Аблава
Шрифт:
Тым часам у лесе ўжо добра развіднела, дужа шумелі елкі і плылі-ляцелі ўгары кудластыя хмары, але дажджу не было. Не было і расы на траве, трохі сохлі-грэліся на хадзе яго ногі ў растаптаных, раскарузлых пасталах. Гэтыя пасталы ўвогуле няблага яму служылі — якая б абутка вытрымала тую дарогу, што яму выпала. А пасталы хоць бы што. На мокрадзі змакрэюць, а не распаўзаюцца, у сухмень закарэюць, сціснуцца, стануць нібы жалезныя. Нязносныя пасталы! Дзякуй таму чыгуначніку, што трапіўся яму з касой ля пуцявой казармы. Спыніў, паглядзеў, адно: «Здалёку ідзеш?» — «Здалёку», — сказаў Хведар. І той буркнуў: «Чакай», а сам вярнуўся ў казарму і хутка вынес кавалак чэрствага хлеба з агурком і гэтыя во пасталы. «Абувайся, спрытней будзе». Хведар быў босы, крывяніў збіты палец на левай назе, і ён тут жа звыкла абуўся ў пасталы і няновыя, праўда, анучы, падзякаваў чалавеку. І праўда, стала куды спрытней, чым босаму, ён адтопаў у іх вёрст, можа, з дзвесце.
Навастрыўшы слых, увесь насцярожаны, Хведар памалу ішоў цераз знаёмы да кожнага дрэўца лес, і ціхае адчуванне шчасця лілося ў ягоную душу. То быў
Як ён і здагадаўся, поле было занята бульбяным палеткам, які пачынаўся ад самага ўзлеску. Бульбу на ім, аднак, ужо выбралі, разараныя барозны чарнелі раскіданым чэзлым бульбоўнікам, зямля была ператаптана людскімі і конскімі нагамі. Пастаяўшы на ўзлеску, Хведар спрабаваў разгарнуць канец баразёнкі і адразу знайшоў бульбіну, затым яшчэ дзве. «Э, дрэнь выбіраюць, — падумаў ён з раптам узноўленай гаспадарлівасцю. — Хіба як будуць пераворваць…» Але калі добра выбіраць, дык і пераворваць можна для прыліку, а тут, падобна, і выбіралі дзеля прыліку. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішэні паддзёўкі. Хутка набраў дзве кішэні, класці ўжо не было куды, і ён са шкадаваннем выпрастаўся: такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару з дрэў. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая.
З цяжкімі кішэнямі ён падаўся назад, у лес. Трэ было выбраць мясціну, раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае — цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк, убачыць ля яго чалавека. Мабыць, лепш за ўсё атабарыцца ў расцяробе, за ровам, туды, ведаў, у ранейшыя часы не надта патыкаліся. Хіба што бабы — па ягады, грыбы там не раслі. І яшчэ, людзі ведалі, некалі там пладзіліся ваўкі, бывала, у піліпаўку вылі на ўсе галасы. Малыя туды баяліся паткнуцца. Самы раз было туды зашыцца яму. Поруч з ваўчыцаю. Ведама ж, не з людзьмі, нявесела падумаў Хведар.
Ён доўга ішоў лесам, пакуль выбіўся на той узровак, улез у надта зарослы алешнікам ды ляшчынаю роў, трохі абмыў у ручаі свае заскарузлыя рукі. Вада была сцюдзёная і чысцюткая, бы сляза, і ён на запас напіўся з прыгаршчаў. Па слізкіх, зялёных ад водарасці камянях перайшоў на другі бок рова. Ускараскаўся не адразу, два разы адпачываючы, і падумаў, што аслабеў, аднак жа, завельмі. Як тою вясной на тарфянішчы, калі ўжо не мог сам вылезці з тарфяной ямы, а рыдлёўка здавалася цяжкаю, бы бервяно. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходцах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з кусянкоўскімі мальцамі і падняў Іванаву жаробку. Слаўная была жаробачка, з лысінкай на мордзе. Пасля на ёй ездзіў міліцыянер Заўялаў… А цяпер ледзьве выбраўся з рова, які падлеткам перабягаў за адзін раз, без перадыху. Вот што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. Каб тое веданне, хіба так бы яго скіраваў? Але і як было яго скіраваць іначай? Ці ён ім кіраваў?
У расцяробах былі сапраўдныя лесавыя нетры — блытаніна алешніку і асіння, папараць стаяла да пояса, буяла дуддзё нейкай лесавой непатрэбшчыны. Хведар адышоўся далей ад рова, выбраў невялічкую прагалінку пад зараснікам крушыны і пачаў ладзіць цяпельца. Дужа хацелася з'есці бульбіну, здавалася, не было ў свеце нічога смачнейшага за печаную ў прыску бульбіну. Але прыску, мабыць, трэба яшчэ дачакацца. Касцярок з сучча, якога ўвогуле тут хапала, загарэўся ад першай сярнічкі, але ж, халера на яго, густа паваліў дым, і Хведар спалохаўся. Так яго маглі згледзець. Ён трохі раскідаў цяпельца, каб зменшыць дым, але зусім суняць яго было нельга. Тады ён падклаў хворасту болей, каб гарэла даўжэй, а сам адышоў воддаль у хмызняк. Калі хто і падыдзе на дым, дык, мабыць, яго не ўбачыць. Спярша ўбачыць ён.
Прысеўшы ў дробным кустоўі, ён пачаў здалёку пазіраць на дымны хвост за крушыннем і думаў: да чаго ж ты, братка Хведар, дажыўся! Ну добра, там, на чужой зямлі, за тысячу вёрст адгэтуль, там трэба было ўсяго баяцца, хавацца, таіцца. А во і тут! На сваёй зямлі. Сярод сваіх людзей. Калі гэта было і з кім! А з ім во здарылася. І не зробіш нічога. Мусіш! Інакш…
А што, зрэшты, інакш? Пагібель? Гэта было б куды як зманліва, — можа, пахавалі б на родных могілках. Пасадзяць у турму? Мабыць, у турме горш не будзе — неяк бы кармілі і дах быў бы над галавой. Пасля ўсяго, што з ім сталася, турмы ён не надта і баяўся. Але яму наўрад ці перапала б турма. Пэўна ж, яго адвезлі б назад, зноў туды, на страшную сцюдзёную зямлю, на якой жыць ён не мог. Мог толькі памерці. Як памерла ад сухотаў яго Ганулька, згарэла за два дні дачка Волечка. Адчуў, настала ягоная чарга. Але ён памерці хацеў дома.
І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў.
Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць?
Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся…А цяпер дык і няма нічога.
Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак — і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы — у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так — на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар'яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, — пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям'ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго — шэсць дзесяцін няўдобіцы, — што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, — без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.
Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос — стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада — будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі — у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася — падмануўся.
Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін — на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей — ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну — была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з'еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню — аж запякло сцягно.
Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў — хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае — яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з'яўляліся чуткі — невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён.
Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе — ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі — выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, — худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў — Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк — зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок — да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем?