Шрифт:
Жан-Поль Сартр
Пакой
Пераклаў Змiцер Колас
I
Панi Дарбеда трымала кавалачак рахат-лукуму, сцiснуўшы яго самымi кончыкамi пальцаў. Яна беражна паднесла яго да вуснаў i затаiла дыханне, баючыся, каб тонкая цукровая пудра, якой ён быў прысыпаны, не зляцела ад яе неасцярожнага подыху. "Пахне, як ружа", - падумала яна. Потым рэзка ўкусiла студзянiстую масу, i яе рот напоўнiўся своеасаблiвым затхлым водарам. "Дзiўна, як хвароба абвастрае пачуццi". Ёй падумалася пра мячэцi, пра падлiзлiвых жыхароў Усходу (даўно, яшчэ ў час сваёй вясельнай вандроўкi, яна была ў Алжыры), i яе вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка: рахат-лукум быў такi самы, падлiзлiвы.
Ёй давялося некалькi разоў правесцi далоняй па кнiзе, бо, нягледзячы на перасцярогi,
Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У iншыя днi ён прыходзiў толькi пад вечар, моўчкi цалаваў яе ў лоб i, сеўшы насупраць у глыбокi фатэль, пачынаў чытаць "Тан". Але чацвер - гэта быў яго дзень: у чацвер пан Дарбеда на гадзiну хадзiў у госцi да iхняй дачкi - звычайна памiж трэцяю i чацвёртай. Перад тым як пайсцi, ён заўсёды заходзiў да жонкi, i яны з горыччу гаманiлi пра зяця. Гэтыя гамонкi, у якiх можна было прадбачыць кожную дробязь, бо яны паўтаралiся кожны чацвер, знясiльвалi панi Дарбеду. Пан Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна цiхi пакой. Ён не садзiўся нi на хвiлiну i ўсё хадзiў сюды i туды, круцiўся ваўчком. Кожны яго палкi выпад ранiў панi Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць яшчэ горш, чым звычайна: ад думкi, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу Евiныя прызнаннi i ўбачыць, як яго вялiзнае жахлiвае цела закалоцiцца ў гневе, панi Дарбеду ўганяла ў пот.
Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькi iмгненняў нерашуча пазiрала на яго i потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць лукум.
Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася i адказала слабым голасам:
– Увайдзi.
Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.
– Я зараз пайду да Евы, - сказаў ён, як i кожны чацвер.
Панi Дарбеда ўсмiхнулася.
– Пацалуй яе ад мяне.
Пан Дарбеда не адказаў i заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў страўлення.
– Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур'ёзна пагутарыў з ёй i пастараўся пераканаць.
Ён часта хадзiў да доктара Франшо. Але марна. Панi Дарбеда нахмурыла бровы. Раней, калi яна адчувала сябе яшчэ добра, яна пацiскала плячыма. Але з той пары, як хвароба абцяжыла яе цела, яна замянiла рухi, якiя вельмi стамлялi яе, наборам грымас. Яна кiвала - вачыма, казала "не" - куточкамi губ, ускiдала бровы замест плячэй.
– Можа, яго трэба забраць у яе сiлай.
– Я ўжо казаў табе, што гэта немагчыма. Закон зроблены вельмi кепска. Франшо мне неяк казаў, што ў iх амаль заўсёды жудасныя цяжкасцi з крэўнымi: ёсць такiя, што нiяк не могуць рашыцца цi наогул - упарта хочуць пакiнуць хворага ў сябе; а ў дактароў звязаныя рукi - яны могуць толькi выказаць сваю думку, нейкае меркаванне, i ўсё.
– Счакаўшы, ён дадаў: - Гэта трэба, каб ён учынiў публiчны скандал цi яна сама папрасiла б, каб яго забралi.
– Ну...
– сказала панi Дарбеда, -
– Ужо ж.
Ён павярнуўся да люстра, запусцiў у бараду пальцы i пачаў яе расчэсваць. Панi Дарбеда абыякава пазiрала на магутны чырвоны карак свайго мужа.
– Калi яна i далей так будзе, - сказаў пан Дарбеда, - дык хутка звар'яцее яшчэ болей, чым ён. Гэта ж жудасна небяспечна для здароўя. Яна не адыходзiць ад яго нi на крок: сама нi да каго ў госцi не ходзiць, апроч цябе, i да сябе не запрашае нiкога. А якое ў iх у пакоi паветра? Няма чым дыхаць! Яна нiколi не адчыняе вокнаў, бо П'ер - не хоча. Нiбыта трэба пытацца ў хворага! Яны там, здаецца, паляць у сябе нейкiя духмянасцi, розную брыдоту: адчуваеш сябе, як у царкве. Далiбог, я часам пытаюся ў сябе... Ведаеш, у яе нейкiя дзiўныя вочы...
– Я не заўважыла, - сказала панi Дарбеда.
– Па-мойму, яна выглядае нармальна. Хiба што, вядома, сумная.
– У яе такi выгляд, нiбы яе з таго свету вярнулi. Калi яна спiць? Калi есць? Лепш у яе пра гэтае не пытацца. Але мне чамусьцi здаецца, што, маючы пад бокам такую цацу, як П'ер, яна ўсю ноч павiнна не заплюшчваць вачэй.
– Ён пацiснуў плячыма.
– Па-мойму, гэта ўвогуле чорт ведае што - каб мы, яе бацькi, i не мелi права абаранiць яе ад самой жа сябе! Заўваж, што за П'ерам, дарэчы, у Франшо даглядалi б лепей. Там вялiкi парк. Дый потым, - дадаў ён, крыху ўсмiхнуўшыся, - мне здаецца, што ён хутчэй бы знайшоў агульную мову з такiмi ж, як сам. Яны ж - тыя самыя дзецi, iм трэба даваць пабыць сам-насам: яны любяць сакрэты, любяць утвараць гэткiя масонскiя ложы. Я табе кажу: вось куды яго трэба было аддаць з першага ж дня - i яму ж на карысць. Вядома! Яму там было б толькi лепей!
Праз пэўны час ён дадаў:
– Прызнаюся табе, мне непрыемна думаць, што яна там з П'ерам адна, асаблiва ноччу. Уявi, што, калi што здарыцца. У П'ера, дарэчы, увогуле нейкi дужа ўжо хiтры выгляд.
– Не ведаю, - адказала панi Дарбеда, - цi трэба праз гэта так хвалявацца. Асаблiва калi ўлiчыць, што ў яго заўсёды быў такi выгляд. Увесь час здавалася, што ён з усiх кпiць. Небарака, - сказала яна, уздыхнуўшы, - быць такiм ганарыстым i дайсцi да такога. Ён жа лiчыў сябе разумнейшым за ўсiх нас. Якiм тонам ён казаў табе: "Вашая праўда", - каб толькi закончыць спрэчку... Гэта яшчэ дзякуй Богу, што ён не можа ўбачыць, у якiм ён стане.
Яна з непрыязнасцю ўспомнiла яго доўгi, заўсёды крыху схiлены ўбок iранiчны твар. Першы час пасля Евiнага вяселля панi Дарбеда вельмi хацела, каб яе адносiны з зяцем зрабiлiся болей блiзкiмi. Але як яна нi старалася, усё было марна: той заўсёды быў вельмi маўклiвы, амаль нiколi не гаманiў i з усiм адразу згаджаўся з абсалютна абыякавым выглядам.
Пан Дарбеда развiваў сваю думку.
– Франшо мне паказваў, якiя ў iх там умовы, - сказаў ён.
– Проста цудоўныя! У кожнага хворага - свой пакой, скураныя фатэлi - калi ласка, ложкi-канапы. Нават тэнiс ёсць, ведаеш. А яшчэ збiраюцца будаваць басейн.
Ён стаяў насупраць акна i пазiраў скрозь шыбу, крыху калываючыся на сагнутых нагах. Раптам, не вымаючы рук з кiшэняў i ўвагнуўшы плечы, ён спрытна крутануўся на абцасах. Панi Дарбеда адчула, як яе пачынае прашыбаць пот: гэта паўтаралася кожны раз; зараз ён пачне кiдацца з кута ў кут, як мядзведзь у клетцы; i пры кожным кроку чаравiкi ў яго будуць рыпець.
– Мiлы дружа, - сказала яна, - я малю цябе, сядзь, ты мяне вельмi стамляеш.
– I з няўпэўненасцю ў голасе дадала: - Я маю сказаць табе нешта важнае.
Пан Дарбеда сеў у нiзкi фатэль i паклаў далонi сабе на каленi; па спiне ў панi Дарбеды прабегла дробная дрыготка: час прыйшоў, ёй трэба было ўсё расказаць.
– Ты ведаеш, - сказала яна i ад збянтэжанасцi закашлялася, - ты ведаеш, што я бачылася з Евай у аўторак.
– Ну.
– Мы пагаманiлi з ёй пра тое, пра сёе, шмат пра што ўспомнiлi. Яна была вельмi мiлая. Я даўно ўжо не бачыла яе такою даверлiваю. Ну, я крыху яе распытала, разгаварыла яе наконт П'ера. I вось... я даведалася, - дадала яна зноў збянтэжаным голасам, - я даведалася, што яна вельмi iм даражыць.