Скокі смерці
Шрифт:
— Хіба не заўважыла – у іх усіх адна стрэлка.. Гадзіньнікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў – навошта? Ну а простым месьцічам ці сялянам – якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень... Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі зьяўляцца вежавыя гадзіньнікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя – гэта была падзея.... А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.
–А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?
Юрась схіліўся ля бакавой сьценкі аднаго з гадзіньнікаў, на якім сьмешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постацьцю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх
— Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіньнік. Я яго рэстаўраваў. Зірні...
На чорным дрэве – выпалены надпіс: BERNACCONI.
— На астатніх гадзіньніках – тое самае, — патлумачыў Юрась. — Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіньнікі з вежы.
— Кляйно майстра? – я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і ня мог узьняць свой малаток...
— Хутчэй, прозьвішча ўладальніка, — азваўся Юрась. — Гадзіньнікі – розных майстроў. Гэты, са сьмерцю і каралём – з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са сьвятым сямействам, другі з грыфонам – з Нюрнбергу. Хто такі Бернацоні – я ня ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіньнікі, а вывезьці ня змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.
Я асьцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіньнікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі – нібыта перахварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчасьлівы быў той час?
— Вось тут зьвесткі пра кожны экспанат, — акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.
«Чорны Ганс»... Гадзіньнік са шпіньдзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм – скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры сьвінцовыя на вяроўцы з авечых кішак...»
— Што?... — адарвалася я ад папераў. — Чаму з авечых кішак?
— Таму што звычайныя вяроўкі расьцягваліся. А гэтыя – сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука – таксама трывалая, найчасьцей яе майстры ўжывалі.
«Сьвятое Сямейства... Гадзіньнік механічны... Невядомы майстра, Нюрнберг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота...»
Раптам за дзьвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усьмешлівым самавітым панам у элегантным касьцюме. Усьмешка пана была вытрымана-спачувальная... Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна – чарнявы, каржакаваты, як старасьвецкая шафа з пукатымі дзьверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытаньні... І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіньнікаў. Але было позна.
— Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!
— У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандравіч,— нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»...
— А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцьця... —расчаравана працягнуў госьць, нібыта зьбіраўся быць нашым сватам. — Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.
Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку… Віталь Янчын ніколі не адрозьніваўся далікатнасьцю. Затое ніхто й ня думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце. Ён усіх – на «ты», і да яго – «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты,
і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасьля надрукаваньня гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза… Яго фірма закупіла для музею калекцыю карцінаў. Я падчас уручэньня моўчкі абуралася – набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсьліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў зьявілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі... Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.— Ганначка стане пісаць пра Аркадзя, так, Ліля? Цудоўны выбар! Гэтая дзяўчынка напіша, як мае быць! —каб не патрэба захоўваць жалобны выраз твару, жыцьцярадаснасьць струменілася б з Віталя, як вада з рэшата. —А ты, Юраська, значыць, усё па-ранейшаму пакутуеш? Вось жа «пашанцавала» табе, беднаму…
Віталь зьвяртаўся да майго мужа, як да цяжка хворага, змоўніцкім шэптам. Юрась зьбялеў і, апусьціўшы вочы, сказаў нечакана цьвёрда:
— Гэта мая справа, Віталь Аляксандравіч.
Я са зьдзіўленьнем пераводзіла вочы з аднаго на другога, спрабуючы здагадацца, пра што гаворка.
— Ну, ну, не крыўдуй… Ты малайчына. Выпаў крыж – нясі… Ведама…
Апошняе прагучала трохі фальшыва. Я нічога не распытвала пра асабістае жыцьцё майго былога мужа, а тут, відаць, мелася нейкая таямніца. Але мне не атрымалася на гэтым засяродзіцца. Удава абвяла рукой вакол.
— Вось яны, гадзіньнікі з вежы.
Віталь пацокаў языком.
— Ай-яй, даўніна якая… Антыкварыят! Хаця ў калекцыі Пятра Апанасавіча ёсьць некалькі вельмі падобных. Ды вось хоць бы нядаўна з Польшчы прывёз цэлы фургон гадзіньнікаў – і вялікіх, як гэтыя. І малых... Нават цыферблат ад вежавых...
Юрась шапнуў мне:
— Гэта ён пра Калыванава... Прэс-сакратаром у яго працуе.
Нішто сабе прыладкаваўся! Калыванаў – расейскі магнат, меў тут сумесныя прадпрыемствы. Удава дужа зацікавілася пачутым:
— Аркадзь марыў, каб сабраць усе дванаццаць гадзіньнікаў!
Наш былы выкладчык спачувальна паківаў галавой.
— Пётр Апанасавіч твайго мужа вельмі паважаў. Не сумняюся, што, калі ў яго калекцыі выявяцца патрэбныя экземпляры – падорыць. Шырокай душы чалавек...
Лілія Пятроўна перарывіста ўздыхнула.
— Як было б цудоўна – сабраць усе дванаццаць, паставіць у вежы, і каб яны ішлі... Аркадзь мне тысячу разоў пра гэта казаў, а я не прыслухоўвалася...
Голас яе перарваўся. Госьць спачувальна дакрануўся да яе пляча.
— Ня плач, Ліля... Паспрабуем арганізаваць... — і дастаў сотавы. Пасьля нядоўгіх перамоваў радасна паведаміў:
— Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіньнікаў старых у яго сотні з дзьве. І маленькія, і большыя за гэтыя... Калі ня знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!
Юрась запярэчыў:
— Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.
— Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжака. — У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамоньце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіньнікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!
Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою.
— Ня ведаю... Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш... Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі...