Хатынская аповесць
Шрифт:
— Вунь яны, глядзі! — крыкнуў нехта, узрадаваўшыся, з палёгкай. За кіламетр, калі не больш, ад лазняку — нейкі жывы рух, падсветлены дымным заравам. Так, яны пайшлі: дарогай, якая нас сюды прывяла.
Там ix сустрэнуць: вусаты камандзір, яго атрад.
А нас чакаюць другія немцы — знешняе кола блакады.
Мы завяршаем свой апошні круг, каб усё-ткі пераканацца, што немцы сапраўды пайшлі, што пайшлі ўсе.
Нам трэба даганяць сваіх.
…I ўсё ж чаму за Касачом мне бачыцца Барыс Бокій i наадварот — Касач за Бокіем? Я ж не вельмі разумею, што такое Касач, каб параўноўваць ix. А Бокія я i не бачыў ніколі, толькі чуў яго нязгодны голас. Бокій — увесь з кніг, з бібліятэкі, з радыё i газет, a ў Касача ўсё гэта — ад вайны. Што гэта — я, здаецца, i не сфармулюю дакладна. Горкая, бязрадасная, часам жорсткая думка пра людзей, пра чалавека? У
Але ж i сапраўды, няма сёння спакойнага разумення. Калі яно спакойнае — значыць, чалавек не адчуў, не зразумеў усёй пагрозы. Я дэманструю перад Бокіем такое ўраўнаважанае разуменне, але ён, вядома, не верыць мне, бачыць у гэтым палемічна задзірлівы прыём i яшчэ рэфлекс сляпога, прывычку асцерагацца рэзкіх рухаў. А сам ён, мой пастаянны апанент, увесь з такіх рухаў! Часам ён так намацвае, адгадвае мае ўласныя сумненні, мой боль, што яго можна было б прыняць за сваё другое «я», тое, што называюць «апанентнае», без якога няма «стэрэаскапічнага», аб'ёмнага бачання падзей i самога сябе…
— Вось, палюбуйцеся, Фларыян Пятровіч, якое яны сабе свята зрабілі — патрыятычнае! — нават з суда над забойцамі Сангмі! Тысячы пісьмаў прыходзіць да лейтэнанта Уільяма Колі, які ўзяў на сябе нацыянальную ношу — забіваць. А ён драпіруецца, какетнічае: «Скажа мне большасць (учора гаварылі: «Фюрэр скажа!») забіць цэлую краіну — заб'ю! Я заўсёды ставіў волю Амерыкі вышэй за сваё сумленне!» Заўважце розніцу: Клод Ізэрлі, які скінуў на горад першую атамную бомбу, сам лез у турму, прасіўся пад суд, покуль не схавалі «нацыянальнага героя» ў вар'яцкі дом. Там вайна ўсё-такі была супраць фашызму! А гэты толькі здзіўляецца: «Забойства? Смешна! Вы ж мяне паслалі, я выконваў абавязак! Самі ж казалі, што ў В'етнаме мы — «лепшыя з лепшых». Дык якога вам д'ябла!»— не смяшыце лейтэнанта. Сённяшнім ізэрлі смешны суд сумлення. Хоць у адрозненне ад Клода Ізэрлі яны будуць ведаць, які груз у чэраве ix самалёта ці ў зяпе ракеты… Вось так, Фларыян Пятровіч, а вы мяне ўсё ўгаворваеце! Усё яшчэ разлічваеце, на маю боскую цярплівасць? Усе знакі выстаўлены, паказаны. Выбірай, чалавек, куды ісці! Хіба мала знакаў: Бухенвальды, Хатыні ды Хірасімы… A дзесьці i апошні. Дабяжыш — звароту не будзе. Раней замест чалавека прырода старалася. Цяпер сам паклапаціся. Ёй ужо не саўладаць з тваімі бомбамі ды фашызмамі. Самому прыйдзецца.
I ўсё-такі! Так яно, дарагі Бокій, але i не так. Калісьці Гегель па-мефістофельску ўсміхаўся, што гісторыя адзіны дае ўрок, a іменна той, што яна нікога нічому не навучыла. Здавалася б, i сёння так: зноў Хатыні, зноў адольфы! Зноў знаходзяць прастакоў з кароткай памяццю, знаходзяць блізарукіх, знаходзяць жорсткіх — зноў пад рукамі сухое сучча для агню, які вось-вось папаўзе. Зноў кароценькія наркатычныя ідэі i наркотыкі замест ідэй.
Стрэлка скранулася, пастаяла, дрыжачы, i зноў нашчупвае тыя ж самыя рыскі…
Так i не навучыліся людзі нічому? Але ж мы не ведаем, так, Бокій, не ведаем, дзе б цяпер быў свет са сваімі бомбамі, калі б не пякельны вопыт трыццатых — саракавых гадоў!
I калі б не было ў чалавецтва тых пятнаццаці хвілін. Калі Нюрнбергскаму суду, журналістам, ахове, публіцы (i падсудным таксама) паказалі кінадакументы нацысцкіх зверстваў у Еўропе (у Беларусі, у Падмаскоўі, на Украіне, у Польшчы, у Югаславіі), паказалі Асвенцімы i Хатыні (яны яшчэ не называліся Хатынямі) i калі пасля гэтага зноў успыхнула святло ў зале, людзі, падняўшыся з месцаў, усе павярнуліся i сталі глядзець на галоўных забойцаў: пяць хвілін, дзесяць, пятнаццаць… Моўчкі глядзелі на чалавекападобных, якія такое тварылі.
