Сны iмператара
Шрифт:
— Я ўжо не пасол...— паўтарыў ён.
— Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Еўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.
— Пасол без дзяржавы...— са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.
— Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй...
— Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць,— перапыніў мецэнат.— Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў.— Ён зноў уладна браў нітку гаворкі
Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.
— У нас няма выбару,— прамовіў Эразм.— З гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. I для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.
Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.
— Няхай умацуе мае слабыя сілы Усявышні.
Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.
— Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.
— Я...— з выклікам пачаў Гусоўскі.
— Паслу ех officio* належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром,— паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе.— А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё...
* Паводле пасады (лац.).
— Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода,— сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.
— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.
Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.
V.
Цяпер трэба зацяць дыханне і знерухомець, каб не трэснуў пад нагою сухі сучок. Закаханы спявак пяе кароткімі, не даўжэйшымі за тры стукі сэрца, каленцамі і ў гэтыя імгненні не чуе анічога — хоць палі з гакаўніцы. Тры стукі сэрца — тры імклівыя крокі, і песня абрываецца, а ён замірае, не паспеўшы паставіць нагу на дол. Адзін неабачлівы рух, адзін прытоены ўздых, і чырванабровы пяюн, залопаўшы крыламі, знікне ў лясной гушчарні. Здаецца, пярэрва доўжыцца бясконца, але вось глушэц зноў падае голас. Тры крокі, галінка ляшчыны ледзьве не выколвае вока, і зноў нерухомасць. Ранішняя сцюдзёнасць лезе пад світу, паветра — як халоднае даўкае віно. Яшчэ тры крокі. «Мой! Мой!» — заходзіцца ад паляўнічага шчасця душа.
Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ
праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У махрах цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы.На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж.
Ён спрабуе разгадаць сон. Эх, пад’есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом.
Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой.
Туга па лясной маладосці заўсёды жыла ў ім, як у сухмень пад мохам і шыгавіннем жыве грыбніца. Сёлета туга прыходзіла да яго асабліва часта, але ён сустракаў яе з радасцю, бо разам з ёю ажывалі і абкружалі яго прызабытыя зыкі і пахі і ён чуў у сваім пакоі пошум пракаветных лясоў. Ён аддаваўся ўспамінам усёй сваёй істотаю, і надыходзіла хвіліна, калі знікалі сцены, знікалі камяніцы і галасы Вечнага горада, знікаў Тыбр і разлогія кроны піній, і ён бачыў мірную зубрыную чараду на тым баку Нёмана. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а не чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не нейкае магічнае рэчыва.
Але надаралася і шмат іншых дзён, такіх, як учора і пазаўчора, такіх, калі ягоныя блуканні па рымскіх вуліцах і плошчах нязменна выводзілі яго на Апіеву дарогу і вялі да пахавальні Цэцыліі Метэлы, сваячкі таго самага Краса, што ўкрыжаваў тут тысячы непакорлівых рабоў. Нядаўна ён даўмеўся, чым надзіць яго гэтая цыліндрычная спаруда сярод чэзлых дрэўцаў і хмызняку: у яе абрысах хавалася падабенства з Камянецкай вежай.
Вітэліус чацвёрты месяц падарожнічаў па Італіі, а ён пісаў і цешыўся са свае адзіноты.
У вузкія шыбы высокага вакна ўсё больш напорліва лілося ранішняе святло. Сталі відаць фігуркі звяроў на кібіці, а на сцяне насупраць ложка выступілі з прыцемку тры павешаныя ўсутыч гравюры. Бывала, ён цэлымі гадзінамі стаяў перад імі, зачараваны іхнім таемным, суладным у сваёй жудлівай несуладнасці светам. Левая гравюра з прасветленымі тварамі Адама і Евы, з аблітымі сонцам, поўнымі птушак і зверыны эдэмскімі садамі, змушала душу трымцець ад нейкай няўцямнае радасці. Тут усё дыхала злагадай і ціхамірнасцю, і самі вочы адмаўляліся бачыць котку, якая ўжо трымала ў зубах прыдушаную мыш, і саву, што зладзіла кубло ў вадаліве жыцця. Але радасць хутка гасла, бо сярэдняя гравюра — безліч аголеных чалавечых істот і звяроў, іхні няспынны бег вакол загадкавай азярыны, фантасмагарычныя напалову жывёлы, напалову механізмы — нараджала ў сэрцы самыя змрочныя прадчуванні. I нарэшце душа трапляла ў палон пякельных пачвараў правай гравюры. Тут валадарылі жах, смерць і пакуты, напэўна, ва ўсіх сваіх магчымых абліччах. Невялікая гравюра выдавала бязмежнаю. Няхай невідочна, але на ёй стаяў і белы султанскі шацёр, складвалі піраміды з людскіх галоў янычары і брыла па папялішчы спаленай татарамi вёскі звар’яцелая старая...