Споведзь
Шрифт:
Трывожна праходзіў час у паліцэйнай чэскай вязьніцы ў Празе. Сакольскі зьлет, які ў той час адбываўся ў Празе, шчодра папаўняў колькасць зьняволеных. Чэхі даўно ўжо агледзеліся, што ізноў трагічна згубілі сваю свабоду, і цяпер на зьлёце горача й масава выступалі ў абароне свае незалежнасьці, свае рэспублікі супраць насільля. Арыштоўвалі за пратэсты, за лозунгі. Людзі трымаліся мужна. Побач у камеры сядзела маладзенькая дачка Гэлены Кожэлюгавай, ведамай дзяячкі хрысьціянскай партыі Чэхаславакіі. Схапілі яе на граніцы, калі старалася ўцячы пасьля перавароту. Пасадзілі бедную ў камеру прастытутак, гдзе былі бруд, заўшыўленасьць, цяснота. Як я чула, дык чэскія прастытуткі аказаліся добрымі патрыёткамі. Яны памагалі зьняволеным за палітыку, перадавалі справы на вонак, прыносілі інфармацыі. Казалі, што маладая дзяўчынка трымалася разумна, хаця яе й білі.
Аднойчы вечарам нейкі сьледавацель-крыміналіст адчыніў дзьверы нашай камеры. Я са зьдзіўленьнем глянула на яго, а ён аж замёр на парозе. Быў гэта пацыент маяго мужа, абавязаны яму і ўдзячны, пан Пэшэк. Працаваў ён у розыску й вось прыйшоў выклікаць на допыты нейкую дзяўчыну з нашай камеры, якая ўжо суткі плакала, атручваючы нам і без таго цяжкі настрой. Затрымалі яе ў кафэ разам з яё кавалерам, які, як пасьля высьветлілася,
А найгоршае прыйшло хутка. Аднойчы з раніцы аб’явілі мне аб ад’езьдзе. Гэта было нешта, як сьмяротны вырак. Не хапіла ўласных сілаў, і я апусьцілася на калені. Схаваўшы голаў у далоні, усей душою прасіла ў Бога літасьці над маім дзецем і сілаў для нас. Прад намі, здавалася мне, прорва, суцэльная бязглузьдзіца й бесчалавечнасьць, гдзе замест усіх людзьмі прызнаных праўд стаіць, раскарачыўся крывавы Сталін, якому ачумелыя расейцы аблізваюць жудасныя кіпцюры з крыві іх родных бацькоў і сыноў, пралітай тыранам самохаць і непатрэбна. Надзеі на ратунак — ніякай. Бо, каб выратавацца, заставалася прылучыцца да натоўпу і, адкінуўшы з душы ўсе здабыткі людзкое культуры, зрабіцца такім жа бітым сабакам і з жудасных лапаў сьлязьмі змываць кроў вынішчанага тыранствам маяго роду.
Нас пасадзілі ў машыну, якую вязьні называлі «Антонам», зялёную, шчыльна закрытую, і з некалькімі яшчэ хлопцамі, якія, відавочна, праштрафіліся ў арміі ці зьбеглі з яе, адвезьлі ў савецкі лагер перамяшчэньня захопленых імі на Захадзе ахвяр. На дзеравянай браме, за якой чырванелі гарластымі надаедлівымі лозунгамі дзеравяныя баракі, красаваўся надпіс: «Добро пожаловать», як быццам і сапраўды мы ехалі да звычайных людзей з чалавечымі абычаямі й хоць мінімальнай культурай. На дзеравяных сталох, нічым не пакрытых, стаялі жалезныя міскі з нейкай капустай і ляжаў нарэзаны хлеб. Людзі былі змораныя астрогамі, бледныя, нехта еў, нехта ўжо пачынаў хваліць «родину». Задаволена й дзіка на нас паглядаючы, пахаджвалі «начальнікі», выпаўнялі плян сілай і абманам вырваных у Захаду ахвяр.
