. А што, калі не адчыніцца? Калі над плітой – зямля ці ўвогуле якое збудаванне? Карацей, натузаўся я з гэтымі дзвярыма так, што не памятаю, як выпаўз… Ну і на свежым паветры адключыўся. Апрытомнеў – нада мной дзявочая істэрыка.
Апошняя фраза прагучала гэтак самазадаволена, што Арсенія проста павінна была абурыцца, але яе адразу ж пацягнулі за руку, і вось яна ўжо цалуецца з прычынай абурэння… Ад гісторыка прыемна пахла шампунем для мужчын “Дав”, і Ася з іроніяй успомніла, як адчайна граф адмываўся ад набытага ў сутарэннях водару, і ўмудрыўся скарыстаць за раз тры бутэлечкі гэтага шампуня.
– Чакай…. — Ася вызвалілася і палезла ў сумку. – Мне сказалі, што цябе нельга хваляваць, але я ведаю, што ты мне не даруеш, калі я не дам табе адразу ж пачытаць…