ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Шмат з іх ёсць такіх, што маглі б разняціць хатнюю вайну, таму ж і баяліся мы спачатку, каб не бараніліся, памятаеце? А яны паміраюць, бы авечкі.

— Хай бы паспрабавалі інакш! — адгражаўся Тыгэлін.

На гэта Пятроні: — Памыляецеся. Яны бароняцца.

— А то ж якім спосабам?

— Цярплівасцю.

— Гэта новы спосаб!

— Пэўна. Але ці можаце сказаць, што яны паміраюць так, як абыдныя злыдні? Не! Яны паміраюць так, як бы разбойнікамі былі тыя, што іх на смерць асудзілі, гэта знача, мы і цэлы народ рымскі.

— Што за трызненне! — ускіпеў Тыгэлін.

— Hic abdera! [84] — прысаджвае яго Пятроні.

Прысутныя, зацікаўленыя трапнасцю ягонай заўвагі, пераглядаліся здзіўленымі вачыма і пацвярджалі: — Праўда, ёсць нешта апрычонае,

асаблівае ў іхняй смерці.

— Кажу вам, яны бачаць сваё боства! — адзываецца з боку Вестын.

Тады некалькі аўгустыянаў звяртаецца да Хілона: — Эй, стары, ты іх добра ведаеш, скажы нам, што яны бачаць?

А грэк выпляваў віно на туніку і адказаў: — Уваскрэсенне!..

84

Устойлівы фразеалагізм, які абазначае: «Во найдурнейшы з дурняў» (заўвага аўтара).

І пачаў так калаціцца ад страху, што сядзячыя бліжэй госці не маглі ўстрымацца ад рогату.

LX

Праз некалькі дзён Вініць не начаваў дома. Пятронію прыходзіла на думку, што мо зноў улажыў сабе новы план вызвалення Лігіі з Эсквілінскае вязніцы, але не хацеў ужо яго пра гэта распытваць, каб не спракудзіць работы. Гэты вымудраваны скептык зрабіўся таксама ў пэўным значэнні суверным, асабліва ад часу няўдачы спробы вызваліць дзяўчыну з Мамэртынскага пограбу, перастаў верыць у сваю зорку. Не спадзяваўся й цяпер памыснага выніку Вініціевых захадаў. Эсквілінская вязніца, прыгатаваная спахопу з падзямелляў дамоў, разваленых падчас пажару, не была, праўда, так страшнаю, як стары Туліянум вобак Капітолю, але затое была ў сто разоў больш вартаваная. Пятроні добра ведаў, што Лігію перанеслі туды дзеля таго, каб не памерла ды не размінулася з амфітэатрам, дык лёгка яму было дадумацца, што якраз з гэнае прычыны мусяцімуць яе вартаваць, як собскага вока.

— Відаць, — гадаў сабе, — цэзар з Тыгэлінам прызначылі яе на нейкае асаблівае, найстрашнейшае відовішча, і Вініць хутчэй сам згіне, чым яе адтуль выцягне.

Вініць таксама не меў надзеі яе выдабыць. Цяпер гэта мог зрабіць толькі ўжо пра тое, каб хоць мог спатыкацца з ёю. Ад нейкага часу пераследвала яго думка, ці не зрабіць так, як Назар, які пралез у Мамэртынскую вязніцу наймітам да вынасу трупаў.

Падкуплены за вялікую суму даглядчык Гнілых Ямаў прыняў яго ўрэшце ў чараду свае чэлядзі, якую штоноч высылаў па трупы ў вязніцу. Небяспека быць пазнаным існавала малая. Спагадала гэтаму ноч, вопратка нявольніцкая ды благое асвятленне вязніцы. Дый каму ж магло прыйсці ў голаў, каб патрыцый, унук і сын консулаў, мог знайсціся між грабарскаю чэляддзю, нюхаючаю смурод вязніц і Гнілых Ямаў, каб узяўся за працу, да якое змушала толькі няволя або крайняя бяздоліца!

