Месяц дваццаці рук
Шрифт:
Лагерсан павярнуўся да яго спінай. Апусціўшы галаву, ён хадзіў уздоўж сценкі карабля, раз-пораз у злосці стукаючы рукою па абшыўцы.
— Добра, паспрабуем скараціць дзённы рацыён удвая, — сказаў ён.
— Нічога не атрымаецца, Арнэ, — спакойна заўважыў Фултан. — Ты ўжо двойчы зніжаў норму, апрача таго, у нас засталося ўсяго некалькі кілаграмаў канцэнтрату.
— Значыць, трэба выліць шэсцьдзесят чатыры літры вады!
— Арнэ, — у голасе Фултана пачуліся змрочныя ноткі. — Паглядзі, колькі ў нас засталося вады. Нам і так прыходзіцца берагчы кожную кроплю. Яшчэ раз урэзаць запас вады і кіслароду — значыць асудзіць палёт на няўдачу.
— Розуму не
— У камандзірскай рубцы знялі ўсе пульты, частку рубільнікаў замянілі пробкамі. Усе прыборы, што не былі ўмантаваны ў корпус, выкінулі.
— Пракляты карабель! — крыкнуў Лагерсан. — Суцэльнаскроеная пачвара. Нічога нельга дэмантаваць, падтачыць, выразаць. Будзь ты пракляты!
Ён, нібы звер у клетцы, забегаў па салоне, потым раптам замёр і бяссільна прыхіліўся да сцяны.
Яго позірк упаў на Ірыну, на яе густыя доўгія валасы. Ён уявіў сабе, як вострыя нажніцы зразаюць тонкія пасмы адну за другой… Не, гэта не выйсце з становішча. Нават калі пагаліць усіх, больш за дзвесце — трыста грамаў не набярэцца. Але туманная думка пра нажніцы выклікала ў Лагерсана страшную, але спакуслівую карціну… У галаве гучалі жорсткія словы: «Намыль палец. Калі і тады не дапаможа, прыйдзецца расстацца з пальцам».
— Доктар, — звярнуўся ён да Паўльсэна.
— Слухаю, камандзір.
— Доктар… — Лагерсан змоўк у нерашучасці і дрыжачай рукой пацёр падбародак. — Доктар, колькі важыць чалавечая рука?
Паўльсэн уздрыгнуў.
— Па-рознаму, — ціха сказаў ён. — У сярэднім тры-чатыры кілаграмы.
Лагерсан не змог стрымаць задаволенай усмешкі.
— Баюся, што нам спатрэбіцца ваша дапамога, доктар.
Паўльсэн кінуў на астатніх умольны позірк, нібы просячы ратунку.
— Вы зможаце зрабіць дваццаць ампутацый?
Доктар гнеўна паціснуў плячамі.
— Я пытаюся, вы зможаце гэта зрабіць?
— Вядома, магу, але ў такіх абставінах я ніколі гэтага не зраблю!
— А я гавару — зробіце! — закрычаў Лагерсан.
Ён выхапіў прамянёвы пісталет і навёў яго на Паўльсэна. Той міжвольна адступіў назад.
— Вы не маеце права мяне прымушаць. Паўтараю, я ніколі не зраблю гэтага!
— Паслухайце, Паўльсэн, — умольна сказаў Лагерсан, — я знайшоў апошнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Ваша задача — зняць іх з карабля. Калі вы адмовіцеся, я павінен буду ўжыць сілу.
— Божа, хто вы — пачвара ці авантурыст, які шукае таннай славы? — усклікнуў Паўльсэн. — Вы што думаеце, вам пасля вяртання помнік паставяць? Ды за такія выбрыкі вас будуць судзіць…
— Ну хопіць! — перабіў яго Лагерсан.
Фултан, Аляксей і Ірына накіраваліся былі да яго.
— Ні з месца! — крыкнуў Лагерсан.
— Вы чуеце? — сказаў Паўльсэн. — Ён з глузду з’ехаў, ён хоча адрэзаць руку кожнаму з вас!
Ірына пабялела і міжвольна прыціснулася да Аляксея. Лагерсан зноў падняў прамянёвы пісталет.
— Паслухайце, людзі, — сказаў ён стомленым голасам. — Паслухайце мяне, сябры… не ведаю ўжо, як вас называць… Можа, я і сапраўды крыху не ў сабе. А можа, доктар мае рацыю, і я сапраўды шукаю славы альбо вялікіх непрыемнасцей. Але ўсё гэта пустыя размовы, і мы толькі дарма трацім час. Зразумейце, «Ібісу» небяспека не пагражае. Вашаму жыццю таксама. Калі б гаворка ішла толькі аб спазненні на дваццаць дзён, праблема вырашалася б вельмі проста: крыху гімнастыкі, крыху менш калорый, і мы вельмі б спакойна ўзляцелі б з гэтага праклятага Тытана. Але ж вы ведаеце, што цяпер любое прамаруджванне падобна да смерці — на
карту пастаўлена жыццё мільёнаў людзей. Я ведаю, ад вас патрабуецца нечуваная самаахвярнасць. Вы можаце настойваць, каб я ахвяраваў сабой. Але гэта несправядліва. Чаму менавіта я, а не хто іншы? — Ён памаўчаў. — Даю вам паўгадзіны на роздум; я дастаткова паламаў галаву, цяпер ваша чарга. Калі вы не хочаце ахвяраваць рукой, знайдзіце спосаб зняць лішнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Але калі хутка іншага выйсця не будзе, прыйдзецца рабіць ампутацыю.Ён абцёр з твару халодны пот і знясілены апусціўся на падлогу. Павекі зрабіліся цяжкімі і зліпаліся, перад вачыма расплываўся туман. «У мяне гарачка», — падумаў ён.
Фултан прыхіліўся да стойкі індыкатара і застыў, як статуя. Паўльсэн нервова хадзіў з кутка ў куток, мармычучы нешта сабе пад нос. Ірына і Аляксей стаялі моўчкі, цесна прыціснуўшыся адно да аднаго.
— Я ведаю, пра што вы цяпер думаеце, — сказаў Лагерсан. — Спадзеяцеся, што хто-небудзь з сябраў экіпажа не вытрымае, у шаленстве кінецца на мяне, і я яго прыстрэлю. Тады ўсе цяжкасці вырашацца самі сабой, ці не праўда? Але ж хто захоча цягаць для нас каштаны з агню? Не, дарагія сябры, на гэты раз кожнаму з нас прыйдзецца рабіць гэта самому.
Лагерсан усё гаварыў, гаварыў… Яго ліхаманкавая, бязладная гаворка то збівалася на праклёны, то перамяжоўвалася горкімі нараканнямі.
— Фултан! — слаба паклікаў ён. — Ты здольны добраахвотна памерці адзін-аднюткі на гэтым чортавым Тытане?
Другі пілот нахмурыўся і нічога не адказаў.
— Дык што, Фултан? — не сунімаўся Лагерсан.
— Не ведаю, Арнэ. Можа, і не.
— Тады ж чаму вы глядзіце на мяне з такім дакорам? Мы ж не пчолы і не мурашкі. І нават не насякомыя. Мы, што яшчэ горш, вартыя жалю, баязлівыя людзі.
У яго перад вачыма паўставалі жахлівыя відовішчы: перапоўненыя бальніцы, хворыя ляжаць у калідорах і нават у дварах. А па вуліцах у бяссільнай злосці, праклінаючы сваю бездапаможнасць, бегаюць лекары. Па дарогах імчацца саставы з трупамі. З печаў крэматорыяў чадзіць дым… Усё чалавецтва паступова ператвараецца ў воблака попелу.
Лагерсан паглядзеў на хранометр.
— Дык вось, — сказаў ён, — ваш час скончыўся.
І ўсіх адразу прыгняла панурая цішыня, кожны ў думках упаў на самае дно роспачы і адчуў жах.
— Добра, — разарваў цішыню доктар Паўльсэн. — Мы доўга абражалі адзін аднаго. Час прымацца за справу.
Патрэбны бінты, сказаў ён, шмат бінтоў і медыкаментаў, якія ўжо паспелі выкінуць за борт. І яшчэ яму патрэбен памочнік. Выклікалі Джо, які некалі вучыўся на медыцынскім факультэце.
Джо з’явіўся разам з Бобам Арджытаем.
— Джо, вы ўмееце рабіць укол у вену?
— Даводзілася, доктар.
— Надзень скафандр, Боб, — загадаў Лагерсан. — Каля карабля ў кучы іншых рэчаў валяюцца дзве-тры скрынкі з бінтамі. Знайдзі іх. Спытайся ў доктара, што яшчэ яму трэба.
Боб у страшэннай разгубленасці ўтаропіўся на камандзіра. Яму зрабілася страшна, страшна, што, як толькі ён пакіне карабель, дзверы зачыняцца і яго пакінуць аднаго ў ледзяной пустыні.
Лагерсан, відаць, зразумеў яго стан. Ён ужо хацеў паўтарыць свой загад, але яго перабіў Фултан.
— Я пайду, — сказаў ён.
Твар у Лагерсана прасвятлеў.
— Значыць, ты са мною згодзен, Фултан?
— Як заўсёды, Арнэ.
Камандзір уздыхнуў з палёгкай. Ён адчуў, як думкі ў яго праясніліся, кроў хутчэй пацякла па венах і ў яго зноў з’явілася звыклая бадзёрасць. Працягваючы хадзіць па салоне, ён энергічна аддаваў распараджэнні і сачыў за іх выкананнем.