Крылы
Шрифт:
Начальнік міліцыі ссунуў фуражку на патыліцу і паглядзеў на чалавека ў белым халаце. Той правёў рукой па твары.
— Хадзем адсюль, — гыркнуў ён, і ўвесь натоўп, развярнуўшыся сінхронна, пайшоў у іншы бок.
Калі крокі сціхлі, Алег, увесь у вільготнай лістоце кустоў, выбраўся з-за лаўкі.
— Дзякуй, — ён хацеў прысесці побач з Таняй, ледзьве не сеў на свае крылы, падскочыў, згубіў раўнавагу і паваліўся на зямлю. Таня дапамагла яму падняцца, і яны ўсё-ткі прыселі побач.
— Алег, — прадставіўся хлапец, працягнуўшы Тані руку.
— Таня, — сказала тая.
А праз колькі хвілін яны ўжо гутарылі як старыя сябры.
— А ты ведаеш тэарэму Лагранджа? — пытаўся Алег.
— Не, — усміхнулася
— Не! — адказаў Алег.
А потым яны хадзілі па горадзе і размаўлялі. Яшчэ разы два, да самай цемры, ім давялося хавацца ад журналістаў і вучоных. А потым прыйшла ноч. І толькі тады Алег спытаў:
— А ты спрабавала лётаць?
Таня хацела сказаць, што баіцца лётаць, бо ёй па жыцці не шанцуе, што ў яе абавязкова не атрымаецца. Але замест гэтага няўпэўнена адказала:
— Н-не.
— А хочаш паспрабаваць?
— Ты яшчэ пытаешся! — выдыхнула Таня і сама спужалася таго, што сказала.
Але праз хвіліну яны стаялі на той жа тэлевежы, з якой Алег паспрабаваў паляцець першы раз. Унізе свяціўся горад Ў, дзесьці над галовамі браўся світанак — як хутка праляцела ноч.
Алег асцярожна ступіў на край і пацягнуў Таню за руку. Яна, як ніколі смела, пайшла за ім.
— Што трэба рабіць?
— Раскрый крылы, як я, бачыш? Вось вецер, адчуваеш? А цяпер узмахні крыламі і.
Яны паляцелі разам, побач так, нібы інстынктыўна, так, каб не зачапіць адно аднаго.
Яны не ведалі, што недалёка адтуль, на даху свайго дома, стаяў галоўны ўрач горада Ў Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак. Да гэтага дня Алег быў адзіным чалавекам, што адважыўся выкарыстаць свае крылы па прызначэнні. Анатоль Сцяпанавіч змяніў пошукі збеглага «летуна» на доўгія падлікі і невясёлыя думкі.
Галоўны ўрач горада Ў з дзяцінства марыў лётаць. Тады, многа год таму, ён усё аддаў бы за пару крылаў. А цяпер? Ён стаяў на даху свайго дома і думаў, пакутліва і доўга. І глядзеў у далечыню. А ў далечыні, на фоне світанку, ляцелі двое. Анатоль Сцяпанавіч перастаў быць рамантыкам недзе ў восьмым класе, і ўжо не памятаў, чаму. Дзесьці ў той жа час ён перастаў верыць у нешта, акрамя навукі. Але зараз, гледзячы на гэтых шчаслівых дзівакоў — ён адразу зразумеў, куды збег Алег — Анатоль Сцяпанавіч быў гатовы таксама паспрабаваць лётаць. І, калі сонца паказалася на небе, ён зрабіў першы, няўмелы крок з даху.
Вадзім Колкі, журналіст мясцовай газеты «Вячэрні Ў» марыў пра славу і кубак гарбаты — у каморцы, якую займала газета, было, як заўсёды, холадна.
Нават крылы, што ў яго з’явіліся, як і ва ўсіх жыхароў горада Ў, не ратавалі ад холаду і прафесійнай невядомасці. Вось гэты хлопец, Алег. Што ўвогуле ён зрабіў? Палятаў над горадам колькі разоў — і ўсё, увесь свет пра яго ведае. Ён, Вадзім Колкі, мог бы таксама палётаць і напісаць рэпартаж. Але гэта будзе ўжо не так востра і актуальна, як магло быць, калі б ён аказаўся першым у гэтай справе.
Шчыра кажучы, Вадзім Колкі ніколі не быў таленавітым журналістам. Усё, што дапамагала яму трымацца ў газете, дык гэта скандалы і даследаванні, многія з якіх амаль не мелі сэнсу, але рабілі многа шуму. Вось і цяпер, адчуваючы пагрозу «вылету» з газеты — галоўны рэдактар ужо некалькі разоў намякаў на гэта — Вадзім апантана шукаў, за што зачапіцца каб утрымацца ў рэдакцыі.
А раніцай у нядзелю зачапіцца ўжо амаль было за што.
Вадзім Колкі выйшаў на вуліцу ў нядзелю так рана толькі з-за сваёй таксы, што настойліва скуголіла ля дзвярэй і спрабавала куснуць яго за левае крыло. А на вуліцы ён нечакана сутыкнуўся з міліцыяй і машынай «хуткай дапамогі».
— Што там здарылася? — спытаў ён маладога міліцыянера з белымі, чыстымі крыламі за спінай.
Той развёў рукамі.
— Вучоны адзін, ці ўрач — хто яго ведае, са слоў тых, хто бачыў — спрабаваў лётаць, як той дзівак, што з
вежы сігануў колькі дзён таму, чулі?— Так. І што ён?
— Той хлопец — нічога. Жывы, цэлы, арол, як кажуць. А гэты, — міліцыянер махнуў рукой. — Вось ён спрабаваў лётаць, і нават падняцца змог. А потым нешта здарылася. Ну, ён і каменем уніз. І ўсё.
Вадзім паківаў галавой і асцярожна прыблізіўся да чырвона-белай стужкі, якой агарадзілі месца няўдалага прызямлення недарэкі. Вакол мітусіліся крылатыя эксперты, з-пад белай прасціны, якой прыкрылі цела, неахайна тырчэлі брудныя фіялетавыя крылы. Вадзім уздыхнуў, адцягнуў свайго цікаўнага сабаку і пайшоў дадому.
А дома яго нібы асяніла.
Алег ішоў на працу з радасцю. Ён любіў сваю працу, што рэдка здараецца ў нашы дні, асабліва, калі ты настаўнік і працуеш у школе. Але ў гэтай радасці была яшчэ адна прычына — з гэтай самай «прычынай» яны вечарам збіраліся ў кіно на адну зорную сагу. Таня, як і ён, любіла розныя гісторыі «пра космас, зоры і бясстрашных даследавальнікаў», як яны называлі іх паміж сабой. Алег у думках ужо быў часткова там, з Таняй, і радаваўся ёй больш, чым фільму. Ды ўвогуле — што там фільм, няхай хоць пра хамякоў будзе, ён пайшоў бы ўсё роўна. Бо там будзе Яна. Дагэтуль Алег яшчэ ні разу не кахаў — здараецца і такое — і зараз не зусім разумеў, што з ім рабілася, але быў не супраць.
Алег не заўважыў, праходзячы каля настаўніцкай, як дзіўна глядзіць на яго лепшы і любімы 7 «Б». Не звярнуў увагі ён і на касыя погляды завучаў. І толькі пасля другога ўрока яго паклікаў да сябе дырэктар. Ён дазволіў хлопцу сесці, разгарнуў на стале свежы экзэмпляр газеты «Вячэрні Ў» і моўчкі паказаў Алегу артыкул, падпісаны В. Колкім, на першай паласе. Назва проста крычала:
«СМЕРЦЬ ІКАРА: ЦІ НЕ НАРОДЖАНЫ МЫ ПОЎЗАЦЬ?»
Пад назвай у траўрнай рамцы было фота Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка. Алег хутка прабег вачыма артыкул — там сцвярджалася, што палёты, нават з такімі крыламі, немагчымыя, што гэта даказалі вучоныя (і нават быў прыведзены спіс з імёнамі і прозвішчамі). А таксама артыкул называў палёт «усім вядомага Алега Іванова» «небяспечнай містыфікацыяй», якую ён спланаваў разам з невядомай маладой асобай (тут памяшчалася размытае фота, на якім Алег, нягледзячы ні на што, пазнаў Таню), ад якой пацярпеў «вядомы вучоны і ўрач А. С. Грыбочак». Далей на паўстаронкі разгортвалася біяграфія Анатоля Сцяпанавіча (самая доўгая, якую толькі можна было знайсці), і многа разважванняў пра палёт Алега, і пра тое, ці ёсць «аб’ектыўныя факты» таго, што палёт быў. Апошні абзац артыкула горача заклікаў разабрацца ў тым, што на самай справе здарылася ў горадзе Ў і не спадзявацца на дзівосы, бо людзі не народжаныя лётаць.
Алег, ледзь не трацячы прытомнасць, адклаў газету і паглядзеў на дырэктара. Той сказаў:
— І як вы гэта ўсё растлумачыце?
— Але. — з цяжкасцю прагаварыў Алег. — Але ж я лётаў.
— Я таксама пра гэта чуў, — уздыхнуў дырэктар. — А факты дзе?
— Але мяне здымалі. — пачаў Алег. Дырэктар не даў яму дагаварыць.
— Увогуле, які прыклад вы падаяце дзецям?! Мне пасля вось гэтага, — ён тыцнуў пальцам у газету, — ужо званілі, і многа разоў. Маці Лёшы Ткача ўчора злавіла яго на балконе — лётаць сабраўся, на вас гледзячы. А бацькі Юлі Афанасенкі! Яны яе ў пакоі зачынілі, яна ледзь не кінулася з даху.
Алег слухаў, але гукі даляталі да яго як з-пад вады. На хвіліну апрытомнеўшы, ён толькі пачуў:
— Хопіць. Заняткаў у вас сёння больш не будзе. Заўтра таксама можаце не прыходзіць.
Алег выйшаў са школы і адразу апынуўся ў коле журналістаў, міліцыі і вучоных. Пяць камер і з добры дзясятак мікрафонаў адразу нацэліліся на яго:
— Як вы пракаменціруеце артыкул?
— Як вы спланавалі гэтую акцыю? Што вы скажаце наконт смерці вучонага?
— Якія былі вашы матывы? Чаго вы хацелі гэтым дасягнуць?