Нарэшце падагаалі машыну з высокімі бартамі, усадзілі нас на яе дно. Спераду й ззаду на дошках, перакладзеных цераз барты, сядзелі, направіўшы на нас аўтаматы, па чатыры «асвабадзіцеляў». Муж абапёр мне на калені амаль нежывы ад схудненьня й бледнасьці твар, і жнівеньскае сонца літасьцівымі праменьнямі гладзіла яго пасівелую голаў. Залатая Прага, нашая кватэра й часьць нашых лепшых гадоў засталіся далёка за намі. Вязьлі нас далей ад сына й ад Эўропы — ад пагранічнага Вімпэрку на край сьвету ў Варкуту. Ну а пакуль што нас вязьлі ў Вену. Дарога была даўгая, сустрэчных людзей на ёй мала. З жанчын апрача мяне вязьлі нейкую старушку, якую сілаю адабралі ад чэскіх грамадзян дзяцей, а рэшта ўсё былі даволі маладыя мужчыны. Яны нейк пераглядаліся між сабою, і адчувалася, што гатовыя кінуцца на канвой і ратавацца, але аўтаматы ў грудзі і ў плечы ды падмога ў кабіне амаль ліквідавалі магчымасьць шалёнай рызыкі. У час абеду мы елі хлеб. Абед нашых канваіраў адрозьніваўся толькі тым, што яны пхалі ў рот той хлеб, пасыпаючы цукрам, па цэлай буханцы. Не было чым запіць таго хлеба, колькі тыя салдаты ні прасілі ў чэскіх вёсках вядра, каб зачэрпаць вады, чэхі ім вядра не давалі, былі навучаныя ўжо не адным прыкладам нагласьці й зладзейства. Сумна глядзелі на нас чэскія пагранічнікі, як быццам вязьлі ўжо нас на эшафот, а не на радзіму, і моўчкі праважалі за сваю граніцу.
На пустых пажатых палёх пачаліся вінаграднікі, і калі сонца пачало ўжо сядаць, мы прыехалі ў Вену. З дна машыны паглядала я на яе, чорную й залатую, усей сваей культурай і выглядам так розную, так інакшую ад людзей, якія нас вязьлі на пакуты. Нас з мужам высадзілі ў нейкім палацы ці замку, здаецца ў Нэйвінэрштат, гдзе, памятаю, была на сьцяне табліца з надпісам, што некалі там у чэрвені выпаў сьнег. Спалі мы ў нейкіх сенях, і даволі неспакойны наш сон сьцераглі здалёк крыху ад нас азброеныя канваіры. Назаўтра была, памятаю, пятніца, 13 жніўня, ліў дождж. Ужо з раніцы пад’ехала па нас грузавая машына й паперла нас з мужам у напрамку Вены. На адной з вуліц у зелені саду стаяла віла, уступнае «Добро пожаловать» жудасна й выразна сьведчыла аб яе тагачасовых жыхарах. У нетры тае вілы. у падзямельлі якой мучыліся сотні зьняволеных, кінулі й нас. Ледзь пасьпелі мы разьвітацца, як раскідалі нас у тым падзямельлі па камерах. Чорнай хваляй наляцела на мяне несказанае гора.
