Олівер Твіст
Шрифт:
Габрэй з пагардай паглядзеў на спалатнелы твар свайго суразмоўцы і, сказаўшы, што той можа ісці за ім следам, калі хоча, пачаў спускацца па лесвіцы. Яны зазірнулі ва ўсе пакоі. Там было холадна і пуста. Яны спусціліся ў калідор і далей, у падвал. На нізкіх сценах была зялёная плесня. У святле свечкі блішчалі сляды слізнякоў і слімакоў, але ўсюды было ціха, як у магіле.
— Ну, дык як? — спытаў габрэй, калі яны вярнуліся ў калідор. — Акрамя нас, тут ні жывой душы. Тобі і хлопцы не лічацца — яны па-за падазрэннем. Глядзіце!
Як пацверджанне гэтага факта габрэй выняў з кішэні два ключы і растлумачыў, што, калі яны зайшлі ў дом, ён замкнуў іх у пакоях, каб ніхто не мог перашкодзіць іх размове.
Гэты доказ
РАЗДЗЕЛ XXVII
выпраўляе стан рэчаў, які склаўся ў адным з папярэдніх раздзелаў, калі даволі бестактоўна была пакінутая ў самоце адна лэдзі
Сціпламу аўтару ніяк не выпадае вытрымліваць такую важную асобу, як прыходскі кур’ер, спінай да каміна, з расхінутым крыссём сурдута да таго часу, пакуль аўтару не ўзбрыдзе ў галаву адпусціць яго; яшчэ менш прыдатна кур’еру, беручы пад увагу ягоны статус і якасці, падобным зняважлівым чынам ставіцца да лэдзі, на якую гэты кур’ер глядзеў пяшчотным, расчуленым вокам і на вуха якой шаптаў тыя салодкія словы, што, калі ўжо яны зыходзілі ад такой асобы, прымусілі б часта біцца сэрца дзяўчыны або матроны безуважна, якога саслоўя. Гісторык, чыё пяро выводзіць гэтыя словы, мяркуючы, што ён усведамляе сваё месца і ставіцца з належным піетэтам да тых асоб на гэтай зямлі, якім дадзеная высокая і магутная ўлада, спяшаецца засведчыць ім пашану, якой патрабуе іхняе становішча, і захаваць у абыходжанні з імі ўсе неабходныя цырымоніі, якіх нязменна вымагаюць іх высокая годнасць і, адпаведна з гэтым, станоўчыя якасці іхняй натуры. З гэтай мэтай аўтар збіраўся прадставіць тут навуковае абгрунтаванне дадзеных Богам правоў прыходскага кур’ера і ягонай беззаганнасці і беспамылковасці, што для правільна выхаванага чытача было б роўна займальным і карысным, але, на жаль, праз недахоп часу і месца аўтар вымушаны адкласці гэта да больш зручнай і прыдатнай нагоды; калі такая нагода надарыцца, то ён гатовы наглядна даказаць, што кур’ер прысутнага месца ў вузкім сэнсе гэтага слова, то бок прыходскі кур’ер, які належыць да прыходскага штату працоўні і адпаведным чынам бярэ ўдзел у службе прыходскай царквы, валодае найвыбітнейшымі, найлепшымі станоўчымі якасцямі чалавечай натуры і што ні на адну з гэтых якасцей не могуць прэтэндаваць нават у самай малой меры ні кур’еры прамысловых кампаній, ні кур’еры судоў, ні нават кур’еры пры капліцах (хіба што, можа, апошнія, але ў вельмі малой, мізэрнай ступені).
Містэр Бамбл яшчэ раз пералічыў чайныя лыжкі, узважыў на далоні шчыпцы для цукру, уважліва агледзеў малочнік, упэўніўся ў належным стане мэблі, праверыў нават, у якім стане набіўка з конскіх валасоў у крэслах і, паўтарыўшы гэтую аперацыю разоў шэсць, пачаў думаць, што місіс Корні мусіла б ужо вярнуцца. Думка за думкай, і паколькі набліжэння місіс Корні нічога не прадказвала, то містэру Бамблу здалося, што ён можа прабавіць час нявінна і дабрачынна, задаволіўшы сваю цікаўнасць і крыху, адным вокам, зазірнуўшы ў камоду місіс Корні.
