Шрифт:
Уладзімір Караткевіч
Маці Ветру
Маці беларускай прысвячаю
Прадавалася Радзіма.
Яна прадавалася з беднаю сваёю зямлёй, са старажытнымі пушчамі, з блакітным крышталем рэк і квітнеючымі лугамі, з вадою і небам, замкамі і халупамі, з матчынай ласкай і ўсмешкай дзіцяці, з мудрымі дзядамі і пяшчотнымі дзяўчатамі, з камянямі старажытных будынкаў, з крывавай гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй.
Прадавалася Радзіма.
Яна прадавалася цалкам і ўразбіўку, за грошы і напавер. Прадавалася кожным, хто не ленаваўся, і кожнаму, хто пажадаў бы крывадушнаму другу і крыважэрнаму ворагу.
Даражэй прадаваліся
Было кепска. Толькі што адгрымела паўстанне Усця і іншых вёсак на Дняпры і на Сожы. Паслугачы Радзівіла з перапуду сунулі татарам (аднекуль з-пад Мінска) грошы і разам з імі ўзяліся душыць людзей Рыпячага Кола.
Адсячэнне галавы і калесаванне зрабіліся звычайнаю справаю, і маўчанне было глыбокім, а падзенне нізкім. Трупы галоты былі ўсюды: на шыбеніцах, на дне сажалак, у каменных мяшках.
І кожан баяўся сказаць слова.
І ўсё ж такі ўладары калаціліся ноччу, і холад ахапляў іхнія душы, калі ім здавалася, што недзе рыпяць колы мужыцкіх вазоў.
А пад зямлёю, што піла ў апошнія часы не дажджы, а кроў страчаных, нешта рухалася і імкнулася прабіцца на свет і пакуль што толькі шарудзела.
Гэта рос Гнеў.
I
Чалавека баяліся, бо ён ехаў на жылістым і быстрым коніку, быў даволі малады і, відаць, моцны і меў за поясам два пулгакі і цяжкі бязмен з гранчастай галоўкаю.
І ўсё ж ён абмінаў гасцінец, едучы па палявых дарогах, якія танулі ў пыле.
Ад сустрэчных вялікіх “загонаў”-атрадаў ён загадзя хаваўся ў гай або ў хмызнякі, ляпаў каня па крыжы і, калі той звыкла клаўся на зямлю, сядаў поруч, неахвотна жаваў сухары, і твар яго, звычайна вясёлы і разумны, перакрыўляўся грымасай нянавісці.
Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага [1] колеру з рацішчамі [2] і шаблямі. Звычайна такі загон узначальваў паюк [3] з павязкай колеру герба на галаве або нават сам пан у жупане і кунтушы паверх яго.
Шукалі ўцекачоў.
Яны ехалі, апрануўшыся як на свята, важна і спакойна, а ён, сапраўдны гаспадар гэтай краіны, павінен быў даваць ім дарогу і ляжаць у хмызах, як зацкаваны воўк.
1
Чырвоны з пунсаватым адлівам.
2
Рагацінамі.
3
Прыдзвернік, чалавек, які ўначы са зброяй вартаваў дзверы спальні гаспадара.
Не спяваліся песні, не лез у глотку кавалак хлеба. Чалавек пачарнеў, шчокі яго запалі, твар стаў брыластым.
І мімаволі з яго глоткі вырывалася:
— Пачакайце, дамо мы вам у косці.
Хто быў гэты чалавек, чаго ехаў у напрамку сапраўднага пекла, ачага паўстання, чаго вырушыў, што выгнала яго з хаты, дзе толькі і мог у тыя дні адчуваць сябе ў адноснай небяспецы чалавек? Па твары ён мог быць гараджанінам, па руках — мужыком, па вопратцы — шляхціцам, па бязмену — купцом; па рашучасці, з якою ён ехаў па старой Прапойскай дарозе, гэта быў, ва ўсякім разе, вельмі мужны чалавек — толькі гэта і можна было сказаць напэўна.
