Гандлярка і паэт
Шрифт:
За дашчанай перагародкай, у суседнім пакоі, не спала Вольга, варочалася, уздыхала, часцей, чым трэба, папраўляла коўдру, якой накрыта дачка. I гэта яго таксама хвалявала і трывожыла — яе ўздыханні. Ён усё яшчэ ніяк не мог зразумець гэтую жанчыну. Навошта ўзяла яго? Чаму так клапатліва выхаджвае? Калі і якую плату запатрабуе за ўсё, што зрабіла для яго?
Малады рамантык, пазбаўлены страху пасля ўсяго, што перажыў, не думаў і не ўяўляў, што ў доўгія бяссонныя вечары і ночы над усімі Вользінымі пачуццямі панавала адно — гэты самы страх; ён заглушаў усе іншыя чалавечыя жаданні і думкі, як бы замыкаў іх у цёмную і цесную камеру, дзе яны трапяталіся, біліся, як злоўленыя птушкі, і не маглі знайсці выйсця. Раней яго не было, ён з’явіўся, бадай, пасля святкавання Кастрычніка. I прыходзіў тады,
Яны ляжалі ў сумежных пакоях, кожны са сваімі думкамі, і, безумоўна, машыну пачулі адначасова, як толькі яна ўехала ў іх завулак, куды на машынах нават удзень заглядвалі рэдка. Машына была не цяжкая, ішла павольна. у адным месцы, пэўна па замерзлай лужыне, забуксавала, і матор завыў са звонам, пабудзіўшы ўсіх, хто спаў у гэты позні час.
Вольга, самлелая ад страху, малілася, каб іх пранесла міма. Няхай спыняюцца ля Кудлача, не, Кудлача, здаецца, праехалі ўжо… каля Кацманаў… Кацманаў яшчэ ў верасні загналі ў гета… Каля каго хочуць няхай спыняюцца, толькі не каля іх дома.
Снапы святла ўдарылі па вокнах залы. Машына спынілася каля самай брамы.
Вольга ўсхапілася з ложка з адзінай думкай: схаваць Светку! Але куды схаваеш? Лепш дзіця не чапаць. Разгублена спынілася ў дзвярах спальні ў адной сарочцы, напружана прыслухоўваючыся, што яны будуць рабіць, з чаго пачнуць. Не чутно, каб скакалі на зямлю салдаты, грукалі ў браму. Ды адкуль скакаць? Чутно ж было, што легкавушка. Але ад таго, што падышла легкавая машына, афіцэрская, зрабілася яшчэ страшней. Што ім патрэбна? Хто патрэбны? Гэты хворы нябога, што ледзь выкараскаўся ад смерці?
Алесь з восені саракавога служыў у кадравым войску, у артылерыі, толькі ў пачатку вайны перайшоў у газету, у якой раней друкаваў вершы. У часе вучэбных трывог ён умеў першы апранацца і першы выбягаў на лінейку. Першы ён выскачыў з зямлянкі і тады, калі рэдакцыю акружылі немцы. Прывычка армейская засталася і тут, у Вользіным доме: як толькі ачуняў, складаў сваё цывільнае адзенне каля ложка так, што мог у цемры адзецца за нейкія секунды. Пра тое, навошта гэта, не думаў, ведаў, што ўцячы ці схавацца бадай немагчыма. Проста хацеў небяспеку і нават смерць сустрэць у належнай форме — каб нішто не прыніжала чалавечую годнасць.
Яны не паспелі яшчэ пастукаць у браму, а ён быў ужо на нагах у поўнай форме. Не сумняваўся, што прыехалі па яго. Не спалохаўся. Але да слёз зрабілася крыўдна, што так і не паспеў нічога зрабіць. Хаця б аднаго фашыста забіў! О, каб у яго былі граната ці пісталет! Не, нічога не зрабіў бы ні гранатай, ні пісталетам, ні аўтаматам — у доме жанчына і дзіця… Дзіця! Пра гэта нельга забывацца! У яго засталося адно: падбадзёрыць яе і падзякаваць, няхай убачыць і расказвае пасля, як мужна ідуць на смерць
савецкія воіны! Ва ўсякім разе, слабасці не паказваць ні ёй, ні ворагам!Ступіў у залу, убачыў у дзвярах белую постаць жанчыны. Нельга, каб яны ўбачылі яе ў такім выглядзе!
— Адзеньцеся, Вольга Міхайлаўна.
Пакуль ён запальваў лямпу, яна апранула на сарочку старое паліто і зноў стала там жа, у дзвярах, босая, ускудлачаная. Ён здагадаўся, што яна загароджвае дзіця. Як птушка. Гэта кранула. Калі яны зачэпяць дзіця, ён кінецца на іх і будзе грызці зубамі. Пашкадаваў, што не паклаў блізка сякеру. Вольга раней клала яе на крэсла каля акна — ад рабаўнікоў; ён сказаў: цяпер адны рабаўнікі — з аўтаматамі, сякерай ад іх не абаронішся.
— Дзякуй, Вольга Міхайлаўна, — вось гэта трэба было сказаць абавязкова, без гэтага ён не мог пакінуць дом. — Дайце мне што-небудзь апрануць, самае старое, непатрэбнае.
Яна ўсхліпнула. У дзверы загрукалі, брамку Вольга не магла не зачыніць, значыцца, нехта з іх пераскочыў цераз плот. Яна памкнулася была адчыніць, ды Алесь спыніў яе, паклапаціўся пра яе ногі:
— Абуйце што, — і крыкнуў ім: — Айн мамент! — бо яны ўжо грукалі ботамі ці прыкладамі так, што брынчалі шыбы.
Алесь адкінуў завалу, і яны так піхнулі дзверы, што тыя моцна ўдарылі яго па нагах, па каленях, ад болю ён траха не страціў прытомнасць. Іх уварвалася трое. Але яго не схапілі — адразу кінуліся ў дом. На нейкі момант ён застаўся адзін у калідоры. Перад ганкам нікога не было відаць, за плотам мірна гурчаў матор аўтамашыны. Падумаў, што яму можна выйсці, кінуцца на агарод, пералезці ў чужы двор… Не, не мог ён і гэтага зрабіць — пакінуць яе адну, каб яны здзекаваліся, гвалцілі, пакаралі яе і дзіця за тое, што ён уцёк.
Ён увайшоў следам за імі ў асветленую лямпай залу. Усе трое былі ў чорных скураных паліто з футравымі каўнярамі і высокіх фуражках са свастыкай на кукардзе, высокія ростам, як знарок падабраныя — маладыя, прыгожыя; Алеся яшчэ ў лагеры здзіўляла і абражала, што фашысты бываюць прыгожыя, не стасавалася гэта з іх душэўным воблікам і паводзінамі. Адзін трымаў пісталет, пагражаў ім Вользе і паўтараў адно слова:
— Гольд! Во іст гольд? Гольд!
Знаёмае слова, але як перакласці яго — Алесь ніяк не мог прыгадаць.
Вольга стаяла там жа, у дзвярах, загароджваючы сабой спальню, дзе засталася Света. Захінула паліто абедзвюма рукамі, сашчапіўшы іх на грудзях. Яна так і не паспела абуцца, стаяла босая, і Алесь звярнуў увагу на яе ногі, ненатуральна белыя. Няўжо ад страху бялеюць ногі? Твар не такі белы, толькі пасінелі вусны і варушыліся бязгучна, без слоў. Вольга паціскала плячыма, не разумеючы, што ад яе патрабуюць.
Тым часам двое адчынілі вялікую люстраную шафу і пачалі перабіраць шматгадовы набытак сям’і Ляновічаў — паліто, футры, касцюмы, кофтачкі, бялізну. Пры гэтым вельмі спрактыкавана, як шпікі ці прафесійныя рабаўнікі, абшуквалі кішэні, абмацвалі швы, рэчы кідалі на падлогу. Але той, што стаяў з пісталетам, пачаў найбольш каштоўныя адбіраць і складваць на стол.
«Гольд? Гольд? — успамінаў Алесь. — Здаецца, грошы? Якія грошы? Навошта ім грошы? Лухта нейкая», — са страхам думаў, што ў галаве туман, каша, усё пераблыталася, як у часе страшнага сну, і што калі яго забяруць, то больш яму не вытрымаць катаванняў, бо не адступіла яшчэ хвароба.
Вольга, скінуўшы раптоўна здранцвенне, сарвалася з месца, са свайго паста ля дзвярэй, кінулася да камода, дзе стаяў посуд, з фарфоравай салатніцы дастала пачак дакументаў, пачала паказваць іх гестапаўцу з пісталетам, гучна і смела, як на рынку, тлумачыла, што ўсё ў яе ёсць — даведка на пляменніка, які выпісаўся з бальніцы, на права гандлю і што падатак яна заплаціла; тыцкала пальцам на нямецкія пячаткі на паперах.
— Во, няхай пан паглядзіць! Усё па закону! Па нямецкаму! Я люблю нямецкі парадак! Гут дойчэ!
Больш, чым само з’яўленне фашыстаў, Алеся спалохалі Вользіны словы. Што яна гаворыць? Хіба можна такой цаной ратаваць яго? Гзта ж здрада! Не трэба яму такое ўратаванне! Хацел ася крыкнуць ім у твар іншае: «Гітлер капут! Няхай жыве Сталін!» Але зноў-такі падумаў, што не аднаго яго хоча Вольга ўратаваць: сябе і дзіця, магчыма, у першую чаргу, таму мае права на любыя сродкі, і тут ён мусіў маўчаць.