Навелы
Шрифт:
Агульнае здзіўленне і гром воплескаў. Дзеці нават раты раззявілі. Як гэта ён так дапяў, прыставалі яны да нас. Нялёгка растлумачыць гэтую штуку, адказвалі мы, на тое Чыпола і штукар. Цяпер яны ведалі, што такое прадстаўленне фокусніка. Ну проста здорава: як рыбаку раптам забалеў жывот, а цяпер вось гатовы вынік на дошцы, — і мы ўжо з трывогай прадбачылі, што нягледзячы на запаленыя вочы і позні час, амаль палову адзінаццатай, будзе вельмі нялёгка вывесці іх адгэтуль. Без слёз тут не абыдзецца. А між тым зусім жа відавочна, што гарбач не ўжывае ніякіх маніпуляцый — у сэнсе спрыту рук, і ўсё гэта зусім не на дзяцей. Не ведаю, што пра ўсё гэта думала публіка, але з выбарам складнікоў «па сваёй волі» ўсё было яўна нячыста; вядома, не выключана, што той альбо іншы з апытаных адказваў па сваім выбары, але адно несумненна: Чыпола выбіраў сабе людзей, і ўвесь ход доследу, скіраванага на тое, каб атрымаць вызначаны наперад вынік, быў падпарадкаваны ягонай волі; аднак нельга было не захапляцца яго матэматычнымі здольнасцямі, хоць усё астатняе чамусьці не выклікала захаплення. У дадатак ягоны ўра-патрыятызм і бясконцая самазадаволенасць — суайчыннікі кавальерэ, магчыма, і адчувалі сябе ў сваёй стыхіі і здольныя былі яшчэ жартаваць, але чалавека збоку ўсё разам узятае прыгнятала.
Зрэшты, Чыпола сам спрыяў таму, каб у людзей, якія хоць трошкі нешта петрылі, не заставалася сумненняў, што да прыроды яго майстэрства, хоць ні разу, вядома, не вымавіў
Яшчэ нейкі час ён вёў тыя самыя практыкоўкі, але спачатку ўскладняў іншымі арыфметычнымі дзеяннямі, а потым усё спрасціў, каб паказаць, як гэта робіцца. Казаў проста «адгадваць» лічбы, якія папярэдне запісваў пад аркушам паперы на дошцы. Нехта прызнаўся, што спачатку хацеў назваць іншую лічбу, але менавіта ў гэты момант перад ім свіснула ў паветры плётка кавальерэ, і ў яго зляцела з вуснаў тая самая, што напісана на дошцы. Чыпола бязгучна засмяяўся аднымі плячыма. Кожны раз ён прыкідваўся здзіўленым празорлівасцю апытанага; але ў кампліментах ягоных чулася нешта іранічнае і абразлівае, не думаю, каб яны падабаліся паддоследным, хоць тыя і ўсміхаліся і ў пэўнай меры не былі супроць таго, каб прыпісаць апладысменты сабе. Мне здаецца таксама, што артыст не здабыў прыхільнасці ў публікі. У яе адносінах да яго, бадай, адчувалася непрыхаваная непрыязь і непакорлівасць; але, нават калі адкінуць проста ветлівасць, якая стрымлівала такія пачуцці, майстэрства Чыполы, яго бясконцая самаўпэўненасць не маглі не падабацца, і нават плётка, здавалася, спрыяла таму, каб бунт не вырваўся вонкі.
Ад фокусаў з лічбамі Чыпола перайшоў да картаў. Ён дастаў з кішэні дзве калоды, і, памятаю, сутнасць эксперыменту была ў тым, што ён браў з адной калоды, не гледзячы, тры карты, хаваў іх ва ўнутраную кішэню каптана, працягваў другую каму-небудзь з гледачоў, каб той выцягнуў менавіта гэтыя тры карты, прычым фокус не кожнага разу ўдаваўся зусім бездакорна; часам супадалі толькі дзве карты, але часцей за ўсё, адкрыўшы свае тры карты, Чыпола перамагаў і лёгкім паклонам дзякаваў публіцы за апладысменты, якімі яна, хоч не хоч, а прызнавала яго магутнасць. Малады хлопец у пярэднім радзе справа ад нас, італьянец з гордым тварам, падняў руку і сказаў, што рашыў выбіраць выключна па сваёй волі і свядома супраціўляцца любому пабочнаму ўплыву. Які ў такім разе будзе вынік, на думку Чыполы?
— Вы толькі, і можа, крыху ўскладніце мне задачу, — адказаў кавальерэ. — Але, як бы вы ні ўпіраліся, вынік будзе той самы. Існуе свабода, існуе і воля, але свабоды волі няма, бо воля, якая імкнецца толькі да сваёй свабоды, правальваецца ў пустату. Вы вольныя цягнуць альбо не цягнуць карты з калоды. Але пацягнеце, дык выцягнеце правільна, і з тым большай пэўнасцю, чым упарцей будзеце супраціўляцца.
Трэба прызнацца, што ён не мог прыдумаць нічога лепшага, каб напусціць туману і пасеяць разгубленасць у хлопцавай душы. Той упарта не рашаўся працягнуць руку да калоды. А ўзяўшы адну карту, ён тут жа захацеў, каб яму на праверку паказалі схаваныя.
— Але навошта? — здзівіўся Чыпола. — Ці не лепей ужо ўсе разам?
Але як што ўпарцісты хлопец стаяў на сваім, на такой папярэдняй пробе, фігляр з нечаканай для яго лакейскай дагодлівасцю сказаў: «E servito!» [26] — і, не гледзячы, веерам адкрыў свае тры карты. Крайняя левая была якраз тая, што выцягнуў хлопец.
Змагар за свабоду волі злосна сеў на сваё месца пад воплескі гледачоў. У якой меры Чыпола на дапамогу свайму прыроднаму дару заклікаў розныя механічныя трукі і спрыт рук — чорт яго ведае. Але калі нават дапусціць такі сплаў, усе, хто з прагнай цікаўнасцю сачылі за незвычайным прадстаўленнем, шчыра цешыліся і прызнавалі бясспрэчнае майстэрства артыста. «Lavora bene!» [27] — чулася то тут то там непадалёк ад нас, а гэта азначала перамогу аб’ектыўнай справядлівасці над асабістай антыпатыяй і маўклівым абурэннем.
26
Да паслугаў! (іт.).
27
Чыстая праца! (іт.).
За апошнім, хай няпоўным, затое асабліва ўражлівым поспехам Чыпола спачатку зноў падмацаваўся віном. Ён і праўда «шмат піў», і глядзець на гэта было не дужа прыемна. Відаць, яму патрэбны былі спіртное і тытунь, каб падтрымліваць і ўзнаўляць сваю жыццёвую сілу, да якое, як ён сам намякнуў, у многіх адносінах ставіліся вялікія патрабаванні. Часам ён сапраўды выглядаў зусім дрэнна — запалыя вочы, аселы твар. А чарачка зноў усё ўводзіла ў норму, і мова ў яго пасля таго зноў цякла, уперамешку з шэрымі струмянямі дыму, жвава і плаўна. Я добра памятаю, што ад картачных фокусаў ён перайшоў да тых салонных гульняў, якія грунтуюцца на звыш— ці падсвядомых уласцівасцях чалавечай натуры — на інтуіцыі і «магнетычным» умаўленні, — словам, на ніжэйшай форме празорлівасці. Толькі ўнутраную сувязь і паслядоўнасць я не запамятаў. Дый не буду дакучаць вам апісаннем гэтых вопытаў, яны вядомыя ўсім: усе вы хоць раз удзельнічалі ў іх — у пошуках якога-небудзь схаванага прадмета, паслухмяным выкананні якіх-небудзь наперад задуманых дзеянняў, імпульс да якіх невытлумачальным шляхам перадаецца ад арганізма да арганізма. І пры гэтым кожны, пакручваючы галавой, кідаў цікаўна-гідлівыя позіркі ў двухсэнсава-нячыстыя і цёмныя нетры акультызму, які ад чалавечай слабасці яго адэптаў увесь час хіліцца да таго, каб, дурачы людзей, змешвацца з містыфікацыяй і шахрайствам, аднак і дамешка зусім не абвяргае натуральнасці іншых складнікоў гэтай дзівоснай амальгамы. Я хачу толькі адзначыць, што ўздзеянне ўзрастае і ўражанні паглыбляюцца, калі такі вось Чыпола выступае рэжысёрам і галоўнай дзейнай асобай у гэтай цёмнай гульні. Ён сядзеў спінай да публікі ў глыбіні эстрады і курыў. Пакуль дзе-небудзь у зале нішкам не дамаўляліся, прыдумваючы яму заданне, і з рук у рукі перадавалі прадмет, які яму трэба будзе знайсці і з ім нешта зрабіць. Потым, трымаючы за руку прысвечанага ў задачу павадыра з публікі, якому сказана было ісці трошкі ззаду і толькі ў думках засяродзіцца на задуманым. Чыпола, адкінуўшы галаву назад і выцягнуўшы наперад руку, улукаткі ішоў па зале, гэтаксама, як рухаюцца ў такіх вопытах усе — то памыкаючыся наперад, быццам яго нешта штурхала, то няўпэўнена, вобмацкам, нібы прыслухоўваючыся, то зноў заходзячы ў тупік і раптам паварочваючы. Здавалася, ролі памяняліся, флюід ішоў назад, і артыст, не перастаючы гаварыць, на гэта ўказваў. Цяпер пасіўным бокам, які ўспрымае, слухаецца, быў ён, яго ўласная воля выключана, ён толькі выконвае маўклівую, разлітую ў паветры агульную волю гледачоў, а да гэтага часу толькі ён адзін хацеў і загадваў; але Чыпола падкрэсліваў, што гэта, па сутнасці, тое ж самае. Здольнасць адасобіцца ад свайго «я», зрабіцца проста прыладай, пераконваў ён, — гэта другі бок здольнасці хацець і загадваць; гэта ўсё тая самая здольнасць, валадаранне і падпарадкавальнасць разам узятыя ўяўляюць адзін прынцып, адно непарыўнае адзінства; хто ўмее падначальвацца, той умее і загадваць, і наадварот,
адно паняцце ўжо ёсць у другім, непарыўна з ім звязана, як непарыўна звязаныя правадыр і народ, але затое напружанне, нязмернае, стомнае напружанне цалкам выпадае на яго долю, кіраўніка і выканаўцу ў адной асобе, у якой воля робіцца паслушэнствам, а паслушэнства — воляй, ён спараджае і тое і другое, і таму яму даводзіцца асабліва цяжка. Артыст не раз падкрэсліваў, што яму вельмі-вельмі цяжка, мабыць, каб растлумачыць, чаму яму трэба ўвесь час падмацоўвацца чарачкай. Чыпола рухаўся навобмацак, як у трансе, нібы яго скіроўвала і вяла агульная тайная воля ўсёй залы. Ён дастаў упрыгожаную камянямі шпільку з тyфлі англічанкі, куды яе схавалі, і панёс, то няўпэўнена запавольваючы крок, то з парывам наперад, другой даме — сіньёры Анджальеры, — устаў на калені і падаў ёй з умоўленымі словамі; яны, праўда ў самы раз пасавалі да нагоды, але адгадаць іх было зусім няпроста — фразу склалі па-французску. «Прыміце гэты дарунак на знак майго пакланення!» — належала яму сказаць, і нам здавалася, што ў цяжкасці задачы хаваўся пэўны злы намысел і адбіўся разлад паміж прагай цудоўнага, якая даймала публіку, і жаданнем, каб фанабэрысты Чыпола нарэшце праваліўся. Вельмі цікава было назіраць, як ён, укленчыўшы перад сіньёрай Анджальеры, спрабаваў і так і гэтак знайсці патрэбную яму фразу.