Але ён, калі настаў жаданы вечар, падперазаўся й акруціў галаву анучай, імпрэгнаванай шкіпінарам, ды з сэрцам скачучым пайшоў разам з супрацоўнікамі на Эсквілін.

Прэторыянская варта не рабіла ім перашкод, бо ўсе мелі адпаведныя тэсары, якія цэнтурыён правяраў пры святле ліхтарыка. Па хвіліне вялікія жалезныя дзверы адчыніліся перад імі. Увайшлі.

Вініць убачыў перад сабою прасторны з скляпеннем пограб, з якога йшлося ўва многія іншыя. Жухлыя святлічкі асвятлялі падзямелле, напоўненае людзьмі. Некаторыя з іх ляжалі пад сценамі, патануўшы ў сне або мёртвыя. Іншыя абступілі вялікую судзіну з вадою, што стаяла пасярэдзіне, і пілі з гарачкі; іншыя сядзелі на зямлі, падпёршыся локцямі на каленях і ўшчаміўшы голаў у далоні; сям і там спалі дзеці, прытуліўшыся да матак. Наагул чутно было то стагнанне і моцнае прыспешанае зяханне хворых, то плач, то шэпты малітвы, то прыцішныя песні, то праклён наглядчыкаў. У падзямеллі панавала затха ад гнілых трупаў і суталока. У змрочнай воддалі таўкліся цёмныя постаці, а бліжэй пры мігатлівых пламянкох відаць былі твары збялелыя, ужахнутыя, запаўшыя й галодныя, з загаслымі вачыма або палаючымі гарачкай, з вуснамі пасінелымі, з кроплямі поту на лбох ды пазлепліваным скаўтунелым валоссем. Па куткох крычалі з гарачкі хворыя, іншыя прасілі вады, іншыя — каб хутчэй вялі іх на смерць. А была ж гэта вязніца менш страшная, чым Туліянум. Ногі пад Вініціем захісталіся, у грудзях заняло дых, як убачыў усё гэта. Думка пра Лігію, якая знаходзіцца ў падобных абставінах,

паставіла дыбам яму на галаве валасы, а ў грудзях зрываўся крык роспачы. Амфітэатр, клыкі дзікіх звяроў, крыжы — усё было лепшым за гэныя страшэнныя гнілыя затхнішчы, дзе з усіх куткоў малілі балючыя галасы: — Вядзеце нас на смерць!

Вініць заціснуў кулакі, што аж пазногці яму ўрэзаліся ў далоні, бо адчуў, што ўсё бачанае і перажытае дагэтуль, уся любасць і боль змяніліся ў ім у вадну жаду смерці.

Нараз тут жа вобак яго адзываецца знячэўкі голас загадчыка Гнілых Ямаў: — А колькі маеце сяння трупаў?

— Будзе з тузін, — адказвае загадчык вязніцы, — але да раніцы будзе больш, бо там пад сценамі некаторыя ўжо канаюць.

Ды пачаў наракаць на жанчын, што ўкрываюць мёртвыя дзеці, каб даўжэй мець пры сабе і не аддаваць у Гнілыя Ямы, пакуль магчыма. Трэба дзеля гэтага трупы пазнаваць толькі па паху, а паветра, і так страшнае, псуецца праз гэта шчэ горш.

— Лепей бы мне, — наракаў, — быць нявольнікам у сялянскіх эргастулах, чым пільнаваць гэных гніючых пры жыцці сабак.

Даглядчык Ямаў пацяшаў яго бядаваннем, што і ягоная служба не лепшая. Праз гэты час Вініць апрытамнеў больш і пачаў разглядацца ў падзямеллі, дзе не мог, аднак, знайсці Лігіі і баяўся, што мо і не ўдасца яе перад смерцю бачыць. Паграбоў было колькінаццаць, злучаных свежымі перакопамі, а грабары ўваходзілі толькі да тых, адкуль трэ было выносіць мёртвых, дык узяў яго страх, што ўсе захады, каштуючыя гэтулькі намаганняў, могуць быць ударэмненыя. На шчасце ягоны патрон дапамог яму.

