Стары чалавек і мора
Шрифт:
Яны разам узняліся па дарозе да халупы старога чалавека і ўвайшлі ў яе праз адчыненыя дзверы. Стары чалавек прыставіў мачту разам з абкручаным вакол яе ветразем да сцяны, хлопчык паклаў скрынку да іншае начынне ля яе. Мачта была ў даўжыню амаль гэткая, як адзін пакой халупы. У халупе, зробленай з моцных прылісткаў каралеўскай пальмы, што завуцца guano, меліся: ложак, стол, адно крэсла і на земляной падлозе месца для гатавання на драўнінным вугалі. На карычневых сценах з разгладжаных лістоў трывалага валакністага guano, якія перакрывалі адзін аднаго,
— Што ты маеш есці? — спытаўся хлопчык.
— Гаршчок жоўтага рысу з рыбай. Не хочаш трохі?
— Не. Я буду есці дома. Зрабіць мне табе агонь?
— Не. Я зраблю пазней. Альбо буду есці рыс халодны.
— Ці магу я ўзяць сетку?
— Ага.
У халупе не было жаданай сеткі, і хлопчык памятаў, калі яны прадалі яе. Але яны гулялі ў гэтую байку штодня. Не было ані гаршка з жоўтым рысам і рыбай, і хлопчык гэта ведаў таксама.
— Восемдзесят пяць — шчаслівая лічба, — сказаў стары чалавек. — Што ты скажаш, калі рыбіна, якую я прынясу, разабраная заважыць тысячу фунтаў?
— Я вазьму сетку і пайду лавіць сардзіны. Ты будзеш сядзець на парозе на сонцы?
— Але. У мяне ёсць учарашняя газета, і я прачытаю пра бейсбол.
Хлопчык не ведаў, ці не выдумка і ўчарашняя газета, але стары чалавек выцягнуў яе з-пад ложка.
— Перыка даў мне ў bodega [3] , — растлумачыў ён.
— Я прыйду, калі налаўлю сардзін. Пакладу твае і мае разам у лёд, і мы падзелім іх раніцой. Калі я вярнуся, ты раскажаш мне пра бейсбол.
3
Карчма (гішп.).
— «Янкі» не могуць прайграць.
— Але мяне непакояць «Індзейцы» з Кліўленда.
— Вер у «Янкі», сынок. Хай перад вачыма ў цябе стаіць вялікі Дзі Маджыа.
— Мяне непакояць як дэтройцкія «Тыгры», гэтак і кліўлендскія «Індзейцы».
— Сцеражыся, бо ты хутка пачнеш баяцца нават «Чырвонаскурых» з Цынцынаці і «Белых шкарпэтак» з Чыкага.
— Разбярэшся з гэтым і раскажаш мне, калі я вярнуся.
— Як ты думаеш, ці не купіць нам латарэю з апошняй лічбай восемдзесят пяць? Заўтра ж восемдзесят пяты дзень года.
— Мы можам гэта зрабіць, — сказаў хлопчык. — А як наконт васьмідзесяці сямі, памятаеш свой найбольшы рэкорд?
— Двойчы такое не здараецца. А ты здолееш знайсці білет з лічбай восемдзесят пяць?
— Я магу заказаць адзін.
— Адзін білет. Два даляры з паловай. У каго мы можам іх пазычыць?
— Гэта проста. Я заўсёды магу пазычыць два даляры з паловай.
— Мяркую, што я таксама. Але стараюся не пазычаць. Спачатку пазычаеш. Потым жабруеш.
— Не мерзні, старэча, — сказаў хлопчык. — Не забывайся, што цяпер верасень.
— Месяц, калі ідзе буйная рыба, — сказаў стары чалавек. — Любы можа быць рыбаком у траўні.
— Пайду па сардзіны, — сказаў хлопчык.
Калі ён вярнуўся, стары чалавек спаў у крэсле, а сонца заходзіла.