— Я павінен нешта сказаць, — прамовіў ён, — і ясна адчуваю, што менавіта павінен сказаць. А тым часам адчуваю, што вымавіць гэта будзе памылкай. Не, прашу, ні ў якім разе не падказваць! Не памагайце мне ні словам ні жэстам! — усклікнуў ён, хоць… а можа, якраз таму, што менавіта на гэта і спадзяваўся. — Pensez tres fort! [28] — раптам крыкнуў ён на дрэннай французскай і тут выпаліў патрэбную фразу, праўда, па-італьянску, але так, што апошняе і галоўнае слова нечакана вырвалася ў яго на, пэўна, зусім яму незнаёмай, але блізкай мове — ён вымавіў замест «veneracione» «еnеration» [29] з жахлівым насавым гукам у канцы слова — частковы поспех, які пасля ўсяго ўжо выкананага — пошукаў шпількі, выбару той, каму трэба было яе аддаць, укленчання, — зрабіў, бадай што, нават большы эфект, чым зрабіла б поўная перамога, і выклікаў буру захаплення.
28
Моцна думайце! (фр.).
29
Пакланенне (іт. і фр.).
Устаючы з каленяў, Чыпола абцёр з ілба пот. Вы разумееце, што, расказваючы пра шпільку, я толькі прыводжу ўзор яго працы, што мне асабліва запомнілася. Але Чыпола ўвесь час уразнастайваў гэтую асноўную форму і да таго ж пераплятаў свае доследы з такога ж роду імправізацыямі, якія забіралі шмат часу і на якія яго на кожным кроку штурхалі зносіны з публікай. Больш за іншых, здавалася, натхняла яго наша гаспадыня; яна справакавала яго на дзівоснае шчыраванне.
— Ад мяне не ўнікла, сіньёра, — звярнуўся ён да яе, — што ў вашым жыцці былі незвычайныя, яркія старонкі. Хто ўмее бачыць, той разгледзіць над вашым мілым ілбом ззянне, якое, калі я не памыляюся, колісь было ярчэйшае, чым сёння, — ззянне, якое спакваля атухае…Ні слова! Не падказвайце мне! Поплеч з вамі сядзіць ваш муж, праўда ж? — павярнуўся ён да ціхмянага сіньёра Анджальеры. — Вы муж гэтай дамы,і шлюб ваш шчаслівы. Але ў гэтае шчасце ўрываюцца ўспаміны… каралеўскія ўспаміны… Мінулае, сіньёра, здаецца мне, грае ў вашым жыцці вялікую ролю. Вы ведалі караля… скажыце, у мінулыя дні на вашай жыццёвай дарозе сустракаўся вам кароль?
— Не зусім, — ледзь чутна пралапатала наша мілавідная гаспадыня, якая адарала нас булёнамі і супамі. І яе залаціста-карыя вочы ўспыхнулі на арыстакратычна бледным твары.
— Не зусім? Не, вядома ж, не сам кароль, я сказаў толькі прыблізна, у самых грубых, агульных рысах. Не кароль і не князь — і тым не меней князь і кароль у іншым, вышэйшым валадарстве прыгажосці. То быў вялікі артыст, каля якога… Вы парываецеся запярэчыць і ўсё ж не рашаецеся альбо можаце запярэчыць толькі напалавіну. Дык вось! Вялікая, славутая на ўвесь свет артыстка адарыла вас сваёй дружбай у вашай маладосці, і гэта яе свяшчэнная памяць апраменьвае ўсё ваша жыццё… Імя? Ці варта называць імя той, слава якое даўно злілася са славай нашай радзімы і здабыла неўміручасць? Элеанора Дузэ, — урачыста закончыў ён, панізіўшы голас.
