Навелы
Шрифт:
Ён стаяў каля гардэроба, служка падаваў яму паліто. Але рукі не слухаліся яго, і служка асцярожна, як хвораму, памагаў яму папасці ў рукавы. Я бачыла, як ён машынальна палез у кішэню камізэлькі, каб даць гасцінца, але там было пуста. Тут ён, здавалася, раптам успомніў усё, збянтэжана прамармытаў некалькі слоў, зноў, як у зале, ірвануўся наперад і цяжка, нібы п’яны, пачаў спускацца па лесвіцы, а служка праводзіў яго спачатку пагардліваю, а потым дасведчанаю ўсмешкаю.
Бачыць гэта было так страшна, што мне стала неяк сорамна сачыць за ім. Я міжволі адвярнулася, збянтэжаная тым, што, як у тэатры, назіраю за чужымі пакутамі, але тут падсвядомы страх падштурхнуў мяне. Я хутка апранулася і ўжо без усякай думкі, міжвольна, як аўтамат, пабегла ў цемру за гэтым чужым чалавекам.
Місіс К. на момант спынілася. Яна нерухома сядзела насупраць мяне і гаварыла амаль без паўз, з уласцівымі ёй спакоем і паважнасцю; відаць, яна падрыхтавалася і старанна прыпомніла ход падзей. Цяпер яна ўпершыню запнулася, крыху памарудзіла і потым,
— Я абяцала вам і самой сабе, — пачала яна не без хвалявання, — расказаць усё зусім шчыра. І цяпер я прашу вас аднесціся да мяне з поўным даверам і не шукаць у маіх учынках тайных матываў, якіх я зараз, можа, і не саромелася б, але якія тады мне і ў галаву не прыходзілі. Дык вось, паўтараю, калі я выбегла на вуліцу за гэтым гульцом, які страціў усякую надзею, я зусім не была закаханая ў яго і нават не думала пра яго як пра мужчыну, бо мне ўжо было за сорак, і пасля смерці мужа я ні разу не паглядзела на якога-небудзь мужчыну. З гэтым было скончана раз і назаўсёды; я павінна вам гэта сказаць, інакш вы не адчуеце ўсяго жаху таго, што потым адбылося. Праўда, мне цяжка было б вызначыць пачуццё, якое з такою сілаю цягнула мяне тады ўслед за гэтым няшчасным; тут была і цікаўнасць, але перш за ўсё я баялася чагосьці жахлівага, што я адчула з першай хвіліны — баялася нябачнай хмары, якая навісла над гэтым юнаком. Але такія адчуванні нельга раздзяляць і аналізаваць ужо таму, што яны вельмі раптоўна, вельмі ўладна апаноўваюць намі; відаць, мой парыў быў проста інстынктыўным жаданнем дапамагчы, — гэтак адцягваюць убок дзіця, якое бяжыць насустрач аўтамабілю. Ці ж растлумачыш, чаму людзі, якія не ўмеюць плаваць, кідаюцца з моста за тапельцам? Іх прымушае дзейнічаць неадольная сіла, гэтая сіла штурхае іх у ваду, не дае часу апамятацца і зразумець, як гэта недарэчна і небяспечна; і дакладна гэтак жа, не думаючы, не разумеючы сутнасці сваіх учынкаў, пайшла я тады за ім з гульнёвай залы ў калідор, а з яго цераз выхад на пляцоўку перад казіно.
Я ўпэўнена, што і вы, дый усякі спагадлівы чалавек, міжволі паддаліся б гэтай трывожнай цікаўнасці, бо нельга сабе ўявіць больш жахлівага відовішча, чым гэты малады чалавек, якому было не болей дваццаці чатырох гадоў і які, хістаючыся, быццам п’яны, паволі, па-старэчы цягнуў непаслухмяныя ногі і плёўся па лесвіцы ўніз да пляцоўкі. Спусціўшыся ўніз, ён як мяшок упаў на лаўку. І зноў я здрыганулася, бо ясна бачыла — гэта кончаны чалавек. Гэтак падае толькі мёртвы ці той, у каго ўжо нішто болей не чапляецца за жыццё. Галава неяк бокам адкінулася за спінку, рукі як нежывыя павіслі ўздоўж тулава, і ў цьмяным святле ліхтароў яго можна было палічыць за чалавека, які паслаў сабе кулю ў лоб. І вось — не магу растлумачыць, як узнікла гэтае ўяўленне, але раптам яно паўстала перада мною ва ўсёй сваёй страшнай, амаль адчувальнай рэальнасці: я ўбачыла яго, самагубцу; я была цвёрда перакананая, што ў кішэні ён мае рэвальвер і што заўтра яго знойдуць на гэтай або на другой лаўцы мёртвага і акрываўленага. Бо ён упаў, як падае камень у бяздонне, няспынна, пакуль не дастане дна; я ніколі не думала, што адным рухам цела можна выказаць усю паўнату знясілення і роспачы.