Хлопчык зняў старую салдацкую коўдру з ложка і агарнуў ёю спінку крэсла і плечы старога. Гэта былі дзіўныя плечы, усё яшчэ магутныя, хоць і вельмі старыя, і шыя таксама была моцная, і маршчыны на ёй не гэтак кідаліся ў вочы, калі чалавек спаў, нахіліўшы наперад галаву. Яго кашуля была латана-пералатана гэтулькі разоў, што сталася падобная на ветразь, і кожная латка выцвіла на сонцы па-свойму. Усё ж ён быў вельмі стары, і ягоны твар, з заплюшчанымі вачыма, здаваўся нежывы. Газета ляжала на каленях, цяжар яго рукі трымаў яе, не даючы падхапіць вечароваму ветру. Ён быў босы.Хлопчык пакінуў яго тут, і, калі вярнуўся, стары чалавек па-ранейшаму спаў.
— Прачніся, старэча, — сказаў хлопчык і паклаў руку яму на калена.
Стары чалавек расплюшчыў вочы, нейкі момант як бы вяртаючыся аднекуль здалёку. Нарэшце ўсміхнуўся.
— Што ты прынёс? — спытаўся ён.
— Вячэру, — адказаў хлопчык. — Будзем зараз вячэраць.
— Я не надта галодны.
— Трэба пад'есці. Ты не можаш лавіць рыбу не еўшы.
— Здаралася і гэткае, — сказаў стары чалавек, устаючы і згортваючы газету. Потым стаў складваць коўдру.
— Акрыйся коўдрай, — сказаў хлопчык. — Ты не будзеш лавіць рыбу галодны, пакуль я жыву на свеце.
— Тады жыві доўга і шануйся, — сказаў стары чалавек. — Што мы будзем есці?
— Чорны боб і рыс, печаныя бананы і трохі тушанага мяса.
Хлопчык прынёс ежу з «Тэрасы» ў металічнай пасудзіне, што складалася з двух судкоў. Два прыборы — нажы, відэльцы і лыжкі — ляжалі ў кішэні, кожны загорнуты ў папяровую сурвэтку.
— Хто табе гэта даў?
— Марцін. Карчмар.
— Я мушу падзякаваць яму.
— Я ўжо яму падзякаваў, — сказаў хлопчык. — Табе няма патрэбы дзякаваць.
— Я дам яму мяса з ніжняй часткі вялікай рыбіны, — сказаў стары чалавек. — Ён дапамагаў нам больш як адзін раз?
— Думаю, так.
— Дык я павінен даць яму штосьці болей, як мяса з ніжняй часткі рыбіны. Ён вельмі чула ставіцца да нас.
— Ён прыслаў піва. Табе і мне.
— Мне больш падабаецца піва ў бляшанках.
— Ведаю, але гэтае ў пляшках. Піва «Наtueu», пляшкі я занясу назад.
— Дзякуй табе за клопат, — сказаў стары чалавек. — Ці не пара нам есці?
— Я ж цябе запрашаў, — мякка сказаў хлопчык. — Не хацеў адчыняць судкі, пакуль ты не быў гатовы.
— Зараз я гатовы, — сказаў стары чалавек. — Мне трэба было толькі памыцца.
«Дзе ж ты мыўся? — падумаў хлопчык. — Вада ў вёсцы за дзве вуліцы ўніз па дарозе. Я павінен нанасіць сюды вады, і мыла трэба яму даць, і добры ручнік. Як можна быць такім бяздумным? Я павінен прыдбаць яму іншую кашулю і світку на зіму, ды нейкія чаравікі, ды іншую коўдру».
— Твая мясная страва цудоўная, — сказаў стары чалавек.
— Раскажы мне пра бейсбол, — папрасіў яго хлопчык.
— У «Амерыканскай лізе» перамагаюць «Янкі», як я і казаў, — усцешана сказаў стары чалавек.
— Сёння яны прайгралі, — сказаў хлопчык.
— Гэта нічога не значыць, вялікі Дзі Маджыа зноў у форме.
— Ён толькі адзін з гульцоў у камандзе.
— Вядома. Але ад яго ўсё залежыць. У іншай лізе — паміж Бруклінам і Філадэльфіяй — я паставіў бы на Бруклін. Тут у мяне ў думках Дзік Сіслер і тыя яго магутныя ўдары ў старым парку.