Містэр Бамбл паслухаў трохі каля замочнай адтуліны, каб упэўніцца, што ніхто не ідзе ў пакой, потым пачаў свой агляд з дна камоды і найперш узяўся правяраць змесціва трох доўгіх шуфляд. Яны былі напоўненыя ўсемагчымымі прадметамі туалету, высакаякаснымі, з добрага матэрыялу. Рэчы былі рупна складзеныя паміж дзвюма бачынамі старой газеты, пасыпаныя сухой лавандай і, відавочна, прынеслі кур’еру вялікае
задавальненне. Праз нейкі час містэр Бамбл дасягнуў правага верхняга боку камоды і знайшоў у шуфлядзе, у якой тырчаў ключ, шкатулку з вісячым замком, якая, калі ён яе патрос, азвалася прыемным звонам — няйначай звонам манет. Паважнай хадою містэр Бамбл вярнуўся на ранейшае месца ля каміна, прыняў ранейшую паставу і з сур’ёзным і ўпэўненым выглядам сказаў: «Я зраблю гэта!» Пасля сваёй незвычайнай заявы ён хвілін з дзесяць у добрым гуморы хітаў злёгку галавой, як быццам разважаючы сам сабе, які ён слаўны хлапчына, а потым з заўважнай цікаўнасцю і задавальненнем пачаў разглядаць свае ногі збоку.Ён усё яшчэ быў паглыблены ў гэтую інспекцыю, калі, задыхаўшыся, прыбегла ў пакой місіс Корні; яна ўпала на крэсла каля каміна, адной рукой закрыла вочы, другую прыклала да сэрца і пачала лавіць ротам паветра.
— Місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл, схіляючыся над матронай, — што з вамі, мэм? Што-небудзь здарылася, мэм? Малю, адкажыце, я як... як на...
Ад хвалявання містэр Бамбл забыўся на адпаведны выраз «як на іголках» і замест гэтага сказаў «як на разбітых бутэльках».
— О містэр Бамбл! — усклікнула лэдзі. — Мне так сапсавалі настрой!
— Сапсавалі настрой? — выкрыкнуў містэр Бамбл. — Хто наважыўся зрабіць гэта?! Я ведаю, — працягваў ён з характэрнай для яго велічнай манерай, — вас пакрыўдзілі гэтыя паганыя беднякі.
— Страшна ўспомніць! — сказала лэдзі, дрыжучы ўсім целам.
— Дык і не ўспамінайце, мэм, — падказаў містэр Бамбл.
— Не магу! — скрывілася лэдзі.
— Тады прыміце якіх лекаў, мэм, — мякка параіў містэр Бамбл. — Можа, крыху віна?
— Ні за што на свеце! — запярэчыла місіс Корні. — Не, я не магу, не! На верхняй паліцы ў кутку... О!
Вымавіўшы гэтыя словы, добрая лэдзі, нібы ў ачмурэнні, паказала рукой на буфет, а потым яе пачала браць нейкая ўнутраная сутарга. Містэр Бамбл кінуўся да буфета, схапіў з так няпэўна абазначанай паліцы бутэльку з зялёнага шкла ўмяшчальнасцю ў пінту, напоўніў ейным змесцівам кубачак і паднёс да вуснаў лэдзі.
— Цяпер мне лепш, — сказала місіс Корні, выпіўшы паўкубачка, і адкінулася на спінку крэсла.
Удзячны містэр Бамбл ціхмянамудра падняў вочы да горняй столі, потым апусціў іх на кубачак і прынюхаўся да змесціва.
— Лікёр на перачнай мяце, — растлумачыла слабым голасам місіс Корні, усміхаючыся кур’еру. — Пакаштуйце! Там ёсць яшчэ... яшчэ нешта.
Містэр Бамбл недаверліва пакаштаваў лекі, прыгубіў, пакаштаваў яшчэ і выпіў да дна.
— Вельмі добра супакойвае, — сказала місіс Корні.
— Насамрэч, вельмі, — азваўся кур’ер.
Сказаўшы гэта, ён падсунуўся з крэслам да наглядчыцы і лагодна запытаўся, што там такое здарылася, што так узрушыла яе.
— Нічога, — адказала місіс Корні. — Я слабае, дурное, нервовае стварэнне...
— Вы не слабая, мэм, — запярэчыў містэр Бамбл, падсоўваючыся яшчэ на пару сантыметраў. — Хіба вы слабае стварэнне, місіс Корні?
— Мы ўсе слабыя стварэнні, — дала ўніверсальную фармулёўку тая.
— Што праўда, тое праўда, — адказаў кур’ер.
Хвіліну ці дзве абое маўчалі. Пасля гэтага містэр Бамбл, каб растлумачыць сваю думку, зняў руку са спінкі крэсла, на якім сядзела місіс Корні і дзе гэтая рука была раней, і паклаў яе на пояс фартуха місіс Корні, паступова абвіваючы ёй талію лэдзі.
— Усе мы слабыя стварэнні, — прамовіў містэр Бамбл.
Місіс Корні ўздыхнула.
— Не ўздыхайце, місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл.
— Не магу з сабой нічога зрабіць, — адказала місіс Корні і ўздыхнула яшчэ раз.
— Вельмі ўтульны пакойчык, мэм, — сказаў, аглядваючыся, містэр Бамбл. — Каб яшчэ адзін сумежны, было б нешта цэльнае.
— Для мяне адной зашмат, — прамармытала лэдзі.
— А для двух — не зашмат, — мякка зазначыў містэр Бамбл. — Ну, дык як, місіс Корні?