Цяпер уявіце сабе мой стан: я спынілася за дваццаць ці трыццаць крокаў ад лаўкі, дзе нерухома ляжаў няшчасны юнак, які не ведаў, што яму рабіць; з аднаго боку, мяне поўніла жаданне дапамагчы, з другога — стрымлівала ўнаследаваная і прывітая выхаваннем боязь загаварыць на вуліцы з незнаёмым чалавекам. Газавыя ліхтары цьмяна мігцелі пад зацягнутым хмарамі небам; зрэдку мільгалі постаці прахожых; набліжалася поўнач, і я была амаль адна з гэтым змрочным ценем самазабойцы. Пяць, дзесяць разоў памыкалася я падысці да яго, але кожны раз мяне спыняў сорам ці, можа, тайны страх: бо тапелец нярэдка цягне за сабою выратавальніка, і ўвесь час я ўсведамляла недарэчнасць і камічнасць свайго становішча; але я не магла ні загаварыць, ні што-небудзь зрабіць, ні пакінуць яго. І, спадзяюся, вы паверыце мне, што, мабыць, цэлую гадзіну, бясконцую гадзіну, пакуль тысячы і тысячы ўсплёскаў нябачнага мора адмервалі час, я нерашуча тапталася на месцы, ашаломленая і загіпнатызаваная відовішчам поўнага вынішчэння чалавека.
Але ў мяне не хапала мужнасці што-небудзь сказаць або зрабіць, і я прастаяла б гэтак паўночы або падпарадкавалася б голасу разважнасці і пайшла дадому — помніцца, я ўжо троха не адважылася пакінуць на волю лёсу няшчаснага, — як раптам умяшанне стыхійных сіл паклала канец маім хістанням: пачаўся дождж. Увесь вечар наганяла ветрам з мора цяжкія вясеннія хмары, паветра было душнае, лёгкімі, сэрцам адчувалася, што неба навісла зусім нізка, — і вось раптам упала кропля, а за ёю хлынуў падагнаны ветрам сапраўдны цяжкі лівень. Ратуючыся ад яго, я кінулася пад навес кіёска, але, нягледзячы на раскрыты парасон, віхор абліваў пырскамі маю сукенку, раз’юшана скакаў і круціўся. Кроплі шалёна стукалі аб зямлю, і халодны вадзяны пыл пападаў мне нават на твар і на рукі.
Але — і гэта было так жахліва, што і цяпер, праз дваццаць гадоў, як успомню, сэрца сціскаецца, — няшчасны па-ранейшаму нерухома сядзеў на лаўцы пад праліўным дажджом. З усіх вадасцёкавых труб з булькатам бегла вада, з горада чуўся грукат экіпажаў, справа і злева мільгалі цёмныя постаці з паднятымі каўнярамі: усё жывое хавалася, бегла, ратавалася, шукала сховішча,
і людзі і жывёлы баяліся разгулу стыхіі — толькі чорны чалавечы камяк на лаўцы не скрануўся з месца, не паварушыўся. Я ўжо гаварыла, што гэты чалавек меў магічную ўласцівасць выказваць кожнае сваё пачуццё рухам або жэстам, і нішто, нішто на свеце не магло з такою надзвычайнаю сілаю выказаць роспач, поўную адмову ад самога сябе, быццам ён ужо быў мёртвы жывым, як гэтая нерухомасць, гэтая нежывая, неадчувальная няўвага да ліўню, гэтая адсутнасць сілы падняцца і прайсці некалькі крокаў да сховішча, гэтая мёртвая абыякавасць да свайго быцця. Ніводзін скульптар, ніводзін паэт, ні Мікеланджэла, ні Дантэ не прымусілі мяне з такою сілаю адчуць апошнюю роспач, апошнюю зямную пакуту, як гэты жывы чалавек, што апынуўся ва ўладзе буйнай стыхіі, занадта стомлены, каб зрабіць хоць якую спробу адгарадзіцца ад яе.Я не магла болей трываць. Я кінулася да яго праз халодныя патокі дажджу і страсянула гэты мокры камяк, што ляжаў на лаўцы: «Хадземце!» Калі я ўзяла яго за рукаў, штосьці мільганула ў яго мутных вачах, ён зрабіў слабы рух рукою, але не зразумеў мяне. «Хадземце!» — я тузанула за мокры рукаў ужо моцна і амаль сярдзіта. Тады ён павольна, неяк бязвольна падняўся з лаўкі. «Што вам трэба?» — спытаўся ён, і я не знайшла, што адказаць, бо і сама не ведала, куды яго адвесці, толькі б прэч адсюль, ад гэтага халоднага ліўню, ад гэтай бяссэнсавай, самагубнай позы гранічнай роспачы. Я не выпускала яго рукі і цягнула бязвольнае цела ўсё далей, да кіёска, дзе вузкі выступ даху хоць крыху абароніць нас ад шалёнага націску дажджу і ветру. Болей я нічога не думала, нічога не хацела. Толькі б дацягнуць гэтага чалавека пад дах, на сухое месца, — іншых думак не было.