Маленькая жанчына, пераможаная яго словамі, толькі схіліла галаву. Апладысменты ледзь не перайшлі ў патрыятычную авацыю. Амаль усе ў зале, і найперш прысутныя тут пастойнікі casa «Eleonora» [30] ведалі пра незвычайнае мінулае пані Анджальеры і таму здольныя былі ацаніць інтуіцыю кавальерэ. Паўставала толькі пытанне, што паспеў разведаць сам Чыпола, калі пасля прыезду ў Торэ пачаў шукаць патрэбных у яго прафесіі звестак… Зрэшты, у мяне няма ніякіх падстаў ставіць пад рацыяналістычныя сумненні здольнасці, якія ў нас на вачах аказаліся для яго такімі фатальнымі…
30
Віла «Элеанора» (іт.).
Абвясцілі антракт, і наш валадар пайшоў за кулісы. Прызнаюся, яшчэ толькі прыступаючы да расказу, я баяўся гэтага моманту. Чытаць думкі часцей за ўсё не так ужо і складана, а тут і зусім лёгка. Вы, канечне, спытаецеся ў мяне, чаму ж мы нарэшце не пайшлі — і я не здолею вам адказаць. Я сам не разумею, я проста не ведаю, чым гэта патлумачыць. Мусіць, ужо было палова дванаццатай, хутчэй за ўсё нават пазней. Дзеці спалі. Апошняя серыя вопытаў знудзіла іх, і прырода нарэшце ўзяла сваё. Дзяўчынка заснула ў мяне на каленях, хлопчык — у маці. З аднаго боку гэта суцяшала, а з другога — выклікала жаль і запрашала прыслухацца да гэтага кранальнага напамінку, што ім даўно пара ў ложак. Пабажуся, мы хацелі прыслухацца, шчыра хацелі. Мы разбудзілі іх, кажучы, што цяпер і праўда трэба ісці дамоў. Але ледзь яны па-сапраўднаму прачнуліся, як пайшлі неадступныя просьбы, а вы ж самі ведаеце, што ўгаварыць дзяцей па добрай волі пайсці, не даседзеўшы да канца прадстаўлення, немагчыма, іх можна хіба што толькі прымусіць. Як жа тут цудоўна, нылі яны, і ніхто ж не ведае, што будзе далей, трэба хоць бы пачакаць і паглядзець, з чаго фокуснік пачне пасля перапынку, ды яны ўжо крышачку і паспалі, толькі не дамоў, толькі не ў ложак, пакуль ідзе цудоўнае прадстаўленне. Мы саступілі, пастанавіўшы сабе пабыць яшчэ зусім нядоўга, ну, хвіліну-другую. Вядома, недаравальна, што мы засталіся, і ўжо тым болей гэтага не растлумачыш. Магчыма, мы рашылі, што, сказаўшы «а» і зрабіўшы памылку, прывёўшы дзяцей сюды, павінны сказаць і «б»? Але такога тлумачэння, на мой погляд, недастаткова. А можа, прадстаўленне нас саміх вельмі заінтрыгавала? І так і не: пачуцці, якія выклікаў у нас сіньёр Чыпола, былі даволі супярэчлівыя, але ж такія былі, калі не памыляюся, пачуцці ўсёй залы, аднак ніхто не выйшаў. Альбо мы паддаліся чарам гэтага чалавека, які такім дзіўным спосабам зарабляе свой хлеб, чарам, якія ішлі ад яго і нават звыш усякай праграмы, нават паміж нумарамі, і паралізавалі нашу рашучасць? Але з такім самым правам можна сказаць, што намі валодала проста цікаўнасць. Хацелася ўведаць, што там яшчэ будзе гэтым вечарам, які пачаўся так незвычайна, а апрача таго, Чыпола, ідучы за кулісы, даў знак, што рэпертуар у яго зусім не вычарпаны і нам назапашаны яшчэ і не такія неспадзяванкі.