— Трупы, — кажа, — трэба зараз выносіць, бо зараза найгорш распаўсюджваецца праз трупы. Інакш паўміраеце і вы, і вязні.

— На ўсе каморы ёсць нас толькі дзесяцёх, — адказаў вартаўнік, — дый мусім жа спаць.

— Дык я табе пакіну чатырох маіх людзей, якія ўночы наглядацімуць па каморах, ці хто не памёр.

— Вып’ем узаўтра, калі зробіш мне такую паслугу. Кожнага трупа хай занясуць на пробу, бо прыйшоў загад, каб мерцвяком праколваць шыю, а пасля адразу — у Ямы!

— Добра, але не забудзь — вып’ем! — нагадаў даглядчык.

Пасля вызначыў чатырох чалавек, і між імі Вініція, а з астатнімі пачаў складаць нябожчыкаў на ношы.

Вініць паспакайнеў: цяпер быў пэўны, што знойдзе Лігію. І насамперш перагледзеў добра пярэднія каморы. Заглядаў ува ўсе цёмныя куткі, куды не даходзіла святло, абгледзеў асобы, спячыя пад сценамі, накрытыя лахманамі, агледзеў найцяжэй хворых, якіх пазацягвалі ў асобны куток; Лігіі, аднак, не мог нідзе знайсці. У другім і трэцім падзямеллі ягоныя пошукі засталіся таксама без выніку. Прымеж таго, рабілася ўжо позна: трупаў павыносілі. Вартаўнікі, паклаўшыся ў праходах між каморамі, паснулі; дзеці, зняможаныя плачам, замоўклі; у спелюнках было чуваць толькі дыханне змучаных грудзей ды дзе-нідзе шэпт малітвы. Вініць выйшаў з святлом у чацвертую па чарзе камору, шмат меншую, і, падняўшы святліка ўгару, пачаў разглядацца. І — здрыгануўся, бо здалося яму, што пад кратаю ў сценным атворышчы бачыць вялігурную постаць Урсуса. Дык, патушыўшы воміг святліка, падыйшоў да яго і спытаў: — Урсус, гэта ты?

Асілак адвярнуў голаў: — Хто пытае?

— Не пазнаеш мяне? — пытае юнак.

— Патушыў святлік, як жа магу цябе пазнаць?

Але Вініць згледзеў у гэным моманце Лігію, што ляжала на плашчы пры сцяне, дык, не кажучы нічога, укленчыў пры ёй. Тады пазнаў яго і Урсус ды адазваўся: — Хвала Хрысту! Толькі не будзі яе, спадару.

Вініць, стоячы на каленях, углядаўся ў яе праз слёзы. Міма поцемку мог адрозніць ейнае аблічча, белае, бы алебастр, і паблажалыя плечукі, рукі.

Вулкан любові, падобны да раздзіраючага болю, страсянуў ягонай душой аж да глыбіні, напаўняючыся пачуццем любасці, перапоўненай літасцю, шанаваннем і захапленнем. Нагнуўшыся аж да зямлі, пачаў цалаваць беражок вопраткі, на якой спала найдаражэйшая ў свеце галованька.

Урсус праз доўгі час моўчкі глядзеў на яго, у канцы, аднак, пацягнуў хлапца за туніку.

— Спадару, — пытае, — як сюды пралез? Ці мо прыходзіш яе ратаваць?

Вініць устаў, праз хвіліну змагаўся з расчуленнем.

— Дай спосаб! — кажа.

— Я думаў, ты яго знойдзеш. Мне адзін толькі прыйшоў у голаў… Паглядзеў на краты і, як бы сам сабе паказваючы, гавора: — Так!.. Але там вартаўнікі… — Сотня прэторыянаў, — дасказаў Вініць.

— Дык… не пройдзем!

— Не!

Ліг пацёр лоб рукою ды зноў пытае: — Ну, а як жа ты сюды ўвайшоў?

Поделиться с друзьями: