Стэпавы воўк
Шрифт:
Запісы - усё роўна, мала ці многа рэальных падзей закладзена ў іх - гэта спроба адолець вялікую хваробу эпохі бакавым манёўрам, не прыхарошваннем, а спробай зрабіць саму хваробу аб'ектам выяўлення. Яны ў поўным сэнсе гэтага слова - адыход у хаос запамрочанай душы, учынены з цвёрдым намерам прайсці праз пекла, падужацца з хаосам, адпакутаваць усё да канца.
Ключ да разумення гэтага дала мне адна заўвага Галера. Аднаго разу, пасля гутаркі пра так званыя жорсткасці сярэднявечча, ён сказаў мне:
– Насамрэч гэта ніякія не жорсткасці. Чалавеку сярэднявечча ўвесь лад нашага жыцця быў бы агідны, ён здаўся б яму не тое што жорсткім, а жахлівым і варварскім! У кожнай эпохі, у кожнай культуры, у кожнай сукупнасці звычаяў і традыцый ёсць свой уклад, свая адпаведная суровасць і мяккасць, сваё хараство і свая жорсткасць, нейкія пакуты здаюцца ёй натуральнымі, нейкае зло яна цярпліва трывае. Сапраўдным пеклам, пакутай чалавечае жыццё робіцца толькі там, дзе перасякаюцца дзве эпохі, дзве культуры і дзве рэлігіі. Калі б чалавеку антычнасці прыпала пажыць у сярэднявеччы, ён, бедалага, задыхнуўся б у ім, як задыхнуўся б дзікун у нашай цывілізацыі. Але ёсць эпохі, калі цэлае пакаленне аказваецца паміж дзвюма эпохамі, паміж двума ўкладамі жыцця ў такой ступені, што траціць усякую натуральнасць, усякую пераемнасць у звычаях, усякую абароненасць і беззаганнасць! Вядома, не ўсе адчуваюць гэта аднолькава. Такі чалавек, як Ніцшэ, загадзя выпакутаваў сённяшнюю бяду больш,
Гэтыя словы Галера, я часта ўзгадваў, чытаючы ягоныя запісы. Галер належыць да тых, хто апынуўся паміж дзвюма эпохамі, хто нічым не абаронены і назаўсёды страціў беззаганнасць, да тых, чый лёс - усю сумніўнасць чалавечага жыцця адчуваць з адмысловай сілай, як асабістую пакуту, як пекла.
У гэтым, здаецца мне, і ёсць сэнс, які могуць даць нам ягоныя запісы, і менавіта таму я наважыўся іх апублікаваць. А наогул жа я не хачу ні абараняць іх, ні выказваць пра іх сваё меркаванне, хай кожны чытач зробіць гэта, як дазволіць яму сумленне!
Нататкі Гары Галера. Толькі вар'ятам
Дзень прайшоў, як праходзяць усе дні, я забіў, я ціха даканаў яго сваім прымітыўным і баязлівым спосабам жыць; некалькі гадзін я працаваў, калупаўся ў старых кнігах, дзве гадзіны мне балела, як гэта наогул бывае ў пажылых людзей, я выпіў парашок і парадаваўся, што ўдалося перахітрыць боль, паляжаў у гарачай ванне, убіраючы ў сябе прыемнае цяпло, тры разы атрымаў пошту і прагледзеў усе непатрэбныя мне лісты і бандэролі, зрабіў зарадку на дыханне, а на розум ад ляноты сёння не засільваўся, гадзінку пахадзіў і папасвіў свае вочы на небе прыгожымі, далікатнымі, незвычайнымі ўзорамі перыстых аблокаў. Гэта было вельмі міла, як усё роўна чытаць старыя кнігі, як ляжаць у гарачай ванне, а ўвогуле дзень выдаўся не тое, каб страдны, зусім не прамяніўся шчасцем і радасцю, гэта быў проста адзін з даўно ўжо звычайных і будных у мяне дзён, у меру прыемных, у меру так сабе, безаблічных дзён пажылога бурклівага чалавека, адзін з дзён без асаблівага болю, без лішніх турботаў, без несхадзімага гора, без роспачы, калі нават пытанне, ці не пара ўзяць сабе за прыклад Адальберта Штыфтэра і да смерці парэзацца пры галенні, разглядаецца дзелавіта і спакойна, без хвалявання і страху.
Хто паспытаў смаку іншых дзён, ліхіх, з прыступамі падагры альбо з жахлівым болем галавы, угнездаваным за вачамі, які сваім д'ябальскім чарадзействам ператварае з радасці ў пакуту ўсякую дзейнасць, якой патрэбныя зрок і слых, альбо тых дзён духоўнага памірання, тых чорных дзён пустэчы і роспачы, калі сярод сплюндранай і высмактанай акцыянернымі кампаніямі зямлі чалавечы свет і так званая культура з іх ілжывым, танным, мішурным бляскам пацягаюць вас на ваніты, а самым невыносным іх асяродзішчам робіцца наша збалелая душа, - хто ведае гэтыя пякельныя дні, той вельмі задаволены нармальнымі, палавінчатымі днямі, як сённяшні; той удзячна грэецца каля цёплай печы, удзячна зазначае сабе, чытаючы ранішнюю газету, што і сёння, дзякаваць Богу, не грымнула вайна, не ўселася новая дыктатура, не выпаўзла ніякая асаблівая мярзота з палітыкі і эканомікі; той удзячна наладжвае струны сваёй заржавелай ліры на стрыманую, памяркоўна-радасную, амаль вясёлую падзякавальную псальму, якою наводзіць нудную няхэнць на сваё крыху прыглушанае бромам паўбожышча асалоды, і ў спёртым паветры гэтага задаволенага нуду, гэтай удзячнасці, хваравітасці яны, паўбожышча, якое, звесіўшы голаў, дзюбае носам, і паўчалавек, які з лёгкім пярэпалахам спявае нягучную псальму, абодва падобныя адно на аднаго, як блізнюкі.
Ладная штука - задаволенасць, бязбольнасць, гэтыя сцерпныя, унураныя дні, калі ні боль, ні радасць не адважваюцца і пікнуць, калі яны гавораць нішчачкам і ходзяць на дыбачках. Але ў мяне, на жаль, усё зусім інакш - гэтай задаволенасці я якраз і не трываю, яна хутка абрыдае мне, і я ў роспачы кідаюся ў іншыя кліматычныя паясы, па магчымасці дарогай радасці, а на блажэйшы канец і з дапамогай болю. Варта мне крыху пажыць без радасці і болю, падыхаць вялай і прэснай лагодай так званых добрых дзён, як дзіцячая душа мая напаўняецца безнадзейнай тугою, і я шпурляю заржавелую ліру падзякавання ў задаволены твар соннага божышча асалоды, і жар самага лютага болю мне мілей за гэтую здаровую хатнюю тэмпературу. Тут мяне забрала шалёная пацяга да моцных пачуццяў, сенсацый, дзікая злосць на шэрае, дробнае, унармаванае і стэрылізаванае жыццё, вар'яцкая патрэба спляжыць што-небудзь ушчэнт, магазін, напрыклад, сабор альбо самога сябе, учыніць якое-небудзь рассупоненае глупства, сарваць парыкі з якіх-небудзь шаноўных ідалаў, купіць якім-небудзь разбушаваным школьнікам прагна імі жаданыя білеты да Гамбурга, спакусіць дзяўчынку альбо скруціць вязы некалькім прадстаўнікам мяшчанскага правапарадку. Бо менавіта гэта я праклінаў, ненавідзячы ўсімі фібрамі душы больш за ўсё, - гэтую замілаванасць, гэтае здароўе, гэту ўлагоджанасць, гэты дагледжаны і выпеставаны аптымізм мешчаніна, гэты росквіт усяго пасрэднага, нармальнага, сярэдняга.
У такім настроі я і закончыў нікчэмны будны дзень, калі ўжо ён сама-сама ўвабраўся ў вечар. Закончыў яго не так, як бы яно было нармальна і карысна зняможанаму чалавеку, не лёг у падрыхтаваную пасцель, дзе мяне, як нажыўка, чакала грэлка, а, выканаўшы свой невялікі бязрадасны і астабрыдлы ўрок працы, панура абуўся, апрануўся і ў туманнай цемры выправіўся ў горад, каб у гатэлі «Сталёвы шалом» выпіць тое, што мужчыны, аматары выпіць, па старой прызвычайцы называюць «чарачкай гарбаткі».
Дык вось я спускаюся са сваёй мансарды па лесвіцах, па гэтых цяжкіх для пад'ёму лесвіцах чужыны, па чысценькіх, вылізаных лесвіцах добрапрыстойнага трохкватэрнага даходнага дома, на гарышчы якога і быў мой пакойчык. Не ведаю, чаму так бывае, але я, бязродны стэпавы ваўчыска, адзінец, вораг мяшчанскага свету, заўсёды жыву ў самых размяшчанскіх дамах, гэта мая старая слабіна. Не ў палацах і не ў пралетарскіх трушчобах, а ў гэтых занудлівых, прыстойных, бездакорна дагледжаных мяшчанскіх гнёздах, дзе пахне тэрпэнтынай і мылам, дзе палохаешся, пачуўшы, што дзверы параднага моцна ляпнулі, альбо ўвайшоўшы ў брудных чаравіках. Я змалку люблю гэтую атмасферу, і мая прыхаваная туга па сякіх-такіх тутэйшых падабенствах радзімы зноў і зноў безнадзейна вядзе мяне па раз'езджаных, выбоістых дарогах. І падабаецца мне кантраст паміж маім жыццём, маім адзінокім, без кахання, зацкаваным, да нязмогі бязладным жыццём і гэтай сямейна-мяшчанскай сферай. Я люблю ўдыхаць на лесвіцы пах цішыні, парадку, чысціні, прыстойнасці і ацуглянасці, пах, у якім заўсёды, нягледзячы на сваю нянавісць да мяшчанства, я знаходжу нешта кранальнае, люблю пераступаць парог свайго пакоя, дзе ўсё гэта ўраз канчаецца, дзе сярод гурбы кніг валяюцца недапалкі цыгараў і стаяць бутэлькі з-пад віна, дзе ўсё няўтульна, усё ў бязладдзі і запушчанасці і дзе ўсё - кнігі, рукапісы, думкі - пазначана і прасякнута горам адзінокіх, цяжкасцю людскога жыцця, сумам па новым асэнсаваным чалавечым жыцці, якое даўно страціла ўсякі сэнс.
Вось ужо я мінуў араўкарыю. На другім паверсе гэтага дома лесвіца вядзе міма невялічкай пляцоўкі перад кватэрай, якая несумненна бездакорнейшая, чысцейшая, прыбранейшая больш за ўсе іншыя, бо гэтая пляцовачка проста ззяе звышлюдскай дагледжанасцю, яна - маленькі храм парадку. На паркетнай падлозе, на якую страх бярэ ступіць, стаяць, чыста дзве цацкі, услончыкі,
і на кожным па вялікім вазоне, у адным расце азалія, у другім даволі прыгожая араўкарыя, здаровае, ужо выноснае дрэўца, свайго роду дасканаласць, кожная іголачка, кожная галінка прамытая да бляску. Часам, калі ведаю, што мяне ніхто не бачыць, я карыстаюся гэтым месцам як храмам, саджуся пад араўкарыю на прыступку, трошкі адпачываю, складваю малітоўна рукі і багавейна гляджу ўніз, на гэты райскі садок парадку, які вярэдзіць душу і сэрца сваім кранальным выглядам і смешнай адзінокасцю. За гэтай пляцоўкай, як бы пад свяшчэнным ценем араўкарыі, мне бачыцца кватэра, поўная блішчастага чырвонага дрэва, бачыцца жыццё, поўнае здароўя, жыццё, у якім рана ўстаюць, выконваюць свае абавязкі, больш-менш весела спраўляюць сямейныя святы, ходзяць у нядзелю ў кірху і рана кладуцца спаць.З удаванай лёгкасцю сэрца ішоў я па сырым асфальце вуліц; плачучы і расплываючыся, глядзелі праз халодную імжаку агні лятарняў і высмоктвалі з мокрай зямлі прыцьмёныя адбіткі саміх сябе. Мне прыгадаліся прызабытыя гады маладосці - як любіў я тады такія цёмныя і пахмурныя вечары позняй восені і зазім'я, як прагна і захмялела ўбіраў у сябе атмасферу адзіноты і суму, калі мала не цэлымі начамі, у слоту і ў буру, хадзіў, захінуўшыся ў паліто, сярод варожай, аголена-золкай прыроды, ужо тады самотны, але поўны шчасця і вершаў, якія пасля запісваў пры свечцы, седзячы на ложку ў сваім пакойчыку! Што ж, усё мінулася як і не было, чара была выпіта і больш не напаўнялася. Ці шкадаваў я? Не, не шкадаваў. Не было шкада нічога, што прайшло. Шкада было майго сённяга, усіх гэтых бясконцых гадзін, якія я страціў, якія толькі перацерпеў, якія не прынеслі мне ні гасцінцаў, ні ўзрушэнняў. Але, дзякаваць Богу, былі і выключэнні, былі часам, рэдка, праўда, і інакшыя гадзіны, яны якраз прыходзілі з узрушэннямі, прыходзілі з гасцінцамі, ламалі сцены і вярталі мяне, аблудніка, да жывой душы свету. З журботай і ўсё-такі з вялікай цікавасцю спрабаваў я ўспомніць апошняе такое ўражанне. Было тое на канцэрце, гралі цудоўную старадаўнюю музыку, і паміж двума тактамі піяна драўляных духавых мне раптам зноў адчыніліся дзверы ў той свет, я ўзляцеў на нябёсы і ўбачыў Бога за працай, я адчуў шчасны боль і ўжо больш ні ад чога на свеце не бараніўся, больш ужо анічога на свеце не баяўся, усяму сказаў «так», аддаў сваё сэрца ўсяму. Гэта не задоўжылася, ну, можа, на якіх чвэрць гадзіны, але тае ж ночы вярнулася ў сне і з таго часу не-не дый праблісквала потайкам у самыя панылыя дні; часам я цягам некалькіх хвілін бачыў гэта выразна - як залаты боскі след, які праходзіў праз маё жыццё: ён амаль заўсёды засыпаны смеццем і брудам, але раптам зноў успыхвае залатымі іскрамі, і тады здаецца, што з яго ўжо нельга збіцца, але неўзабаве ён зноў прападае. Аднаго разу ноччу, лежачы без сну, я раптам загаварыў вершамі, вершамі вельмі дзіўнымі і прыгожымі, але не дайшло мне да галавы запісаць, а раніцай я іх ужо не памятаў, але яны зачаіліся ўва мне, як стары арэх у трэснутай шкарлупіне. Часам гэта наплывала, калі я чытаў якога-небудзь паэта, калі задумваўся над якім-небудзь выказваннем Дэкарта, Паскаля, часам гэта ўспыхвала і вяло мяне залатой ніткай у нябёсы, калі я бываў з каханай. Але, на жаль, цяжка знайсці гэты боскі след ўсярэдзіне нашага жыцця, якое мы вядзём усярэдзіне нашай жа такой задаволенай, такой мяшчанскай, такой бездухоўнай эпохі, калі я бачу гэтую архітэктуру, гэтыя справы, гэтую палітыку, гэтых людзей! Як жа мне не быць Стэпавым ваўком і нікчэмным пустэльнікам у свеце, ніводнай мэты якога я не падзяляю, ніводная радасць якога не хвалюе мяне! Я доўга не вытрымліваю ні ў тэатры, ні ў кіно, я не здольны чытаць газет, мала калі чытаю сучасныя кнігі, я не разумею, якое такое радасці людзі шукаюць на чыгунках, у перапоўненых гатэлях, у кавярнях, раздзіраных духотлівай, настырлівай музыкай, у барах і вар'етэ элегантных раскошных гарадоў, на сусветных выставах, на святочных гульбішчах, на лекцыях для дапытлівых, на стадыёнах - усіх гэтых радасцяў, якія маглі ж бо быць даступнымі і мне, і за якія тысячы іншых б'юцца, я не разумею, я не падзяляю. А тое, што бывае ў рэдкія гадзіны маёй радасці, тое, што для мяне - шчасце, падзея, экстаз, лунанне, - гэта свет прызнае, шукае і любіць хіба што ў паэзіі, у жыцці яно здаецца яму вар'яцтвам, і насамрэч, калі свет у праўдзе, калі ў праўдзе гэтая музыка ў кавярнях, гэтыя масавыя забавы, гэтыя амерыканізаваныя, задаволеныя такім мізерам людзі, значыцца, не ў праўдзе я, значыцца, я - вар'ят, значыцца, я - той самы стэпавы воўк, кім я сябе няраз ужо называў, звер, які заблытаў у чужы незразумелы яму свет і не знаходзіць сабе ні радзімы, ні ежы, ні паветра.
З гэтымі прывычнымі ўжо думкамі ішоў я далей па мокрым асфальце праз адну найбольш зацішную і старую дзяльніцу горада. Насупраць, па той бок вуліцы, стаяў у цемры стары шэры мур, на які я заўсёды любіў глядзець, такі стары, ён заўсёды так бестурботна стаяў паміж маленькай кірхай і зноў жа старой бальніцай, удзень вочы мае часта адпачывалі на яго няроўнай плоскасці, бо мала было такіх ціхіх, слаўных, маўклівых плоскасцяў у цэнтры горада, дзе на кожным квадратным метры гарлалі свае імёны то крама, то адвакат, то вынаходнік, то ўрач, то цырульнік альбо мазольных справаў майстар. Старавечны гэты мур і цяпер быў, я бачыў, у цішы і спакоі, але нешта-такі ў ім перамянілася, я разгубіўся, калі ўбачыў пасярэдзіне яго прыгожую брамку са стрэльчатым скляпеннем, бо не мог сказаць, была яна тут заўсёды, а ці толькі нядаўна паявілася. Выгляд у яе, несумненна, старым-стары-замшэлы; мусіць, ужо шмат стагоддзяў таму назад гэтая замкнутая брамка з цёмнай драўлянай палавінкай вяла ў які-небудзь заспаны кляштарны двор, ды і сёння, мабыць, вяла туды ж, хоць ад кляштара нічога не засталося, і, мусібыць, я яе сотні разоў бачыў, але проста не заўважаў, можа быць, яе пафарбавалі нанава, і таму яна далася мне ў вочы. У кожным разе, я спыніўся і ўважліва паглядзеў туды, але не пайшоў на той бок, надта ж бо раскіс мокры брук; я стаяў на тратуары і толькі глядзеў туды, было ўжо досыць цёмна, і мне здалося, што брамка ўпрыгожана вянком ці тое нечым стракатым. І, прыгледзеўшыся лепш, я ўбачыў над брамкаю светлую шыльду, на якой, так мне здалося, было нешта напісана. Я напружыў вочы і нарэшце, нягледзячы на бруд і лужыны, перайшоў на па-той бок. Тут я ўбачыў над брамкаю, на шэра-зялёным ад старасці муры, цьмяна асветленую пляму, па ёй хуценька беглі стракатыя літары, яны адразу знікалі, вярталіся і зноў рассейваліся. Ну вось, падумаў я, цяпер і гэты стары слаўны мур спаганілі светлавой рэкламай! Між тым я разабраў некалькі слоў, прачытаць іх было цяжка, даводзілася больш здагадвацца, літары з'яўляліся нераўнамерна, вельмі бледныя і невыразныя, і вельмі хутка тухлі. Чалавек, які збіраўся правярнуць на гэтым справунак, вынаходлівасцю не вызначаўся, ён быў Стэпавы воўк, бедалага; чаму ён запусціў свае літары сюды, на гэты мур, у самым цёмным закутку старамесця, такою парою, ды яшчэ ў халепу, калі тут ніхто не ходзіць, і чаму яны такія лёткія, такія эфірныя, такія вычудліва-неразборлівыя? Але вось нарэшце-такі мне ўдалося злавіць некалькі слоў падрад, а менавіта:
Я паспрабаваў адчыніць брамку; цяжка, старая клямка запала і не паддавалася, колькі я ні ціскаў. Гульня літар скончылася, спынілася раптоўна, маркотліва зразумеўшы сваю марнасць. Я адступіўся крыху назад, улез у самую гразюку, літары больш не з'яўляліся, гульня іх патухла, я доўга стаяў у гразі і чакаў, але дарма.
І раптам, калі ўжо перастаў чакаць і вярнуўся на тратуар, перад мною, адбіўшыся ў асфальце, прамільгнула некалькі літар.