І вось мы апынуліся побач на вузкай сухой палосцы; за спінаю ў нас былі зачыненыя аканіцы кіёска, над галавою — занадта малы навес, і несуцішны лівень абліваў халоднымі пырскамі наша адзенне і твары. Становішча рабілася невыносным. Я проста не магла болей стаяць побач з гэтым наскрозь прамоклым чужым чалавекам. Але, прыцягнуўшы яго сюды, я не магла і пакінуць яго без ніводнага слова на развітанне. Штосьці павінна было адбыцца, і я прымусіла сябе цвяроза зірнуць на ўсю гэтую справу. Лепш за ўсё, падумала я, завезці яго ў экіпажы дадому, а потым вярнуцца ў свой гатэль; заўтра ён ужо сам знойдзе выйсце. І я спыталася ў чалавека, які нерухома стаяў побач са мною і пільна глядзеў у цемру:
— Дзе вы жывяце?
— У мяне няма кватэры… Я толькі ўвечары прыехаў з Ніцы… да мяне нельга…
Апошнія словы я зразумела не адразу. Толькі пазней мне стала ясна, што ён прымаў мяне за… какотку, за адну з тых жанчын, якія гуртам бадзяюцца ўночы каля казіно, спадзеючыся вывудзіць грошы ў шчаслівага гульца або ў п’янага. Дый што мог ён яшчэ падумаць — бо толькі цяпер, калі я гэта вам расказваю, я адчуваю ўсю неверагоднасць і фантастычнасць майго становішча; сапраўды, бесцырымоннасць, з якою я адарвала яго ад лаўкі і пацягнула за сабою, зусім не адпавядала паводзінам прыстойнай жанчыны. Але пра гэта я тады не падумала; толькі пазней, занадта позна здагадалася пра яго жудасную памылку. Бо іначай я ніколі б не вымавіла тых слоў, якія маглі адно павялічыць непаразуменне. Я ж сказала:
— Тады трэба наняць пакой у гатэлі. Тут вам нельга заставацца. Вам трэба дзе-небудзь знайсці прытулак.
Тут толькі я зразумела ягоную непрыемную мне памылку, бо ён нават не павярнуўся да мяне, а неяк насмешліва адказаў:
— Не, мне не трэба пакой, мне наогул нічога не трэба. Не турбуйся, з мяне нічога не выціснеш. Ты звярнулася не ў адрас, у мяне няма грошай.
Гэта было сказана з такою жахліваю абыякавасцю; гэты прамоклы, ушчэнт спустошаны чалавек стаяў як нежывы, бяссільна прыхіліўся да сцяны, і я не паспела нават дробязна, па-дурному пакрыўдзіцца, настолькі моцна я была ашаломлена. Мною авалодала пачуццё, якое ўзнікла ў першы момант, калі ён, хістаючыся, выйшаў з залы, і не пакідала ўсю апошнюю фантастычна недарэчную гадзіну: жывая істота, юная, дыхаючая, асуджаная на смерць, і я павінна выратаваць яе. Я падышла бліжэй.
— Не турбуйцеся за грошы, хадземце. Тут вам нельга заставацца, я як-небудзь уладкую вас. Не турбуйцеся ні пра што. Толькі хадземце хутчэй.
Ён павярнуў галаву — дождж глуха барабаніў навокал, і з вадасцёкавай рыны да нашых ног збягала вада, — і я зразумела, што ён упершыню спрабуе разглядзець мой твар у цемры. Ён паварушыўся, мусіць, паволі прачынаючыся ад свае летаргіі.
— Ну, як хочаш, — здаўся ён нарэшце. — Мне ўсё роўна… Зрэшты, чаму б і не пайсці? Пойдзем.
Я раскрыла парасон, ён падышоў бліжэй і ўзяў мяне пад руку. Гэтая раптоўная фамільярнасць была мне непрыемная, яна нават спалохала мяне, сэрца сціснулася ад страху. Але я не асмелілася абарваць яго, бо калі б я цяпер адштурхнула яго, ён бы загінуў і ўсе мае намаганні прапалі б дарма. Мы прайшлі некалькі крокаў, якія аддзялялі нас ад казіно. Тут толькі я падумала: як жа мне быць з ім далей? Лепш за ўсё, хутка прыйшло мне ў галаву, завезці яго ў які-небудзь гатэль і сунуць у руку грошы, каб ён мог пераначаваць і заўтра паехаць дадому; што будзе далей — я нават не думала. Да казіно раз-пораз пад’язджалі экіпажы, я паклікала адзін, і мы селі. Калі вазак спытаўся, куды ехаць, я спачатку не ведала, што адказаць. Я разумела, што майго прамоклага да ніткі спадарожніка не прымуць у дарагім гатэлі, і была настолькі нявопытная ў такіх справах, што, не падумаўшы пра двухсэнсавасць становішча, крыкнула: