Снежныя зімы
Шрифт:
— Маладыя, муж і жонка, такія вось, як вы з Маяй, доўга думалі, што падарыць маці на імяніны. І нарэшце прыйшлі да згоды: падорым ёй самае дарагое, што ў нас ёсць — нашага першынца. Няхай цешыцца бабуля!
Генадзь рагатнуў. Мая ўспыхнула і выйшла з пакоя. Вольга Усцінаўна дакорліва паківала галавой:
— Хаця б дзяцей не чапалі ў сваіх дурных анекдотах.
А Лада прастагнала:
— О божа, якое ўбоства!
І хоць сказала яна, магчыма, пра тое, што гучала з тэлевізара, бо тут жа злосна выключыла, але Івану Васільевічу здалося, што — пра іх, і словы Ладзіны балюча апяклі. Праўда, убоства! Гэтае заўчаснае пенсіянерства мімаволі
Настрой сапсаваўся.
Жонка, сямейны сейсмограф, адразу пачула яго душэўныя штуршкі. Насцярожылася, як тая птушка.
Добра, што ў доме ёсць Лада. Нездарма ёй далі такое імя. Праўда, і яна часта псуе настрой. Але, па сутнасці, толькі яна адна можа і ўзняць яго, бацькаў настрой.
Лада стаяла каля акна і чытала вершы:
В песне любой отстоялась любовь. В каждой звезде отстоялось время везде.Усіх прымусіла слухаць з большай увагай, чым слухалі тэлеперадачу. Нават Генадзя, які лічыў вершыкі дзіцячай забаўкай, а пісьменнікаў — хлусамі. «Хіба яны пішуць праўду? Выдумляюць усё».
Мая спынілася ў дзвярах.
Маці сядзела каля стала, па-сялянску, па-старэчы падпёршы кулаком шчаку.
А каждый вздох возник сперва как крик.— Пані літаратарка, хто гэта? — спытала Лада старэйшую сястру.
Мая паціснула плячамі.
— Еўтушэнка, — упэўнена адказаў Генадзь.
Івану Васільевічу спазма сціснула горла. Ён глядзеў у падлогу — не хацеў, каб хто-небудзь убачыў яго вочы, вільготныя ад слёз замілавання і гордасці.
«Дзіця маё! Колькі ўсяго змяшчаецца ў тваёй маленькай галоўцы! Навошта табе яшчэ гэтыя вершы?»
— Гарсія Лорка! — паведаміла Лада і прапанавала: — Давайце, інтэлігенты, абедаць!
Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя. Валянцін Будыка з жонкай. Даўно ўжо яны не заходзілі вось так проста, на агеньчык. Таму Вольга Усцінаўна неўзлюбіла Валянціна, які некалі, у першыя пасляваенныя гады, амаль штодзень заглядваў і ў якога яна тады нават трохі была закахана, безумоўна, глыбока таемна (у якой жанчыны не бывае такіх таямніц!). І хаця Будыка, не ў прыклад іншым сябрам, не адвярнуўся, але заглядваў усё радзей і радзей. Гэта крыўдзіла Вольгу, горка было расчароўвацца ў блізкіх людзях.
Але цяпер гасцям узрадавалася. Шчыра. За мужа. Яны — як тая ластаўка, якая вясны не робіць, але з’яўляецца самай вернай прыкметай яе. Можа яшчэ наступіць вясна і ў Іванавым жыцці? Будыка — пралаза, ён першы даведваецца пра ўсе змены. Ён на «ты» з міністрам.
Захацелася, каб мужчыны па-ранейшаму хораша пасядзелі, пагутарылі. Ашчадна вяла яна апошні час гаспадарку, але тут расшчодрылася: паслала Генадзя купіць каньяку і шампанскага. А калі той прынёс — з надзеяй, што і сам паласуецца, Вольга Усцінаўна ўпотай папрасіла Маю павесці мужа ў кіно, каб не замінаў у размове. Загад жонкі — найвышэйшы загад, і Генадзь мусіў скарыцца.
Мужчыны сядзелі ў кабінеце. Мілана Феліксаўна памагала гаспадыні варыць каву, рыхтаваць
закуску. Вольга Усцінаўна не спяшалася, каб даць мужчынам пагутарыць з вока на вока. Госця таксама не спяшалася, хацела даўжэй затрымацца ў кухні, каб усё агледзець, бо кухня, а не гасцінны стол, красамоўней за ўсё расказвае, як жыве цяпер сям’я, які мае дастатак. Адначасова госця паказала сябе, свае ўборы.— Волечка, дай мне фартушок, а то запэцкаю сваю абнову. Ну, як мой касцюм? Нешта ты маўчыш.