Ужо
не пятнаццаць хвілін, а дваццаць пяць гадоў доўжыцца ён, — той позірк… Так, дзе-нідзе фашызм ужо падняўся з той падсуднай лавы, размінае застоеныя мускулы, ужо не смірненька-здзіўленая міна на фізіяноміі, а нахабная ўхмылка. Ён ужо рыкае сытым баварскім голасам: «Сёння Германія дастаткова моцная. Мы маем права патрабаваць, каб усё мінулае было забыта». Але новыя фюрэры нервуюцца, дзе б яны ні паявіліся. I даводзіцца нават першыя крокі рабіць пад позіркамі мільёнаў людзей, якія помняць…Пятнаццаціхвілінны позірк той доўжыцца…
Сангмі… I адразу ўспыхвае, як у промні: Лідзіцэ, Арадур, Хатынь, Хатыні!
Малойчыкі, што лупяць па галовах за чытанне кніг… Адразу паўстае: вогнішчы з кніг на плошчах Берліна i Мюнхена!..
Штраус, Адольф фон Тадэн, Галдуотэр, Альмірантэ… I адразу праяўляюцца на твары вусікі, спаўзае на лоб касмыль…
Пра ix, пра новых фюрэраў, людзі памятаюць усё.
I яны самі памятаюць пра сябе… Хоць вельмі ж хацелася б забыць! Як сядзелі, злоўленыя, a людзі ў Нюрнбергу, у Мінску, у Кіеве, у Варшаве, у Бялградзе разглядвалі ix, a іхнія ахвяры з кінаэкранаў зноў глядзелі ў вочы… Помняць яны, цяперашнія, як раптам абмяклі пад гэтымі позіркамі, быццам i не было гэтага — дзесяцігоддзяў жорсткай улады над жыццём, над лесам мільёнаў… Помняць яны, як у ix (тады ix называлі герынгамі, кохамі, гесамі) расцягваліся ад паслухмянай усмешкі губы перад салдатам, канваірам, пераможцам. Як бездапаможна, непадобна выглядалі яны, нядаўнія дучэ, пад дулам партызанскага аўтамата («— Я ведаю, мне не зробяць шкоды!»). Як вішчэлі, зажмурвалі вочы, страчвалі прытомнасць, як не хацелася ім, кальтэнбрунэрам i розенбергам, у пятлю, хоць чужыя смерці, мільёны, імі запланаваныя, абуджалі ў ix толькі прафесійную нудоту. I як у ix, што называліся тады Гітлерам, дрыжэлі губы i пальцы, калі ад усяго ў ix засталася толькі пацучыная атрута.
Як бы нахабна ні паводзілі сябе сёння пад абаронай новай сілы, улады, яны памятаюць, што тады была ў ix улада над паловай свету, а потым быццам прачнуліся, апынуўшыся сам-насам са сведкамі — суддзямі, якіх, здавалася, яны даўно спалілі ў крэматорыях…
Як гэта ў Піта Сігера — пявучага амерыканца?.. «Апошні цягнік у Нюрнберг! Апошні цягнік у Нюрнберг! Кожны займае сваё месца! Вы бачылі лейтэнанта Колі? Вы бачылі капітана Медыну? Вы бачылі генерала Костара? Вы бачылі Уастморленда? Адпраўляецца цягнік у Нюрнберг!»
Знакі сапраўды выстаўлены, асветлены, ва ўсіх перад вачамі, перад памяццю!..
Так, усялякае ашуканства, махлярства не можа цягнуцца бясконца: немагчыма ўсіх ашукваць вечна. Сёння гэта такая ж ісціна, як i ў даўнейшыя часы. Але гэта ўжо не суцяшае, як раней. Занадта небяспечны i нядоўгі падман многіх. Таму што ёсць Бомба, для якой такога часу дастаткова. На сабе спыні ланцуговую рэакцыю! У час спыні homo sapiens, у сабе таксама абарві дроцік, які цягнецца да Бомбы!..
У армейскім лазарэце, памятаю, сусед — сапёр з выпаленымі вачамі, апавядаў пра тое, як тапіўся, а яго ратавалі, адкачвалі на беразе возера. Дык ён, аказваецца, увесь час чуў галасы людзей, якія стараліся над ім. A ў нейкі момант пачаў i разумець, пра што гавораць. I раптам — выразнае:
— Баста! Нашто яго мучыць? Сорак хвілін — i ніякай адзнакі! Безнадзейна.
Чалавеку хацелася крыкнуць, што ён жывы, хоць бы застагнаць, губамі паварушыць, а ён не мог. I памятае, які жах быў: а раптам i астатнія згодзяцца з гэтым: «Безнадзейна!»
Занадта многае залежыць ад сённяшніх намаганняў людзей, — якая б сітуацыя ні склалася — чалавек не мае права рашыць: «Баста! Безнадзейна!»
…— Паваротка на Хатынь, — сказалі ў аўтобусе. Нас хіснула, i гул машыны зрабіўся лясны, блізкі.
— Адзін… два… тры…
Сярожа ўголас чытае лічбы. Мабыць, на кіламетровых слупах. Зноў адкрытая прастора (гук адступіў далей). Спыняючыся, мы зрабілі круты разварот.
— Прыехалі, татка.
Дзень вельмі сонечны, цёплы. Гэта мая звычка: выходзячы з будынка ці машыны, перш-наперш пашукаць тварам, павекамі казытлівыя промні сонца. Агульная, так сказаць, арыенціроўка ў космасе.
Галасы навокал, шмат, прыглушаныя. I замежныя галасы. Ix цяпер i на вуліцы нашага несталічнага горада пачуеш. З тых часоў, як я перастаў бачыць, a асабліва ў апошнія гады ix з'яўляецца ўсё больш…