Сны iмператара
Шрифт:
На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей - беспрасветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданне.
Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы - Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі і не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла зарумзаных мяне з сястрычкаю і прачытала пакінутую на стале цыдулку, з якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася па камсамольскай пуцёўцы ўздымаць цалінныя землі. Як хутка высветлілася, тая пуцёўка чамусьці
Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне яўна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасць у гэтай зацятай вайне заўсёды з нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў.
Аднойчы я быў з татам у бабулі Просі ў Стэцаве. Ля ейнае хаты пасвілася каза; проста за парогам пачынаўся лес, і пра лесуна, які шмат разоў «вадзіў» яе, прыходзіў на падворак даіць казу і нават начаваў у хаце пад печчу ў калядныя маразы, бабуля апавядала прыкладна так, як магла б казаць пра суседа, што жыў цераз плот.
Яна памерла, калі я хадзіў у трэці клас. Ужо ў студэнцкія гады разоў колькі я меўся з'ездзіць да бабы Просі на магілу, але ўрэшце так і не сабраўся. Часам я думаю, што спраўджу свой намер, калі здолею ўспомніць бабулін твар.
З другой маёй бабуляю - Аўгінняй - гэтае праблемы ніколі не паўставала. У любы момант я магу лёгка выклікаць у памяці не толькі яе твар, але і голас, хаду, адчуванне ейнае сухой рукі, калі яна вяла мяне з сястрою на поплаў ці на гумнішча, каб пасадзіць на грудок і пачаць свой урок батанікі.
– Гэта здрыжнічкі, - казала бабуля, - гэта ястрэц, а вунь, на выжарыне, скрыпень зацвітае. Гэта во драсён, а гэта братаўка...
Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых улаўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маць-і-мачыху» і «івана-ды-мар'ю», пачынае здавацца, што безліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы з сястрою.
Баба Аўгіння не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, аднак несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца ейны ціхі, падобны да духмянага шамацення сена ў адрыне шэпт: «Белае карэнне, чорнае каменне, сінія берагі...»), лекавала ячмень (чамусьці па-расейску: «Ячмень-ячмень, на тебе кукиш. Чего себе купишь? Купи себе топорок, руби себя поперек...»), выводзіла мышэй і «каціную драпу»...
Таемную бабуліну сілу я адчуваю і цяпер, праз трыццаць гадоў пасля яе смерці. Пакутуючы адзін час ад бяссоння, супроць якога не дапамагаў нават старажытны народны сродак - пакладзеныя ў галовах бурштынавыя пацеркі, неяк уначы я выпадкова (?) узгадаў бабуліны ўрокі: адчуў сваю руку ў ейнай, пачуў яе голас, убачыў змаршчакаваты лагодны твар і серабрыстыя хвалі, што гнаў па высокай траве вятрыска, і - нібы ў якоесьці пухкае прадонне, імгненна праваліўся ў сон. Назаўтра я зноў паспрабаваў гэтыя лекі, і з тае ночы бяссонне мне ўжо не пагражае.
Бабуля часта апавядала, які добры быў да людзей пан з суседняе вёскі, у якога яна служыла ў маладосці пакаёўкаю. Думаю, што гэтыя чуллівыя прыгады можна збольшага вытлумачыць пазнейшым шчаслівым жыццём у калгасе, але нават у самой панскай мянушцы - Брынка - мне, далібог, чуецца
нешта прыязна-чалавечае, чаго і з самай вялікаю фантазіяй не скажаш пра ацалелыя ў памяці старых вяскоўцаў мянушкі двух першых старшыняў тамтэйшага калгаса - Раўло і, перапрашаю, Галасрака.Неўзабаве пасля рэвалюцыі бабуля Аўгіння ледзь не загінула.
Тады ў капысіцкае наваколле нейкім ветрам занесла цыркавых артыстаў - мусіць, ратаваліся ад чырвоных ці белых з блізкіх Магілева або Воршы. Адны старыя капысічане згадваюць цяпер, што ў цыркачоў былі мядзведзі, другія гатовыя пабажыцца, што бачылі плявучых вярблюдаў і нават сланоў, але ўсе добра памятаюць, што сярод артыстаў былі зусім маленькія людзі, якіх у Капысіцы дагэтуль называюць словам «місцюкі» (магчыма, яго трэба лічыць адпаведнікам расейскага «лилипуты»).
Гнаны рэвалюцыйнымі віхурамі цырк падаўся далей, а місцюкі наважылі перачакаць пачатак новае эры ў гісторыі чалавецтва ў Капысіцы: набылі кароўку і атабарыліся на пакінутай сядзібе наводшыбе ад вёскі.
Місцюкоў было трое: жонка з мужам і іхні сын - такога самага росту, але, як казала бабуля, маладзенькі тварам. Кабетка хутка навучылася стоячы даіць карову, а ейны чалавек разам з сынам рапараваў па хатах вупраж ды іншы сялянскі рыштунак. Місцюкі ціха пражылі ў сваёй хаце два гады, а потым з Копысі прыехалі на конях збройныя людзі, якіх бабуля, успамінаючы тую гісторыю, называла то камісарамі, то люцыпанерамі. Яны вывелі місцюкоў з хаты і забілі ўсіх траіх - не страляючы, а выцяўшы кожнага пісталетнаю рукавяткаю па скроні. «Як зайчыкаў», - казала баба Аўгіння.
У той дзень яна пасвіла каровы паблізу місцюковае сялібы і, схаваўшыся ў агрэсце, усё бачыла і чула: як маўчаў перад смерцю гаспадар і як прасіліся кабетка з сынам. Бабуля лічыла, што люцыпанеры забілі няшчасных місцюкоў за тое, што знайшлі ў іх нейкія кнігі. Гэтыя словы яна так і вымаўляла - курсівам, заўсёды хрысцячыся і азіраючыся на бакі.
Яна закрычала ў агрэсце ад страху, і верхавод коннікаў загадаў, каб не было сведкаў, «шлёпнуць» і яе, аднак бабулю абараніў вусаты матрос, дзякуючы якому (бо мая мама народзіцца толькі праз чатыры гады пасля таго дня) я і займаюся сёння генеалагічнымі росшукамі.
Калі ўспамінаю бабулін аповяд, у памяці заўсёды пракручваецца эпізод з даўняга фільма пра рэвалюцыю. Узброеныя да зубоў чырвонаармейцы трасуць недзе ў Маскве ці ў Петраградзе прафесарскую кватэру. Таленавіта акарыкатураны рэжысёрам і акторам гаспадар, спрабуючы нешта давесці прадстаўнікам рэвалюцыйных масаў, здымае з паліцы кнігу (калі не памыляюся, том Пляханава). Зухаваты, перацягнуты кулямётнымі стужкамі малады начальнік патруля, трымаючы руку на расшпіленай кабуры, весела кажа акулярыстаму прафесару: «Мы ваших книжек не читали и читать не собираемся. Мы Ильичу без книжек верим». Мне ўвесь час здаецца, што пасля размовы прафесара таксама «пустили в распыл».
З тых дзён у душы ў бабулі Аўгінні назаўсёды засеў нязводны страх перад кнігамі. Можа, менавіта таму ў гады «культурнае рэвалюцыі» яна нейкім чынам ухілілася ад ліквідацыі свае непісьменнасці і ўсё жыццё ставіла ў калгасных ведамасцях каструбаватыя крыжыкі. Калі б яна дажыла да сямідзесятых гадоў, яе перакананасць, што кнігі прыносяць людзям адно няшчасці, магла б толькі ўмацавацца: майму стрыечнаму брату, а ейнаму ўнуку Генусю далі тэрмін (праўда, умоўны) за два тузіны зробленых ім копіяў булгакаўскіх «Роковых яиц».