Касцюм быў пашыты выдатна. І матэрыял адмысловы. Манжэцікі і каўнерык з сабалінага футра. Будычыха адзявалася з вялікім густам, на зайздрасць многім жанчынам. І ўвогуле сачыла за сабой. Пяцьдзесят год, а як дзяўчынка — па паставе, вядома, не з твару; гады на твары не магла схаваць ніякая касметыка: наадварот, здавалася, чым больш яе, тым выразней яны вылазяць, гады.
Вольга Усцінаўна шчыра пахваліла касцюм:
— Навучыліся ў нас шыць, нарэшце.
— У нас?! Што ты! У Вільнюсе шыла. Кляпнёў завёз. Ён ведае ўсіх лепшых краўцоў ва ўсім Саюзе. Бандыт, але карысны. Хочаш, я цябе туды завязу? Будыка дасць машыну…
— Што ты, Міля! Куды мне ў Вільнюс! У атэлье напроці свайго дома няма калі схадзіць. Ды і грошы! На мой заробак ды Іванаву пенсію…
— Будыка кажа, што Івана вернуць на работу. Мой жа ўсё вынюхаць можа, ды яшчэ маючы такога ганчака, як Кляпнёў… Я часта кажу яму, Валю: каб твайго спрыту трохі сыну… Розум бацькаў, а спрыт… Асабліва да дзяўчат… Мой жа малады чорт быў… А сын…
«Чорт» гэты — Валянцін Адамавіч, манументальна прыгожы, у чорнай тройцы, пашытай не менш умела, чым жончын гарнітур, засунуўшы вялікія пальцы ў кішэнькі камізэлькі, хадзіў па пакоі перад гаспадаром, які з нагамі забраўся на шырокую тахту і таму здаваўся там, у ценю — свяціў адзін таршэр над сталом — хлопчыкам.
— Чуў, што сказаў Дуглас-Х’юм у сваім апошнім інтэрв’ю пра змены ў нас?
— Не меў шчасця прысутнічаць на яго прэс-канферэнцыі.
— О, з тыповай англійскай дасціпнасцю! Кажа, як усё ў дваццатым стагоддзі парадаксальна: самы красамоўны дзеяч сышоў са сцэны, не сказаўшы ніводнага слова.
— Акуратна ты слухаеш брахуноў,— не без уедлівасці кінуў Антанюк.
Будыка зарагатаў гучна-раскаціста, быццам гром пракаціўся, паступова заціхаючы. Іван Васільевіч падумаў, што зяць яго рагоча залішне коратка, а вось гэты вучоны муж залішне доўга. Па рангу.
— Мне прысылаюць бюлетэнь замежнай інфармацыі.
— Добры ў цябе настрой сёння.
— А чаму ён павінен быць кепскі? Усё, што робіцца, робіцца на лепшае. Паслухай людзей, ад якіх ты адарваўся.
«Яшчэ адзін з тых, хто лічыць, што не аддзяляе сябе ад народу».
— Дзе мне слухаць! На «інфаркт-штрасе», дзе шпацыруюць пенсіянеры?
— А што ты скажаш, калі я паведамлю, што маецца думка вярнуць цябе на работу?
Антанюк адчуў, як тахкнула сэрца, кроў ударыла ў скроні. Але за імгненнай радасцю — злосць.
— А я не хачу. Мне добра пенсіянерам.
— Спадабалася сядзець у кустах? Не хлусі, Іван. Скажы каму іншаму, не мне. Я цябе ведаю як аблупленага. Наскрозь бачу. З тваім партыйным сумленнем, з тваёй энергіяй…
— Людзі мяняюцца, дарагі Валянцін Адамавіч. У цябе даўно ўжо не было жадання заглянуць мне ў душу… А я ўжо не той…
— Не папракай. Ты ведаеш, як я быў заняты гэты час. Ты ўяўляеш, што значыць доктарская?! З усіх тваіх якасцей я ведаю дзве, якія нямала рабілі клопату і табе і другім: упартасць і гонар, проста-такі шляхецкі, як у маёй жонкі…