У камеры сядзела некалькі немак, пераважна, здаецца, у падазрэньні шпіянажу. Па-нямецку я крыху гутарыла. Я разьдзяліла з імі часьць прадуктаў, якія былі ў мяне, пачала знаёміцца. Час закрыў мне ўжо іх аблічча, але выразна памятаю з іх адну — была гэта нейкая артыстка й прафэсіянальная шпіенка Элё Вінклер. Была гэта даволі прыгожая бэстыя, пазбаўленая ўсякай маралі й этыкі. Немкі адразу далі мне зразумець, што гэта шпіенка, і ў савецкай камеры рэкамэндуючы асьцярожнасьць. Усе мы, як быдла, валяліся на падлозе ў каросьце й брудзе, і толькі яна адна мела ложак і пярыну, гдзе найчасьцей валялася голая альбо выкручвалася перад шкляным вокам у дзьвярох, раздражаючы сваею нагатою салдат-канваіраў. Яна ўсё расказвала пра сваю любоў да савецкай улады й Сталіна й пра сваяго мужа, прафэсіянальнага шпіёна, які сядзеў недзе побач. Гэта была агідная нейкая садыстка. Заўважыўшы аднойчы, што я малюся, пачала прасьледаваць мяне жудаснымі выкрыкамі, нейкімі «малітвамі» да чорта. Лётала па камеры й выла: «Тойфэль, тойфэль» [89] — і часта нагадвала ашалелую. У нашую камеру заглядалі надзірацелі й часам клікалі на працу. Я заўсёды старалася
вырвацца хоць на пару гадзінаў, каб глытануць паветра й нешта даведацца пра мужа ды ў меру магчымасьці памагчы яму хоць нечым. На другі дзень нашага прабываньня ў падзямельлі мяне павялі да начальства. Нейкі ваенны, відно, высокага чыну сустрэў мяне словамі: «Вот и вы в наших руках». — «Велькай радасьці з гэтага мець ня будзеце», — адказала я яму прадумана й паважна. Спытаўся ў мяне яшчэ, што я думаю пра Готвальда, які ўжо быў на месцы Бэнэша прэзыдэнтам Чэхаславакіі. Я не хацела высказвацца аб ім і толькі прыкмеціла коратка, што цяжка быць прэзыдэнтам у цяні Бэнэша. На пытаньне аб кампартыі чэскай сказала, што яна лічная [90] колькасна, але якасна нічога ня вартая. Ваенны гутарыў са мною даволі памяркоўна, і я наважылася папытаць яго, што з нашымі чамаданамі, якія ў нас забралі й няма іх. Праз некалькі дзён чамаданы зьнекуль прывезьлі надзіва ў парадку. Казалі, што ў гэтай вязьніцы быў цэнтр МГБ на ўсю сярэднюю Эўропу. Тут і судзілі людзей пераважна на 10, 15, а часьцей на 25 гадоў. Нас нечаму не судзілі, гэтую прыемнасьць пакінулі Менску.89
Тойфэль (ням. Teufel) — чорт.
90
Лічны (польск. liczny) — шматлікі.
Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагэдыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сьціхалі гучэць да раніцы. Савецкія сьледавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праяжджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэньнях. Месяцамі без мыцьця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.
На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была ня лёгкай, пераважна нешта мыць пасьля рамонту ці бяленьня, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зьняволенай абслугай гэтай патайной вязьніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсьці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зьверх свае працы. Быў там у абслузе й зьняволены малады лекар. Ён зьвярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зьняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скрозь слезы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасьць, што памагчы зьняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясьняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розьніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінэт, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасьля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.
Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленьняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакараньня, якое ў параўнаньні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР», г. зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, гдзе акрамя цяжкай працы й зьверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават сьмелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсьці на ўсе подласьці толькі дзеля захаваньня жыцьця. Толькі адна Ліза ня ведала меры свае нянавісьці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.
Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязьніцу, гдзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з востра зарысованай нянавісьцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, ня ведаю, з якіх меркаваньняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісьць была маей нянавісьцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасьля трох дзён прабываньня там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусьцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла маяго мужа — быў худы да немагчымасьці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсьміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацьвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязьніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. I вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынесьлі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасьці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амэрыцы. Яна, як і Евангельле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасьля нашага вясельля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынесьлі мне тую Біблію яшчэ ў вязьніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконьнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз сьлёзы тую Біблію і ўсё думала, ці ня выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амэрыканцы й ці не разьнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амэрыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.