Прыцемак гатаваўся агарнуць зямлю, калі ён звярнуў з дарогі і, быццам выгадваючы час, хутка паскакаў на поўдзень, у напрамку да Сожа. Тут ехаць было выгодне: пачыналіся нетры з магутнымі ялінамі, з цэлымі вадаспадамі мхоў, якія ліліся між дрэў, па адхоне. Хавацца было няма чаго, сюды амаль не заходзілі карныя загоны, а разбойнікаў чалавек, відаць, не
баяўся: гэта ўсё ж былі “свае”.Было ўжо цемнавата, калі ён, некалькі разоў зверыўшы па нейкаму шматку лубу свой шлях, выбіўся на закінутую каралеўскую борць.
Палазнікі, што выдзіралі мёд, відаць, год дзесяць не былі тут, і пчолы пакінулі старыя карэнікі, што яшчэ віселі на дрэвах. Капыты каня ступалі асцярожна, на конніка зверху сыпаліся сухія крыльцы пчол (“Мусіць, і куніца-мядоўка гасцявала тут” — падумаў ён).
На галіне дрэва вісеў забыты лубок [4] . Чалавек зняў яго — соты ляжалі там, мёд паспеў зацукравацца і счарнець.
“Вось так і наша краіна, — падумаў чалавек. — Палазнікаў няма, лубкі вісяць пустыя, сапрэлі лезівы, што дапамагаюць бортніку лезці на дрэва, куніцы прагныя ядуць мёд, разляцеліся працавітыя пчолы. Хіба магчыма так жыць? А борць была добрая. Пэўна, не менш як тры мёдніцы мёду за палаз выдзіралі і ў кожнай дванаццаць гарнцаў. Няма жыцця! Вакол кожнага маёнтка “крэс”. Едзеш — плаці грошы. Гандлюеш — бяруць за глотку, бо адбіваеш грошы ў караля. Судз'iцца — засудзяць, а выйграеш справу — плаці “паметнае” суду гэткае, што лепш бы прайграў. Сялян-бортнікаў б’юць карбачамі — не рабіце шкоды каралю. Знішчаюць народ!!!”
4
Мядовыя лубкі рабіліся з адзінага кавалка лубу з тугой крышкаю.
Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях [5] на ўзлессі. Было ўжо добра поначы, калі дрэвы пачалі радзець і ён пабачыў цьмяную істужку Сожа, лугі і невялічкі хутар, або, лепей сказаць, пачынак, хат на дваццаць, што прыткнуўся непадалёку ад узлесся. Дзе-нідзе міргалі агеньчыкі, цёмныя садкі ахапілі хаткі, ласкавая стаяла ціша.
Але нават гэты мірны малюнак не радаваў конніка.
5
Бабровая сяліба.
“Яго хата, як казалі, апошняя злева”.
І ён паволі паехаў вулкаю. Ціхая вуліца беларускай вёскі яшчэ не спала, але як толькі тупат капытоў прагучэў у цішы — шмат што змянілася. Гаснулі агеньчыкі ў некаторых вокнах — мусіць, гаспадары з трывогаю слухалі ўпэўнены стук капытоў, сядзелі ў цемры і чакалі.
Пахла гноем, цёплым малаком.
Коннік адчуў, як нешта зашчыпала яго вочы, цвёрды камяк стаў у глотцы.
“Божа! І да гэтага давесці?!”
З канца пачынка нечакана пачалі даносіцца гукі спеваў. Гэта было дзіка ў такім месцы і ў такі час. Коннік пабачыў вялізную хату, крытую цясінай, каля яе сад і цёмныя плямы нейкіх дваровых будынкаў.
Вокны былі ярка асветлены, на высокую галерэю вакол хаты выляталі часам гукі рогату і спеваў. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі [6] , крытыя зверху.
І раптоўна прыгожы высокі мужчынскі голас вылецеў з акон і паляцеў над пушчаю, над Сожам. Спявалі па-лацінску нейкую песню, накшталт шкалярскай, і яна гучэла язычаскай радасцю жыцця, страсцю і дзёрзкасцю:
Завялося чамусьці папамі, Што вялікі, як неба, грэх Дзеці нашы і наша каханне, Пацалункі, абдымкі і смех. Я жадаў бы спытаць кардынала, Як на свеце з’явўся б ён сам, Калі б Ева яблык не рвала І калі б разгубіўся Адам?6
“Валак” — вазок для язды па балоце, які “валачыўся”, без колаў, “котчы вазок” — кібітка.